Сталічныя тэатры сустрэлі лета сапраўдным парадам прэм’ер. У Беларускім дзяржаўным тэатры лялек адшукалі “Таямнічага гіпапатама”, на абноўленую сцэну ТЮГа прыляцела “Сіняя птушка”, а Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага прапанаваў сваім гледачам пражыць “Вечнасць на дваіх”.
Для многіх у чэрвені пачынаецца час адпачынкаў і канікул, аднак паход у тэатр можна лёгка ўпісаць у свой летні расклад, тым больш што ёсць вельмі добрая нагода наведаць любы з прэм’ерных спектакляў усёй сям’ёй. Мінскія тэатры дастаткова рэдка прапануюць прэм’еры, разлічаныя на гледачоў розных узростаў, якія будзе карысна і цікава паглядзець і дзецям, і дарослым. А названыя пастаноўкі з’яўляюцца менавіта такімі. Кожны са спектакляў можа навучыць як прадстаўнікоў падрастаючага пакалення, так і іх бацькоў простым, але вельмі важным рэчам.
Вучымся сябраваць у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек
Мінскіх (і не толькі) лялечнікаў апошні час папракаюць у пераважнай арыентацыі на дарослую аўдыторую. Нібыта не ставяць яны нічога для сваіх асноўных гледачоў, дзяцей, а калі ставяць, то атрымліваецца такое… Вядома, не кожныя бацькі будуць у захапленні ад спектакля, які не адпавядае іх уласным уяўленням ці ўспамінам пра лялечны тэатр. Напэўна, на такіх прыхільнікаў традыцыі і разлічана пастаноўка “Таямнічы гіпапатам”.
П’еса Уладзіміра Ліфшыца і Ірыны Кічанавай — класіка савецкага тэатра лялек, якую можна знайсці ў рэпертуары многіх калектываў. У Мінску гэтую “казку джунгляў у дзвюх дзеях” паставіў мастацкі кіраўнік тэатра “Батлейка” (Маладзечна) Мікалай Андрэеў разам з мастачкай Таццянай Нэрсісян. Спектакль для дзетак ва ўзросце ад 4-х гадоў атрымаўся сапраўднай казачнай пастаноўкай, у якой нават самыя прыдзірлівыя бацькі не знойдуць і кроплі страшнага авангарда. У “Таямнічым гіпапатаме” асноўнымі персанажамі з’яўляюцца пальчаткавыя лялькі. Шырмы, за якімі схаваны акцёры, ператвараюцца ў вялізныя горы, рэкі і жывёл — слана, зебру, жырафу. Менавіта яркія шырмы і зялёны заднік ствараюць на сцэне дзівосны свет краіны Мералікундыі. Сюжэт спектакля вельмі просты. Ільвяня Лёва вырашае знайсці сабе самага лепшага і самага сапраўднага сябра, які абавязкова павінен быць надзвычай прыгожым, разумным, спрытным. Дапамагаць у пошуках выклікаецца яго прыяцель бегемоцік Бора — сціплы, добры і самаадданы. Ад мудрай жырафы малыя даведваюцца, што самы лепшы сябар у Мералікундыі — гэта гіпапатам. Аднак як ён выглядае і дзе жыве ніхто не ведае. Вось і выпраўляюцца ільвяня і бегемоцік у сапраўднае падарожжа, каб знайсці самага прыгожага, разумнага і лепшага сябра для Лёвы.
Маленькім гледачам, безумоўна, будзе цікава сачыць за падарожжам Лёвы і Боры, іх сустрэчамі з хітраватым трусікам, смешнай малпай, драпежнымі ўдавам і кракадзілам, ганарлівым паўлінам. Спектакль вельмі кампактны (ідзе каля гадзіны з антрактам), таму дзеткі не стомяцца, у ім выкарыстаны яркія, але не крыклівыя колеры, усе персанажы добра пазнаюцца, музычнае афармленне ненавязлівае. Ёсць у “Таямнічым гіпапатаме” і невялічкія тэатральныя цуды: напрыклад, хвост паўліна, які вокамгненна змяняе колер. Вельмі важна і тое, што ў спектаклі выразна і зразумела для малых пададзена асноўная думка. Сапраўдны сябар правяраецца на справах, якія і робяць яго самым прыгожым, самым разумным, самым-самым. Дабрыня і самаадданасць сціплага бегемоціка Боры, які бароніць Лёву ад страшных удава і кракадзіла, не застаюцца незаўважанымі. Ільвяня ў канцы падарожжа ўжо і не імкнецца знайсці таямнічага гіпапатама, бо разумее: сапраўдны сябар у яго ёсць.
Спектакль вучыць маленькіх гледачоў сябраваць, а іх бацькам нагадвае, што дружба не мае нічога агульнага з пабудаванымі выключна на атрыманні выгады адносінамі. Магчыма, пасля спектакля дарослыя задумаюцца: ці няма сярод іх знаёмых якога-небудзь трусіка Канстанціна ці паўліна Паўла?
Вучымся быць шчаслівымі ў Тэатры юнага гледача
Спектакль “Сіняя птушка”, пастаўлены ў ТЮГу мастацкім кіраўніком Уладзімірам Савіцкім, стаў сімвалам вяртання калектыву на родную сцэну. Абранне ў якасці матэрыялу для пастаноўкі філасофскай п’есы-прытчы вядомага бельгійскага сімваліста Морыса Метэрлінка яшчэ да першых прэм’ерных паказаў выклікала дваякія эмоцыі. З аднаго боку, “Сіняя птушка” разнявольвае фантазію рэжысёра і мастака, дазваляе стварыць на сцэне сапраўдную казку, прадэманстраваць усе магчымасці новага абсталявання тэатра, задзейнічаць значную частку трупы. З другога боку, ёсць вялікая небяспека, што, зрабіўшы акцэнт на знешнюю яркасць спектакля, пастаноўшчык не зможа раскрыць глыбіню твора Метэрлінка, які пры ўсім жаданні нельга назваць дзіцячай казкай. У ТЮГу ўсё ж атрымалася ў большай ступені казка, чым філасофская прыпавесць. “Сінюю птушку” пастаноўшчыкі адаптавалі для дзіцячага ўспрымання, і на спектакль можна смела прыводзіць нават пяцікласнікаў.
Арыгінальны тэкст Метэрлінка значна скарацілі. Зніклі асобныя пункты ў падарожжы галоўных герояў Цільціля і Міціль. Купюры зроблены і ў тых сцэнах, якія пастаноўшчыкі захавалі, напрыклад, у палацы Ночы, у лесе, у краіне Успамінаў і краіне Будучыні. Гэтыя скарачэнні часам з’яўляюцца не вельмі арганічнымі. Галоўнае, што з-за іх многія важныя для Метэрлінка моманты проста страчваюцца, не раскрываюцца, што абядняе ўнутраны змест пастаноўкі. Акрамя гэтага, хуткі тэмп змены эпізодаў пакідае ўражанне гонкі, не дазваляе засяродзіць увагу на сутнасці той ці іншай сцэны. Праўда, мэта ўсіх купюр зразумелая: пастаноўшчыкі імкнуліся зрабіць спектакль прымальным па хранаметражы для дзіцячай аўдыторыі. Уладзімір Савіцкі канцэнтруецца на асноўнай лініі, пошуку Сіняй птушкі, пошуку шчасця, і таму адсякае ўсе астатнія, нават вельмі значныя матывы. Напэўна, гэта мэтазгодна ў спектаклі, асноўнымі гледачамі якога павінны быць дзеці. Асобныя скарачэнні і змены ў тэксце таксама лёгка патлумачыць жаданнем пазбегнуць момантаў, якія могуць “траўміраваць” маленькіх гледачоў. Так, у краіне Будучыні брацік Цільціля і Міціль замест узгадкі аб сваёй хваравітасці і хуткай смерці гаворыць, што прынясе людзям шчасце.
Калі для дарослых галоўным у спектаклі застанецца тэкст, у якім усё ж ёсць шмат тэм для разважанняў, то малых “Сіняя птушка” можа прывабіць сваёй эфектнасцю. У пастаноўцы вельмі выразныя, па-сапраўднаму тэатральныя касцюмы, асабліва Агню, Вады, Хлеба (мастак Наталля Сардарава), простая, але функцыянальная сцэнаграфія (мастак Віктар Цімафееў), у якой тактоўна выкарыстаны новыя тэхнічныя магчымасці сцэны. Ёсць у спектаклі і яркія персанажы, напрыклад, кошка Ганны Казловай і сабака Івана Ушакевіча, кранальныя сцэны, якія звяртаюцца да сэрцаў маленькіх гледачоў, вучаць іх слухаць і адчуваць. Такой сцэнай з’яўляецца сустрэча Цільціля і Міціль са Шчасцем Матчынай Любові. Вельмі важна і тое, што “Сіняя птушка” пастаўлена ў тэатры на беларускай мове (пераклад Жанны Лашкевіч).
Новую пастаноўку ТЮГа, напэўна, нельга назваць творчым прарывам, але добрая, светлая казка, якая ў выніку атрымалася з “Сіняй птушкі”, можа навучыць дзяцей і дарослых быць шчаслівымі, бачыць сапраўдную сутнасць і каштоўнасць рэчаў, атрымліваць асалоду ад жыцця, а не траціць яго ў пагоні за няўлоўнай Сіняй птушкай.
Вучымся любіць у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага
Новая пастаноўка Барыса Луцэнкі “Вечнасць на дваіх” вызначаецца як гісторыя кахання, але яе хочацца назваць, хутчэй, сямейнай драмай. Таму што “Вечнасць на дваіх” — гэта не толькі аповед пра каханне Барка і Люсі Купер, якія пражылі ўсё жыццё разам, выгадавалі пяцярых дзяцей і пакутуюць у вымушаным расстанні, бо не ў стане існаваць адно без аднаго. Калі гэта і гісторыя, то гісторыя пра любоў — сапраўдную бацькоўскую любоў і забытую любоў дзяцей да сваіх маці і бацькі.
Старыя Барк і Люсі Купер збяднелі і не ў стане сябе забяспечваць самым неабходным. Яны разлічваюць на дапамогу дзяцей, дзеля дабрабыту якіх ахвяравалі ўсім. Аднак высвятляецца, што ні сыны, ні дочкі не хочуць узвальваць на сябе клопаты аб родных. Пасля папрокаў у недальнабачнасці, якімі дзеці асыпаюць бацькоў, браты і сёстры вырашаюць падзяліць старых паміж сабой. Люсі і Барка амаль сілком раздзяляюць…
У спектаклі “Вечнасць на дваіх” Барыс Луцэнка ўзнімае пытанні ўзаемаадносін пакаленняў. Нельга сказаць, што дзеці старых Купераў — няўдзячныя пачвары. Кожнага з іх, занятага ўласным жыццём і сям’ёй, можна зразумець. Аднак цяжка апраўдаць іх халоднасць і няўвагу да бацькоў, якія атрымліваюць больш спагады ад чужых людзей — нявесткі, зяця і суседа. Адчужанасць паміж блізкімі людзьмі, адсутнасць жадання зразумець адно аднаго становяцца прычынай драматычных падзей у жыцці герояў. Нягледзячы на тое, што дзеянне спектакля адбываецца ў 30-я гады ў Амерыцы, яго паралелі з сучаснасцю відавочныя. Таму на спектакль можна прыйсці са сваімі сталымі дзецьмі ці нават падлеткамі, бо тэма адносін, пабудаваных на ўзаемным даверы паміж маці і дачкой (лінія Нэлі і Джэйн), у пастаноўцы таксама прысутнічае.
Спектакль атрымаўся акцёрскім, без асаблівых рэжысёрскіх адкрыццяў, засяроджаны на перажываннях і эмоцыях герояў, а не на іх знешнім выяўленні. Запамінаецца ў ім некалькі сцэн: першая — сямейны сход — падкрэслена статычная, быццам фотаздымак, які на імгненні ажывае, і сцэна спаткання Барка з Люсі ў рэстаране — цудоўны гімн сапраўднаму каханню, даўжынёй у жыццё. Удалым можна было б назваць і фінал-пакаянне дзяцей, каб не яго празмерная шматслоўнасць. Малітва “Ойча наш”, якая гучыць на арамейскай мове, і выява карціны Рэмбранта “Вяртанне блуднага сына”, якая з’яўляецца на экране, надаюць сцэне філасофскае гучанне і, здаецца, расстаўляюць апошнія акцэнты. Дзеці Купераў разумеюць сваю віну перад бацькамі. І гэта аднаўляе веру ў тое, што сувязь пакаленняў не перарвалася. Аднак пасля на сцэне з’яўляецца партрэт Барка і Люсі, тэма іх кахання становіцца завяршальным акордам спектакля. Магчыма, гэта справядліва, бо Барк і Люсі ў выкананні Расціслава Янкоўскага і Бэлы Масумян дамінуюць у пастаноўцы. Наведаць “Вечнасць на дваіх” варта нават толькі таму, каб паглядзець на гэтых майстроў сцэны.
Спектакль Барыса Луцэнкі з’яўляецца своеасаблівай перасцярогай для дзяцей і бацькоў, вучыць сапраўднай любові і дапамагае лепш разумець адно аднаго. А гэта варта многага.
Тэатр можа быць не толькі месцам для адпачынку. Вельмі хочацца, каб новыя спектаклі мінскіх тэатраў дапамаглі гледачам любога ўзросту стаць больш мудрымі, добрымі і шчаслівымі. Хіба не ў гэтым сэнс мастацтва?
Кацярына ЯРОМІНА.