Беларусь + Італія = Любоў + Музыка

Прызнаюся, калі вандраваў мінулым летам па Італіі, я бясконца закахаўся ў гэтую сонечную краіну, у гэтых сонечных людзей, у гэтае сонечнае “grazie” на кожным сонечным кроку. І як жа прыемна было сустрэцца з ёй, цёплай, сонечнай, сяброўскай Італіяй, пасярод мінскай 20-мінуснай зімы!6 студзеня, якраз напярэдадні Каляд, я меў шчасце наведаць у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі сумесны канцэрт узорнага эстрадна-сімфанічнага аркестра цэнтра і L’Orchestra Fiati Giovanile Interprovinciale ў рамках фестывалю “Творчасць без межаў”.

Падышоўшы а 3-й гадзіне ў цэнтр, убачыў запоўненую залу слухачоў. Шукаў, дзе прысесці. Заўважыў пустое месца на адным з апошніх радоў, падышоў, спытаўся ў чалавека, які сядзеў побач: “Ці вольнае?” — “Si”, — пачуў у адказ. І я сказаў: “Grazie”. Гэта, мабыць, быў тата хлопчыка ці дзяўчынкі з L’Orchestra Fiati Giovanile Interprovinciale.Кранальны факт: у L’Orchestra Fiati Giovanile Interprovinciale аб’ядналіся юныя музыканты з двух італьянскіх гарадоў — Montegiorgio i Monte San Giuosto, якія найбольш пацярпелі ад нядаўняга страшнага землетрасення. І як бы трэцяй часткай гэтага вялікага калектыву стаў наш узорны эстрадна-сімфанічны аркестр Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам Валерыя Быкава.

Як сказала перад канцэртам дырэктар цэнтра Надзея Васільеўна Васільчанка: “Нам не перашкаджаюць моўныя бар’еры. У нас адна мова — мова творчасці”. Дарэчы, 6 студзеня Надзея Васільеўна атрымала ордэн Зоркі Італіі. Гэтая дзяржаўная ўзнагарода вельмі рэдка ўручаецца неітальянцам. Надзея Васільчанка прызналася, што ўпершыню прыняла ўзнагароду ад замежнай дзяржавы. Дырэктар цэнтра паабяцала, што ў перспектыве беларуска-італьянскага супрацоўніцтва чакаецца яшчэ шмат сумесных культурна-адукацыйных праектаў.А мне тым часам было цікава назіраць за хлопчыкамі і дзяўчынкамі з узорнага эстрадна-сімфанічнага аркестра Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і італьянскага L’Orchestra Fiati Giovanile Interprovinciale.

Якія яны ўсё ж аднолькавыя!

Прыгожыя.

Узвышаныя.

Беларусь + Італія = Любоў + Музыка.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Паўла ХМАРЫ.