Сказаць пра яе: таленавітая? Гэта было б банальна. Сказаць пра яе: геніяльная? Гэта было б надта пафасна. А я пафасу з прынцыпу не люблю. Таму скажу нейтральна: яна ўнікальная, гэтая дзяўчынка Софія Ворса, якая вучыцца ў сталічнай гімназіі № 4. Пабачыла свет яе новая кніга “Горад сляпых скрыжаванняў”. Магчыма, гэта наша беларуская літаратурная версія знакамітага кінашэдэўра “Тая, што танцуе ў цемрадзі” Ларса фон Трыера.
Пройдземся па тэксце
“Чаму некаторыя людзі, якія маюць усё, бываюць чэрствымі і здзяйсняюць дрэнныя ўчынкі, а тыя, хто абдзелены лёсам, часта сваёй душой гатовы падзяліцца з іншымі? Оля не магла знайсці адказы на гэтыя пытанні.
Калі памірала Оліна мама, яна папрасіла ў дзяўчынкі даравання:
— Дачушка, даруй мне, я не вінаватая ў тым, што ты нарадзілася сляпой”.
Як ужо зразумеў чытач, Софія напісала сваю аповесць пра сляпую дзяўчынку Олю. Калі аднойчы яна з мамай зайшла ў супермаркет, то спалохалася ад… паху свежай булачкі, які ішоў па ўсёй зале. Дзяўчынка сваімі маленькімі пальчыкамі кранала ўсе булачкі, якія пахлі так па-рознаму — карыцай, рамонкам, “ромавай бабай”… Мама не дагледзела. Прадаўшчыца падышла да Олі, калі тая кранула нейкую булачку, каб яе панюхаць, і пачала крычаць: “Што ты робіш? Хто пасля цябе гэта купіць?” Мама, якая адышла ўбок, каб купіць іншыя тавары, прыбегла на крык і, папрасіўшы прабачэння ў прадаўшчыцы, купіла выпечку, да якой дакраналася Оля.
Дома мама сказала: “Дачушка, давай мы пакаштуем усе булачкі. Каб ты запомніла іх на пах і потым ніколі не кранала іх рукамі…” Яшчэ мама ёй тады сказала: “Любая, людзі не разумеюць, што ты адчуваеш не вачамі, а рукамі”.
І ў той момант Оля ўпершыню задумалася пра тое, што яна іншая. Але нягоршая.
Аднак ёй было балюча ведаць пра тое, што яна сляпая. Калі гуляла ў пясочніцы, нечакана падскочыў Ягор з суседняга двара і ўдарыў яе па твары. “Мне балюча, ты па вачах ударыў!” — яна плакала. А той толькі рагатаў: “Па якіх вачах? У цябе ж няма вачэй! Ты ж сляпая!” Падскочыў і яшчэ раз ударыў са словамі: “Сляпая, сляпая! Байстручына! Вырадак!” Дабягаў, біў і адскокваў, прыгаворваючы: “Сляпая, сляпая! Дагані, калі зможаш!” І выхопліваў з рук Олі яе любімыя формачкі.
Оля вельмі любіла свае формачкі, асабліва тыя, якія купляла ёй мама: адну — у выглядзе маліны, другую — з завітушкамі і трэцюю — зайца з вялікімі вушамі і маленькім хвосцікам. Ягор ламаў нагамі яе формачкі, сыпаў пясок ёй на валасы і не пераставаў здзекавацца.
Оля добра ведала свой двор, але аднойчы, падчас чарговага Ягоравага нападу, яго зусім забыла. Перастала арыентавацца. Не ведала, як дайсці дадому. Проста стала плакаць у пясочніцы. Наўзрыд. На ўвесь двор. “Мама, Мама, Ма!..”
У Олі быў з дзяцінства выбітны музычны слых. “Кожны чалавек пахне па-свойму і гучыць па-свойму, — ужо калі была пяцігадовай дзяўчынкай, гаварыла яна. — І ўвогуле, усё на свеце мае свой гук. Я чую, як падае лісце з дрэў, як у суседнім двары едзе машына…”
Яшчэ пры жыцці яе мама папрасіла педагога Надзею Іванаўну займацца з дзяўчынкай музыкай. Тая неахвотна, але пагадзілася. Оля тактыльна асвоіла фартэпіяна і ў хуткім часе навобмацак магла іграць складаныя мелодыі.
Мама памерла, і заняткі музыкай скончыліся…
Пад сваё крыло Олю ўзяла яе цётка Люба — “поўная, грубаватая, стомленая ад жыцця жанчына сярэдніх гадоў з вельмі своеасаблівым характарам”. Яна была прыгожай, з вялікімі вачыма і густымі валасамі, заплеценымі ў касу. Цётцы Любе было няпроста. Суседкі ёй гаварылі: “Навошта яна табе — сляпая? У цябе ж сваіх трое дзетак! Аддай яе ў інтэрнат”. На што тая мямліла: “Не, не… Праз паўгода і яна да мамкі на той свет пойдзе. Яна вельмі ўражлівая і датклівая…”
А Оля падслухала гэтую размову, пасля чаго паабяцала сабе, што любымі сродкамі стане самастойнай і ніхто не будзе з ёй важдацца.
…Спроба паступіць у кансерваторыю аказалася няўдалай.
“Можа, я сама змагла б вучыць музыцы маленькіх дзяцей?” — аднойчы запыталася Оля ў цёткі Любы. На што пачула: “Ноты больш не чапаем! Ты будзеш цяпер вучыцца збіраць выключальнікі, разеткі, электрычныя падаўжальнікі і мантажныя каробкі. Цябе могуць узяць толькі на завод электратэхнічнай прадукцыі. Толькі туды бяруць на работу сляпых”.
Цётка Люба апусцілася на крэсла і ціха заплакала…
Праз некалькі дзён Оля пайшла першы раз на работу — на электрамеханічную фабрыку. Яна знаходзілася хоць і недалёка, але Олі трэба было зноў наладжваць свае арыенціры: столькі крокаў — да аўтобуса, столькі крокаў — ад аўтобуса да метро, столькі крокаў — да вагона метро, столькі крокаў — да фабрыкі… Першы раз на фабрыку Олю павяла цётка Люба, і гэта быў для дзяўчынкі вельмі важны паход: яна павінна была дакладна запомніць кожны свой крок, выбраць арыенціры, каб потым не пераблытаць і не забыць. Другі раз яе туды ўжо ніхто не павязе. Усё — толькі самой.
Выйшаўшы з пад’езда, Оля лічыла крокі — адзін, два, тры… Дзвесце дзевяноста тры было толькі да прыпынку аўтобуса. Праехаць трэба было адзін прыпынак. Але потым метро — і зноў крокі, крокі, крокі… Па пераходах, эскалатарах, станцыях. Але яна лічыла іх усе, каб потым не наблытаць. Калі яна зайшла ў вагон і цягнік пачаў ехаць, Оля кончыкамі пальцаў зразумела, як ён едзе і трасецца пад зямлёй. “Яна запамінала кожнае новае адчуванне, кожную новую паверхню”.
Калі нарэшце яны зайшлі на завод, Оля адразу адчула прахалоду. Мужчына, начальнік Олі, растлумачыў, што ёй трэба рабіць — збіраць разеткі і выключальнікі.
Яна пазнаёмілася з калегамі. Яе сябрамі адразу сталі Марына і Кірыл. Марына выхоўвалася ў дзіцячым доме для невідушчых дзяцей. Як і Оля, вельмі любіла музыку. Кірыл да 11 гадоў быў звычайным хлопчыкам, але трапіў у жудасную аварыю, у якой загінула яго маці, і страціў зрок. Праз год бацька Кірыла знайшоў іншую жанчыну і ажаніўся з ёй. Кірыла аддалі ў інтэрнат для невідушчых дзяцей.
Оля вырасла на заводзе. Цяпер гэта была ўжо дарослая 18-гадовая дзяўчына, і яна вельмі хацела сустрэцца са сваёй першай настаўніцай па музыцы Надзеяй Іванаўнай. Такая сустрэча адбылася. “Волечка, божа мой, якая ты дарослая!” — спачатку ў задуменнасці застыла настаўніца. А потым былі цёплыя сардэчныя абдымкі і слёзы радасці…
Знакавы момант: “яна вельмі хоча”. А хоча Вольга спяваць у хоры. Але і тут свой нюанс: у яе, невідушчай, усе адчуванні, нават у музыцы, вельмі спецыфічныя, а хор павінен быць адным арганізмам.
І тут здарылася незвычайнае ў лёсе Вольгі. Яшчэ адна настаўніца з музычнай школы, харыстка Ірына Рыгораўна, сказала Надзеі Іванаўне: “У Олі надзвычай рэдкае драматычнае сапрана. Голас настолькі моцны, што такога багацця абертонаў я яшчэ не чула. Ён лёгка праб’ецца скрозь хор і аркестр. Яе трэба ставіць салісткай”.
І гэта было яе сапраўдным шчасцем — Вольга стала галоўнай харысткай у сваім хоры, а яе блізкім сябрам стаў Пётр Сяргеевіч, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, адзін з заснавальнікаў хору для невідушчых. Падчас вайны асколак міны трапіў яму якраз у вока, і ён аслеп назаўсёды, але музыку не кінуў.
“Пасля канцэртаў і рэпетыцый Вольга любіла гутарыць з Пятром Сяргеевічам.
— Хочаш, раскажу пра Конрада Паўмана?
— Канечне, хачу. А хто гэта? — ажывілася Вольга.
— Гэта нямецкі арганіст XV стагоддзя, сляпы ад нараджэння. Але, нягледзячы на гэта, ён стаў выбітным музыкантам свайго часу.
— А-а-а… — з сумам прамовіла Вольга. — Напэўна, у той час не было кансерваторый або ў кансерваторыі прымалі і сляпых.
— Не трэба так, — асцярожна сказаў Пётр Сяргеевіч. — Жыццё цудоўнае, нягледзячы на несправядлівасць вакол. Яно само па сабе вялікі дар.
— Згодна, — ледзь гучна адгукнулася Оля.
— Дачушка, ты думаеш, гэтая несправядлівасць толькі ўчора пачалася? Пасля вайны нас, невідушчых, вярнулася дадому 54 тысячы, аднавокіх — 155 тысяч… Ведаеш, што мы прыдумалі? Вымаць фотакарткі з пашпартоў, каб людзі не бачылі вырадкаў”.
Выклікаюць асалоду ў аповесці моманты аповедаў пра жыццё падлеткаў, якія працавалі на заводзе. Напрыклад, калі Кірыл прызнаўся Вользе, што закахаўся ў Марыну, і пытаўся, што ёй лепш падарыць на дзень нараджэння. Дылема была: кветкі або завесці ў рэстаран. Півоні былі самымі любімымі кветкамі Марыны, але дарыць кветкі — гэта крышку банальна. Завесці ў рэстаран? Сляпому са сляпой? “Я не ўмею трымаць сталовыя прыборы, — прызнаваўся Кірыл Вользе. — Я нават не ўмею клікаць афіцыянта”. Вольга сказала яму: “Марына ўсё зробіць. Павер мне”. Праз некалькі дзён шчаслівая Марына паведаміла Вользе, што выходзіць замуж за Кірыла. Той зрабіў ёй прапанову, калі даведаўся, што яна цяжарная. Вольга паспяшалася сказаць пра навіну цётцы Любе, а ў адказ атрымала: “Чаму тут радавацца? Ты ўяўляеш, што чакае малога? Бедны, бедны малы! У сям’і сляпых інвалідаў народзіцца яшчэ адзін сляпы інвалід”. Праз дзень цётка Люба папрасіла ў Вольгі прабачэння за свае словы. Праўда, тая ўжо не стрымалася: “Ты мяне не пакрыўдзіла… Ты мяне растаптала, расплюшчыла ў амёбу, якой забаранілі размнажацца з-за непаўнацэннасці. Але я не адна ў гэтым. Па статыстыцы, кожныя пяць секунд у свеце слепне адзін дарослы чалавек, кожную хвіліну — дзіця. Такіх, як я, амёб, на свеце каля 70 мільёнаў”.
“— Будуць рабіць Кесарава, — пазваніла Марына.
— Табе страшна? Ты плачаш?
— Не, ужо ўсё нармальна…
Кірыл жмякаў штучнага мішку ў бальнічным холе. Яго не пускалі ў палату”.
А ў далейшым полюсе нашай гераіні — Олі, Вольгі — было яшчэ шмат падзей. Больш — трагічных.
…Тое, што расказала 15-гадовая Софія Ворса ў сваёй аповесці “Горад сляпых скрыжаванняў”, уражвае. І нават не тым, пра што яна паведаміла ў сваім творы, а тым, як яна гэта зрабіла. З душой. З адказнасцю за свае словы. З разуменнем рытму і сэнсу многіх слоў.
Рэч пра метафару памяці.
Расказаць пра тое, што была такая сляпая дзяўчынка Оля, — гэта яшчэ нічога не расказаць. Але сказаць так, як гэта зрабіла Софія, — значыць СКАЗАЦЬ.
Сляпыя вочы — гэта толькі сляпыя вочы.
У відушчага чалавека з вачыма асацыіруецца памяць. Тое, што бачым, тое і помнім.
Але гэта не ўся памяць. Памяць нават пры сляпых вачах ніколі не сляпая.
А яшчэ гэта метафара болю. Болю, які не спіць ніколі.
А яшчэ, калі ўжо згадваць пра Трыера, гэтая дзяўчынка Оля ніколі не спявала і не танцавала ў цемрадзі. Побач з ёй былі людзі: цётка Люба, Кірыл і Марына, Надзея Іванаўна, Пётр Сяргеевіч, мама…
Мікола ЧЭМЕР.
P.S. Нельга не адзначыць работу мастачкі, якая працавала над кнігай, Маргарыты Ціхановіч. Чорна-белая готыка найлепш падыходзіць зместу.