Яны праславілі нашу краіну на ўвесь свет

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь у сваіх выступленнях неаднаразова падкрэсліваў, што нам трэба рознымі метадамі павышаць імідж Беларусі на міжнароднай арэне. Важна ўлічваць, што свет ганарыцца многімі выдатнымі вучонымі, якіх дала яму наша Радзіма — Беларусь, беларускі народ. Мы павінны паказваць свету і разам з тым ганарыцца, што наша краіна — дзяржава высокага навуковага патэнцыялу, у якой жылі і жывуць вучоныя з сусветнымі і еўрапейскімі імёнамі.

Менавіта таму шырокая, асабліва навуковая, грамадскасць нашай рэспублікі з цікавасцю сустрэла выхад у 2017 годзе ў выдавецтве “Беларуская навука” кнігі “Ученые, прославившие Беларусь”.

У апошнія гады ў нашай краіне выйшлі дзясяткі кніг, сотні часопісных і газетных артыкулаў пра выдатных беларускіх вучоных.

Чытачоў перш за ўсё хвалююць адказы на наступныя пытанні: чым рэцэнзуемае выданне адрозніваецца ад папярэдніх, што ў ім новага, чым выкліканы выхад гэтай кнігі і інш.

Па-першае, гаворка ў кнізе ідзе пра вучоных, якія пайшлі ўжо з жыцця, але памяць пра іх жыве ў нашых сэрцах.

Па-другое, у раздзеле “Да чытача” галоўны рэдактар выдання, старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік У.Р.Гусакоў адзначае:

“Значительный вклад отечественных ученых в развитие мировых исследований определил подготовку и данного издания. Книга содержит краткие очерки о тех, кто внес огромный вклад в отечественную и мировую науку. При определении круга персоналий редколлегия и составители исходили из таких критериев, как значимость достижений, признание заслуг, а также вклад в организацию и развитие науки и образования.

Не будем забывать о том, что долгое время пропагандировались противоречивые и сложные страницы отечественной истории, отражались тяжелые исторические судьбы белорусов. В то же время без должного внимания представлялись достижения отечественных ученых, особенно Средневековья, Нового времени и досоветского периода, не популяризировались их достижения и успехи. Как результат — те, кто являлся гордостью нации, кого знала и ценила просвещенная Европа, по сути исчезали со страниц национальной истории. В последние десятилетия историческая справедливость была восстановлена. Лучшие представители белорусской науки и культуры того времени заняли свое достойное место в энциклопедиях, справочниках, других изданиях, в том числе и этом”.

Па-трэцяе, кніга прымеркавана адразу да трох знамянальных дат: Года навукі, 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і 135- годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Па-чацвёртае, у адрозненне ад папярэдняй літаратуры прыемна здзіўляе час жыцця герояў кнігі — ад другой паловы ХV стагоддзя да 2016 года.

Па-пятае, сабраныя матэрыялы, на думку складальнікаў (М.П.Ахрэмчык, А.А.Бандарэнка, В.А.Гапоненка і інш.), уяўляюць значную цікавасць як для вучоных, так і для самага шырокага кола грамадскасці. Нарысы прадстаўлены ў храналагічнай паслядоўнасці, што дазваляе прасачыць развіццё навуковай думкі нашых суайчыннікаў і ацаніць іх уклад у беларускую, еўрапейскую і сусветную навуку.

Па-шостае, чытачам будзе вельмі цікава, што асобныя нарысы прысвечаны акадэмікам І.Д.Луцэвічу (Янку Купалу), К.М.Міцкевічу (Якубу Коласу), С.М.Некрашэвічу, Я.Ю.Лёсіку, К.К.Атраховічу (Кандрату Крапіве), І.Я.Навуменку, Я.І.Скурко (Максіму Танку), М.Ц.Лынькову, І.П.Шамякіну, П.Ф.Глебку, Б.А.Тарашкевічу, Я.Ф.Карскаму, члену-карэспандэнту НАН Беларусі А.М.Адамовічу, класіку беларускай літаратуры М.І.Гарэцкаму, лінгвісту і літаратуразнаўцу М.Я.Байкову, літаратурнаму крытыку У.М.Конану.

Па-сёмае, заслугоўвае ўвагі добрая літаратурная апрацоўка кнігі, праведзеная вядомым і аўтарытэтным беларускім літаратурным крытыкам і літаратуразнаўцам Алесем Марціновічам.

Нягледзячы на шэраг вартасцей выдання, нельга не выказаць некаторыя заўвагі і пажаданні.

На старонцы 17 складальнікі кнігі і шаноўная рэдкалегія ў складзе 15 чалавек, хоць і назвалі яго мысліцелем-атэістам і педагогам, фактычна зрабілі тое, на што не адважыліся ні адна энцыклапедыя і ні адзін энцыклапедычны даведнік, а менавіта ўзвялі ў ранг вучонага Казіміра Лышчынскага (1634—1689). Так, у энцыклапедычным даведніку “Мысліцелі і асветнікі Беларусі”(Мінск, “Беларуская энцыклапедыя”, 1995) артыкул “Лышчынскі Казімір” пачынаецца такімі словамі: “Мысліцель-атэіст, матэрыяліст, педагог і грамадска-палітычны дзеяч”. Але ні ў якім разе не “вучоны”.

Складальнікі рэцэнзуемага выдання “засакрэцілі” біяграфічныя звесткі члена-карэспандэнта АН БССР — эканаміста-аграрніка І.М.Качуры, асабліва тое, што ён у адрозненне ад астатніх членаў-карэспандэнтаў АН БССР і НАН Беларусі быў кандыдатам навук. Наконт другога члена-карэспандэнта НАН Беларусі — мовазнаўцы М.Р.Судніка — яны гэты факт прывялі.

Па-за старонкамі кнігі засталіся многія славутыя беларускія вучоныя Сярэдневякоўя, Навейшага часу і дасавецкага перыяду. Гэта правазнавец, палітолаг, сацыёлаг, аўтар працы “Аб палітычнай супольнасці людзей” (Гданьск, 1651, на лацінскай мове), прафесар права Віленскай акадэміі Аарон (Адам, Аляксандр) Алізароўскі (1618—1659), які нарадзіўся на Віцебшчыне ў праваслаўнай сям’і; ураджэнец Навагрудчыны, эканаміст-утапіст, аўтар эканамічнага даследавання “План, які не з’яўляецца нормай” (Бернберг, 1760) Сцяпан Міхаіл Аскерка (1712—?); беларускі славіст і арыенталіст, доктар тэалогіі Міхаіл Кірылавіч Баброўскі (1784 (1785)—1848), які нарадзіўся ў вёсцы Вульцы Бельскага павета (цяпер Польшча); філосаф, гісторык, тэолаг, аўтар прац “Філосаф без рэлігіі” (1785), “Пра пачатак народа і мовы літоўскай” (1808) і інш. Францішак Ксаверы Богуш (1746—1820); ураджэнец Браслаўскага павета, педагог, філосаф, аўтар двух падручнікаў на французскай мове, прац “Паходжанне сучасных дзяржаў і народаў” (Варшава, 1769) і “Кароткае сістэматычнае выкладанне ўсеагульнай гісторыі” (т.1—2, Варшава, 1766—1781) Кароль Вырвіч (1717—1793); прадстаўнік эклектычнай філасофіі, ураджэнец Навагрудчыны, аўтар працы “Погляды новых філосафаў…”, дэкан тэалагічнага факультэта Віленскай езуіцкай акадэміі Бенядзікт Дабшэвіч (1722 — каля 1794); ураджэнец вёскі Гембулы Лідскага павета, гісторык-археограф, правазнавец, аўтар “Дыпламатычнага кодэкса Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага” Мацей Догель (1715—1760); ураджэнец мястэчка Мір сусветна вядомы філосаф-асветнік Саламон Майман (Хейман) (1753 або 1754—1800); ураджэнец маёнтка Яшнец у Лідскім павеце аўтар курса “Эклектычная філасофія” і рукапісаў на лацінскай мове Казімір Нарбут (1738—1807); новалацінскі паэт, філосаф, тэолаг, тэарэтык літаратуры і красамоўства, прафесар філасофіі і тэалогіі, дэкан філасофска-тэалагічнага факультэта Віленскай езуіцкай акадэміі Мацей Казімір Сарбеўскі (1595—1640); філосаф, рэктар Навагрудскага і Барскага езуіцкіх калегіумаў, Віленскага шляхецкага калегіума, рэктар Віленскай акадэміі (1772—1774, дэкан яе тэалагічнага факультэта, аўтар працы “Каментарыі па філасофіі…” (1755, гэты твор доўгі час лічыўся падручнікам па філасофіі) Антон Скарульскі (1715—1780); мысліцель і правазнавец, рэктар Віленскай галоўнай школы (1799—1806), пераўтворанай у Віленскі ўніверсітэт, аўтар працы “Навука аб прыродным і палітычным праве, палітычнай эканоміі і праве народаў” (Вільня, 1785) Іеранім Страйноўскі (1752—1815); прафесар філасофіі ў Гродне аўтар “Лекцый па эксперыментальнай фізіцы”(1792) Ян (Іван) Сцірпейка (1760 — каля 1817); ураджэнец маёнтка Пуцейкі на Навагрудчыне, вучоны-аграном, глебазнавец, асветнік, доктар філасофіі за дысертацыю “Пра глебы” (1812) Міхаіл Мікалаевіч Ачапоўскі (1788—1854); ураджэнец Халопеніч Крупскага раёна, беларускі фалькларыст, этнограф і мовазнавец Адам Ягоравіч Багдановіч (1862—1940); ураджэнец вёскі Падолкава Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні, вучоны ў галіне медыцыны, доктар хірургіі, доктар медыцыны, акадэмік Яўстафій Іванавіч Багданоўскі (1833—1888); вучоны-аграном, эканаміст, асветнік, прафесар Горы-Горацкага земляробчага інстытута Аляксей Міхайлавіч Бажанаў (1820—1889); ураджэнец Гродзеншчыны, прыродазнавец, педагог, ардынарны прафесар, дэкан фізіка-матэматычнага факультэта Кіеўскага ўніверсітэта, член-карэспандэнт акадэміі навук, аўтар “Курса батанікі для студэнтаў медыцынскіх факультэтаў” Іосіф Васільевіч Баранецкі (1843—1905); ураджэнец Мінска, беларускі археограф, гісторык, этнограф, фалькларыст Іван Пятровіч Барычэўскі (Барычэўскі-Тарнава) (1810—1887); ураджэнец Магілёўскай губерні, беларускі гісторык, краязнавец і этнограф Міхаіл Восіпавіч Без-Карніловіч (1796—1862); ураджэнец Мінскага павета, вучоны-мовазнавец, даследчык Японіі і Кітая, дыпламат Іосіф Антонавіч Гашкевіч (1814—1872); ураджэнец Гродна, мовазнавец-арабіст, педагог Уладзімір Фёдаравіч Гірга; ураджэнец Прапойска (Слаўгарада) Магілёўскай губерні, беларускі гісторык, археограф і мовазнавец Іван Іванавіч Грыгаровіч (1792—1852); ураджэнец Мсціслава сусветна вядомы яўрэйскі гісторык Сямён Маркавіч Дубнаў (1860—1941); ураджэнец Дудзіч Ігуменскага павета Мінскай губерні, гісторык, этнограф, краязнавец, пісьменнік Аляксандр Карлавіч Ельскі; ураджэнец Віцебшчыны, вучоны-медык, фармаколаг Іосіф Вікенцьевіч Забелін (1834—1875); вучоны-матэматык, першая ў свеце жанчына-прафесар, член-карэспандэнт Пецярбургскай акадэміі навук Соф’я Васільеўна Кавалеўская (Корвін-Крукоўская) (1850—1891); ураджэнец Слівіна Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні, этнограф, археолаг, гісторык Адам Ганоры Карлавіч Кіркор (1818—1886); ураджэнец маёнтка Шаўры Лідскага павета (цяпер Воранаўскі раён), гісторык і археолаг Тэадор (Фёдар Яўхімавіч) Нарбут (1784—1864); ураджэнец Вымны на Віцебшчыне беларускі этнограф-фалькларыст Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі (1845—1910); ураджэнец Шыпілавіч Бабруйскага павета, беларускі этнограф, пісьменнік Павел Міхайлавіч Шпілеўскі (1823—1861); ураджэнец Магілёва, этнограф і фалькларыст з еўрапейскім іменем Павел Васільевіч Шэйн (1826—1900); ураджэнец Ясенцаў Лідскага павета, прыродазнавец, адзін з першых даследчыкаў расліннага і жывёльнага свету Беларусі Станіслаў Баніфацый Юндзіл (1761—1847)… Паверце, гэты і без таго вельмі доўгі пералік можна яшчэ прадаўжаць і прадаўжаць.

Вельмі шкада, што складальнікі і рэдкалегія рэцэнзуемай кнігі не ўключылі ў яе склад дзясяткі вельмі таленавітых савецкіх вучоных, у тым ліку з еўрапейскімі і сусветнымі імёнамі. Назавём толькі некаторых.

Гэта ўраджэнец Віцебска, фізіка-хімік, акадэмік АН СССР і РАН, ганаровы член шэрага замежных акадэмій навук, лаўрэат Ленінскай прэміі (1980) Віталь Іосіфавіч Гальданскі (1923—2001), унагароджаны залатым медалём імя Д.І.Мендзялеева, залатым медалём імя М.М.Сямёнава, прэміяй імя Д.І.Мендзялеева АН СССР. З 1988 года ён працаваў дырэктарам Інстытута хімічнай фізікі АН СССР (цяпер — РАН імя М.М.Сямёнава).

Менавіта В.І.Гальданскі адкрыў з’яву квантавага нізкатэмпературнага ліміту (парога) хуткасці хімічных рэакцый, адкрыў і растлумачыў з’яву асіметрыі мёсбаўэраўскіх спектраў, якая атрымала назву “Эфект Гальданскага-Карагіна”, заклаў асновы фізічнай хіміі пазітрона і пазітронія, адкрыў палімерызацыю цвёрдых манамераў пад уз-дзеяннем ударных хваль.

не металазнаўства, акадэміка АН БССР, заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР Канстанціна Васільевіча Горава (1904—1988) былі звязаны з Беларуссю. Яго навуковыя працы прысвячаліся вывучэнню фазавых і структурных ператварэнняў і ўстанаўленню сувязі паміж структурай і ўласцівасцямі металаў і сплаваў.

Амаль 10 гадоў — з 1938 па 1947 — Канстанцін Васільевіч быў прэзідэнтам АН БССР. З 1947 года К.В.Гораў быў дырэктарам, з 1949 года — старшым навуковым супрацоўнікам, у 1950—1973 гадах — загадчыкам лабараторыі металазнаўства Фізіка-тэхнічнага інстытута АН БССР. У 1969—1973 гадах ён з’яўляўся віцэ-прэзідэнтам АН БССР, а ў 1974—1976 выконваў абавязкі акадэміка-сакратара Аддзялення фізіка-тэхнічных навук АН БССР.

Вучоным з еўрапейскім і нават сусветным іменем быў ураджэнец Бабруйска, беларускі філосаф, сацыёлаг і літаратуразнавец, акадэмік АН БССР, прафесар БДУ, а з 1931 года — дырэктар Інстытута філасофіі і права, акадэмік-сакратар Аддзялення грамадскіх навук АН БССР Сямён Якаўлевіч Вальфсон (1894—1941). Амаль усе яго кнігі знаходзіліся ў асабістай бібліятэцы У.І.Леніна ў Крамлі. С.Я.Вальфсон даследаваў праблемы дыялектычнага і гістарычнага матэрыялізму, гісторыі філасофіі сацыялогіі, навукі, культуры, спадчыну Г.В.Пляханава, быў аўтарам аднаго з першых у СССР падручнікаў па дыялектычным матэрыялізме.

Вялікі ўклад у беларускае і польскае літаратуразнаўства ўнёс ураджэнец Слоніма, адзін з самых таленавітых літаратуразнаўцаў, крытыкаў, пісьменнікаў і перакладчыкаў, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар, дэкан філалагічнага факультэта БДУ, адзіны беларускі вучоны, які стаў аўтарам дзвюх кніг шырока вядомай серыі “Жыццё выдатных людзей” (“Янка Купала” і “Скарына”) Алег Антонавіч Лойка (1931—2008).

Калектыў складальнікаў стварыў вельмі патрэбную і цікавую кнігу аб навуковай эліце нашай краіны — таленавітых вучоных Беларусі ХV—ХХI cтагоддзяў, якімі па праве можа ганарыцца беларускі народ. У сувязі з гэтым нельга не згадзіцца з наступнай думкай кіраўніка НАН Беларусі акадэміка У.Р.Гусакова, выказанай у матэрыяле “К читателю”: “История науки — это не только история научных идей, методов и открытий. Главное в ней — люди, их деятельность, условия этой деятельности, весь тот социальный и идеологический контекст, который и определяет историю человечества. И первой ступенью к пониманию связи науки и общества, его прошлого служит изучение индивидуального научного опыта ученых”.

Ідучы насустрач 90-годдзю НАН Беларусі, мы з удзячнасцю ўспамінаем вучоных, якія ўнеслі істотны ўклад у беларускую, еўрапейскую, сусветную навуку, і ганарымся тым, што сваёй дзейнасцю яны праславілі нашу краіну на ўвесь свет.

Эмануіл ІОФЕ,
прафесар БДПУ імя Максіма Танка, доктар гістарычных навук.