Час натхнення: яе і яе вучаніц

Я сяджу ў бібліятэцы Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў і чакаю сваю суразмоўніцу. Гэта Настасся Калацкая, тутэйшая выкладчыца выяўленчага мастацтва. Фармальнай нагодай для інтэрв’ю з ёй стала адкрыццё тут, у бібліятэцы, выставы мастацкіх твораў “Натхнення час” — яе акварэляў і карцін яе вучаніц у тэхніцы батык. А нефармальнай — проста паведамленне мне з каледжа, што тут працуе цікавая маладая мастачка-выкладчыца Настасся Калацкая. Праўда, перад інтэрв’ю мяне папярэдзілі, што яна вельмі сціплы па натуры чалавек, негаваркі, мяккі, ціхі. “Не хвалюйцеся, — адказаў я, — я яе разгавару”.
Цяпер шчыра прызнаюся свайму чытачу: я не ведаю, ці ўдалося мне яе разгаварыць. Ведаю толькі адно: гутарка ў нас атрымалася крыху незвычайная: найперш пра адчуванне мастачкай (а яшчэ маці, выкладчыцай, маладой жанчынай) свайго месца і свайго часу ў мастацтве, пра яе чаканні і перажыванні ў мастацкім свеце, пра пераемнасць у мастацтве, нарэшце, пра няпростыя ўзаемаадносіны дачкі і бацькі ў творчай сям’і. Мяне чакалі пэўныя сюрпрызы падчас нашай гутаркі…
Ды што загадзя тлумачыць! Чытач хутка сам усё зразумее.

— Насця, я вам адразу скажу, што прыемна ўражаны выставай. Ведаеце, гэта нават цікава і нечакана было для мяне як журналіста: вось ходзіш па вядомых галерэях, музеях і аглядаеш экспазіцыі вядомых мастакоў і пры гэтым неяк забываеш ці проста не здагадваешся, што ў нашых навучальных установах таксама жыве і актыўна выстаўляецца мастацтва. Прыклад гэтага — выстава “Натхнення час”. А чаму, дарэчы, вы вырашылі выставіць свае творы разам з творамі вашых вучаніц?
— Па-першае, тут ёсць адмысловая канцэпцыя: у мяне акварэлі на паперы, у іх — батык, гэта значыць роспіс па тканіне. Здавалася б, вельмі розныя рэчы, але ў іх выкарыстоўваюцца многія агульныя тэхнічныя прыёмы. А па-другое, мы даўно вырашылі зрабіць сумесную выставу — настаўніцы і яе вучаніц, таму што і ім гэта карысна, і мне прыемна.

— Пакуль я чакаў вас, з анатацыі выставы сёе-тое пра вас даведаўся, у прыватнасці, тое, што ў вас ужо былі персанальныя выставы, але вельмі даўно: у 2000 годзе ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С.Пушкіна і ў 2001 годзе ў іспанскім горадзе Гранадзе ў Xauen galeria de arte. Чаму такі вялікі перапынак паміж тымі выставамі і сённяшняй?
— Тады я выстаўлялася зусім маладым чалавекам, яшчэ студэнткай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. За гэты час у мяне з’явілася сям’я, дзеці. І што тут хаваць, у жанчыны, якая жыве сям’ёй і дзецьмі, на мастацтва застаецца не вельмі многа часу. Даводзіцца ў літаральным сэнсе вывуджваць нейкія хвілінкі, каб сесці за палатно. Для мяне гэта адпачынак, так я расслабляюся, забываю пра штодзённасць, побыт… Цяпер, калі дзеці падраслі (старэйшай дачцэ 13 гадоў, малодшай — 5), часу на мастацтва стала больш. Карціны, прадстаўленыя тут, — гэта плён маёй творчасці апошніх 6 гадоў.

— Калі я ўбачыў сёння вашы творы, у мяне адразу з’явілася адчуванне, што на ваш стыль вельмі моцна паўплываў адзін наш вядомы мастак-акварэліст, а канкрэтна Уладзімір Рынкевіч. Прызнайцеся: гэта так? Вы знаёмы з яго творчасцю? Выпадкова не вучыліся ў яго?
— (Смяецца. — М.Ч.) Уладзімір Іванавіч Рынкевіч — гэта мой бацька… Я таксама Рынкевіч, а Калацкая па мужавым прозвішчы.

— Вось і прыехалі…
— І гэта сапраўды той чалавек, якому я абавязана ўсім, што тычыцца творчасці. Я вельмі рада, што мой тата яшчэ ў дзяцінстве ўва мне нешта разгледзеў і накіраваў па гэтай вось дарожцы. І я магу сказаць, што я абсалютна шчаслівы чалавек, бо займаюся тым, што мне падабаецца, ды яшчэ пры гэтым яно з’яўляецца маёй работай.

— Наколькі я ведаю, ваш бацька, акрамя таго што проста цудоўны жывапісец, яшчэ і наватар у акварэльным жывапісе, аўтар многіх знаходак у плане тэхнікі. Многія з гэтых знаходак бачу і ў вашых творах.
— Так, у бацькі свая асаблівая манера пісьма. Ён працуе з многімі неардынарнымі эфектамі кшталту пісьма па мокрай паперы ці выскрабання лязом, выкарыстоўвае розныя воданепранікальныя сродкі, напрыклад, воск, не цураецца нават солі, якая высыхае і як бы ўсмоктвае ў сябе фарбу… Ну, а што да таго, што я таксама падхапіла ўсе гэтыя татавы прыёмы, то як жа інакш — гэта ж мой тата. Гэта вялікае шчасце мець у асобе бацькі свайго самага галоўнага настаўніка! Настаўніка, які ў любы момант прыйдзе табе на дапамогу хоць бы ўжо з той прычыны, што ты яго дачка. Я з бацькам раілася нават наконт таго, як назваць гэтую выставу. Як бачыце, тут прадстаўлены вельмі розныя работы: і кветкі, і жывёлы, і розныя прыродныя станы… Што гэта ўсё можа аб’ядноўваць? Вось менавіта час натхнення, тыя моманты, калі я ўсё гэта раблю. Бацька толькі мне падказаў, што цікавей будзе гучаць не “Час натхнення”, а “Натхнення час”.

— Наогул, вы часта абмяркоўваеце з бацькам яго або вашы творы?
— Дастаткова часта. Іншым разам прыйду да яго і пачну скардзіцца: “Тата, мне здаецца, што ў мяне такія прымітыўныя работы ў параўнанні з тваімі. Ну, вось кавун — і ўсе бачаць, што гэта кавун, вось кошык з ягадкамі — і ўсе бачаць, што гэта ягадкі. А ў цябе суцэльныя метафары, сімвалы. Над тваімі творамі трэба думаць”. А ён тады мне гаворыць: “Ну, ты яшчэ не дарасла да таго, каб рабіць такія работы, як я”.

— Вы вучыліся ў яго класе ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў?
— Так. І скажу вам, што ён ніколі мяне не вылучаў сярод астатніх студэнтаў. Наадварот, ставіўся да мяне больш строга, чым да маіх аднакурснікаў. Затое цяпер я магу сказаць яму: “Дзякуй, татачка, за тое, чаму ты мяне навучыў. Я ні хвіліны не шкадую пра тваю жорсткую школу…” Ведаеце, пры ўсім гэтым я адчуваю, што мы, яго студэнты, узялі ад яго ва ўніверсітэце, можа, толькі якіх 10 працэнтаў таго, што ведае і ўмее ён. Ён і сёння спрабуе большаму мяне вучыць, да большага падштурхнуць, і я гатова да гэтага.

— Ці маглі б прыгадаць яго нейкія кароткія формулы-парады, якія з вамі заўсёды па жыцці?
— Яны сапраўды ў мяне ёсць. І, больш за тое, я цяпер выкарыстоўваю іх ужо ў зносінах са сваімі вучнямі тут, у каледжы. Напрыклад, кажу ім: “Тое, што можна зрабіць сёння, трэба зрабіць сёння. Нічога не адкладвайце на заўтра. Калі вы будзеце гэтым лозунгам жыць, то ў вас усё будзе атрымлівацца”. Мне, напрыклад, гэта вельмі дапамагае. У тым ліку і з акварэллю. Або яшчэ такі лозунг: “Дзе б ты ні апынуўся, што б ні адбывалася, ніколі не трэба плакаць, скардзіцца, бедаваць. У любой сітуацыі трэба бачыць станоўчае. Ну і што, што дождж ідзе. Затое як ён прыгожа ідзе!”

— У вашых творах зусім няма выяў людзей…
— Ну, так ужо ў мяне атрымліваецца. Я, дарэчы, заўсёды хаджу з фотаапаратам. Я ўсё-ўсё фатаграфую. Вось хмары набеглі ці падснежнік прабіўся — і адразу цягнуся за фотаапаратам. Мяне, насамрэч, больш натхняе прырода ў самых розных яе праявах. А далей, думаю, я адыду ад нацюрмортаў, кветак і буду працаваць пераважна ў анімалістычным жанры. І наступная мая выстава ўжо будзе чыста з жывёламі.

— Насця, а якія ў вас зараз адчуванні ад гэтай выставы, сумеснай з вучнямі? Вы, увогуле, адчуваеце, што яны менавіта вашы вучні?
— Мабыць, адчуваю. Але адчуваю яшчэ і тое, што пакуль яны яшчэ не навучыліся атрымліваць асалоду ад таго, што робяць. А што канкрэтна да выставы, то спачатку яны не да канца разумелі, што гэта такое. Гэта было ўпершыню ў іх жыцці — калі яны мне дапамагалі фарбаваць рамы, афармляць, манціраваць экспазіцыю, падпісваць работы… І маёй задачай было як бы акунуць іх ва ўсю гэтую “кухню”, каб яны хацелі зрабіць і наступную выставу, каб рыхтаваліся.

— І з гэтай задачай справіліся?
— Мне здаецца, так. Дзяўчынкі пыталіся ўжо ў мяне, якую наступную выставу будзем рабіць. Напрыклад, у адной дзяўчынкі тут выстаўлены тры работы, а ў другой — адна. Дык тая, у якой тры, так ганарыцца гэтым…

— Насця, напрыканцы хацеў бы папрасіць вас прыгадаць нейкі момант, які вы лічыце самым знакавым у сваім жыцці.
— З творчасцю звязаны? Ці наогул?

— Ну, гэта ўжо вам выбіраць.
— Па-за творчасцю — гэта, безумоўна, нараджэнне маіх дзвюх дачок. А ў сувязі з творчасцю, напэўна, той момант, калі мой бацька, нарэшце, ухваліў тое, што я зрабіла. Я ніколі не забуду, наколькі мне гэта было прыемна, бо ён вельмі крытычны чалавек. Ад яго дабіцца нейкай пахвалы, нават калі ты яе сапраўды заслужыў, вельмі цяжка.

— Дзякуй вам за гутарку. Поспехаў у творчасці і жыцці. І няхай часцей вас хваліць бацька.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.