Год Сабакі

Ну вось, сябры, і пачаўся 2018 год — год Сабакі.

Канечне, усе мы ўжо шмат пачулі пра гараскопнага сабаку: адданы, нават самаахвярны ў адданасці свайму гаспадару, працалюбівы, непераборлівы ў харчаванні, упарты, шчыры і справядлівы. А яшчэ вельмі любіць падарожнічаць. Таму шчаслівых падарожжаў вам у новым годзе!

Добра ведаем мы і пра сабаку ў культуралагічным плане, найперш у літаратуры. І тут прыкладаў безліч: ад Муму Івана Тургенева да Белага Біма Чорнага Вуха Гаўрылы Траяпольскага, ад “Лістоў да сабакі” Язэпа Пушчы да сабакі Януша Лявона Вішнеўскага, сучаснага польскага пісьменніка, які сказаў, здаецца, залатыя словы: “Божа, дапамажы мне быць такім чалавекам, якім мяне лічыць мой сабака!”

І, канечне, варта згадаць і пра незабыўнага сабаку Качалава ў вершы Сяргея Ясеніна:

Дай, Джим, на счастье лапу мне,
Такую лапу не видал я сроду.
Давай с тобой полаем при луне
На тихую, бесшумную погоду.

А зараз хацеў бы сказаць хоць пару слоў пра свайго сабаку, нямецкага аўчара Магната, з якім пражыў добрую частку свайго жыцця — з 1987 па 1998 год.

Дзіўная ўсё-такі рэч! Гэта былі мае гады юнацтва і сталення. Шмат жа ўсяго здаралася! І каханняў, і расчараванняў, і спраўджаных ды няспраўджаных мар… А помніцца найбольш звязанае з сабакам!

Прыгадаю некалькі момантаў.

Момант першы.

Мы ўзялі яго ў марозным студзені 1987 года. Паехалі на таксі са старэйшым братам да гаспадара-заводчыка. Аддалі роўна 100 савецкіх рублёў (гэта былі немалыя грошы на той час), атрымалі нейкую кніжыцу-радаслоўную і ўзялі яго — маленькага чорнага пухнатага камячка. Мне — 14, брату — 18, камячку — усяго адзін месяц. Вярнуліся, упусцілі ў хату. А ён тут жа, у вітальні, зрабіў лужынку. Панеслі на кухню карміць. Еў з ахвотай. А я тым часам утыркнуўся ў тую кніжыцу-радаслоўную. Божа! У гэтага камячка, які толькі што зрабіў лужынку ў вітальні, продкі былі пазначаны з сярэдзіны ХХ стагоддзя — і ўсе выключна немцы з самой Германіі, з прыстаўкамі “фон”, “барон” і г.д. А маму камячка звалі Лаяй-Гаяй фон Аўферман (зразумела, з дзвюма “н” на канцы прозвішча ў нямецкім варыянце). Гэта была афіцыйная радаслоўная, я браў сабаку праз ДТСААФ.


Другі момант.

Я пачаў рана яго вучыць — быўшы васьмікласнікам, яшчэ да таго, як пайшоў з ім у школу дрэсіроўкі. Ужо з трох месяцаў вучыў камандзе апорт. А ў сакавіку здарылася бяда. Я кінуў палачку, крыкнуў: “Апорт!” Ён панёсся… і на бягу паслізнуўся на мокрым лёдзе. Упаў, не змог падняцца, заенчыў на ўвесь двор. Балазе, быў будні дзень, мы адразу кінуліся ў ветэрынарку да вядомага на ўвесь Мінск доктара Арэхава. Ён агледзеў сабаку, наклаў гіпс. Сказаў: “Не хвалюйцеся. Будзе гойсаць яшчэ хутчэй!”

І, нарэшце, трэцяе.

Мой сабака быў вельмі дружалюбным, але строга навучаным усім камандам. Недзе ў годзе 90-м мы гулялі з ім, як заўсёды, вечарам у прылеглым парку. Было бязлюдна. Спусціў з павадка. І тут я ўбачыў, як двое нейкіх хлопцаў набліжаюцца да мяне яўна не з лепшымі намерамі: “Эй, очкарик, а у тебя денежка для нас случайно не найдется? Давай мы сами проверим”. Яны не ведалі, што за якіх дзесяць метраў ад мяне быў мой Магнат. Тады я першы і апошні раз у сваім жыцці хацеў сказаць яму: “Фас!” І ён бы кінуўся на іх. Ён бы проста раскалашмаціў іх… Мы з ім хадзілі на вучобу два гады. Першы год — так званы АКД, агульны курс дрэсіроўкі (сядзець, ляжаць, стаяць, апорт, узяцце бар’ераў, беганіна па лесвіцы і г.д. — усё тое, што патрабуецца на сабачых конкурсах і выставах). А другі год — СП, спецыяльная падрыхтоўка. Я на свае вочы бачыў, як ён аднойчы ледзь не парваў муляжнага чалавека ў масцы, у таўшчэзным паліто, у цяжкіх ботах і рукавіцах. Мы тады якраз адпрацоўвалі каманду Фас…

Але я стрымаўся. Проста паклікаў яго: “Магнат, да мяне!” Ён паслухмяна падбег, стаў каля майго левага калена, як быў прывучаны. Мы з ім стаялі і глядзелі на гэтых двух хлопцаў, яны — на нас. У нейкі момант нехта з іх сказаў другому: “Слушай, пошли отсюда лучше”. І яны пайшлі, а я пагладзіў свайго Магната. Сказаў: “Дзякуй табе, мой верны сябар, мой сабачы брат”.

…На гэтых вінтажных чорна-белых фота, якія рабіў я падлеткам у другой палове 80-х савецкім фотаапаратам “Смена-символ” (дарэчы, першым у маім жыцці фотаапаратам), вы бачыце майго Магната. На адной — яму тры з паловай месяцы. Ён такі сумны, бо зламаў лапу — тады, на лёдзе. Я спецыяльна не захопліваў у кадр яе, загіпсаваную. На другой — падужэлы васьмімесячны “падлетак”.

Такі вось быў мой Магнат, мой любімы сабака, на працягу ўсяго свайго нядоўгага 12-гадовага жыцця — сябар, заступнік-абаронца, суразмоўца ў самыя цяжкія хвіліны.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.

P.S. Пяць гадоў назад у нашай кватэры з’явілася новая жывёла. Ужо не сабака, а кот. Дачка папрасіла зрабіць ёй на 10-годдзе такі падарунак, і мы, бацькі, не ўтрымаліся — купілі. Ды не абы-якога, а чыстакроўнага брытанца. Назвалі яго Томасам — у гонар аднаго вядомага спевака, бо поўсць у ката такога ж колеру, як у Томаса шавялюра, — цёмна-карычневая.

Наш каток вельмі ласкавы, дружалюбны, мілы. Амаль як Магнат. І звычкі ў яго, здаецца, амаль такія ж, як у Магната. Трэцца аб цябе, каб яго палашчылі. Ці проста прыйдзе, сядзе побач з патрабавальным поглядам, маўляў, гаварыце са мной. І я гавару.

Але гэтая мянушка — Томас — чамусьці не прыжылася. Мы называем нашага ката… Сабака. А той, як ні дзіўна, адгукаецца.