Паглядзець інакш…

На тыдні ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь “Дом-музей І з’езда РСДРП” адбылася афіцыйная перадача вядомым расійскім майстрам-мікрамініяцюрыстам з Омска Анатолем Каненкам у збор НГМ самай маленькай у свеце кнігі вершаў Максіма Багдановіча “Вечар” памерам 1х1 мм і мікрамініяцюрнага герба Рэспублікі Беларусь, устаўленага ў палавінку кедравага арэшка.

Надзвычай сімвалічнай у Год культуры назваў гэтую падзею дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Алег Рыжкоў. І яшчэ больш сімвалічнай, па словах Алега Гар’евіча, яна бачыцца таму, што гэтыя мікрамініяцюры выраблены не грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, а расіянінам, прычым з дастаткова далёкай ад Беларусі Расіі — сібірскага Омска. “Гэта лішні раз пацвярджае, што наш паэт-класік прызнаны ва ўсім свеце, — заўважыў дырэктар. — Для нас гэта вялікі гонар, што самая маленькая ў свеце кніга Багдановіча будзе захоўвацца ў асноўных фондах нашага музея. Таксама мы будзем прапаноўваць яе для экспанавання Літаратурнаму музею Максіма Багдановіча. А герб, натуральна, зойме пачэснае месца ў нашым філіяле — Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці”. Што ж канкрэтна ўяўляюць сабой гэтыя два мікрацуды, падораныя Анатолем Каненкам беларускаму музею?
Зборнік вершаў Максіма Багдановіча “Вечар” — гэта 18 аркушаў зробленай уручную паперы з аднабаковым друкам у цвёрдым пераплёце. Памер кожнага аркуша, як ужо адзначалася, фенаменальны — 1х1 мм. Мікрамініяцюрная кніга была створана ў 2012 годзе.
Герб Рэспублікі Беларусь дыяметрам 6 мм напісаны акварэллю на пласціне з біўня маманта, знойдзенага ў Омскай вобласці Расіі. Пласціна ўстаўлена ў палавінку кедравага арэха, а сам арэшак усталяваны на зрэзе ўральскага каменя серпенціну (змеевіка). Гэты твор датуецца 2015 годам.
Наогул жа на працягу апошніх трох з паловай месяцаў, колькі працавала ў Доме-музеі І з’езда РСДРП выстава Анатоля Каненкі “Цуд пад мікраскопам”, мінчане і госці нашай сталіцы мелі магчымасць убачыць каля 50 унікальных экспанатаў, вырабленых майстрам: падкаваную блыху, калье на зрэзе гарошыны, велікоднае яйка з мастацкага шкла на чалавечым воласе, тэкст на воласе, Эйфелеву вежу на ножцы камара, “Мону Лізу” мікраскапічных маштабаў, функцыянуючую мышалоўку памерам 6х3 мм, тэкст малітвы “Ойча наш” на палавінцы зярнятка вінаграду, мікрамініяцюрны аўтамат Калашнікава, мікраскапічны фірменны знак Apple, цэлы шэраг мікрамініяцюрных кніг розных канструкцый і мадыфікацый, у тым ліку такія сур’ёзныя, як Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі і інш. Што ўсё гэта такое? Дзеля чаго яно? Адкуль узялося?
Як высветлілася з гутаркі з Анатолем Каненкам, такіх, як ён, майстроў-мікрамініяцюрыстаў, у свеце налічваецца ўсяго каля дзясятка. Тым не менш паміж імі назіраецца вельмі жорсткая канкурэнцыя, бо кожнаму, па словах омскага майстра, хочацца зрабіць усё меншае і меншае па памерах.
Анатоль Іванавіч мастацтвам мікрамініяцюры пачаў займацца яшчэ ў 1981 годзе і з таго часу вынайшаў і асвоіў тэхналогіі пісьма на рысавых і макавых зярнятках, на чалавечым воласе, распрацаваў тэхналогіі мікраразьбы па костачках пладовых дрэў, мікравышыўкі, мікрафрывалітэ, мікражывапісу, мікрапэчварку і інш. Мікракампазіцыі Анатоля Каненкі ёсць у калекцыях беларускага, расійскага, карэйскага, чэшскага, славацкага прэзідэнтаў, многіх прэстыжных музеяў свету. Кошт некаторых яго мікрамініяцюр можа дасягаць 50 000 і больш еўра.
А ў мастацтве па стварэнні мікрамініяцюрных кніг Анатолю Каненку, здаецца, і ўвогуле ўдалося зрабіць немагчымае. У 1997 годзе ён стварыў супермікракнігу Антона Чэхава “Хамелеон” памерам менш за 1 мм, якая ў 2002 годзе была занесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса (ранейшы рэкорд належаў шатландцам з іх кнігай памерам 1х1,5 мм). У 2006 годзе майстар выдаў 13 алфавітаў народаў свету памерам 0,8х0,8 мм. У 2010 годзе зрабіў самую маленькую на сёння кнігу ў свеце — 0,1х0,1 мм!
Сёння Анатоль Іванавіч, па яго прызнанні, ужо не гоніцца за тым, каб здзівіць, уразіць, пераўзысці канкурэнтаў. Проста займаецца тым, што падабаецца, чаго не было да гэтага. Таму, можа быць, і ўзяўся аднойчы за Багдановіча: “Вершы вашага паэта мне вельмі ляглі на душу. Быццам і просценькія такія, але чамусь чапляюць. Ён для мяне як наш Ясенін… І для мікраўзроўню Багдановіч цудоўна падышоў: у яго ёсць шмат кароткіх вершаў”. Пра тэхналогію свайго мастацтва таксама гаворыць коратка, але шчыра: “Хто ж вам раскажа пра тэхналогію? Дый вы ўсё роўна нічога не зразумееце! Але калі ў двух словах, то тэхналогія падобная да тэхналогіі афорта — з прадрапваннем малюнка на метале, траўленнем і г.д. Натуральна, уся работа здзяйсняецца пад мікраскопам. Я працую з мікраскопамі павелічальнасцю да ста крат. На стварэнне аднаго мікрамініяцюрнага твора трэба патраціць не менш за паўтара месяца, а то і значна больш часу”.
— Але ў чым сэнс мікрамініяцюрнага мастацтва? Ці толькі ў тым, каб убачыць у малым вялікае? — пытаюся ў Анатоля Каненкі.
— Я вам скажу, што і гэтага ўжо нямала — убачыць вялікае ў малым, — хітравата ўсміхаецца омскі майстар. — Мікрасвет жа — гэта таксама наш свет. У ім таксама ёсць свая прыгажосць і прыцягальнасць. Але галоўнае тут — паглядзець інакш, паглядзець нетрадыцыйна. Мы ж так прывыклі глядзець на рэчаіснасць традыцыйна! Нават на самыя важныя, самыя святыя для нас рэчы… Ну, напішу я на звычайным аркушы паперы: “Миру — мир!” Дык вы ж і не заўважыце гэтага надпісу! Будзеце ісці па вуліцы, а там будзе вісець агромністы білборд “Миру — мир!”. Таксама пройдзеце міма. А вось калі я “Миру — мир!” на чалавечым воласе напішу, вы пагледзіце ў мікраскоп і ПРАЧЫТАЕЦЕ. Мастацтва мікрамініяцюры — гэта новы від мастацтва.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.