У канцы сакавіка, напярэдадні Міжнароднага дня тэатра, у Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў адбылася чарговая творчая сустрэча ў рамках брэндавага праекта гэтай навучальнай установы “Вернасць прафесіі”. На гэты раз героем мерапрыемства быў малады драматург, рэжысёр, акцёр Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра, ён жа колішні выпускнік МДКМ Дзмітрый Багаслаўскі. Гадзіна сустрэчы, на якой па даўняй дружбе з каледжам прысутнічаў і аўтар гэтых радкоў, праляцела зусім незаўважна — настолькі іскрамётна і дасціпна Дзмітрый адказваў на сур’ёзныя і наіўныя пытанні навучэнцаў, настолькі ўражвалі некаторыя факты з яго творчай біяграфіі, якія раз-пораз агучвалі вядучыя ці ён сам. І заставалася толькі здзіўляцца, чаму раней не даводзілася чуць пра гэтага творцу, п’есы якога бяруць прызы на такіх прэстыжных конкурсах, як расійская “Залатая маска”, замаўляюцца і ставяцца тэатрамі ўсяго свету — ад Расіі да Уругвая і Манголіі, у тым ліку і на такіх славутых падмостках, як, напрыклад, Маскоўскі акадэмічны тэатр імя Уладзіміра Маякоўскага.
Адразу пасля сустрэчы мы дамовіліся з Дзмітрыем аб інтэрв’ю і ўжо праз некалькі дзён гутарылі за кубкам кавы.
— Дзмітрый, я разумею, што чалавек тэатра заўсёды балансуе недзе на мяжы рэальнага і нерэальнага, але давайце пачнём з рэальнага хлопчыка Багаслаўскага Дзімы, які нарадзіўся…
— …у 1985 годзе ў Мінску, там жа быў хрышчаны ў Свята-Духавым кафедральным саборы, чаму ён дагэтуль бязмежна рад. А потым неўзабаве з’ехаў з бацькамі ў далёкую Калмыкію, у горад Элісту. Справа ў тым, што родам з Калмыкіі мой бацька, а мама — з Мінска. Яны пазнаёміліся, калі бацька служыў у войску. У Элісце я жыў да сямнаццаці гадоў, пакуль не закончыў там школу. Яшчэ ў школе ўдзельнічаў у КВЗ і марыў пра тэатр. Вярнуўшыся ў Мінск, адразу ж наважыўся паступаць на акцёрскае аддзяленне Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, але не паступіў — вылецеў з трэцяга (лічы, фінальнага) тура. Хацеў быў ужо хуценька адносіць дакументы ва ўніверсітэт культуры і мастацтваў, але знаёмыя дасведчаныя людзі адгаварылі, параілі паступаць у каледж мастацтваў да цудоўнага педагога па рэжысуры Мікалая Мікалаевіча Бяляна, што я і зрабіў і пра што ні кропелькі не шкадую. Мікалай Мікалаевіч — гэта педагог ад Бога. Мы яго бацькам за вочы называлі. А ў сваёй прафесіі ён сапраўдная скала. І таму, калі пасля заканчэння каледжа зноў паўстала пытанне аб працягу вучобы ў акадэміі, я паступаў ужо не на акцёрскае, а на рэжысуру. Тады, дарэчы, адна смешная гісторыя атрымалася. Мы здавалі дыпломны спектакль у Бяляна — “Лясную песню” па Лесі Украінцы, я іграў там старога дзядзьку Льва. Грым пад старога, вусы, барада, парык… А ў мяне тады былі доўгія валасы на патыліцы, і Мікалай Мікалаевіч у апошні момант сказаў: “Так не можа быць!” І мая аднакурсніца Каця Маслоўская проста ў фае каледжа перад спектаклем тупымі нажніцамі абразала мае валасы. Патыліца пасля гэтага была не тое што крываватай, а натуральна крывой! З такой патыліцай я тым жа летам і паступаў у акадэмію — паступіў. На той час, дарэчы, я ўжо супрацоўнічаў у якасці акцёра з Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатрам.
— А калі пачалі займацца ўласна літаратурнымі доследамі?
— На самай справе спачатку гэта быў гэтакі юначы максімалізм. Яшчэ калі вучыўся ў каледжы, пісаў вершы а-ля “дым сигарет с ментолом, пьяный угар качает”. Была, памятаю, і нейкая проза. Потым нарадзіліся першыя драмы — “Пешка”, “Мае рукі”. Іх паставіў на сцэне Цэнтра беларускай драматургіі і рэжысуры Сяргей Анцэлевіч. Але я ўмоўна называю іх драмамі, бо цяпер выдатна разумею, што гэта былі ўсяго толькі нейкія эскізы ці напрацоўкі. А ўсур’ёз узяўся за драматургію недзе ў 2009 годзе, калі Мала-дзёжны пайшоў на рамонт, акцёрскай практыкі стала значна менш і паявіўся такі момант нявыказанасці. Гэтая нявыказанасць і прымушала мяне ўсё часцей і часцей садзіцца за ноўтбук і ствараць уласных герояў. Першы сур’ёзны поспех прыйшоў у 2010 годзе, калі з п’есай “Брача” я ўвайшоў у шорт-ліст драматургічнага конкурсу “Премьера.тхт” і атрымаў спецпрыз журы ў намінацыі “За боль і лютасць у адлюстраванні сучаснага свету”.
— Дзмітрый, вы пішаце на рускай, палову жыцця пражылі ў Расіі, вашы прызы і ўзнагароды найперш звязаны з расійскімі драматургічнымі конкурсамі… Дзе ўсё ж вы сёння знаходзіцеся ў ментальным, душэўным і духоўным сэнсах?
— У сябе на балконе. Менавіта там я заўсёды працую, бо, калі пішу, вельмі многа куру. Нядаўна я нават спецыяльна зашкліў балкон, каб там і зімой можна было сядзець з ноўтбукам.
— Але калі сур’ёзна, “беларускі драматург” — гэта гучыць горда?
— Сур’ёзна — горда. Але я не хацеў бы раскідвацца такімі высокімі словамі. Ну, што значыць драматург? Ну, маю я нейкую колькасць пастановак, выданняў, прызоў. Але мне здаецца, што з прычыны ўзросту ранавата яшчэ так гаварыць.
— Запытаю тады наўпрост: з якой драматургічнай традыцыяй вы найперш сябе суадносіце: рускай, беларускай?
— Думаю, сёння нельга неяк так падзяляць. Трэба быць чалавекам свету. На самай справе мой адрас не дом і не вуліца. І ў момант інтэграцыі ўсяго свету трэба браць і адтуль, і адтуль, і адтуль… Напрыклад, мой любімы драматург — Марыс Метэрлінк. Не беларус і рускі, а бельгіец. Разумееце, тэатр — ён жа ад пачатку сінтэз. І ў табе таксама павінен быць сінтэз. Я спадзяюся, што Аляксей Ануфрыевіч Дудараў не пакрыўдзіцца на мяне, але сёння пайшла ўжо новая хваля беларускай драматургіі, якая з поспехам заяўляе пра сябе ў той жа Расіі, Польшчы.
— Якія канкрэтна імёны вы маеце на ўвазе?
— Павел Пражко, Мікалай Рудкоўскі, Дзіяна Балыка і іншыя — насамрэч іх не так ужо і мала. Вось згадайце 2011 год: на “Залатой масцы” Паша Пражко бярэ гран-пры, Наташа Варажбіт — 1-ю прэмію і я — прыз сімпатый гледачоў. Такім чынам, беларус, украінка і беларус становяцца прызёрамі Нацыянальнай расійскай тэатральнай прэміі. Мне здаецца, гэты момант інтэграцыі проста цудоўны. Мы можам гаварыць пра беларускую драматургію спакойна і адкрыта. Іншая справа, што ёсць такі момант. Заходжу я неяк у адну з лепшых кнігарань Мінска “Светач”, каб купіць зборнік прозы прэміі “Дэбют”. Бяру гэты зборнік, гартаю яго і бачу там анонс, маўляў, неўзабаве ў продажы з’явіцца падобны ж зборнік драматургіі. Пытаюся ў прадаўца, ці не паступаў. Яна адказвае, што такога зборніка пакуль не было, але затое ёсць зборнік сучаснай беларускай драматургіі. У мяне перахапіла дыханне. Кажу: “Хутчэй вядзіце мяне да гэтага стэлажа!” Гэта ж унікальны момант — сучасная беларуская драматургія! Няўжо нарэшце? Прадавец падае мне такую аксамітавую кніжачку з белым надпісам “Сучасная беларуская драматургія”, я яе разгортваю, а там… Макаёнак і Дзялендзік. Ну, я проста не ведаю, чаму атрымліваецца так, што там заўважаюць, а тут няма ніякай цікавасці да таго, што сапраўды адбываецца ў нашай драматургіі сёння.
— І тым не менш вас цешыць, калі вашу кагорту маладых “іншых” драматургаў незалежныя тэатральныя крытыкі называюць новадрамаўцамі?
— Ды не! Я не люблю гэтае азначэнне. Як можа быць драма новай ці старой?!
— А як тады вы асабіста сябе пазіцыяніруеце ў тэрмінах?
— Я не ведаю. Тут не можа быць тэрмінаў, бо гэта вельмі асабісты момант. Гэта маё асабістае выказванне. І ўсе мае п’есы… Як вам сказаць… Проста я хачу бачыць менавіта такі тэатр. Тэатр, які крыху адрозніваўся б ад сённяшняга беларускага тэатра, які мы маем. Бо той, які маем, пыльны.
— Пыльны?
— Так, пыльны. У сэнсе — закасцянелы. А хочацца нечага такога… Ну, можа быць, недзе рэзкага, нейкай аплявухі, а недзе, наадварот, вельмі ціхага. Дарэчы, Бялян нам часта гаварыў такую фразу — “цішыня, якая звініць”. Такой цішыні таксама не хапае. Як не хапае і дакументальных праектаў, адкрытай размовы з гледачом. Многія артысты элементарна не гатовы да таго, каб выйсці на сцэну і нешта шчыра сказаць. І тут я зусім не выгароджваю сябе — у сваёй акцёрскай прафесіі я таксама заштампаваны, заціснуты і недастаткова шчыры. Гэта бяда ўсяго нашага тэатра. Але ж з бядой трэба неяк змагацца, а не закрывацца ў сваёй ракавінцы і гуляць у тое, што ўсё добра. Ёсць жа відавочныя моманты, якія наш тэатр яшчэ не даследаваў, але чамусьці ў яго няма жадання гэтым займацца.
— Здаецца, як драматурга вас нельга назваць аптымістам… Так, яшчэ ў вашай ранняй п’есе “Мае рукі” чалавечыя рукі, якія спачатку ўсё стварылі, потым забіваюць. Канцэптуальна ваша самая зорная п’еса “Любоў людзей” пра любоў, якая паглынае, разбурае і ўрэшце забівае. (Патлумачу чытачам, пра што ідзе гаворка ў п’есе “Любоў людзей”. Сюжэт разгортваецца вакол сельскага ўчастковага Сяргея, які яшчэ са школы закаханы ў Люську, жонку п’яніцы і дэспата Колькі. Знясіленая ад беспрасветнага жыцця, Люська забівае Кольку і, схаваўшы сляды забойства, пачынае жыць нібыта новым жыццём. Сяргей па доўгу службы цікавіцца знікненнем Колькі і просіць Люську напісаць заяву. Тая прызнаецца яму ў забойстве і… просіць з ёй ажаніцца. Здавалася б, новы шлюб мусіць прынесці ўсім шчасце, але ён толькі паглыбляе пакуты герояў. Люська не можа пазбавіцца ад пачуцця віны, што ў сваю чаргу ўсё больш і больш прыгнятае Сяргея. Безвыходнасць, беспрасвецце, пустата і абсалютная немагчымасць жыцця… Урэшце, усё заканчваецца самагубствам Сяргея. — М.Ч.) Дзмітрый, а ці не зашмат смярцей?
— Ну, значыць, так было трэба. І ў драматурга, як і ў яго герояў, таксама не было іншага выйсця.
— Ведаеце, мне проста прыгадалася сваё даўняе інтэрв’ю з адным пісьменнікам, які мне на пачатку нулявых, калі Васіль Быкаў яшчэ быў жывы, “скардзіўся”, маўляў, ён не можа ўспрымаць Быкава як пісьменніка, таму што ён бясконца забівае сваіх герояў і яму іх не шкада…
— А мяне зараз ваш пісьменнік напавал забіў! І чаму ж ён быў так упэўнены, што Быкаву не шкада сваіх персанажаў? Калісьці, яшчэ ў 70-х, Любімаў зрабіў у Тэатры на Таганцы геніяльную пастаноўку “Скрыжаванне” па быкаўскіх аповесцях “Круглянскі мост” і “Сотнікаў”. Там былі вельмі неардынарныя дэкарацыі з хісткімі бярвеннямі над адкрытым трумам сцэны. І быў фінал — па “Сотнікаву”. Як вядома, у Васіля Быкава Рыбак вешаецца ў туалеце. Любімаў жа зрабіў па-свойму: артыст, які выконваў ролю Рыбака, сядаў на край бервяна і застываў у такой позе. Гледачы не разумелі, ці гэта канец спектакля, ці яшчэ трэба было нечага чакаць. Усе астатнія артысты выходзілі на паклон, сыходзілі са сцэны, а Рыбак заставаўся нерухома сядзець з невідушчым жудасным поглядам. І ён так сядзеў да таго моманту, пакуль залу не пакідаў апошні глядач… Гэта быў неверагодны эфект! Па ўспамінах сведкаў, людзі плакалі, выходзячы з тэатра. Любімаў па-свойму, але з той жа магутнай сілай, што і Быкаў, сваім спектаклем сказаў пра ачышчэнне. Ачышчэнне жывых праз смерць, праз жудаснае існаванне тэатральных персанажаў.
— А вам даводзілася бачыць падобныя рэакцыі гледачоў на пастаноўкі паводле вашых п’ес?
— Я таксама бачыў слёзы на вачах у гледачоў. Прычым бачыў іх і ў Краснаярску, і ў Варшаве… Гэта я гавару пра “Ціхі шоргат сыходзячых крокаў” (палякі назвалі гэты спектакль “Сашка” — па імені галоўнага героя). Там таксама персанаж памірае, апынаецца ў незразумелым рэальна-нерэальным стане, не можа зразумець, што з ім адбываецца. Да яго прыходзіць памерлы бацька. Сашка ў яго пытаецца: “Тата, а гэта ўсё — яно як?” А той яму адказвае, маўляў, ды ніяк, сон усё гэта… “Ды які ж сон? Ты ж вось тут сядзіш”. “А што, у сне не сядзеў бы?”
— Як усё тое, пра што вы гаворыце, не падобна на той суцэльны сцёб, які мы бачым, чуем і чытаем сёння вакол!
— Так, усё наша жыццё сёння пераходзіць у разрад сцёбу. Я ўжо не кажу пра тое, што добрага гумару ці сатыры зусім не засталося. Мы яшчэ праз гадоў так дзесяць адчуем, што гэта такое — пакаленне, выхаванае на “Камедзі-клабе” і “Уральскіх пельменях”. Я, канечне, нічога не маю супраць людзей, уцягнутых у гэтыя фінансавыя праекты, яны займаюць нішу. Але ж насамрэч ёсць момант зарабляння грошай, а ёсць момант нейкай асабістай аддачы, нейкай траты сябе — адарві кавалачак. А гэта цяжка.
— А самі не спрабавалі штосьці зрабіць у жанры камедыі?
— Пакуль, шчыра кажучы, не атрымліваецца…
— Слухаю вас і дзіўлюся: з аднаго боку, вы разважаеце, як умудроны вопытам стары, а з другога — вашы тэксты такія вельмі сучасныя, часам жорсткія, якія мог бы напісаць толькі малады чалавек.
— А мне і мая жонка патаянна гаворыць, што ёй вельмі страшна жыць са мной, бо чым больш я буду сталець і старэць, тым больш буду крахтаць і бурчэць ад незадаволенасці жыццём.
— А ваша жонка…
— Працуе рэжысёрам дзіцячага музычнага тэатра “Рэвю” пры Палацы прафсаюзаў. Яны паставілі мюзікл пра адзіны ў свеце канцлагер для дзяцей. Спецыяльна ездзілі туды, у Чырвоны Бераг, вывучалі дакументы. Гэта было вельмі важнае выказванне. А цяпер яны робяць мюзікл пра гісторыю Мінска — там таксама ўсё заснавана на гістарычных фактах. Вельмі важна, што ўсё гэта яны адрасуюць менавіта дзецям.
— Дарэчы, наконт фактаў і дакументаў. Ведаю, што вы займаліся дакументальным тэатрам. Раскажыце, калі ласка, што гэта быў за праект.
— Гэта была п’еса PATRIS, якую мы задумалі разам з Віктарам Красоўскім і Сяргеем Анцэлевічам. А сэнс такі: дзяўчына збіраецца здымаць дакументальны фільм, у якім спрабуе зразумець, што ёсць для сённяшніх людзей патрыятызм. І мы сапраўды хадзілі з камерамі і дыктафонамі па Мінску, апытвалі розных людзей. Момант ісціны адкрыўся тады, калі адзін мужчына на пытанне пра патрыятызм у адказ запытаўся: “Дзяўчынка, а табе колькі гадоў, каб ты ў мяне пра патрыятызм пыталася?”
— Дзмітрый, вы паспелі ўжо адчуць сябе знакамітасцю?
— Хутчэй не я, а мае бацькі і іншыя сваякі адчулі нешта. Гэта яны вельмі трапятліва ставяцца да кожнай публікацыі пра мяне, кожнага майго дыплома, кожнай пастаноўкі… Што да мяне самога, то, безумоўна, прыемна, калі табе тэлефануюць, замаўляюць. Але мая праблема ў тым, што я вельмі доўга пішу. Напрыклад, першую сцэну “Ціхага шоргату сыходзячых крокаў” напісаў яшчэ ў 2009 годзе, а закончыў твор толькі ў 2012. Вось ужо амаль год пішу адаптацыю на сучасны лад п’есы нямецкага драматурга Георга Бюхнера “Войцак”. Там будзе гэтакае бясчассе, горад, пагружаны ў туман, і месяц, расколаты на дзве часткі. Мы можам толькі здагадвацца, што гэта нейкі апакаліпсіс.
— Там зноў будуць смерці?
— Ды не. Там капітан успамінае пра тое, што некалі чытаў кнігу пра драўлянага хлопчыка, і гаворыць Войцаку: “Ты разумееш, што пра драўлянага хлопчыка напісалі кнігу? А пра цябе ніколі не напішуць! Ты гэта разумееш?” А Войцак у сваю чаргу прыгадвае пра тое, што яму бабуля расказвала ў дзяцінстве гісторыю пра кавалак хлеба, які ўцякаў ад жывёл…
— Наогул баіцеся быць незразумелым чытачу (гледачу)?
— Баюся іншага. Баюся, як кажуць, адчуць сябе зоркай, загнуць пальцы, маўляў, вось які я геній, мае п’есы там і там ідуць. Але шлях яшчэ не пройдзены, і ніхто не ведае, што будзе заўтра. Трэба іншымі рэчамі займацца і думаць пра іншыя рэчы. Пра тое, што ты ж пісаў усё гэта не проста так, не ў стол, не ў малако… Цябе слухаюць і чуюць сёння. Дык паспрабуй тым, хто чуе, сказаць яшчэ што-небудзь. Трэба рабіць яшчэ лепшымі — і сябе, і свае тэксты, і людзей, якія вакол цябе. Ну, табе ж хочацца жыць добра.
— Дзмітрый, а цяпер маленькі бліц. Можаце вельмі коратка адказваць — так ці не. А можаце крыху паразважаць.
— Давайце паспрабуем.
— Такім чынам, калі б вам прапанавалі: а) папрасіць прабачэння, было б у каго?
— Так. Заўсёды ёсць у каго.
— б) пакаяцца?
— Так, безумоўна.
— в) праклясці?
— Не.
— г) развітацца з кім-небудзь назаўсёды?
— Не.
— д) павіншаваць каго-небудзь?
— А ўсіх нас трэба павіншаваць! З тым, што ў нас вясна і мы можам усё гэта бачыць.
— е) выказаць захапленне некім або нечым?
— Заўсёды ёсць кім. Напрыклад, хоць бы тым жа Паўлам Харланчуком. Харлан ёсць Харлан. Гэта геній.
— ж) пахваліць?
— Я пахваліў бы ўсіх людзей, якія не спыняюцца на дасягнутым, а ідуць наперад, чытаюць кнігі, разбіраюцца ў паняцці жыцця і пастаянна чагосьці хочуць. Гэта вельмі важна — пастаянна чагосьці хацець.
— Што ў вашых найбліжэйшых і далёкіх творчых планах, можаце падзяліцца?
— Далёкіх, мабыць, і няма. Для мяне мае вялікае значэнне сама ідэя, канцэпцыя твора. А яе трэба вынасіць. Гэта як дзіця. Я, канечне, не ведаю, што адчувае жанчына, калі носіць у сабе дзіця, але мне здаецца, што гэта прыблізна так. Калі ў табе яшчэ нешта не саспела, напэўна, і не трэба за гэта брацца. А з ужо вынашанага ці, прынамсі, задуманага, чым збіраюся заняцца неўзабаве, назваў бы два праекты. Па-першае, гэта нейкая драматургічная кампазіцыя-кампіляцыя паводле апавяданняў польскага пісьменніка Славаміра Мрожака, які мне падаецца вельмі сучасным і актуальным сёння. Я ўжо нават бачу назву ў тры словы: “Слава! Мір! Мрожак!” Такая стылізацыя пад савецкі лозунг — Мрожак усё-такі адкрыўся нам яшчэ ў савецкія часы.
А па-другое, мне хочацца пагаварыць пра… дараванне. Я пішу п’есу пад рабочай назвай “Падножны корм”. Гэта гісторыя, скажам так, пра нейкага зняверанага чалавека, якога падтрымлівае любоў, у гэтым выпадку — жонка. Першы акт я хачу напісаць для яго, а другі — для яе. Я бачу такую сямейную пару, якая праходзіць разам усе цяжкасці жыцця, прычым па задуме там будуць жахлівыя наступствы, але жонка не здасца. І ў гэтым будзе момант даравання ў галоўнага героя — мужа. Мне здаецца, пра гэта трэба пагаварыць. Можа быць, толькі мне гэта трэба. Але, бадай, усім нам трэба пра гэта пагаварыць…
— Даруйце, там будзе многа асабістага?
— Ды не. У гэтай гісторыі зусім не многа асабістага. Маім героям недзе каля сарака. Проста мы сапраўды сёння забываемся пра многае важнае. Жывём неяк па накатанай: машыну прагрэць трэба, абутак у рамонт занесці… А важнае — як пясок скрозь пальцы.
— Будзеце і далей забіваць сваіх герояў?
— Я не ведаю. Шчыра вам кажу. Як яны папросяць.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота з асабістага архіва Дзмітрыя БАГАСЛАЎСКАГА.