Мастак, які апявае Віцебск

Марк Шагал! Колькі ўсяго звязана з імем гэтага выбітнага мастака ў нас на Віцебшчыне! Як гэты чалавек любіў і праславіў родны горад Віцебск на ўвесь свет! Аб адным мерапрыемстве, прысвечаным 130-годдзю з дня нараджэння мастака і праведзеным у бібліятэцы гімназіі № 5 Віцебска, хацелася б расказаць нашым чытачам.

Ніхто са старшакласнікаў, якія прысутнічалі на мерапрыемстве “Мастак, які апявае Віцебск”, не застаўся абыякавым. Як прыемна было бачыць радасць у іх вачах і цікавасць да творчасці мастака! А гэта ж для нас самае вялікае шчасце. Але пра ўсё па парадку.

Перш за ўсё, была падрыхтавана выстава рэпрадукцый карцін Марка Шагала “Закаханыя над Віцебскам”, на якой навучэнцы змаглі яшчэ больш даведацца пра яго карціны. Гідамі былі прызначаны навучэнцы старшых класаў, якія падабралі спецыяльны матэрыял пра творчасць Марка Шагала.

З экрана на нас глядзеў усмешлівы мастак, а вядучы вечара знаёміў прысутных са старонкамі біяграфіі Марка Шагала. Расказваў пра той агромністы шлях, які прайшоў гэты чалавек з беднай яўрэйскай сям’і, перш чым стаць адным з самых вядомых у свеце прадстаўнікоў мастацкага авангарда ХХ стагоддзя. Навучэнцы даведаліся пра тое, што Марк Шагал стаў заснавальнікам народнага вучылішча ў Віцебску, затым, жывучы ўжо ў Францыі, па замове французскага прэзідэнта Шарля дэ Голя, распісаў плафон парыжскай Гранд-оперы, стварыў пано для Метрапалітэн-оперы ў Нью-Ёрку, упрыгожыў мазаікай “Чатыры пары года” будынак Нацыянальнага банка ў Чыкага.

І тут раптам аповед вядучага перапыняецца, а з вялікага экрана глядзіць на нас ужо сам вялікі мастак, знаходзячыся ў сваёй майстэрні ў Парыжы, пастарэлы, стомлены, і распавядае пра сябе і пра сваю творчасць. Гэты момант надзвычай уразіў навучэнцаў. А дасягнуць такога эфекту дапамог дакументальны фільм “Мастак Марк Шагал”.

Затым старшакласнікі, аддаючы даніну памяці Марку Шагалу, чыталі пра яго вершы нашага вядомага беларускага паэта віцябляніна Давіда Сімановіча. Вельмі пранікнёна гучалі наступныя радкі з яго верша “Мой Шагал, ці Палёт кахання”:

Я — из Витебска, где Шагал

прямо с Замковой в небо взлетал,

зацепился за облака —

и остался тут на века.

Таксама старшакласнікі здзейснілі віртуальнае падарожжа ў дом-музей Марка Шагала па вуліцы Пакроўскай у Віцебску, туды, дзе ён нарадзіўся і дзе прайшло яго дзяцінства.

А пасля гэтага навучэнцы з вялікім задавальненнем прынялі ўдзел у віктарыне пра жыццё і творчасць Марка Шагала. Многія зразумелі, што да канца жыцця мастака ў яго творчасці выразна прасочваліся віцебскія матывы.

У канцы мерапрыемства быў паказаны відэакліп “Мой Марк Шагал” Алега Міцяева, які выконвае песню на словы Роберта Раждзественскага.

Мы вельмі спадзяёмся, што пасля такога мерапрыемства колькасць прыхільнікаў творчасці Марка Шагала сярод навучэнцаў нашай гімназіі значна павялічыцца. Лічым, што мэта пазакласных мерапрыемстваў па мастацтве дасягаецца ў тым выпадку, калі ў вучняў з’яўляецца імкненне да пастаяннай размовы з тым ці іншым мастаком, да далейшага яго вывучэння. А гэта магчыма толькі пры ўмове паслядоўнага і пастаяннага далучэння старшакласнікаў да актыўнага і зацікаўленага ўдзелу ў пазакласных мерапрыемствах. І лепшым памочнікам у такой працы з’яўляецца, вядома ж, школьная бібліятэка.

Інеса ПАНІЗОВІЧ,
магістр педагагічных навук, загадчык бібліятэкі гімназіі № 5 Віцебска.