Крылы

Што галоўнае для дзіцяці? Набыць свой голас. Каб выказаць тое, дзеля чаго, магчыма, і з’явіўся на гэты свет. Зрабіць першы крок. Каб выйсці ў свет і адчуць, што побач ёсць тыя, хто твой голас пачуе і дапаможа ўстаць на ногі, а калі спатыкнешся, падтрымае…

Гэтая скульптурная кампазіцыя, якую вучань 9 класа гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка Павел Велімайтыс паказаў на адным з праглядаў, стаіць перад маімі вачыма, як зараз. Яна скаланула мяне да слёз. Хлопчык, які марыць устаць з інваліднага крэсла, і далонь, што працягвае яму лёгкія, але, здаецца, такія магутныя крыльцы матылька.
Павел Велімайтыс прысвяціў гэты твор свайму сябру. Ён вельмі глыбока ўспрымае і чужы боль, і чужую радасць. І яму вельмі пашанцавала, што спачатку яго маці, а потым любімыя настаўнікі, наш выдатны беларускі скульптар Святлана Рыгораўна Гарбунова, у майстэрні якой ён займаецца, заўважылі, ацанілі і падтрымалі яго сапраўды ўнікальны талент.

Святлана Гарбунова, якая выхавала нямала таленавітых скульптараў, адзначае асаблівую ўвагу Паўла Велімайтыса да малюнка, яго здольнасць выяўляць сваё творчае “я” і пры гэтым прыслухоўвацца і ўлічваць усе заўвагі. Слова “прыслухоўвацца” тут ключавое. У Паўла былі сур’ёзныя праблемы са слыхам. Але ён навучыўся гаварыць, слухаць і чуць і па ўсіх прадметах вучыцца не горш за іншых. А можа, гэта таму, што адчувае за плячыма магутныя крылы?

Кампазіцыя “Крылы” Паўла Велімайтыса зусім невялікая. Выканана ў пластыліне. Але я чамусьці адразу ўбачыла яе ў бронзе. Гэта быў бы незвычайны помнік, помнік дзіцячай мары, якая, калі ўсе мы дапаможам, проста не можа не здзейсніцца.

Галіна БАГДАНАВА.