Многа шуму з нічога, альбо Фантазія на тэму Шэкспіра

Арыгінальныя пастаноўкі беларускіх харэографаў на айчынных акадэмічных сцэнах, на жаль, сталі апошнім часам вельмі рэдкімі. Яшчэ большым рарытэтам з’яўляюцца выпадкі паспяховых пастановак. Прычым паспяховых не таму, што гэта абвясцілі самі тэатры альбо рэкламныя па сваёй сутнасці матэрыялы ў СМІ, а сапраўды здольных вытрымаць калі не канкурэнцыю з работамі замежных пастаноўшчыкаў, то хаця б крытыку і выпрабаванне на наяўнасць густу і думкі.

У выніку даводзіцца назіраць сумную тэндэнцыю. Тэатры, засвоіўшы асновы рэкламнай дзейнасці, актыўна ствараюць вакол сваіх новых спектакляў інфармацыйнае поле, якое абавязкова зачэпіць абяцанкамі яркіх уражанняў, унікальнасцю матэрыялу, тэмы ды ўсёй работы пастановачнай групы. Выступленні ў друкаваных, аўдыявізуальных і электронных СМІ пастаноўшчыкаў і выканаўцаў, якія з уласцівымі творчым людзям пераканаўчасцю і артыстызмам распавядаюць аб рабочым працэсе і сваіх ідэях, захапляюць і кожны раз даюць падставы для спадзяванняў на такі ж пераканаўчы і высокамастацкі вынік рэалізацыі агучаных планаў. Аднак амаль кожны раз даводзіцца сутыкацца з расчараваннем, і гэта пераконвае ў наяўнасці вельмі цікавай ды сумнай тэндэнцыі: чым больш слоў траціць пастаноўшчык на тлумачэнне сваёй канцэпцыі, чым больш распавядае пра важнасць работы і ўкладзеныя ў яе сэнсы, тым менш вартым і глыбокім аказваецца вынік. Апошняя балетная прэм’ера Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі чарговы раз пацвердзіла гэта. На пачатку снежня на яго сцэне адбыліся прэм’ерныя паказы аднаактовага балета “Санеты” на музыку брытанскіх кампазітараў Пітэра Уорлака і Ральфа Воэн-Вільямса ў пастаноўцы Аляксандры Ціхаміравай.

На балетмайстарскім рахунку Ціхаміравай у Вялікім тэатры лічацца ўжо некалькі пастановак: “Шчаўкунчык, альбо Яшчэ адна калядная гісторыя” Пятра Чайкоўскага, “Маленькі прынц” Яўгена Глебава, “Па-дэ-катр” на музыку Цэзара Пуні (харэаграфія Антона Доліна). Аднак ніводны з двухактовых балетаў, пастаўленых Аляксандрай Ціхаміравай, нельга назваць дасягненнем для айчыннага балетнага тэатра. Вялікая форма не падпарадкоўваецца харэографу. І канцэпцыя, шматслоўна выкладзеная ў праграмах пастановак, звычайна аказваецца больш цікавай і пераканаўчай, чым яе харэаграфічнае ўвасабленне ды логіка паводзін герояў. Пры гэтым асобныя сцэны і нумары ў спектаклях Аляксандры Ціхаміравай не пазбаўлены фантазіі і вызначаюцца цікавым малюнкам танца. Спыніўшы свой выбар на пастаноўцы аднаактовага бессюжэтнага балета паводле паэтычнай творчасці Вільяма Шэкспіра, якім з’яўляюцца па вызначэнні харэографа “Санеты”, Аляксандра Ціхамірава, як падаецца, добра разлічыла свае сілы. Вынік атрымаўся больш пераканаўчы, чым у выпадку з маштабнымі спектаклямі. Але фармат малой формы не з’яўляецца рэцэптам, які гарантуе поспех: харэаграфічным “Санетам” аказалася не пад сілу зраўнавацца з дасканаласцю сваёй паэтычнай асновы.

Адзін з галоўных недахопаў пастаноўкі — гэта імкненне балетмайстра ўкласці ў кампактны спектакль велізарную колькасць сэнсаў, не пазбаўленых банальнасці і далёкіх ад музычнай асновы. Як сцвярджала Аляксандра Ціхамірава на прэс-канферэнцыі, на стварэнне балета яе натхніла сюіта Capriole Пітэра Уорлака і фантазія Green Sleeves Ральфа Воэн-Вільямса, якія яна пачула шмат гадоў назад на адным з канцэртаў у Казані. Абодва музычныя творы хоць і напісаны ў пачатку ХХ стагоддзя, аднак адсылаюць да музыкі часоў Шэкспіра: сюіта Capriole створана на аснове кіраўніцтва па танцах Адраджэння “Аркесаграфія” Жана Табура, выдадзенага ў 1580-я гады, а Green Sleeves уяўляе сабой перапрацоўку англійскай народнай песні, вядомай з канца XVI стагоддзя. Зварот жа да санетаў Шэкспіра як крыніцы натхнення і тэматычнай асновы спектакля быў абумоўлены не толькі музыкай, што звярталася да лізавецінскіх часоў, але і асабістым вопытам балетмайстра. Аляксандра Ціхамірава прысвяціла балет свайму настаўніку Мікіту Далгушыну, які выканаў шэраг роляў у балетнай “Шэксперыядзе”. Ды і сама харэограф у свой час была занята ў вядомай “Паване Маўра” Хасэ Лімона на музыку Генры Пёрсэла.

Звярнуўшыся да паэтычнай творчасці Вільяма Шэкспіра, Аляксандра Ціхамірава вырашыла не перакладаць дакладна на мову танца змест асобных санетаў, а стварыць спектакль, у якім бы прасочваліся скразныя тэмы цыкла са 154 твораў. У выніку на сцэне ўзнікла фігура Паэта, прычым не абстрактнага, а нібыта самога Шэкспіра, яго муз, Кахання, Мары, Чорнага і Белага Анёлаў, і адлюстраванне характару лізавецінскай эпохі з балем, танцамі, тэатрам. Апошняга, напэўна, цяжка было б пазбегнуць, калі ўлічыць характар музычнага матэрыялу. Такім чынам, у 20 хвілін спектакля з музыкай, большая частка якой з’яўляецца стылізацыяй рэнесансных танцаў, паспрабавалі ўкласці аповед пра пакуты творчасці, ліслівасць, каханне і здраду, недасягальную мару, спакусу, цёмны і светлы бок асобы, прывязаўшы гэтыя ўніверсальныя тэмы да канкрэтнай эпохі і асобы Шэкспіра. На жаль, вынік цяжка назваць сапраўды ўдалым. “Санеты” чарговы раз прымусілі адчуць расчараванне ад таго, што ідэя, нядрэнная сама па сабе, няспраўдзілася з-за празмернасці добрых па сутнасці памкненняў пастаноўшчыка. Бессюжэтны балет, у якім хацелася пабачыць перш за ўсё дамінаванне танца, звязанага з музыкай, танца максімальна выразнага, атрымаўся павярхоўным прачытаннем санетаў Шэкспіра (цяжка чакаць іншага, бо за 20 хвілін глыбока раскрыць адвечныя тэмы творчасці, кахання, дуалізму асобы няпроста), часам — амаль ілюстрацыяй.

Сумна бачыць, як на акадэмічнай сцэне ў пачатку ХХІ стагоддзя творчая дзейнасць (чытайце — напісанне вершаў) адлюстроўваецца простымі імітацыйнымі жэстамі, калі Паэт водзіць у паветры рукой з пяром. Такой жа ілюстрацыяй з’яўляецца і афармленне сцэны (аўтар Аляксандра Ціхамірава): лісткі з вершамі, што спускаюцца з каласнікоў і лунаюць у паветры, не валодаюць вобразным напаўненнем альбо якім-небудзь выключным сэнсам, акрамя навязлівага ўказання гледачам, што гаворка ідзе сапраўды пра паэта і праблемы творчай асобы.

Метафары, да якіх звяртаецца харэограф, таксама вельмі просталінейныя: чырвоныя хустачкі — сімвал кахання, маскі — сімвал крывадушнасці, ліслівасці і тэатра. Просты сімвалізм, зразумелы нават неспакушанаму гледачу, характарызуе каларыстычнае рашэнне сцэнічных строяў, створаных Кацярынай Булгакавай як цудоўная стылізацыя-фантазія на тэмы гістарычных касцюмаў: блакітная Мара, вінна-чырвонае Каханне, чорны і белы Анёлы.

Прастата тэматыкі “Санетаў” спалучаецца са стандартнай структурнай пабудовай балета. У ёй Аляксандра Ціхамірава ішла ў першую чаргу за структурай санаты Уорлака: кожны нумар балета адпавядаў адной з шасці частак музычнага твора. Праўда, з-за недастатковага хронаметражу да яго дадалася частка фантазіі Воэн-Вільямса ў фінале ды дэкламацыя 25 і 27 санетаў Шэкспіра, якія, быццам пралог і эпілог, абрамлялі дзеянне. Яно ж было на дзіва простым, нават банальным. Спачатку як экспазіцыя на сцэне з’яўляліся Паэт, яго чатыры музы і Акружэнне Паэта, потым разгортваўся дуэт Паэта і Кахання, сцэна з двума Анёламі, Акружэннем, дуэт Паэта і Мары, агульная сцэна і фінал на музыку Green Sleeves, які паводле праграмы сімвалізаваў “нараджэнне тэатра “Глобус”.

Для таго каб здагадацца аб змесце кожнага эпізоду, не трэба было асабліва напружваць фантазію. Аднак да гонару балетмайстра трэба сказаць, што ў асобных нумарах яна вельмі выгадна спалучыла музычны, танцавальны матэрыял, іх гісторыю і сэнс сцэны. Так, цяжка не пагадзіцца з выкарыстаннем часткі сюіты “Павана” для дуэта Паэта і Кахання. Цырымонны, павольны прыдворны танец, які звычайна выконваўся адной альбо двума парамі, вельмі пасаваў для разгортвання такой сцэны, а паветраная, спакойная частка Pieds-en-l`Air — да дуэта Паэта і Мары. На жаль, гэтыя асобныя фрагменты пастаноўкі аказаліся не ў стане кампенсаваць яе агульную недасканаласць. Такі прысуд, безумоўна, вынік патрабавальнасці, аднак і мінімальнага знаёмства з гісторыяй балета.

Для сцэны Вялікага тэатра зварот да музыкі Уорлака і Воэн-Вільямса, стылізацыі танцавальнай культуры ХVІ стагоддзя праз выкарыстанне асобных рухаў рэнесансных танцаў, спалучэнне жывой музыкі з гукавым афармленнем, выкарыстанне запісаў стуку сэрца, смеху, дэкламацыі вершаў, нарэшце, адмова ад выразнага сюжэта, магчыма, і з’яўляюцца нетыповымі. Аднак у харэаграфічным мастацтве ХХ стагоддзя нават без асаблівага заглыблення ў гісторыю можна знайсці некалькі аналагаў “Санетаў”, дзе падобныя ідэі і мастацкія прыёмы давалі выразны вынік. Перш за ўсё гэта “Павана Маўра”. Пастаўленая Хасэ Лімонам на музыку Генры Пёрсэла, англійскага кампазітара эпохі барока, яна звярталася да форм танцаў эпохі Адраджэння, выкарыстоўвала іх рухі. Балет уяўляў сабой фантазіі на тэмы трагедыі “Атэла”. Гэтай паралелі цяжка пазбегнуць, бо так ці інакш, а той факт, што Аляксандра Ціхамірава некалі танцавала ў “Паване”, наўрад ці мог не адбіцца на яе рабоце над “Санетамі”.

Больш цікава, што балет выклікае асацыяцыі з пастаноўкай Нача Дуата Por Vos Muero (“За вас прымаю смерць”). Спектакль быў пастаўлены ў 1996 годзе на іспанскую музыку ХV—ХVІ стагоддзяў і вершы іспанскага паэта эпохі Адраджэння Гарсіласа дэла Вега. У гэтым бессюжэтным, дансантным балеце для Нача Дуата важнай была гістарычная спасылка на іспанскую культурную традыцыю ХV—ХVІ стагоддзяў, у якой танец адыгрываў значную ролю, ствараў яе атмасферу. Тое, што абвяшчаецца новым для беларускай сцэны, ужо доўгі час такім не з’яўляецца ў сусветным маштабе. Ды асноўная праблема не ў гэтым. Далёка не кожны глядач, што прыйдзе на “Санеты”, знаёмы з імёнамі і творчасцю Лімона ці Дуата і прагне адкрыццяў. Праблема ў тым, што жаданне зрабіць сэнсава важкі спектакль з прэтэнзіяй на навізну і інтэлектуальнасць ды недавер да публікі зрабілі з добрага матэрыялу і нядрэннай ідэі чарговую пастаноўку з шэрага “многа шуму з нічога”. Здаецца, лепш было б пазбавіцца ад шматслоўнасці ў саміх “Санетах” і тлумачэннях да іх, абраць адну тэму з шэкспіраўскага цыкла альбо зрабіць па яго матывах шэраг харэаграфічных мініяцюр кшталту “Радэна” Леаніда Якабсона.

Магчыма, гэтыя заўвагі могуць падацца залішне суб’ектыўнымі і зласлівымі. Каб пазбегнуць такога ўражання, адзначым асобныя безумоўныя якасці новай пастаноўкі. Перш за ўсё — музыка Уорлака і Воэн-Вільямса, якая можа стаць для кагосьці адкрыццём. Візуальная прывабнасць спектакля, якая будзе радаваць публіку. Нельга адмовіць і той факт, што “Санеты” атрымаліся лёгкімі для ўспрымання любой аўдыторыяй. Гэты балет не напружвае, не стамляе, не пакідае негатыўных эмоцый… як і жадання паглядзець яго яшчэ раз.

Кацярына ЯРОМІНА.
Фота з сайта Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі.