Сёння словам “чырлідынг” ужо мала каго здзівіш. Тыя, хто валодае англійскай, лёгка патлумачаць яго этымалогію: ад англійскіх cheer (прызыўны вокліч) і to lead (кіраваць, весці). І сама гэтая з’ява — чырлідынг — трывала ўвайшла ў сённяшняе жыццё. Мы бачым гэтых прыгожых і бадзёрых дзяўчат з пампонамі ў праходах на трыбунах, калі глядзім матч па гандболе ці хакеі. Па прафесійным чырлідынгу праводзяцца спецыялізаваныя чэмпіянаты. Пры ўніверсітэтах і нават школах ствараюцца чырлідарскія каманды. Але ўсё гэта прыйшло да нас не адразу і не сёння. Яшчэ ў пачатку стагоддзя чырлідынг у нас выклікаў абсалютнае здзіўленне, а першых чырлідарак, якія спрабавалі заняцца чырлідынгам, называлі не інакш, як мажарэткамі — дзяўчатамі, якія ідуць ва ўніформе з аркестравымі барабанамі на перавагу.
Што гэта ўсё-такі, чырлідынг? Больш спорт ці мастацтва? Хто яны, чырлідары і чырлідаркі, у сваёй сутнасці? Мала іх ці многа сёння ў нашай краіне?
Пра ўсё гэта і не толькі пра гэта размаўляем з сімпатычнай парай маладых людзей, якія ў свой час стаялі ля вытокаў чырлідарскага руху ў Беларусі. Гэта кіраўнік студыі чырлідынгу Chilly girls, педагог вышэйшай катэгорыі з вышэйшай псіхалагічнай адукацыяй (БДПУ імя Максіма Танка), харэограф і трэнер у адной асобе Надзея Празаровіч і менеджар па развіцці гэтай жа студыі, таксама выпускнік БДПУ імя Максіма Танка, таксама педагог-псіхолаг Віталь Празаровіч.
— Надзея, Віталь, як наогул вы прыйшлі да чырлідынгу?
Надзея: “Пачну, напэўна, я… Яшчэ калі вучылася на псіхолага ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, я паралельна працавала ў адным з цэнтраў творчасці Першамайскага раёна Мінска (цяпер гэты цэнтр называецца “Арт”) і выкладала там аэробіку. А ў 2005 годзе ладзіўся першы гарадскі конкурс па чырлідынгу. Тады пра гэтую з’яву яшчэ ў прынцыне ніхто толкам нічога не ведаў. Арганізатары проста прапанавалі нам паўдзельнічаць, а каб мне і дзяўчатам было больш зразумела, што гэта такое, сказалі проста: “Хай дзяўчаты што-небудзь станцуюць, але каб у іх руках былі пры гэтым мяцёлкі…” Так і сказалі — “мяцёлкі”. Калі б сказалі “пампоны”, то таксама ніхто нічога б не зразумеў. І мы тады паўдзельнічалі ў тым конкурсе. Потым былі іншыя конкурсы, іншыя паказальныя выступленні. І вось такім чынам паступова мой гурток аэробікі ўсё больш і больш выразна стаў ператварацца ў гурток чырлідынгу. Бачыла, што дзецям гэта падабаецца, яны актыўна хадзілі ў мой гурток. З’явіліся ўжо і першыя сур’ёзныя перамогі. Нас пачалі пазнаваць, і мы самі пачалі ўсведамляць, што займаемся не аэробікай, а менавіта чырлідынгам, што зусім іншае. І ў адзін цудоўны момант мы зразумелі, што можам выходзіць у самастойнае плаванне, што нам трэба спартыўныя каманды, якія б мы падтрымлівалі сродкамі чырлідынгу. Паступова-паступова мы ўсё больш і больш схіляліся ў бок менавіта спартыўнага чырлідынгу, а магчымасцей сур’ёзна асвойваць гэты кірунак у цэнтры творчасці не было. Урэшце мы сталі самастойнай студыяй чырлідынгу, хоць выдатна памятаем, што ўсё пачыналася ў цэнтры творчасці, і вельмі ўдзячны яму”.
Віталь: “Я падключыўся да гэтага руху прыблізна ў той жа час, калі і Надзея. Мы ж, безумоўна, і самі актыўна танцавалі. Я танцаваў у касцюме талісмана каманды”.
— Значыць, вас можна лічыць піянерамі чырлідынгу ў Беларусі?
Віталь: “Я не казаў бы так гучна, але мы сапраўды пачалі займацца чырлідынгам у той час, калі ён толькі зараджаўся ў Беларусі. Але мы не былі адзінымі. Пачыналі ў плеядзе першых каманд. Імпульс да развіцця гэтага руху ў нашай краіне задавала, напэўна, адна з самых моцных каманд таго часу — Black fox. Былі і іншыя…”
Надзея: “А наша першая каманда называлася “Арктыка”. Віталь прыдумаў нам “рачоўку”: “Команда “Арктика” — победная тактика! 16 девчонок и супермедвежонок!”
— Надзея, Віталь, прынцыповае пытанне: чаго ўсё-такі ў чырлідынгу больш — спорту, упартасці, фізічнай загартаванасці ці мастацтва, нейкага эстэтычнага пасылу гледачам?
Надзея: “Я і сама ў свой час неаднойчы думала над гэтым пытаннем. Але тут не адкажаш адназначна. Справа ў тым, што ў чырлідынгу ёсць дзве асноўныя намінацыі — Cheer і Dance. Cheer — гэта пабудова пірамід, іншыя актыўныя акрабатычныя элементы. Самы яркі чыр — гэта калі танцуюць дзяўчаты разам з хлопцамі, якія ствараюць своеасаблівую базу для дзяўчат, робяць выкіды, выцяжныя станты і г.д. А Dance — гэта гімнастыка і харэаграфія, танцы з пампонамі ў асноўным з удзелам толькі адных дзяўчат… Безумоўна, можна было б падумаць, што Dance мае больш адносін да мастацтва, а Cheer — да спорту. Але ў абодвух выпадках гэта яскравае відовішча і звыш-прафесіяналізм. Скажам, Cheer бярэ самае складанае з акрабатыкі. Выкіды на чатыры метры ўгору — нават гэтым ужо сёння не здзівіш. А ў сваю чаргу Dance бярэ самыя сакавітыя практыкавані з балета, наогул з харэаграфіі. І там, і там, напэўна, прысутнічае мастацтва. Але і там, і там трэба быць вельмі добра падрыхтаваным фізічна. З непадрыхтаванымі дзецьмі тут немагчыма дасягнуць высокага ўзроўню”.
— Наогул, на сённяшні дзень чырлідынг у Беларусі — гэта з’ява сур’ёзнага ўзроўню?
Віталь: “У нас ужо неблагі ўзровень”.
Надзея: “У апошнія гады Беларуская федэрацыя чырлідынгу праводзіць як мінімум чатыры мерапрыемствы ў Мінску і як мінімум чатыры выязныя”.
Віталь: “І ў Еўропе сёння нашы каманды ўжо змагаюцца за прызавыя месцы”.
— А якую канкрэтна спартыўную каманду падтрымліваюць выхаванцы вашай студыі?
Віталь: “Каманду па амерыканскім футболе “Ліцвіны”. Гэта моцная каманда, яна ўдзельнічае ў міжнародных лігах.
— Дзяўчаты, якія падтрымліваюць “Ліцвінаў”, — фанаткі гэтага клуба?
Віталь: “Хацелася б, каб яны былі большымі фанаткамі. Бо спачатку яны нават не заўсёды разумеюць правілы амерыканскага футбола. Аднак ім прыходзіцца разбірацца ва ўсіх нюансах гэтай складанай гульні. Але наогул лепей сказаць, што яны фанаткі публічных выступленняў”.
Надзея: “Яны адданыя ў першую чаргу менавіта чырлідынгу як такому. Сёння танцуе ўся наша краіна, танцавальных кірункаў сотні. Але прыйсці ў чырлідынг гатовы далёка не ўсе дзяўчаты, бо тут, акрамя харэаграфічнай і акрабатычнай падрыхтоўкі, трэба адчуваць і разумець, што гэта такое: падтрымліваць каманду, працаваць з трыбунамі, не баяцца гледача, запаліць яго, зняць агрэсіўныя нейкія моманты і самім заўсёды быць у пазітыве. Гэта не ўсім даецца… Гэта тое, што называецца ў чырлідынгу пазітыўным фанатызмам”.
Віталь: “Сапраўды, танец вывучыць усе могуць, ну ці амаль усе, а кіраваць трыбунамі — складаная справа, бо ты сам павінен быць актыўным, адкрытым, танцаваць і пры гэтым яшчэ крычаць на ўсё горла. А калі ты закрыты і чагосьці баішся, публіка гэта ўмомант адчуе і цябе проста праігнаруе”.
Надзея: “Каб падкачаць прэс, у чырлідынг не ідуць. Ідуць на фітнес. А ў чылідынгу трэба ўсё-такі быць найперш творцам”.
Віталь: “І вельмі працавітым чалавекам. Не “хварэць на зорнасць”.
— Які аптымальны ўзрост чырлідаркі?
Надзея: “Ад 16 да 22 гадоў. Пара юнацтва, студэнцтва, калі чалавеку яшчэ асабліва хочацца быць у камандзе, адчуваць каманду…”
Віталь: “Бываюць выключэнні, як мая Надзея (смяецца. — М.Ч.). Яна выступала яшчэ сёлета — на мотафэсце”.
Надзея: “Ну, Віталь тут крыху перабольшвае (таксама ўсміхаецца. — М.Ч.). Мне проста давялося замяніць адну дзяўчынку, якая прыхварэла, а заадно падтрымаць дзяўчынак, бо гэта было вельмі сур’ёнае міжнароднае мерапрыемства. Мне ўжо 37, у гэтым узросце балерыны ўжо на пенсіі. Сёння я трэнер і харэограф”.
— Крышку пікантнае пытанне: ці ведаеце вы выпадкі, калі паміж спартсменамі і чырлідаркамі завязваліся раманы?
Віталь: “З нашымі чырлідаркамі такога не здаралася дакладна. З “Ліцвінамі” ў іх нармальныя прафесійныя адносіны. Мы, можа быць, нават, наадварот, хацелі б, каб нашы дзяўчаты больш сустракаліся з нашымі футбалістамі. Але ўсё-такі гэта як бы два паралельныя светы: адны прыходзяць на працу і другія таксама прыходзяць на працу. Як у офісе. У нас няма такога, як іншы раз паказваюць у амерыканскіх фільмах: сумесныя вечарынкі і г.д.”.
Надзея: “А вось у нашых прафесійных хакеістаў з іх чырлідаркамі нават складваліся пары”.
— Чырлідынг прыйшоў да нас з Амерыкі, дзе ён з’явіўся яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Ці можна гаварыць пра адметнасці менавіта беларускага чырлідынгу? Ці тут усё стандартызавана ва ўсім свеце?
Надзея: “Напэўна, усё ж больш стандартаў, якія якраз і задаюць амерыканцы. На розных семінарах мы бачым, як прадстаўнікі еўрапейскай лігі прыслухоўваюца да амерыканскай, якая дыктуе тут і моду, і ўзровень. А мы ўжо прыслухоўваемся і да адных, і да другіх”.
Віталь: “Дарэчы, чырлідынг яшчэ вельмі папулярны ў Азіі. Японцы, кітайцы сёння проста ўсіх ірвуць! У іх там чырлідынг — культ. Яны сёння рэальна складаюць канкурэнцыю амерыканцам. Хаця бывае, што выстрэльваюць і фіны”. (Смяецца. — М.Ч.)
— Вы назіраеце хоць краем вока за іншымі кірункамі ў харэаграфіі? Ці то жартам, ці то ўсур’ёз спытаю: напрыклад, за нашымі “Харошкамі” ці расійскім “Тодэсам”?
Віталь: “Мы былі на іх канцэртах…”
Надзея: “Але чырлідынг тым і добры, што ён можа ўбіраць у сябе самыя розныя кірункі, усё-такі найперш модныя”.
Віталь: “З’явіўся, напрыклад, які-небудзь хіп-хоп, джаз-мадэрн, шафл, тэктонік ці нават якая-небудзь джумба — і гэта адразу падхопліваецца чырлідарамі. Слова “шоу” ў нас на першым месцы. Менавіта cheer dance show”.
— А ці цікавіцеся іншымі відамі спорту, напрыклад, не амерыканскім, а нашым еўрапейскім футболам, так званым сокерам, якім жыве сёння ўся Еўропа?
Віталь: “Часткова”.
Надзея: “Сціпла прамаўчу”.
— За каго вы, Віталь, хварэеце?
Віталь: “Канечне, заўсёды вабяць сваёй гульнёй гранды — каманды Германіі, Італіі. Але сёлета быў вельмі ўражаны ісландцамі, якія выбілі з ЧЕ Англію, бельгійцамі, якія разграмілі венграў. Дарэчы, прагрэс бельгійцаў тлумачыцца вельмі проста: гадоў пяць назад яны сталі вельмі моцна падтрымліваць юнацкі футбол і сёння атрымліваюць дывідэнды”.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.