Аляксандр Суша: “Усе, хто атаясамлівае сябе з Беларуссю, успрымаюць Францыска Скарыну як свой сімвал…”

Два тыдні назад збег у мінулае Год культуры і пачаўся Год навукі. Хаця так гаварыць будзе не зусім карэктна. Як культура, так і навука ў нашай краіне пастаянна навідавоку, яны прысутнічаюць у жыцці беларусаў самым непасрэдным чынам, часта гавораць самі за сябе, падказваюць нам, як жыць далей, а іншы раз ставяць перад намі адмысловыя пытанні, на якія потым самі і адказваюць.

Тым не менш наша гутарка з намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай і выдавецкай дзейнасці, старшынёй Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, кандыдатам культуралогіі Аляксандрам Сушай адбывалася якраз у той час, калі Год культуры саступаў месца ў календары Году навукі. Гэты момант і падказаў першае пытанне…
— Аляксандр Аляксандравіч, а ўсё-такі бібліятэчная справа — гэта больш навука ці культура?

— Складанае пытанне. Бо бібліятэка, з аднаго боку, фармальна ўваходзіць у сетку ўстаноў культуры. А з другога боку, здаўна, з часу нараджэння першых бібліятэк, іх прызначэннем было забеспячэнне інфармацыйных патрэб грамадства, а гэта ўжо звязана з асветай, навукай. Таму вельмі складана адмежаваць бібліятэчную справу як ад навукі, так і ад культуры.

Сёння перад бібліятэкамі ўсё больш актыўна ставяцца сацыякультурныя задачы — выставачныя праекты, творчыя сустрэчы, прэзентацыі і г.д. І фактычна бібліятэка становіцца адной з ключавых пляцовак культуры. Але ж пры гэтым бібліятэка застаецца і адным з асноўных механізмаў фарміравання, захавання і перадачы навуковых ведаў. Перадачы ад адной асобы да іншай, ад пакалення да пакалення.

Таму ў любым выпадку мы, бібліятэкары, аднолькава прыемна пачуваем сябе і ў Год навукі, і ў Год культуры.

— Якія, паводле вашай версіі, тры самыя важныя культурныя падзеі мінулага года?

— Думаючы над адказам на гэтае ваша пытанне, цяжка не быць эмацыянальным і імпульсіўным. Але не буду гаварыць пра падзеі агульначалавечай значнасці, а скажу пра тыя, да якіх я сам меў непасрэднае дачыненне.

Першая падзея ці, хутчэй, шэраг падзей у адным блоку. Як вядома, сёлета мы будзем адзначаць 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Вакол тэмы Францыска Скарыны летась быў ажыятаж. Такое адбывалася ў нашай найноўшай гісторыі некалькі разоў — у сярэ­дзіне 20-х гадоў, калі праходзілі канферэнцыі, выходзілі ў свет манаграфіі і іншыя цікавыя працы (дарэчы, цікава, што гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі святкавалася ў межах юбілею кнігадрукавання); у 1967 годзе, калі адзначалася 450-годдзе выхаду Псалтыра Скарыны (асабліва пышнымі тады былі святкаванні ў Мінску і Полацку); у канцы 80-х і ў пачатку 90-х, калі мы пабачылі проста безліч публікацый і мерапрыемстваў, прысвечаных Скарыну, з нагоды яго 500-гадовага юбілею. Пасля на пэўны час гэтая тэма як бы замерла. На працягу двух дзесяцігоддзяў пабачылі свет літаральна адзінкавыя выданні па скарыназнаўстве, і ўжо здавалася, што скарынаў­ская тэма зусім перастала быць актуальнай. Але мінулы год вельмі ярка паказаў, што тэма для нашага грамадства застаецца важнай. Зноў пачалі з’яўляцца і навуковыя працы, і папулярныя ілюстраваныя выданні, і выданні метадычнага характару, і кніжкі для дзетак. І мне, шчыра кажучы, вельмі прыемна, што я сам маю дачыненне да гэтага, а менавіта да факсімільнага ўзнаўлення кніжнай спадчыны Скарыны (хутка гэты праект завершыцца), выхаду трох тамоў беларускай дзіцячай скарынаўскай энцыклапедыі, рускамоўнага скарыназнаўчага выдання (сумесны наш праект з выдавецтвам “Беларуская Энцыклапедыя” і пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі), выдання, прысвечанага шляхам Францыска (выйшла ў выдавецтве “Народная асвета”), выдання знакамітых слоў першадрукара на мовах народаў свету (у Выдавецкім доме “Звязда”), шэрага камплектаў паштовак, карпаратыўных календароў і інш.

Другая падзея таксама звязана з юбілеем беларускага кнігадрукавання. Гэта правядзенне вельмі незвычайнай, лічу, выставы, якая прайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Яна называлася “Францыск Скарына і сучаснасць”. Гэтая экспазіцыя выразна паказала, кім з’яўляецца Францыск Скарына для беларусаў сёння. Справа ў тым, што часы змяніліся і вельмі важна, што мы пачынаем разумець: сёння ўжо нельга карыстацца толькі тымі метадамі, якімі мы карысталіся яшчэ 25 гадоў назад. Галоўнай ідэяй гэтай выставы было паказаць, якім чынам Францыск Скарына інтэграваны ў нашу сучасную культурную прастору. Не ў высокія інтэлектуальныя сферы, не ў прафесійную літаратуру, не ў прафесійнае выяўленчае мастацтва (дастаткова проста было б падрыхтаваць мастацкую выставу ці зборнік літаратурных твораў, прысвечаных Скарыну), а, калі хочаце, у нашу будзённасць. Фактычна мы паспрабавалі адказаць на пытанні: “Якое дачыненне гэты чалавек, які памёр амаль паўтысячагоддзя назад, мае да нашых сённяшніх рэалій? Чаму мы ўвесь час звяртаемся да гэтай асобы? Чаму Скарына прысутнічае ў нашым жыцці ад нараджэння да смерці?”

Тую экспазіцыю мы зладзілі ў нашым Музем кнігі і… на пэўны час пазбавілі Музей кнігі кніг. Напрыклад, у першай вітрыне расказвалася пра нараджэнне дзіцяці і яго жыццё дома — з магніцікамі на лядоўні, з талеркамі, кубачкамі, пакункамі кавы і гарбаты з выявай Скарыны. Гэта ўсё насамрэч у розныя часы знаходзілася ва ўжытку. Яно не было падрыхтавана адмыслова да выставы. Гэта ўсё прысутнічае ў нашай масавай культуры. Проста мала хто звяртае на тое ўвагу, а мы акцэнтавалі гэты момант.

А, скажам, яшчэ ў адной вітрыне мы расказалі пра школьныя гады маладога беларуса. У супрацоўніцтве з гімназіямі імя Францыска Скарыны ў Мінску і Полацку атрымалі ад іх цэлы шэраг матэрыялаў, у прыватнасці, школьную форму з іх фірменнымі нашыўкамі “ФС” — апранулі ў гэтую форму манекены, павесілі на іх заплечнікі са скарынаўскімі значкамі (іх выходзіла безліч у розныя часы!). З мінскай скарынаўскай гімназіі атрымалі і тэкст навучэнскай клятвы, якой тамтэйшыя гімназісты штогод прысягаюць 1 верасня.

Прысутнічала ў той экспазіцыі і студэнцкая скарынаўская тэма (рэалізавана ў супрацоўніцтве з Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Францыска Скарыны). Дзяўчына-манекен там была са “скарынаўскімі” завушніцамі і ў адпаведнай маечцы, а хлопец — у цішотцы з надпісам: “Францішак Скарына — канкрэтны мажор! Вучыўся не ў Полацку, а за мяжой!”

Мы не абышлі ўвагай нават кулінарнай скарынаўскай тэмы. Дамовіліся з мінскай кавярняй “У Францыска” і паказалі меню ў стылі нашага першадрукара, а таксама вельмі арыгінальны посуд. Я сам схадзіў у гэтую кавярню папіць кавы, а потым прынёс у бібліятэку фірменны скарынаўскі чэк.
(Усміхаецца. — М.Ч.)

Такім чынам, праз такую вось драбязу мы паказалі, наколькі тэма Францыска Скарыны інтэгравана ў наша сённяшняе жыццё. Тая ж паштовая марка з выявай першадрукара. Здавалася б, наклеіў — і апусціў у паштовую скрынку. Але ж пры гэтым ты адпусціў у шырокі свет зусім не выпадковую выяву, а пэўны сімвал нашай краіны. Дарэчы, гэтых скарынаўскіх паштовых марак, як ні дзіва, было даволі шмат. Былі маркі пачатку 20-х гадоў — так званыя бэнээраўскія, марка Савецкага Саюза 1988 года, маркі беларускай эміграцыі 70-х, каля дзесяці марак часоў суверэннай Беларусі… Розныя палітычныя сілы, розныя эпохі, розныя погляды на ўладу, рэлігію і г.д. Але мы бачым, што ўсе, хто атаясамлівае сябе з Беларуссю, па-рознаму нават разумеючы, што гэта такое — Беларусь, успрымаюць Францыска Скарыну як свой сімвал. І гэта гаворыць пра тое, што яго персона нас сапраўды лучыць. У нашай мінуўшчыне не так багата асоб, якія ўніверсальна пазітыўныя для ўсіх. На жаль, розныя палітычныя дзеячы мінулых эпох — ці гэта Вітаўт, ці Машэраў — для адных з’яўляюцца нацыянальнымі героямі, а для іншых такімі не з’яўляюцца. А ў выпадку Скарыны погляды ўсіх сыходзяцца. Ён наш, усе­агульны, беларускі герой.

А чаму я ўсё-такі раблю такі акцэнт на той выставе? Таму што, акрамя ўсяго іншага, яна ярка прадэманстравала, што мы такімі вось незвычайнымі шляхамі, часам нават вясёлымі і забаўляльнымі, можам даваць нашым лю­дзям культурныя арыенціры. Усім без выключэння людзям. Дзецям, якія расфарбоўвалі скарынаўскія выявы проста на падлозе падчас дэманстрацыі выставы. Банкаўскім су­працоўнікам, якія знайшлі на выставе шмат атрыбутаў сваёй дзейнасці. Дзяўчатам, якія бачылі на манекенах завушніцы з выявамі са скарынаўскіх кніг і тут жа казалі сваім хлопцам: “Я таксама хачу мець такія!” Мая жонка, убачыўшы, сказала мне: “А чаму ў мяне няма такіх?” (Смяецца. — М.Ч.)

Нарэшце, трэцяй, самай значнай па­дзеяй культурнага жыцця ў 2016 го­дзе я лічу… Ну, і вялікі ж конкурс на 3-е месца складваецца ў маёй галаве! Але хай гэтай падзеяй будзе конкурс на лепшую п’есу для драматычнага тэатра, прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Мы аб’явілі гэты конкурс супольна з Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі і Беларусбанкам (зноў жа сімвалічна, што да гэтай ініцыятывы далучылася камерцыйная структура). На конкурс было прадстаўлена больш за 30 прац, большасць з якіх мелі сапраўды вельмі высокі ўзровень. Некаторыя з п’ес-пераможцаў ужо ідуць на нашых тэатральных сцэнах.

Бачыце, усе тры падзеі звязаны з Францыскам Скарынам і 500-годдзем беларускага кнігадрукавання.

— На тэму Скарыны і паўтысячагадовага юбілею айчыннага кнігадрукавання мы яшчэ пагаворым пазней. А цяпер, Аляксандр Аляксандравіч, дазвольце перайсці да дастаткова казытлівай тэмы — чытацкіх кампетэнцый нашых дзяцей. Ведаю, што вы асабіста і вашы супрацоўнікі пастаянна аналі­зуеце гэтую тэму, даследуеце яе і стараецеся выправіць у гэтым сэнсе сітуацыю ў лепшы бок. І ведаю, што вы маглі б доўга разважаць пра ўсё гэта, у тым ліку складанымі бібліятэчнымі тэрмінамі. Але давайце не будзем перагружаць нашу гутарку тэрмінамі. Па аналогіі з гульнёй “Што? Дзе? Калі?” я задам вам тры простыя пытанні: “Што чытаюць нашы дзеці? Дзе яны чы­таюць? Калі яны чытаюць?”

Такім чынам, што чытаюць?

— Сапраўды, даследаваннем гэтых пытанняў мы займаемся даўно. І, думаю, маем пэўныя вынікі гэтай працы.

Што чытаюць нашы дзеці? Тое, што выдаюць. А найчасцей тое, што прыво­зяць. Ні для каго не сакрэт, што пераважную большасць кніжнай прадукцыі складаюць прывазныя кнігі з Расіі. Гэта прадукцыя, як правіла, неблагой якасці. Яна можа зрабіць канкурэнцыю беларускім кнігам. Хаця хачу сказаць, што беларускія кнігі — выдадзеныя асабліва за апошнія гады — ніколькі не саступаюць замежным. Яны маюць выдатныя паліграфічныя якасці, цудоўнае мастацкае аздабленне.

Сёння дзеці чытаюць найбольш класікаў — ад Пушкіна да Роўлінг. Гэта нармальна. Так было заўжды, ёсць і будзе. Ёсць таксама ўніверсальная папулярная літаратура, якая і разыходзіцца найбольшымі тыра­жамі.

Чытаюць літаратуру ў межах школьнай праграмы. Наяўнасць гэтых арыенціраў на пэўныя каштоўнасці, нават на пэўныя жыццёвыя веды вельмі важная. Наша адукацыйная сістэма стварае тут пэўныя арыенціры, і ёй за гэта вялікі дзякуй.

А трэці блок чытва нашых дзяцей — працы нашых сучасных пісьменнікаў. І тут якраз вельмі важную ролю мае спалучэнне добрага літаратурнага твора і добрага паліграфічнага выканання. Напрыклад, калі добра напісаныя кнігі дзіцячай пісьменніцы Алены Масла яшчэ і добра аздоблены, то і вынік адпаведны. Хаця пералік аўтараў быў бы тут доўгім.

— Дзе чытаюць?

— На гэтае пытанне я адкажу так: калі чытаюць дома, то чытаюць усюды. Іншымі словамі, калі з маленькімі дзеткамі чы­таюць іх бацькі, то гэтыя дзеткі будуць чытаць і ў школе, і па-за школай, і ў аўтобусе, і ў бібліятэцы, і ў інтэрнэце. Гэта паказваюць усе даследаванні.

Для мяне самае важнае, каб дзеці чыталі дома. У мяне ў самога двое малых дзяцей. Сыну — 5 гадоў, дачушцы — паўтара го­дзіка. І я па сабе разумею, наколькі важнае хатняе чытанне — з бацькамі, з бабулямі ці з дзядулямі, самастойнае. Шкада, што бабулі сёння не ўдзяляюць столькі ўвагі сваім унукам, як гэта было яшчэ якіх гадоў 30 назад. Адпаведна чытанне з бацькамі становіцца сёння абавязковай умовай далейшага чытання нашых дзяцей.

Хай толькі яны чытаюць! У тым ліку з планшэта, з манітора… Гэта таксама чытанне. Хоць і зусім іншага кшталту, чым чытанне папяровай кнігі. На нашых вачах нядаўна адбылася рэвалюцыя ва ўспрыманні тэксту. Такая ж рэвалюцыя, якую здзейсніў 500 гадоў назад Францыск Скарына.

— Калі чытаюць?

— Зноў жа адкажу лаканічна: дзіця тады чытае, калі хоча чытаць. Нашы дзеткі хо­дзяць на самыя розныя гурткі. Часу на чытанне мала. Але застаецца ўсё ж вольны час, які кожны сам вырашае як заняць. Калі дзеткі маленькія, выключная роля тут належыць бацькам. А ў далейшым… залежыць найперш ад таго, што закладвалася ў дзяцінстве.

— Аляксандр Аляксандравіч, а што ўсё-такі рабіць з дзецьмі, якія не чытаюць? Тут ёсць нейкі ўніверсальны рэцэпт?

— На гэтую тэму напісаны цэлыя дысертацыі. Але ў двух словах можна адказаць так: трэба зрабіць так, каб дзеці самі захацелі чытаць. А як? Тут ужо ў кожнага дзіцяці праяўляюцца свае псіхафізіялагічныя асаблівасці. Ніякім прымусам тут не спрацуеш. Важна ведаць, што з дзяцінства амаль ва ўсіх дзетак ёсць ахвота да чытання. Яны прагнуць спазнаваць свет, у які яны трапілі. Гэта — першая задача іх у жыцці. Яны гэта робяць навобмацак, яны гэта робяць слухаючы, яны робяць гэта гледзячы. А ў нейкі момант яны пачынаюць рабіць гэта і чытаючы. І бацькам трэба не ўпусціць момант. Трэба ахвяраваць сваім часам і ўласнымі задавальненнямі дзеля дзіцяці. А лепш зрабіць так, каб іх інтарэсы і забавы сталі зразумелымі і даступнымі іх дзеткам, сталі іх агульнымі інтрэсамі і забавамі.

— Давайце зноў вернемся да Скарыны. Ці не адбудзецца сёлета пэўнае “стоўпатварэнне”, калі безлічы ўстаноў культуры і адукацыі захочацца неяк дагадзіць нашаму першадрукару і правесці нейкую сваю скарынаў­скую акцыю?

— Сапраўды, на гэты год вельмі многа планаў у сувязі з 500-годдзем беларускага кнігадрукавання. Яшчэ год назад мы зразумелі, што многія арганізацыі — музеі, тэатры, бібліятэкі, установы адукацыі, навуковыя цэнтры і да т.п. — рыхтуюць свае юбілейныя акцыі. Бясспрэчна, нам усім неабходна было б развесціся па часе ці, умоўна кажучы, па аўдыторыі, каб не паўтарацца, каб не рабіць адно і тое ж у адзін і той жа час і ў адным і тым жа месцы. А з другога боку, варта было б аб’яднаць нашы намаганні. Ва ўсялякім разе, мы паспрабавалі зрабіць апытанку, якую накіравалі ў цэлы шэраг арганізацый, у розныя рэгіёны нашай краіны, у выніку чаго сабралі пад 300 прапаноў па мерапрыемствах, якія мусяць адбыцца ў 2017 годзе і пазней. Сярод іх мы вызначылі прыя­рытэты — міжнародныя, рэспубліканскія, рэгіянальныя мерапрыемствы. Зрабілі градацыю іх па тыпах.

— Што атрымалася ў выніку?

— Пра ўсе 300 не скажу. Але ж пра галоўнае.

Так, ужо дасягнута падтрымка ЮНЕСКА: 500-годдзе беларускага кнігадрукавання ўключана ў каляндар памятных дат гэтай міжнароднай арганізацыі.

Запланаваны цэлы шэраг выставачных праектаў — шматлікія кніжныя і мастацкія выставы адбудуцца ва ўсіх куточках Беларусі. Магчыма, самы значны з гэтых праектаў адкрыецца ў верасні 2017 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі на плошчы каля 1500 квадратных метраў. Мы спадзяёмся паказаць гісторыю беларускага кнігадрукавання ў кантэксце сусветнага кнігадрукавання з дэманстрацыяй як скарынаўскіх выданняў (у тым ліку тых, якія захоўваюцца за мяжой), так і першых выданняў краін свету — Германіі, Францыі, Англіі і інш. Прадугледжаны на гэтай выставе адукацыйная зона, дзе будуць праходзіць лекцыі, прэзентацыі, паказвацца фільмы; рэкрэацыйная зона; гульнёва-забаўляльная зона для дзяцей.

Неўзабаве завершацца і многія кнігавыдавецкія праекты, а найперш — праект факсімільнага ўзнаўлення кніжнай спадчыны Скарыны. Гэта будзе сапраўды ўнікальная калекцыя — з узнаўленнем усіх асаблівасцей матэрыялаў, драпін, пячатак, рукапісных пазнак і г.д.

Выйдзе шмат скарынаўскіх выданняў для дзетак, выданняў, прысвечаных асобным аспектам дзейнасці нашага першадрукара.

Гэта толькі невялікі кавалачак айсберга пад назвай “Францыск Скарына”, які адкрыецца нам у найбліжэйшы час.

— Аляксандр Аляксандравіч, ці можна спадзявацца на нейкія неверагодныя адкрыцці ў скарыназнаўстве?

— Можна. Як правіла, у выпадку такіх маштабных нацыянальных герояў, як Шэкспір, Леанарда, Скарына, вядома далёка не ўсё.

Наконт Францыска Скарыны мы дакладна не ведаем, калі ён нарадзіўся і калі памёр, дзе ён пахаваны. Не ведаем, дзе ён атрымаў доктарскую ступень у галіне філасофіі. Не ведаем, хто, як і дзе перакладаў выдадзеныя ім кнігі (верагодна, ён сам). Не ведаем, хто быў гравёрам (а гэта, хутчэй, быў ужо не ён). Не ведаем, у якой пражскай друкарні выйшла першая беларуская кніга і дзе знаходзілася віленская друкарня, дзе Скарына выдаваў свае кнігі.

І трэба адзначыць, што наогул у нас было мала навуковых даследаванняў па Скарыну. Папулярных прац — многа. А навуковых — пакуль недастаткова. Заўважу, што гэтае імя адкрылі ў тым ліку для нас расіяне ў канцы ХVІІІ — ХІХ стагоддзі. Фактычна менавіта яны сабралі і захавалі яго спадчыну. Беларусы таксама зрабілі шмат, але ўсё адно цэлы шэраг кірункаў у скарыназнаўстве застаўся некрануты. Да гэтага часу мы не маем ста­працэнтнага ўліку выданняў Скарыны — што і дзе захавалася.

— А што ўсё-такі мы даведаліся прынцыпова новае пра нашага першадрукара за апошні час?

— Толькі за апошні год адкрыліся многія факты, якія дазваляюць абсалютна па-новаму трактаваць дзейнасць Скарыны. Я, напрыклад, увёў такую, магчыма, крыху гарэзлівую ці нават правакацыйную, але навукова абгрунтаваную гіпотэзу пра тое, што Скарына мог быць своеасаблівым шпіёнам, дыверсантам, які мэтанакіравана право­дзіў дыверсіі супраць іншай дзяржавы — су­праць Прусіі. Я магу пра гэта казаць з некаторай упэўненасцю: Францыск Скарына меў на мэце нарабіць шкоды цэлай краіне.

— А вы агучвалі недзе гэтую сваю гіпотэзу?

— Безумоўна! У дзіцячай скарынаўскай энцыклапедыі, у рускамоўным выданні пра Скарыну…

— Які ж бясконца загадкавы ён, наш першадрукар! Аляксандр Аляксандравіч, адкажыце, калі ласка, на крыху, мабыць, дзіўнае пытанне. Скарына падчас свайго жыцця аб’ездзіў усю Еўропу — Вільню, Кракаў, Прагу, Падую, Рым і інш. І ў той жа час яму належаць хрэстаматыйныя словы з прадмовы да кнігі “Юдзіф”, які ведае кожны дапытлівы школьнік: “Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птицы, летающие по возъдуху, ведають гнезда своя; рыбы, плывающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, — тако же и люди, игде зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають”. Як лічыце вы асабіста: Францыск Скарына пачуваўся больш беларусам (русінам — на той час) ці чалавекам свету?

— Ён быў патрыётам сваёй зямлі.

Нельга казаць, што ён сцвярджаў сябе беларусам, бо ў тую эпоху нацыянальны фактар, вядомы нам сёння, не існаваў у прынцыпе. Пра асобныя нацыі да ХVІІІ, а ў нашым выпадку да ХІХ, стагоддзя гаварыць нельга. Пра чалавечыя супольнасці ХVІ стагоддзя мы мусім казаць ці праз дзяржаўны, ці праз рэлігійны фактары — людзі часцей за ўсё атая­самлівалі сябе з пэўнай дзяржавай ці з пэўнай верай. І было трэцяе вымярэнне — мова. У гэтым сэнсе Скарына быў патрыётам. У дакументах ён называў сябе па-рознаму: і русінам (у Падуі), і ліцвінам (у Кракаве). Але ён ці не ў кожнай сваёй кнізе, а часам і па некалькі разоў, нагадваў, што гэтая кніга надрукавана Францішкам Скарынам са слаўнага горада Полацка. Гэта, як і тыя словы, якія вы працытавалі, сведчаць пра яго вялікую любоў да роднай зямлі і роднага народа. І менавіта да сваіх сучаснікаў са сваёй зямлі ён скіроўваў усе свае намаганні — для іх узвышэння, для іх адукацыі, для іх развіцця. І хаця на той час гэта было не надта пашырана, ён наўпрост казаў пра любоў да сваёй Радзімы, да свайго роднага горада, да сваёй роднай мовы, да свайго роднага народа.

— Аляксандр Аляксандравіч, вы, натуральна, ведаеце пра кнігу Міхася Стральцова пра Максіма Багдановіча “Загадка Багдановіча”. І гэтая загадка навідавоку: чалавек, які фактычна не жыў на сваёй Радзіме, не размаўляў на беларускай мове, памёр зусім маладым чалавекам, стаў беларускім геніем. Калі б паспрабаваць зрабіць праекцыю на Фрынцыска Скарыну, якую б галоўную загадку вы вызначылі як “загадку Скарыны”?

— Думаю, самая вялікая загадка Скарыны заключаецца ў наступным пытанні: як так магло стацца, што ў нас з’явіўся Скарына? Гэтая настолькі ўніверсальная, шматгранная, багатая асоба, настолькі таленавіты чалавек — чым бы ён ні займаўся. Удумайцеся: ён адначасова быў і першадрукаром, і перакладчыкам, і тэолагам, і філосафам, і лекарам, і батанікам, і сакратаром, і юрыстам, і прадпрымальнікам… Кім толькі ён ні быў — і ва ўсім быў таленавітым! Ён не проста няблага рабіў сваю справу, а рабіў геніяльна. Чытаючы яго прадмовы да біблейскіх кніг, міжволі ловіш сябе на думцы, што гэта напісана сёння, для нас. Гэта тытан, волат, веліч, як Леанарда, Галілей, Эразм Ратэрдамскі. Выключнасць сваёй эпохі. Такіх людзей не заўжды разумелі, яны выбіваліся з кантэксту. Францыск Скарына — выключны. І таму нам цікавы і сёння. І, дарэчы, таму мы яго дарэшты так і не спазналі. І не хутка, думаю, спазнаем.

— Вы бачыце каго-небудзь супастаўляльнага са Скарынам па маштабе сваёй асобы сярод сучаснікаў?

— Не. Мы жывём у час максімальнай дэталізацыі, калі не сказаць больш — здрабнення. Нават самыя выдатныя з нас людзі становяцца вялікімі спецыялістамі ў вузкіх пытаннях. Яны глыбока пагружаюцца ў сваю справу і праз гэта робяць яе дасканала. Але час універсальных асоб мінуў.

— Вялікі дзякуй вам, Аляксандр Аляксандравіч, за гутарку.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.