На гэтым тыдні ўрачыстай цырымоніяй уручэння прэмій прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне”, спецыяльных прэмій прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва, а таксама спецыяльнай прэміі прэзідэнта “Беларускі спартыўны Алімп” быў афіцыйна адкрыты абвешчаны сёлета ў нашай краіне Год культуры.
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі нагадаў прысутным, што Беларусь багатая на таленты і творчыя дасягненні, якія з’яўляюцца гордасцю краіны. І яскравым пацвярджэннем гэтага сёлета стане шырокае святкаванне юбілеяў нашых выдатных дзеячаў мастацтва: Уладзіміра Мулявіна, Максіма Багдановіча, Кандрата Крапівы, Івана Шамякіна… На самым высокім узроўні будзе праведзены і 25-ы юбілейны фестываль “Славянскі базар у Віцебску”, на якім выступаюць прызнаныя майстры і запальваюцца новыя зоркі. “Культура знаходзіцца ў аснове ідэалогіі дзяржаў, указваючы тыя напрамкі і мэты, на якія арыентуецца грамадства”, — адзначыў беларускі лідар.
…А вы, дарагія чытачы, тым часам у руках трымаеце 121-шы выпуск нашага культуралагічнага дадатку “Рэй”, які таксама ў гэтым годзе адзначае юбілей. Першы выпуск адбыўся роўна дзесяць гадоў назад у студзені 2006 года.
Людзям культурным, а такімі, безумоўна, з’яўляюцца нашы чытачы, магчыма, і не трэба было б лішні раз нагадваць, што само лацінскае слова cultura паходзіць ад дзеяслова colere, які мае мноства значэнняў — культываваць, апрацоўваць, урабляць, шанаваць. Але давайце задумаемся, што, а дакладней, каго мы ў такім разе культывуем.
Нашых вучняў — выдатнікаў і троечнікаў, часам “неачэсаных”, непадрыхтаваных да разумення сутнасці культуры і тым не менш нам дарагіх.
Нашых родных, блізкіх, каханых, сяброў, знаёмых, якіх таксама іншы раз хочацца зрабіць больш культурнымі і адукаванымі.
А яшчэ давайце ўспомнім пра тое, што словы “культура” і “культ” — аднаго гістарычнага кораня. Узводзіш культуру ў культ — і робішся культурным сам, і спадзяешся на прысутнасць культуры вакол цябе. А таксама на тое, што ўсё наша грамадства — гэта адмысловы рэй, акультураны, культурацэнтрычны.
Дык будзем жа культываваць наша з вамі жыццё!
Бо нічога ж, па вялікім рахунку, пасля нас не застаецца нашым нашчадкам, акрамя культуры.
Мікола ЧЭМЕР,
рэдактар аддзела культуры, адказны за выпуск культуралагічнага дадатка “Рэй”.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.
Рэй Інтэрнэт-версія дадатку да "Настаўніцкай газеты"