Не саромецца сваёй гісторыі

Прэзентацыя Вялікага гістарычнага атласа Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі стала нацыянальным святам

Мы вельмі доўга нібы саромеліся сваёй гісторыі.

Саромеліся ў Рэчы Паспалітай, саромеліся ў Расійскай імперыі, саромеліся ў БССР. Але ў 90-х і нулявых мы перасталі саромецца.


Мы сталі пільна ўзірацца ў сваю гісторыю. Пачалі пазнаваць наш край, нашы межы, нашых людзей.

Мы зразумелі за апошнія гады, што мы не нейкія там еўрапейцы на ўскрайку Еўропы. Мы, дайце веры, адна з самых вялікіх еўрапейскіх нацый, і, калі б не войны, калі б не іншыя сацыяльна-гістарычныя віхуры, мы былі б і адной з самых вялікіх еўрапейскіх краін. Большай за Германію, большай за Вялікабрытанію.

А цяпер мы можам ганарыцца яшчэ і тым, што ніхто з нашых суседзяў не зрабіў свайго Вялікага гістарычнага атласа! А мы зрабілі, і яго прэзентацыя ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі стала сапраўдным нацыянальным святам для беларусаў. Гэта не выхвалянне. Гэта — гордасць за беларусаў, якія маюць цяпер такое фундаментальнае 4-томнае выданне. Яно сведчыць пра нас, беларусаў, галоўнае — мы былі, ёсць і будзем. Нас немагчыма сцерці з карты гісторыі.


Вялікі гістарычны атлас Беларусі — гэта, калі хочаце, наш пашпарт у любой краіне свету. Толькі ўявіце: 400 унікальных гістарычных карт, у аснове кожнай — аўтэнтычная арыгінал-крыніца. Гэта, акрамя ўсяго іншага, генеральныя карты, на якіх паказаны ўсе значныя населеныя пункты адпаведнага часу з абазначэннем прыналежнасці, прычым геаграфічны паказальнік знаёміць чытача з гістарычнымі і сучаснымі назвамі ўсіх населеных пунктаў, размешчаных на генеральнай карце, з прыналежнасцю да паветаў і маёнткаў, часам першага згадвання ў крыніцах, варыянтамі і змяненнямі назваў.

Беларусы не словамі, а шчырай справай зацвердзілі, што дбаюць пра сваю гісторыю.

Першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава зачытала прывітальны адрас аўтарам і кіраўнікам праекта Вялікі гістарычны атлас Беларусі ад імя міністра адукацыі Беларусі Ігара Карпенкі, які адзначыў вялікі ўклад гэтага выдання ў захаванне нашай гісторыі. “Вялікі гістарычны атлас Беларусі — незаменны дапаможнік для беларускай адукацыі, — падкрэсліў у сваім пасланні Ігар Васільевіч. — Сабраныя ў ім матэрыялы будуць з поспехам выкарыстоўвацца ў адукацыйным працэсе і ў пазаўрочнай дзейнасці. Атлас — гэта не толькі скарбніца ведаў, але і дзейсны сродак для ўздыму культуры нацыі. Я ўпэўнены, што гэтае выданне будзе запатрабавана ўстановамі адукацыі, педагагічнымі работнікамі, навучэнцамі”.

“Кожны з нас з’яўляецца стваральнікам нашай гісторыі, — дадала ад сябе Ірына Анатольеўна. — Кожны з нас сваімі ўчынкамі прыналежны да нашай агульнай беларускай гісторыі. Мы ўсе належым гэтай вялікай гісторыі. Але сёння хочацца сказаць, што вельмі важна заставацца не толькі часткай гісторыі, але і яе натхняльнікамі, рухавікамі. Сярод нас — гэтыя людзі, якія менавіта збіраюць гісторыю і перадаюць яе наступным пакаленням”.


“Вялікі гістарычны атлас Беларусі — гэта выдатны вынік сумеснай працы нашых вучоных-гісторыкаў, картографаў, архівістаў, — адзначыў на прэзентацыі выдання Андрэй Гаеў, старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці (адной з галоўных структур — арганізатараў і фундатараў Вялікага гістарычнага атласа Беларусі). — Гэта вынік 10-гадовай нястомнай працы соцень нашых спецыялістаў… Упершыню мы сабралі карты, якія адлюстроўваюць багатую гісторыю нашай краіны ад старажытнасці да нашых дзён. Наша гісторыя — гэта надзвычай загадкавы свет, складзены з мноства незвычайных падзей, нечаканых адкрыццяў і тысяч найцікавейшых, але часта вельмі трагічных лёсаў нашых продкаў. Я думаю, што наш атлас будзе запатрабаваны чытачамі і праз 10, і праз шмат-шмат гадоў…”


Трэба разумець, што Вялікі гістарычны атлас Беларусі стаў насамрэч вынікам працы соцень беларускіх навукоўцаў, якія вывучылі тысячы гістарычных крыніц. Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэмік, доктар эканамічных навук, прафесар Уладзімір Гусакоў назваў падзею выдання Вялікага гістарычнага атласа Беларусі знакавай для беларускага грамадства. Уладзімір Рыгоравіч нагадаў прысутным, што гістарычную картаграфію беларускія вучоныя спрабавалі ажыццявіць яшчэ ў 30-х гадах мінулага стагоддзя. Але тады розныя гістарычныя прычыны не далі здзейсніцца марам нашых навукоўцаў. Мары здзейсніліся толькі ў наш час, калі з’явілася магчымасць аб’яднаць высілкі вучоных розных устаноў — гістарычнага і архівістычнага профіляў.

Выступае Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”.

Першы том прэзентаваў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вадзім Лакіза, які сказаў: “Першы том Вялікага гістарычнага атласа Беларусі асвятляе вялікі перыяд — ад з’яўлення старажытнага чалавека на тэрыторыі Беларусі да сярэдзіны ХVI стагоддзя. (…) Найноўшыя археалагічныя знаходкі, у прыватнасці, з Брэстчыны, даюць магчымасць нам гаварыць пра пранікненне продкаў людзей на нашу тэрыторыю прыблізна 250 тысяч гадоў назад. (…) Мы ганарымся, што першыя еўрапейскія шахцёры працавалі менавіта ў Беларусі (прыблізна 4 з паловай тысячагоддзі назад). Гэтаму ёсць дакументальныя сведчанні”.

Намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Сяргей Шарамецьеў падкрэсліў на прэзентацыі Вялікага гістарычнага атласа Беларусі, што гэтае выданне звязвае стагоддзі і пакаленні, з’яўляецца адначасова дакументам чалавека і дакументам часу. “А карты ў свой час былі не проста картамі, — сказаў Сяргей Іванавіч. — Іх малявалі мастакі. У тым ліку мастакі Адраджэння, Леанарда да Вінчы і Альбрэхт Дзюрэр. Іх карты — не толькі дакументальныя гістарычныя сведчанні, але і творы мастацтва, прадметы калекцый”.


Прэзентуючы другі том Вялікага гістарычнага атласа Беларусі, дырэктар Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вячаслаў Насевіч падкрэсліў, што гэты перыяд — перыяд уваходжання Беларусі ў склад Рэчы Паспалітай — найяскравей выяўляе звязанасць беларусаў з лёсам іншых народаў — літоўцаў, палякаў, украінцаў, расіян, татар. Адна з адметнасцей тома — картаграфічная дэманстрацыя паўстання 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі.

“Таксама вельмі цікавай з’яўляецца ў другім томе магчымасць знаёмства з планамі вялікіх беларускіх гарадоў з пазначэннем культавых аб’ектаў, абарончых збудаванняў, — зазначыў Вячаслаў Насевіч. — А самы каштоўны — план Вільні, нашай спрадвечнай сталіцы. Гэты горад доўгі час з’яўляўся цэнтрам нашай культуры”.


Мы нават не можам сабе ўявіць, якія падзеі ў еўрапейскім і сусветным маштабе тады, у канцы XVIIІ — пачатку XIX стагоддзя, адбываліся. Прадстаўляючы трэці том Вялікага гістарычнага атласа Беларусі, загадчык аддзела гістарыяграфіі і метадаў гістарычнага даследавання Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Валянціна Яноўская сказала, што, нягледзячы на ўсе грандыёзныя пературбацыі гэтага перыяду, найбольшым форфардам у гістарычным развіцці Беларусі ў ХІХ стагоддзі стала чыгунка: менавіта дзякуючы чыгунцы, запрацавалі прамысловасць, сельская гаспадарка, гандаль. Нараджаліся цэлыя гарады. У трэцім томе Вялікага гістарычнага атласа Беларусі мы можам убачыць падрабязную карту Мінскага чыгуначнага вакзала, чыгуначнай лініі, якая злучыла Санкт-Пецярбург з Варшавай і, натуральна, прайшла праз Мінск.

Канец ХІХ стагоддзя: Беларусь становіцца фарпостам Расійскай імперыі. Фартыфікацыйныя карты на заходняй расійскай мяжы таксама прадстаўлены ў Вялікім гістарычным атласе Беларусі.
А самае няпростае пры стварэнні трэцяга тома, па словах Валянціны Яноўскай, было пытанне пра размеркаванне зямель уласнікаў зямельных угоддзяў: у адных яны канфіскоўваліся без суда і следства, іншым дараваліся проста так… “Мы зрабілі ўнікальнае даследаванне, — сказала Валянціна Васільеўна. — Больш за ўсё канфіскацый было ў першае дзесяцігоддзе пасля далучэння Рэчы Паспалітай да Расійскай імперыі, у Віцебшчыне і Магілёўшчыне. У атласе мы дэманструем партрэты тых беларускіх уласнікаў, хто найбольш страціў са сваёй уласнасці. Гэта вядомыя дзеячы Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку Агінскі і Чартарыйскі. Але не толькі. Ёсць там і прыбліжаныя да імператрыцы Кацярыны — Румянцаў, Пацёмкін, Зубаў…”


Чацвёрты том Вялікага гістарычнага атласа Беларусі прадставіў дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Даніловіч: тут і БНР, і БССР, і Вялікая Айчынная вайна, і сённяшняя Рэспубліка Беларусь — усё ў картах, схемах, фактах…


Мы пакуль што нават мала ўяўляем, што азначае для нас і нашай гісторыі Вялікі гістарычны атлас Беларусі. “Ён мае значэнне не толькі для Беларусі, — сказаў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі. — У гэтым выданні гісторыя не толькі Беларусі. Тут — гісторыя Еўропы. Гісторыя развіцця нашай дзяржаўнасці. Гісторыя развіцця нашых палітычных саюзаў. Гісторыя таго, як мы з вамі жылі на працягу стагоддзяў…”


Прэзентацыю Вялікага гістарычнага атласа Беларусі завяршала сімвалічная цырымонія.

Старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Андрэй Гаеў і генеральны дырэктар Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Белпошта” Уладзімір Матусевіч пагасілі марку і канверт “Вялікі гістарычны атлас Беларусі”.

Запомніліся словы Уладзіміра Матусевіча: “Мы сёння вышлем у вялікі свет наш канверт — як сведчанне гісторыі, як сведчанне любові да нашай гісторыі, як сведчанне любові да нашай спадчыны, без асэнсавання якой немагчыма ўпэўнена глядзець у будучыню”.

Яны — канверт і маркі “Вялікі гістарычны атлас Беларусі” — паляцелі ў белы свет…


Беларусь пачынаецца там, дзе пачынаемся мы.

З нашага ўсведамлення, што Беларусь — гэта мы.

Што мы яе стварылі.

Выпесцілі.

Выхавалі.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.