Люты, амаль вясна…

Ці не праўда, сёлета дзіўная зіма?

Такая ўжо анамальна цёплая, што, ка­жуць, нават буры мядзведзь Трышчан у мінскім заапарку выйшаў з зімовай спячкі, са сваёй бярлогі, амаль нічога не есць, толькі паціху соўгаецца ў вальеры і неўразумела азіраецца вакол: “І чаму гэта так цёпла, і чаму мне не даюць спаць?”

Сапраўды, што гэта — сусветнае пацяпленне? Ці ўсё ж плён нашых з вамі думак, мар і спадзяванняў на тое, што хутка настане вясна, што мы, як і той Трышчан з бярлогі, выйдзем са сваіх пад’ездаў і сельскіх хат у сонечную бездань і абдымем сваю Іжоту, абдымем усю гэтую блакітную нябёсную пяшчоту ці… хоць бы пупышку, якая толькі што распусцілася побач, каля нашага гарадскога пад’езда, каля нашай вясковай хаты?

Першы снег выпаў толькі ў сярэдзіне студзеня, і першыя лёгенькія маразы прыціснулі тады ж.

У вас няма ўражання, што яны былі і апошнія гэтай зімой?

Мы нават не азірнуліся на навагодне-калядныя святы, як настаў ужо люты…

Для нас, журналістаў і настаўнікаў, лю­дзей, якія маюць справу са словам, знакі прыпынку маюць вельмі важнае значэнне.

У лютым ты паставіш працяжнік — і гэта будзе вялікая-вялікая льдзіна, па якой бу­дзеш плыць да сакавіка.

Паставіш дэфіс — і ён стане праталінай, праз якую бегма дагоніш вясну.

Паставіш шматкроп’е — як быццам нешта не дагаварыў, як быццам не дакатаўся на снезе, якога сёлета практычна і не было… Хоць, можа, яшэ ўсё ж будзе?

Але што мы паставім пасля слова “люты”? Толькі коску, бо ўжо заўтра са­праўды вясна!

Февраль. Достать чернил

                                                  и плакать!

Писать о феврале навзрыд,

Пока грохочущая слякоть

Весною черною горит.

 

Достать пролетку. За шесть гривен,

Чрез благовест, чрез клик колес,

Перенестись туда, где ливень

Еще шумней чернил и слез.

 

Где, как обугленные груши,

С деревьев тысячи грачей

Сорвутся в лужи и обрушат

Сухую грусть на дно очей.

 

Под ней проталины чернеют,

И ветер криками изрыт,

И чем случайней, тем вернее

Слагаются стихи навзрыд.

Так некалі пісаў Барыс Пастарнак. І не перастаеш уражвацца гэтымі геніяльнымі радкамі — паэтычнай інтуіцыяй, якая і сёння, праз сто гадоў пасля стварэння адмысловых радкоў, вару­шыць, пабу­джае, натхняе на рамантычныя ўчынкі на сто лютых наперад!

Але мы не будзем плакаць і не бу­дзем “писать о феврале навзрыд”. Насупе­рак “грохочущей слякоти”, насуперак таму непрывабнаму сённяшняму краявіду, калі маркотныя чорныя дрэвы падмятаюць, нібыта венікамі, сваім голым веццем такое ж маркотнае лютаў­скае неба (метафара аднаго іспанскага паэта), а пад нагамі — яшчэ больш непрывабны рэльеф… усё ж будзем жыць, гэтым лютым і наступнай вясной.

Нам ёсць чаму радавацца, у нас на­дзейны культурны запас і вялікі культурны запыт.

На пачатку года сталі вядомы імёны лаўрэатаў прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі “За духоўнае адраджэнне” і спецпрэмій кіраўніка дзяржавы дзеячам культуры і мастацтва. І сёння мы працягнем знаёміць нашых чытачоў з уладальнікам гэтых узнагарод. Таксама пагартаем некаторыя кнігі, якія выйшлі апошнім часам, — асабліва зважаючы на тое, што ўжо хутка, у апошні зімовы дзень, 28 лютага, пачне працаваць ХХV Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Наведаем творчыя лабараторыі нашых настаўнікаў…

А што наогул будзем рабіць у лютым? Будзем чытаць разумныя кнігі. Будзем загартоўвацца і натхняцца мудрымі фільмамі і спектаклямі, арыгінальнымі мастацкімі выставамі і душэўнымі музычнымі канцэртамі… Каб потым абхапіць вясну гарачым сэрцам, светлай душой і надзейнымі, цвёрдымі рукамі.

Хутка ўжо і зусім сагрэемся.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.