Францыск, мы табе ўдзячны…

Сёння, калі ўжо больш за месяц гаспадарыць 2017 год, я думаю, мы ўсё яшчэ не зусім усведамляем, якое свята ў нас, беларусаў, у гэтым годзе.

Можаце самі правесці эксперымент. Запытайце любога сустрэчнага на вуліцы: “Якая глабальная падзея адбылася 500 гадоў назад?” Добра будзе, калі хоць кожны пяты з вамі апытаных успомніць пра Францыска Скарыну, які 6 жніўня 1517 года выдаў сваю першую кнігу — Псалтыр. А пасля, на працягу 3 гадоў, яшчэ 19 кніг (або 22, калі лічыць кнігі “Царстваў” за 4) Старога Запавету (“Бивлия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцька, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению”): “Іоў”, “Прытчы Саламона”, “Ісус Сірахаў”, “Еклезіяст”, “Песня песням”, “Прамудрасць Божая”, “Царствы”, “Ісус Навін”, “Юдзіф”, “Суддзі”, “Быццё”, “Выхад”, “Левіт”, “Лічбы”, “Другі закон”, “Руф”, “Эсфір”, “Плач Ераміі”, “Прарок Данііл”.Запытайце сустрэчнага. Калі ён не будзе ведаць гэтага — скажыце яму.

Роўна 500 гадоў назад!

500 гадоў назад мы не паляцелі ў космас.

500 гадоў назад мы не стварылі нанаматэрыялы.

500 гадоў назад мы не вынайшлі інтэрнэт.

500 гадоў назад з ласкі шаноўнага доктара са слаўнага горада Полацка мы зрабілі большае: упершыню ўзялі ў рукі надрукаваную на нашай мове кнігу, каб… потым паляцець у космас, стварыць нанаматэрыялы, вынайсці інтэрнэт…

Мы былі тады, як сёння кажуць, у трэндзе. Мы не адставалі ад іншых краін і народаў. У 1492 годзе, гэта значыць, усяго за 25 гадоў да нас, Калумб адкрыў Амерыку. У 1503 годзе Леанарда да Вінчы напісаў сваю “Мону Лізу”. А ў 1517 годзе славяне, толькі крышачку пазней за немцаў, адкрылі для сябе друкаваную кнігу… Сёння мы не можам не ганарыцца гэтым. Гэтае першынство ў нас ніхто не адбярэ, бо яно належыць не толькі нам, але і гісторыі.

Як жа мы будзем святкаваць наша слаўнае 500-годдзе?

Заўчора, 2 лютага, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося пасяджэнне рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання гэтай памятнай даты пад старшынствам міністра інфармацыі Ліліі Ананіч і міністра культуры Барыса Святлова. На пасяджэнні былі агучаны магістральныя падзеі юбілейнага года: Міжнародны кангрэс “500 гадоў беларускага кнігадрукавання” (пройдзе ў Мінску ў верасні); стварэнне дакументальнага фільма, прысвечанага першадрукару, з перакладам на замежныя мовы; рэалізацыя беларускага мастацка-адукацыйнага праекта “Спадчына Францыска Скарыны” пад эгідай ЮНЕСКА (паводле слоў міністра культуры, ён прадугледжвае правядзенне арт-пленэраў у Беларусі, Літве, Італіі, Польшчы, Францыі і Чэхіі; асаблівая ўвага будзе ўдзелена мясцінам, якія звязаны з жыццём і дзейнасцю Францыска Скарыны); фестываль “Кніжныя скарбы Беларусі”, які рыхтуецца Гродзенскім аблвыканкамам; выстава творчых работ студэнтаў Магілёўскага дзяржаўнага каледжа “Нараджэнне кнігі”; правядзенне літаратурных гадзін, тэматычных вечароў, гісторыка-паэтычных падарожжаў, прысвечаных беларускаму кнігадрукаванню, якія рыхтуе Мінскі гарвыканкам, і інш.

Паслухаем некаторых з удзельнікаў пасяджэння.

“Скарына — гэта тое імя, якое асвятліла ўсходнеславянскіх асветнікаў і якое сёння — мы гэта ўжо добра разумеем — прэзентуе нашу краіну, Рэспубліку Беларусь, у свеце, — адзначыў намеснік міністра інфармацыі Алесь Карлюкевіч. — Калі зазірнуць у адносна нядаўні час, у ХІХ стагоддзе — пачатак ХХ стагоддзя, то навідавоку яркія персанажы кнігазнаўцаў, якія адкрывалі Францыска Скарыну, якія займаліся бібліяграфіяй Скарынавых выданняў, якія працавалі і ў Расіі, і ў Празе, і ў іншых еўрапейскіх сталіцах. Сёння гэтыя імёны — таго ж Пятра Уладзімірава, які адкрыў Скарыну на рускай мове і зрабіў тое грунтоўнае даследаванне, роўнага якому яшчэ, відаць, няма, чэшскіх, нямецкіх даследчыкаў-скарыназнаўцаў — вельмі важныя для нас. І іх, безумоўна, павінны пачуць беларусы ў гэтым годзе праз сродкі масавай інфармацыі”.

Алесь Мікалаевіч таксама заўважыў, што імя Скарыны будзе гучаць сёлета фактычна на ўсіх еўрапейскіх кніжных выставах-кірмашах, на якіх пройдуць спецыяльныя круглыя сталы, пасяджэнні, канферэнцыі, прэзентацыі. У прыватнасці, у рамках чарговай Міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу “Кнігі Беларусі”, якая пройдзе 8—12 лютага ў Мінску, будуць прэзентаваны многія знакавыя выданні, прысвечаныя беларускаму першадрукару. Прычым гэтыя выданні, па словах намесніка міністра інфармацыі, будуць прэзентаваны з удзелам замежных гасцей — удзельнікаў Міжнароднага пісьменніцкага сімпозіума “Пісьменнік і час”. На гэты сімпозіум прыедуць прадстаўнікі 17 краін: Расіі, Казахстана, Таджыкістана, Польшчы, Турцыі, Італіі, Сербіі і інш.

“Нам ужо сёння ёсць што паказаць, — сказаў Алесь Карлюкевіч. — Сярод нядаўніх цікавых выданняў я асабліва адзначыў бы кнігу пераказанняў Францыска Скарыны, створаную лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алесем Сцяпанавічам Разанавым, які паэтычнай мовай пераўвасобіў прадмовы Скарыны да біблейскіх кніг. Гэтае выданне, не сумняваюся, будзе цытавацца, пра яго будуць расказваць у сродках масавай інфармацыі не толькі нашай краіны, але і ва ўсім свеце”.

У якасці добрага прыкладу актыўнасці ў юбілейны год беларускага кнігадрукавання Алесь Карлюкевіч згадаў Выдавецкі дом “Звязда”, які на сваім партале стварыў старонку, прысвечаную Францыску Скарыну. І, безумоўна, не застаецца ў баку ад гэтай тэмы партал “БелСМІ”, які працуе ў межах дзейнасці газеты “СБ — Беларусь сегодня”.

Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пенін адзначыў, што асабліва гучна сёлета пройдуць святкаванні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання на радзіме першадрукара, у Полацку. У прыватнасці, тут адбудуцца вялікі мастацкі пленэр і прэзентацыя Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь серыі памятных манет.

Дарэчы

Як паведамляе БелТА, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў хуткім часе можа быць прысвоена імя Францыска Скарыны. “Міністэрства культуры і Нацыянальная бібліятэка Беларусі падтрымліваюць ініцыятыву ў тым ліку грамадскіх аб’яднанняў, Беларускага фонду культуры, грамадскай наглядальнай камісіі пры Міністэрстве культуры па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны аб прысваенні Нацыянальнай бібліятэцы імя Францыска Скарыны”, — надоечы адзначыў намеснік міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік. Па яго словах, неабходна будзе правесці работу па ўнясенні адпаведных змяненняў у статутныя дакументы бібліятэкі. “Планам мерапрыемстваў па святкаванні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання прадугледжана ўрачыстая цырымонія ў верасні ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. У гэты перыяд будуць праводзіцца і мерапрыемствы, прысвечаныя 95-годдзю НББ. Думаю, што да гэтага часу пытанне аб прысваенні Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі імя Францыска Скарыны будзе вырашана”, — дадаў намеснік міністра.

Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч заўважыў, што пра 500-годдзе беларускага кнігадрукавання на Магілёўшчыне пачалі гаварыць яшчэ мінулым летам, і вельмі яркай падзеяй у гэтым сэнсе было святкаванне Купалля ў Александрыі, дзе адной з самых запатрабаваных пляцовак быў стылізаваны друкарскі двор з прадстаўленай на ім сярэднявечнай тэхналогіяй кнігадрукавання. “Мы нават не чакалі, што знойдзецца столькі ахвочых адчуць сябе Францыскам Скарынам ці Спірыдонам Собалем!” — узрушана выказаў радасць за землякоў Андрэй Міхайлавіч. Ён таксама адзначыў, што гаворка пра Францыска Скарыну сёлета немагчыма і без гаворкі пра яго шматлікіх паслядоўнікаў, напрыклад, таго ж Спірыдона Собаля, які ў Магілёве выдаў першы буквар на беларускіх землях. Знакавы факт: летась у выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” пабачыла свет унікальнае выданне — “Спірыдон Собаль і вытокі магілёўскага старадруку”.

Безумоўна, адным з асноўных цэнтраў святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання сёлета стане Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Больш за тое, як зазначыў дырэктар НББ Раман Матульскі, галоўная кніжная скарбніца краіны ўжо больш як 5 гадоў праводзіць сістэмную работу ў гэтым кірунку. У аснове гэтай працы — навуковыя даследаванні спадчыны Францыска Скарыны. “Мы паставілі сабе за мэту адшукаць ва ўсім свеце сляды нашага першадрукара, дзе захавалася хоць бы староначка яго выданняў, — сказаў Раман Сцяпанавіч. — І практычным вынікам гэтых нашых даследаванняў стала падрыхтоўка і выданне 20-томнага факсіміле кніжнай спадчыны Скарыны. Лічым, што гэта тая практычная база, на якой мы бу-дзем праводзіць усе мерапрыемствы па прапагандзе беларускага кнігадрукавання”.

Раман Матульскі назваў некаторыя значныя падзеі ў сувязі з юбілеем, якія ўжо адбыліся. Так, летась прайшлі гучныя прэзентацыі-анансаванні

500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў Бібліятэцы Кангрэса Злучаных Штатаў Амерыкі, Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы, у нацыянальных бібліятэках Чэхіі, Фінляндыі, Аўстрыі, Балгарыі, Сербіі, Румыніі, краін СНД. На гэты год падобныя мерапрыемствы запланаваны ў штаб-кватэры ААН, штаб-кватэры ЮНЕСКА, нацыянальных і ўніверсітэцкіх бібліятэках буйных еўрапейскіх краін. Ужо ў лютым гэтая хваля дойдзе да Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі. “Мэта ўсіх гэтых акцый — прэзентацыя нашай краіны як краіны з багатай культурнай спадчынай і традыцыямі”, — сказаў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Наогул, варта сказаць, што юбілей беларускага кнігадрукавання сапраўды аб’яднаў вакол сябе ўсю культурную грамадскасць нашай краіны, што было выразна заўважна на пасяджэнні аргкамітэта па яго святкаванні. За круглым сталом у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі сабраліся не толькі прадстаўнікі адміністрацыі і бібліятэчнай грамадскасці, але і, напрыклад, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Лакотка, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхась Баразна, дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Алесь Бадак, дырэктар Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Уладзімір Карачэўскі. Апошні, у прыватнасці, адзначыў, што яшчэ летась РТБД аб’явіў нацыянальны конкурс на стварэнне твораў, прысвечаных Францыску Скарыну і яго спадчыне. Па словах Ула-дзіміра Міхайлавіча, на конкурс было прадстаўлена больш як 30 п’ес аўтараў не толькі з нашай краіны, але і з блізкага і далёкага замежжа. Некаторыя з іх ужо выйшлі на сцэну, напрыклад, у Магілёўскім абласным драматычным тэатры. На красавік бягучага года запланавана прэм’ера ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі па п’есе Віктара Марціновіча. Прапрацоўваюцца магчымасці выхаду п’ес беларускіх драматургаў і на сцэну расійскіх тэатраў. Дарэчы, яшчэ адзін літаратурны конкурс на лепшы твор, прысвечаны беларускаму кнігадрукаванню, — “Скарынавай душой успешчанае слова” — аб’явіў надоечы і Саюз пісьменнікаў Беларусі, пра што паведаміла намеснік старшыні СПБ Алена Стэльмах.

Удзельнікі пасяджэння рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання аднагалосна зацвердзілі план юбілейных мерапрыемстваў з усімі ўнесенымі заўвагамі і прапановамі. Галіновым міністэрствам і ведамствам, грамадскім арганізацыям рэкамендавана актыўна ўключыцца ў святкаванне юбілею і асобна распрацаваць свае галіновыя планы мерапрыемстваў.

Прысутным таксама быў прэзентаваны афіцыйны лагатып 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, які могуць бачыць тут нашы чытачы.

Мікола ЧЭМЕР.