Вядома ж, сузор’я з такой назвай у нашай Галактыцы няма, але тое, што яно ёсць на мастацкім небасхіле Беларусі, — факт неаспрэчны і дакументальна пацверджаны ўжо нават двойчы. Чаму двойчы? Ды таму, што ў 2008 годзе ў выдавецтве “Радыёла-плюс” намаганнямі знітаваных з Жодзінам творцаў Міколы Андруковіча, Аляксея Марачкіна і Уладзіміра Сіўчыкава ўжо выходзіла ўнікальнае мастацка-літаратурнае выданне “ЖОДЗІНЦЫ. Жывапіс. Графіка. Мастацкае слова”, у якім былі прадстаўлены творчыя партрэты вядомых жодзінцаў — мастакоў, літаратараў, а таксама мастакоў і літаратараў адначасова — з іх кароткімі біяграфіямі, рэпрадукцыямі іх твораў і літаратурнымі тэкстамі. Тое выданне мела дастаткова гучны розгалас, яно стала нават нечым накшталт друкаванага маніфеста вялікага праекта пад назвай “Жодзінцы”, які азначыўся тады цэлым шэрагам мастацкіх выстаў і літаратурных імпрэз з удзелам жодзінскіх мастакоў у розных беларускіх гарадах, а найперш — вялікай выставай у сталічным Палацы мастацтва. І, можа, не ў апошнюю чаргу, менавіта дзякуючы той ініцыятыве, у 2014 годзе ў самім Жодзіне была адкрыта гарадская выставачная зала, якая стала пастаяннай пляцоўкай для экспазіцый вядомых мастакоў не толькі з “БелАЗаўскага” горада, але і з усёй краіны.
І вось надоечы, роўна праз 10 гадоў пасля з’яўлення таго выдання, зноў можна радавацца за жодзінскіх творцаў: у выдавецтве “Чатыры чвэрці” выйшаў шыкоўны альбом “Жодзіна.Art” з творчымі біяграфіямі і рэпрадукцыямі твораў 29 мастакоў, лёс якіх звязаны з гэтым горадам. Тэксты падаюцца на трох мовах — рускай, беларускай і англійскай. Мастацкі плён кожнага героя прадстаўлены чатырма рэпрадукцыямі. Складальнікам выдання выступіла дырэктар дзіцячай мастацкай школы мастацтваў Жодзіна Святлана Навіцкая. Яна ж разам з выкладчыкам выяўленчага мастацтва жодзінскай сярэдняй школы № 8 Юрыем Праскураковым напісала ўступны артыкул.
Альбом “Жодзіна.Art” яскрава пераконвае ў тым, што феномен мастацкага Жодзіна сапраўды ёсць. Ён, гэты феномен, адметны, па-першае, самімі асобамі — чаго толькі варты такія глыбы, як Алесь MaRa (Аляксей Марачкін), які ў свой час кіраваў у Жодзіне мастацкай студыяй — кузняй многіх выбітных творцаў, ці Аляксандр Ксяндзоў, што правёў у горадзе над Плісай свае юнацкія гады (вучыўся ў жодзінскіх сярэдніх школах №№ 2 і 4, займаўся ў студыі ў згаданага Марачкіна). А, па-другое, тым фактам, што гэты феномен дастаткова малады. Тут не выпадае гаварыць пра глыбінныя карані, як, скажам, у выпадку з Віцебскам. І тое, што станаўленне многіх сёння вядомых у Беларусі і за мяжой жодзінскіх мастакоў выпала на так званыя застойныя 70-я гады ў прамысловым горадзе, выглядае, магчыма, у нечым і парадаксальным, але, можа быць, і наканаваным… Не памятаю ўжо, хто сказаў, што мастацтва можа служыць для самога творцы спосабам прымірэння з жорсткай рэчаіснасцю. Можа, яно і было такім прымірэннем з гігантамі-“БелАЗамі” для юных жодзінцаў, якія займаліся ў знаных жодзінскіх студыях выяўленчага мастацтва пад кіраўніцтвам А.Шыбікіна, А.Казарэза, А.Марачкіна ў пазамінулыя дзесяцігоддзі, дый застаецца для тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія займаюцца ў цяперашніх студыях і школах сёння. Адважуся нават правесці аналогію: брытанскі мегаполіс Манчэстар таксама славіцца найперш сваёй развітой прамысловасцю, але менавіта ён стаў адначасова і музычнай сталіцай Альбіёна (гаворка, безумоўна, пра сучасную рок-музыку), радзімай феномена-сузор’я пад назвай “Мэдчэсцер” на музычным небасхіле Вялікабрытаніі з такімі зоркамі, як Joy Division, New Order, The Smiths, Oasis і інш.
Гартаеш альбом “Жодзіна.Art” і не перастаеш здзіўляцца, наколькі жодзінскія мастакі розныя ў сваім творчым пошуку і аднолькавыя ў сваім імкненні знайсці індывідуальнае аблічча ў мастацтве: Мікола і Кастусь Андруковічы, Уладзімір Гладкевіч, Віктар Зайцаў, Галіна Конанава, Мікалай Крайко, Ігар Марачкін, Віктар Навіцкі, Уладзімір Сіўчыкаў, Аляксандр Фралянкоў, Сяргей Цігараў, Мікалай Шышлоў…
А чытаеш біяграфіі прадстаўленых у альбоме мастакоў і радуешся, што многія з іх шчасліва сумяшчаюць уласную мастацкую творчасць з выкладчыцкай працай. У Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва ўжо не адзін дзясятак гадоў плённа выкладае на кафедры жывапісу Аляксандр Ксяндзоў, у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка — Мікола Андруковіч, у Рэспубліканскай гімназіі — каледжы мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка — Мікалай Крайко ды Ігар Марачкін, у дзіцячай мастацкай школе Жодзіна — Сяргей Асташонак, Ігар Скачкоў, Уладзімір Трыгубовіч, Анатоль Чычын, у жодзінскай сярэдняй школе № 8 — Юрый Праскуракоў… Безумоўна, нельга тут не згадаць і імя прадстаўленага ў альбоме Аляксандра Сабалеўскага, заснавальніка дзіцячай школы мастацтваў Жодзіна і яе нязменнага дырэктара да 2014 года.
Мастацкае сузор’е Жодзіна ярка свеціцца і будзе ззя ць яшчэ мацней, а выдадзеныя альбомы жодзінцаў стануць узорам і выклікам для творцаў з іншых гарадоў.
Мікола ЧЭМЕР.