Запомніцца на ўсё жыццё…

На пачатку кастрычніка бягучага года брэсцкая паэтэса Надзея Парчук як дарагіх гасцей прымала ў сябе дома настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Стытычаўскай сярэдняй школы Пінскага раёна Людмілу Іванаўну Сачкоўскую і вучаніцу 9 класа гэтай жа школы Ганну Тынавец.

Яны наведалі сваю знакамітую зямлячку з, так бы мовіць, рабочым візітам. Справа ў тым, што Ганначка з вялікай адказнасцю ўзялася за напісанне даследчай работы “Малая радзіма ў творчасці Надзеі Парчук”. Але як жа гэта па-літаратурнаму цікава напішаш, калі ні разу не сустракаліся з паэтэсай, не размаўлялі з ёй, не чулі яе голасу, а тым больш не адчувалі на сабе яе прыязнага позірку, дабрыні і цеплыні яе творчай душы? Вось з гэтай нагоды настаўніцы і давялося рана-ранюсенька сабрацца ў няблізкую дарогу, каб везці сваю падапечную ў абласны цэнтр, дзе зараз жыве паэтэса.

На шчасце, дзень 3 кастрычніка выдаўся цёплым, па-асенняму пагодным, таму і дарога за вокнамі аўтобуса весела бегла-вілася наперад, раскрываючы перад пасажырамі ўсё хараство кастрычніцкай прыроды.

Надзеі Мікалаеўне таксама не спалася. Яна раней звычайнага паднялася і пачала рыхтавацца да сустрэчы з незвычайнымі гасцямі…

“Наша Ганначка — з мнагадзетнай прыстойнай сям’і, добра вучыцца ў школе, старанна дапамагае бацькам па гаспадарцы і падсабляе ім у выхаванні малодшага браціка”, — пахваліла Людміла Іванаўна сваю вучаніцу, заходзячы ў пакой да паэтэсы. Тая лагодна зірнула ў вочы дзяўчынцы і сказала: “Вельмі прыемна. Пабольш бы ў свеце такіх цудоўных школьнікаў і багатых на дзяцей сем’яў…” Так непрыкметна паміж землякамі трох пакаленняў і завязалася нязмушаная, цікавая размова, якая хутка перарасла ў па-сапраўднаму сяброўскі дыялог. Ганну Тынавец цікавіла ўсё пра жыццё і творчасць паэтэсы: калі напісала першы верш, якія яе дасягненні ў літаратуры, чым жыве зараз, якія планы, які з уласных вершаў лічыць любімым, з якімі пісьменнікамі сябруе, што значыць для яе Дзень беларускага пісьменства, ці сумуе па радзіме, як часта наведваецца ў родныя мясціны? Надзея Мікалаеўна старалася змястоўна і грунтоўна адказваць на пастаўленыя пытанні сваёй даследчыцы. Тая ўважліва лавіла кожнае сказанае ёй слова, нешта занатоўвала ў блакноціку, фіксавала на смартфоне дыпломы, граматы і іншыя ўзнагароды за літаратурную дзейнасць пісьменніцы.

Як настаўніца, так і вучаніца атрымалі ў падарунак ад Надзеі Парчук па некалькі кніг з аўтарскім аўтографам.

Час сустрэчы для ўсіх праляцеў незаўважна хутка, прыемна, а галоўнае, плённа. Развітваючыся з Надзеяй Мікалаеўнай, Людміла Іванаўна выказала цвёрдую ўпэўненасць на будучы год вітаць пісьменніцу ў стытычаўскай школе ці нават у Доме культуры іх вёскі.

Думаецца, гэтая сустрэча запомніцца ім на ўсё жыццё. Менавіта ў гэтым і заключаецца галоўны сэнс і найпершая важнасць незабыўнай размовы, якая адбылася ў Брэсце, у доме па вуліцы Крынічнай.

Мікола ПАНАСЮК.