На адной хвалі з дзецьмі

Настаўнікі, выхавацелі, урачы і многія іншыя звязваюць сваю прафесію з дзецьмі. Усіх іх вылучаюць асаблівае стаўленне да дзяцей, асаблівы падыход, асаблівыя інтарэсы.

Ці мелі вы зносіны з дзіцячымі пісьменнікамі? У іх быццам застаецца ў душы часцінка дзіцячага свету, дзіцячага ўспрымання, дзіцячай фантазіі, дзіцячага гумару, якія ўвасабляюцца ў цікавых і захапляльных творах для дзяцей. Яны заўсёды застаюцца маладымі і цікаўнымі.


Такім яркім прадстаўніком прафесіі і стваральнікам дзіцячых апавяданняў з’яўляецца беларускі пісьменнік Валерый Тамазавіч Квілорыя, які з радасцю адгукнуўся на запрашэнне Астравецкай дзіцячай бібліятэкі прыехаць на творчую сустрэчу са школьнікамі, прымеркаваную да адкрыцця штогадовага Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі.

Супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі правялі мерапрыемства на базе сярэдняй школы № 2 сумесна са школьным бібліятэкарам Надзеяй Уладзіміраўнай Мілешка. Уступнае слова сказала намеснік дырэктара Астравецкай раённай бібліятэкі Наталля Уладзіміраўна Ачарэтава. Яна расказала гісторыю ўзнікнення Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі, нагадала аб важнасці і патрэбе ў чытанні і асвеце, затым прадставіла госця.

Валерый Тамазавіч прывёз шмат сваіх кніг і яшчэ больш вясёлых апавяданняў, якія ён сам расказаў дзецям з такім захапленнем, што школьнікі суправаджалі яго словы выбухамі смеху і воклічамі. Дзіцячы пісьменнік па-майстэрску валодае аўдыторыяй, працуе з залай, задае цікавыя пытанні-заданні, дэманструючы веды дзіцячай псіхалогіі. Дарослыя таксама захапляліся яго гісторыямі і смяяліся разам з дзецьмі.

Валерый Квілорыя з дапамогай мультымедыйнай прэзентацыі пазнаёміў гасцей са сваімі кнігамі, расказаў і пра сваіх калег-пісьменнікаў, якія пішуць з гумарам для дзяцей. Падчас яго выступлення школьнікі раз-пораз цягнулі рукі, каб задаць свае пытанні. Дзяцей цікавіла ўсё: якія кнігі чытае аўтар, як адпачывае, ці змог бы ён працаваць настаўнікам, як пішуцца апавяданні, ці ёсць у яго дзеці-сябры, як палюбіць чытанне, як з’яўляюцца героі кніг, ці піша ён для дарослых, як ён вучыўся ў школе і шмат іншых. Аўтар адказваў на пытанні мудра і арыгінальна. Падкрэсліў, што чытанне, самаадукацыя, дапытлівасць дае чалавеку перавагі, дапамагае выйсці са складаных сітуацый.

У канцы сустрэчы школьнікі бралі аўтографы, фатаграфаваліся, дзякавалі за цікавую сустрэчу, дзяліліся ўражаннямі. Мерапрыемства прайшло весела, пазітыўна, пазнавальна, таму што пісьменнік В.Квілорыя не проста складае вясёлыя апавяданні, а ўкладвае ў іх свае веды, жыццёвы вопыт, дзеліцца станоўчымі эмоцыямі, вучыць дабру і гуманнасці.

Як заўважыў сам аўтар, чалавек, які нічым не цікавіцца, неадукаваны, не развіты духоўна, нічога не можа даць іншым, нічому не навучыць, нічым не захопіць.

Ганна КЕРЭЛЬ,
бібліятэкар Астравецкай дзіцячай бібліятэкі.