Дзённік з вайны…

Было б несправядліва, падрабязна расказаўшы пра літаратурны музей Андрэя Макаёнка Журавіцкай сярэдняй школы, зусім не ўспомніць і пра яшчэ адну музейную іскрынку гэтай установы адукацыі — гісторыка-краязнаўчы музей “Наша спадчына”. Гэты музей таксама па-свойму ўнікальны і па-свойму прывязаны да журавіцкай зямлі. Прывязаны праз Памяць з вялікай літары.

Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займаюць стэнды, прысвечаныя тым вайсковым фарміраванням, якія змагаліся з фашыстамі на тэрыторыі Журавіч падчас Вялікай Айчыннай вайны, а найперш 151-й стралковай дывізіі, 10-й Журавіцкай партызанскай брыгадзе і 269-й стралковай дывізіі.

Лёс 151-й стралковай дывізіі самы трагічны. Гэта тая дывізія, якая да апошняга, насмерць стаяла ў Журавічах у 1941 годзе. На стэндзе мы бачым фотаздымкі толькі тых, хто трапіў у шпіталь, а таму і застаўся жывым. Усе астатнія загінулі.


10-я Журавіцкая партызанская брыгада ўсю вайну не давала акупантам спакойна жыць. Звяртае на сябе ўвагу стэнд “Они без всякого сомнения перо сменили на ружьё…”. “Они” — гэта настаўнікі Журавіцкай школы, якія пайшлі ваяваць у партызаны і вярнуліся з вайны жывымі. Жывымі? Так, жывымі. Толькі, напрыклад, пакуль настаўнік фізкультуры Фядос Цімафеевіч Румянцаў ваяваў у лесе, фашысты расстралялі двух яго маленькіх дзяцей. Пасля вайны Фядос Цімафеевіч сказаў: “Хай гэта толькі кропелька, але я ўсю сваю зарплату буду аддаваць у фонд міру”. Ён пражыў доўгае жыццё, як быццам дажываў за сваіх бязвінна закатаваных дзетак, памёр у 92 гады… І да апошняга дня жыцця свой заробак сапраўды кожны раз пераводзіў на рахунак фонду міру — сям’я жыла на зарплату жонкі.

Дастаткова шырока прадстаўлена ў музеі асоба Іосіфа Мінавіча Сафонава, урача, які працаваў у Журавіцкай бальніцы, падчас вайны праводзіў аперацыі непасрэдна ў санітарным цягніку. Пасля вайны вярнуўся ў родную вёску і да сталага-сталага ўзросту лячыў людзей ужо ў мірны час. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Журавіцкай школы Наталля Леанідаўна Замарэева прызнаецца, што менавіта Іосіфу Мінавічу яна абавязана сваёй левай рукой.


Вялікім сябрам Журавіцкай школы быў былы партызан Герой Савецкага Саюза Сямён Фёдаравіч Шакараў, ён перадаў у музей свае рэчы, у тым ліку кіцель, у якім вітаўся за руку са Сталіным. Сёлета Сямёна Фёдаравіча не стала… У школьным музеі застаўся вялікі стэнд з яго фотаздымкамі і асабістымі рэчамі.

Дарэчы, лёс некаторых экспанатаў гэтага музея незвычайны. Напрыклад, рукапіс календара-дзённіка камісара І.Дзікана дзеці знайшлі на гарышчы напаўразбуранага дома, калі збіралі макулатуру. Прынеслі ў адной кучы ў школу, а настаўнікі разгрэблі і знайшлі там шэранькую папачку, а ў ёй — дзённік з вайны…

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.