Усе дарогі сёння вядуць у Віцебск

Пяць прычын наведаць XXIV Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”

Прычына першая. Канцэрты зорак

“Славянскі базар у Віцебску” — гэта заўсёды яскравае суквецце зорак эстрады, найперш расійскіх, якія з году ў год з радасцю прыязджаюць на наш фестываль і дораць свае песні публіцы. Многія з іх за гады правядзення форуму сталі сапраўднымі сябрамі “Славянскага базару”.
Сёлета віцябляне і госці горада на Дзвіне ўжо мелі магчымасць наведаць канцэрты Грыгорыя Лепса, Валерыя Меладзэ, Ірыны Алегравай, пабываць на ўрачыстым адкрыцці форуму 9 ліпеня і ўбачыць на сцэне Летняга амфітэатра, акрамя вышэйзгаданых артыстаў, Валерыя Лявонцьева, Дзмітрыя Малікава, Аляксандра Рыбака, Ядвігу Паплаўскую і Аляксандра Ціхановіча, Тэа, Руслана Аляхно, Анатоля Ярмоленку, сербку Марыю Шэрыфавіч і многіх іншых любімых выступоўцаў. Але ў заўзятараў форуму яшчэ ёсць магчымасць убачыць і паслухаць сваіх куміраў. Так, сёння ўвечары ў Летнім амфітэатры адбудзецца канцэрт “Песня застаецца з чалавекам”, хэдлайнерам якога будзе Канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фінберга, а пры “яго падтрымцы” выступяць Леў Лешчанка, Тамара Гвердцытэлі, Руслан Аляхно, Тэа, Prima-Vera, Андрэй Пятроў і інш. У ноч з 11 на 12 ліпеня будуць запальваць група “Рукі ўверх” і балет Street-Jazz. Увечары 12 ліпеня можна будзе ўбачыць грандыёзнае музычнае шоу “Europa plus TV hit non stop у Віцебску” з такімі зоркамі, як Сяргей Лазараў, Нюша, Б’янка, — больш за дзесяць модных сольных выканаўцаў і дыджэяў будуць радаваць у гэты вечар, напэўна, найперш моладзь. А ў наступныя дні на галоўнай пляцоўцы “Славянскага базару ў Віцебску” канцэрты дадуць зоркі з самымі гучнымі імёнамі: 13 ліпеня — Валерыя, 14 ліпеня — Алена Ваенга і 15 ліпеня — гурт “Бі-2”.
Са слоў Алены Ваенгі адносна праграмы, з якой яна сёлета прыедзе на “Славянскі базар”: “Традыцыйна я спяваю сольныя канцэрты і традыцыйна не называю іх “новай праграмай”, таму што для мяне кожная праграма — апрыёры новая. На сваіх канцэртах выконваю песні з новага альбома, песні, якія я ніколі не спявала. І гледачы, прыхільнікі, якія прыходзяць на мае выступленні, гэта вельмі добра ведаюць”.

Прычына другая. ХХІV Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2015” і магчымасць пахварэць за прадстаўніцу Беларусі Валерыю Грыбусаву

Міжнародны конкурс маладых выканаўцаў тадыцыйна з’яўляецца галоўнай падзеяй “Славянскага базару ў Віцебску”. Фінальныя мерапрыемствы адбудуцца сёння і заўтра ў Летнім амфітэатры. У першы дзень выканаўцы будуць выступаць у суправаджэнні аркестра Фінберга, а ў другі — выступяць пад фанаграму “-1”. Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбудзецца 13 ліпеня ў рамках урачыстага закрыцця фестывалю.
Кажуць, што ўдзельнікі сёлетняга конкурсу як ніколі моцныя, пра што сведчыць ужо хаця б той факт, што ў 12 краінах, у тым ліку ў нашай, праводзіліся папярэднія нацыянальныя адборачныя туры, праз якія прайшло больш за 429 (!) выканаўцаў.
Старшыня журы сёлетняга конкурсу — народны артыст Азербайджанскай ССР, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Дагестан, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Палад Бюльбюль-аглы.
Беларусь прадстаўляе Валерыя Грыбусава. Яна нарадзілася ў 1995 годзе ў Магілёве. У 2000—2005 гадах займалася ў ансамблі народнай музыкі “Ярыца” Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці. У 2013 годзе з адзнакай скончыла Магілёўскую дзяржаўную гімназію-каледж мастацтваў па класе музычна-харавога мастацтва, дзе на працягу васьмі гадоў была салісткай эстраднай студыі. Паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, дзе сёння вучыцца па спецыяльнасці “Мастацтва эстрады (спевы)”.
Сярод яе шматлікіх узнагарод: 1-я прэмія на міжнародным конкурсе “Чароўны свет куліс” (Санкт-Пецярбург, Расія, 2011), гран-пры на такіх нацыянальных і міжнародных фестывалях-конкурсах, як “Калядная зорка” (Масква, Расія, 2012), “Новы рух-2012” (Мінск, Беларусь), “Халі-Хало” (Наваполацк, Беларусь, 2012), “Пад небам Парыжа” (Парыж, Францыя, 2012) і інш. Са жніўня 2013 года паралельна з вучобай ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў працуе ў якасці артыста-вакаліста ў Нацыянальным акадэмічным аркестры сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.
Шчыра пажадаем ёй поспеху!

З-за вядомых важных палітычных падзей ва Уфе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не змог асабіста прысутнічаць на ўрачыстым адкрыцці XXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, але ён звярнуўся да гасцей і ўдзельнікаў форуму ў відэапрывітанні. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, амаль чвэрць стагоддзя “Славянскі базар” збірае артыстаў і аматараў мастацтва ў культурнай сталіцы Беларусі. Для яго быў выбраны цудоўны дэвіз “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення”, які аказаўся вельмі актуальным і ў нашы дні. “Сёння Беларусь па праву стала пляцоўкай для мірных ініцыятыў, правадніком ідэй добрасуседства і супрацоўніцтва, гэта тычыцца не толькі знешняй палітыкі, але і духоўнай сферы, паколькі мастацтва аб’ядноўвае людзей, не ведаючы межаў, з’яўляючыся эфектыўнай формай народнай дыпламатыі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. У свеце знойдзецца няшмат фестываляў, якія маглі б ганарыцца такім доўгім і шчаслівым лёсам, як “Славянскі базар у Віцебску”, адзначыў беларускі лідар. “Нават самыя маштабныя музычныя праекты не раз перажывалі перыяды заняпаду і забыцця. А “Славянскі базар” усе гэтыя гады развіваецца толькі па ўзрастаючай і набыў сапраўды планетарны размах”, — дадаў ён. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што дваццаць чацвёрты па ліку фестываль сабраў рэкордную колькасць краін-удзельніц за ўсю сваю гісторыю: калі ў 1992 годзе ў “Славянскім базары” прымалі ўдзел усяго 8 краін, то цяперашні форум сабраў прадстаўнікоў больш як 40 дзяржаў з Еўропы, Азіі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі. “Назва “Славянскі базар” стала зразумелая без перакладу ў любым кутку Зямлі. Невыпадкова ў гэтыя дні ў Віцебску пройдзе сесія Сусветнай асацыяцыі фестываляў. Яна надасць яму новы статус — лідара сусветнага фестывальнага руху”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прычына трэцяя. ХІІІ Міжнародны дзіцячы музычны конкурс “Віцебск-2015” і магчымасць паперажываць за нашых дзяўчынак

Дзіцячы музычны конкурс у рамках “Славянскага базару” традыцыйцна праходзіць у канцэртнай зале “Віцебск”. Сёння і заўтра — два дні фіналу, у панядзелак, 13 ліпеня, — гала-канцэрт і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў.
Гонар Беларусі на конкурсе будуць адстойваць 9-гадовая мінчанка Стафанія Сакалова і 11-гадовая магіляўчанка Элеці. Як і ў іх дарослай калегі-канкурсанткі Валерыі Грыбусавай, у дзяўчынак безліч перамог на розных конкурсах. Так, Стафанія станавілася лаўрэатам I ступені II Міжнароднага форуму-конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці (Мінск, Беларусь), лаўрэатам II ступені III Міжнароднага форуму-конкурсу дзіцяча-юнацкай творчасці StarShow (Мінск, Беларусь), лаўрэатам I ступені II Міжнароднага конкурсу сучаснага мастацтва Avanti (Мінск, Беларусь), лаўрэатам II ступені Міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Вясёлка над Віцебскам” (Віцебск, Беларусь), лаўрэатам II ступені X Міжнароднага конкурсу “Пакаленне Next” (Масква, Расія) і інш. З верасня 2013 года з’яўляецца салісткай Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Г.Мулявіна.
Элеці ў 2011 годзе станавілася лаўрэатам I ступені Адкрытага конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці “Залатая ліра” і лаўрэатам I ступені Міжнароднага конкурсу Grand-Prix of Ukraine. 2012 год прынёс дзяўчынцы новыя заваёвы, у прыватнасці, гран-пры на Міжнародным фестывалі рускай песні і танца “Джанкой” і дыплом лаўрэата I ступені Рэспубліканскага конкурсу сучаснага вакальнага мастацтва “Зорны старт”. У наступным годзе на тым жа “Зорным старце” яна заваявала ўжо гран-пры. У 2014 годзе атрымала гран-пры на I Адкрытым конкурсе “Феерыя мастацтваў”, станавілася лаўрэатам I ступені Рэспубліканскага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Халі-Хало” і лаўрэатам II ступені Рэспубліканскага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі”. Нарэшце, ужо сёлета ў скарбонку ўзнагарод Элеці дадаліся лаўрэацтва I ступені дзіцячага конкурсу вакальна-харавой творчасці “Магілёўскія хвалі” і Адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзiчок”, гран-пры Адкрытага конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці “Новы рух”. Займаецца ў вакальнай студыі ASTERIA.

Прычына чацвёртая. Дзень моладзі

Сёння ў рамках фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” праходзіць Дзень моладзі — за апошнія гады гэта стала добрай традыцыяй форуму. Яркімі імпрэзамі абяцаюць стаць парад маладзёжных субкультур “Беларусь у сэрцы маім!”, фестываль “Агонь танца”, конкурсы барменаў “Мабільная кавярня” і 3D-малюнкаў, маладзёжная эстафета “Калейдаскоп гумару” з удзелам каманд КВЗ, выставы “Рэтрааўтамабіль”, “Супербайк”, “Аўтагук” і іншыя мерапрыемствы. На плошчы Перамогі тэматычныя пляцоўкі ад кожнай абласной і Мінскай гарадской арганізацый БРСМ прэзентуюць свае лепшыя праекты па арганізацыі дзейнасці з маладзёжнымі субкультурамі і творчымі аб’яднаннямі, а ўздоўж алеі па вуліцы Б.Хмяльніцкага разгорнецца маштабная інтэрактыўная экспазіцыя “Маладзёжны падворак”. Пройдзе патрыятычная акцыя “Мы помнім і ганарымся!” з ускладаннем кветак і вянкоў да галоўнага мемарыяльнага комплексу Віцебска. А завяршыцца Дзень моладзі на “Славянскам базары ў Віцебску” бітвай дыджэяў з усіх рэгіёнаў краіны (пераможцаў рэгіянальных адборачных тураў праекта) і канцэртам зорак беларускай эстрады. Словам, Дзень моладзі — гэта цудоўная магчымасць з галавой акунуццца ў тыя справы і захапленні, якімі жывуць сённяшнія маладыя людзі ў Беларусі.

Прычына пятая. Фэст вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”

Гэта, мабыць, галоўнае новаўвядзенне сёлетняга “Славянскага базару ў Віцебску”. Фэст вулічнага мастацтва “На сямі вятрах” распачаўся ўчора і працягнецца да канца форуму. Гарадскія вуліцы і плошчы Віцебска сёння нагадваюць суцэльныя дэкарацыі для батлейкі, інтэрактыўных спектакляў, вогненных шоу, перформансаў, інструментальных музычных імправізацый, жывых скульптур. Усяго жаданне прыехаць у фестывальны Віцебск выказалі больш за 200 удзельнікаў — вулічныя тэатры, паэты і музыканты, мастакі і перформеры з Віцебска і Віцебскай вобласці, Мінска, Гродна, Гомеля, а таксама Малдовы. Функцыю адмысловага камертона праекта ўзяў на сябе народны тэатр “Кола” Цэнтра культуры “Віцебск”, галоўны натхняльнік фэсту, а агульную вулічную містэрыю будуць ствараць у тым ліку такія вядомыя калектывы, як пластычны тэатр
“ІнЖэст” (Мінск), эксперыментальны тэатр EYE (Мінск), тэатр узаемадзеяння Moustache (Мінск), вулічны тэатр “Тук-тук” (Ціраспаль, Малдова) і інш.

Альжбета ПУНТУС.
Фота БелТА.