Беларуска-кітайскія літаратурныя сувязі ў многім фарміруюцца дзякуючы менавіта яркім асобам, якія праяўляюць цікавасць да літаратуры кітайцаў альбо беларусаў. Калі аглядвацца на мінулае стагоддзе і ўжо ладны пачатак дваццацць першага, то на агульную карціну прадстаўлення кітайскай літаратуры ў Беларусі паўплывалі такія пісьменнікі, як Максім Танк, Рыгор Барадулін, Мікола Мятліцкі, Вольга Гапеева, Андрэй Хадановіч… Безумоўна, спрыяюць развіццю цікавасці прэзентацыі, кніжныя імпрэзы, публікацыі падборак перакладаў у перыядычным друку. Шмат ужо зроблена дзякуючы і Рэспубліканскаму інстытуту кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта на чале з доктарам філалагічных навук Аляксандрам Гардзеем.
У Кітаі беларуская літаратура, беларускае мастацтва абапіраюцца на такую вядомую ў мастацкім свеце Паднябеснай асобу, як Гао Ман.
Пачынаючы з 2011 года ў розных беларускіх выданнях (“Звязда”, “СБ. Беларусь сегодня”, “Голас Радзімы”, “Беларусь”, “Літаратура і мастацтва”, “Полымя”, “Нёман” і інш.) часта згадваецца імя гэтага кітайскага перакладчыка і мастака (нарадзіўся Гао Ман у 1926 годзе ў Харбіне). Не пераказваючы змест папярэдніх публікацый, нагадаем, што гэтая асоба — яркая зорка ў адносінах кітайскага прыгожага пісьменства са славянскімі літаратурамі. Найперш — з рускай, пасля — з украінскай і беларускай. Пераклаў на кітайскую мову “Кацярыну” Тараса Шаўчэнкі, “Рэквіем” Ганны Ахматавай.
Гао Ман разам з Гэ Баоцянем пераклаў на кітайскую мову кнігу вершаў Максіма Танка. У кітайскім друку выступаў з артыкуламі пра беларускую літаратуру і беларускае мастацтва. У прыватнасці, расказаў пра творчасць народнага мастака Беларусі Георгія Паплаўскага. Адзін з артыкулаў Гао Мана пра беларускага жывапісца перакладзены з кітайскай і надрукаваны ў “Літаратуры і мастацтве”. Намаляваў каліграф і шэраг партрэтаў беларускіх пісьменнікаў. Сярод іх — выявы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Танка, Алеся Адамовіча, Васіля Быкава.
26 жніўня 2014 года ў мінскай кнігарні “Кніжны салон” прайшла вечарына, прысвечаная Гао Ману, яго зносінам з Беларуссю. Расказаўшы напярэдадні ў электронным лісце самому Гао Ману пра маючую адбыцца падзею, я атрымаў у адказ такі вось сціплы ліст: “Дарагі Алесь Мікалаевіч! Глыбока ўдзячны, што вы праводзіце прэзентацыю творчых праектаў, прысвечаных літаратуры і культуры Кітая. Упэўнены, што яна пройдзе з поспехам. Перадайце ўсім удзельнікам маю шчырую ўдзячнасць. Што тычыцца мяне, то я лічу, што не варты быць “паўнамоцным прадстаўніком беларускай культуры ў Кітаі”. Я ўсяго толькі адзін з аматараў і перакладчыкаў беларускай літаратуры і мастацтва. У дні прэзентацыі ўсім сэрцам і душой з вамі. Як бы хацелася яшчэ што-небудзь зрабіць у імя нашай дружбы і ўмацавання культурных сувязей нашых народаў! Дасылаю некалькі здымкаў…”
Адна з фатаграфій, якую, несумненна, варта было б выкарыстоўваць у біяграфіі народнага паэта Беларусі Максіма Танка, асабліва каштоўная. На здымку з сустрэчы дэлегацыі савецкіх культурных дзеячаў з кітайскімі пісьменнікамі ў 1957 годзе ў Кітаі мы знойдзем Максіма Танка (трэці справа). А чацвёрты злева — Гао Ман.
На гэтым жа здымку мы знойдзем старшыню Саюза пісьменнікаў Кітая празаіка і публіцыста Мао Дуня. Нарадзіўся пісьменнік (сапраўднае прозвішча — Шэнь Яньбін) 4 ліпеня 1896 года. Выступаць у друку пачаў у 20-я гады. Аўтар трылогіі “Зацьменне” (1927—1928). У 1928 напісаў артыкул “Ад Гуліна да Токіа”, дзе выклаў сваё разуменне задач рэвалюцыйнай рэалістычнай літаратуры. У 1928—1930 гадах знаходзіўся ў эміграцыі ў Японіі. Вярнуўшыся ў Кітай, заняў вядучае месца ў Лізе левых пісьменнікаў Кітая. У час Вайны супраціўлення Японіі (1937—1945) рэдагаваў часопіс “Вэньі чжэньдзі” (“Пазіцыі літаратуры і мастацтва”). У 1941 годзе выпусціў у Ганконгу раман “Фушы” (“Радасць”). Твор напісаны ў форме дзённіка маладой жанчыны, якая стала супрацоўніцай гаміньданаўскай сакрэтнай паліцыі. Раман абвінавачваў чайнкайшысцкую сістэму вышуку, тэрор супраць патрыётаў. У 1945 годзе напісаў драму “У дні памінак”, прысвечаную перспектывам барацьбы за абнаўленне Кітая ў свеце набліжэння канца вайны. У 1949—1964 гадах займаў пасаду міністра культуры КНР. Старшыня Саюза пісьменнікаў Кітая ў 1953—1981 гадах. Падвяргаўся ганенням у перыяд “культурнай рэвалюцыі”. У 1953 годзе часопіс “Полымя” надрукаваў “Вясенніх шаўкапрадаў” Мао Дуня ў перакладзе на беларускую мову. Відаць, Максім Танк памятаў пра гэтую публікацыю. І не выключана, што прывёз з сабой у Кітай нумар, у якім быў змешчаны гэты пераклад. Тым больш што яшчэ з 1948 года менавіта Максім Танк быў галоўным рэдактарам часопіса “Полымя” і займаў гэтую пасаду да 1966 года. Якраз пры ім у часопісе пачалі з’яўляцца пераклады кітайскай паэзіі і прозы. У 1959 годзе ў Мінску асобным выданнем выйдзе па-беларуску раман Мао Дуня “Перад світаннем”.
…Гао Ман, нягледзячы на такое сціплае вызначэнне сваёй ролі ў беларуска-кітайскіх літаратурных сувязях
(“…усяго толькі адзін з аматараў…” Пабольш бы такіх аматараў!), даволі актыўна і зараз углядаецца ў беларускую культуру, беларускае мастацтва. Літаральна некалькі гадоў назад ён выступіў у адной з вядучых грамадска-палітычных газет Кітая з артыкулам пра ўзнаўленне літаратурных сувязей Беларусі і Кітая. У сваёй пекінскай кватэры перакладчык не аднойчы прымаў беларускіх журналістаў. Сустракаўся з паэтам Навумам Гальпяровічам, якому прысвяціў пасля верш і намаляваў яго партрэт у дадатак да тых каліграфічных выяў беларускіх пісьменнікаў, якія зрабіў у ранейшыя дзесяцігоддзі. Гасцявалі ў Гао Мана радыёжурналістка Вольга Гальпяровіч і аспірантка філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Вераніка Карлюкевіч, журналістка газеты “СБ. Беларусь сегодня” Інеса Плескачэўская. Некаторыя здымкі як сведчанне такой увагі мы і дадаём да гэтай публікацыі.
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ.
Фота з архіва Гао МАНА.