З першых гадоў сваёй літаратурнай творчасці Уладзімір Ліпскі вызначыў сабе неабыякавую мэту: знайсці сябе, раскрыць свае здольнасці, выявіць найлепшыя якасці чалавека-творцы. У сваёй публіцыстычнай кнізе “Знайсці сябе”, выдадзенай у 1974 годзе, ён пераканальна паказаў, як і ў імя чаго стараліся шматлікія людзі, каб дасягнуць жаданых вынікаў. Яны, моцныя духам, не шукалі лёгкіх дарог, жыла б толькі Радзіма мілая, і спелі б думкі стваральныя. Прыгожа пісаў тады аўтар: “Мы, людзі, былі б утрая багацейшымі і шчаслівейшымі, калі б больш уважліва і чула ставіліся адно да аднаго”.
Прайшло больш за 40 гадоў, Уладзімір Ліпскі напісаў шмат твораў. У толькі што выдадзенай кнізе “Уліпкі” адгукаюцца знаёмыя думкі. Як падкрэслена ў анатацыі, “адчуваеш любоў аўтара да жыцця, да людзей, якія вакол яго. Ён вядзе дзённік, у якім адчуваеш рытм нашай явы, дыханне, біццё сэрца аўтара, які ўмее азірнуцца на свежа пражыты дзень”.
Адразу бачна, што аўтар выдаў нешта сваё — пазнавальнае, значнае, але крыху бянтэжыў загаловак. Навінку трэба было ўважліва чытаць, вывучаць, каб скалыхнуць соннае мысленне і захапіцца. Так яно і здарылася. Новая надзённая кніга парадавала: яна запрашала да разумовай працы, разважаць аб разнастайных думках, змешчаных у ёй.
Уладзімір Ліпскі даўно зарэкамендаваў сябе як таленавіты пісьменнік і выдатны арганізатар выхаваўчай работы: галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка”, старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду, аўтар кніг аб выдатных людзях Беларусі і вясёлых “аўцюкоўцах”. А кніга “Уліпкі” здзівіла многіх як своесаблівая і наватарская. У яе нязвыклая пабудова — гэта дзённік “сустрэчы” пісьменніка з дзеячамі культуры мінулага і сённяшняга, гутаркі з імі. Сродкамі мовы адбываецца пераўтварэнне будзённага ў незвычайнае, высвечванне скарбаў душы і ўзбагачэнне сучаснага чалавека. Тут няма выдумкі, фантазіі, а ёсць аўтарская думка, якая ўзнікла з рэальнага жыцця, сустрэч з сучаснымі вучонымі і пісьменнікамі, а таксама думкамі дзеячаў мінулых стагоддзяў.
2015 год, год Зямлі і свайго юбілею, Уладзімір Ліпскі засведчыў “сваімі ўліпкамі”. Пісаў-размаўляў цэлы год, шукаў залацінкі і асэнсоўваў іх. (Даведаўшыся пра гэта, народная артыстка Марыя Захарэвіч, якой пісьменнік прысвяціў сваю аповесць “Нарачанская чайка”, паабяцала: “Сёння і я “ўліпну” ў свой дзённік, раскажу пра ўліпкі У.Ліпскага”.) І пакацілася кола штодзённага пошуку, падбору і філасофска-літаратурнай творчасці.
Аўтар пацвярджае, што ў Беларусі шмат выдатных, канкрэтных асоб, значнасць жыцця якіх вышэйшая нават за станоўчых герояў мастацкіх твораў. Мастацкія вобразы больш вядомыя чытачам, чым рэальныя. Але трэба ўмець сумяшчаць адных і другіх, навучыцца самому творча імкнуцца да заўважных вышынь.
Значная вартасць кнігі У.Ліпскага “Уліпкі” яшчэ і ў тым, што яна настройвае чытача не спадзявацца на шчаслівы выпадак ці платнага настаўніка. Самы надзейны арыенцір і выхавальнік — ты сам, твае жаданні, твая прага быць сапраўдным чалавекам. А дапаможнікі ў гэтым — кнігі, ранейшыя і найноўшыя дасягненні сучаснай навукі і літаратуры. Прыемна, што аўтар прыхільна ставіцца да шэдэўраў, спадчыны сусветнай і беларускай культуры, заклікае берагчы сваю гісторыю і нацыянальную годнасць.
Ёсць у кнізе і тое, што аўтара бянтэжыць, палохае ў асабістым і грамадскім жыцці. А калі хочаце даведацца, што яму не падабаецца, ад чаго многім “трэба адліпаць”, вызваляцца, чытайце: “Ад “сяброў”-здраднікаў, ад прасіцеляў-нахабнікаў, ад звычак-шкоднікаў, ад прыяцеляў-зайздроснікаў…” і г.д. Дачытайце ў кніжцы, яна вартая таго, каб прыйсці да вас на гутарку.
Эдуард КАРНІЛОВІЧ,
кандыдат гістарычных навук.