Разам з праектам, разам з Паэтам…

Шчасліва коціцца па краіне новы культуралагічны праект “Грані творчасці”, арганізатарам якога з’яўляецца Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і які сёлета невыпадкова стартаваў пад светлым іменем Максіма Багдановіча. Нагадаем, што зыходным пунктам праекта стала Нацыянальная бібліятэка Беларусі, дзе вясной разгарнулася грандыёзная мастацкая экспазіцыя “Багдановіч. Маладыя гады” і дзейнічала там амаль да сярэдзіны лета. А ўжо восенню, як і абяцалі арганізатары, мерапрыемствы “Граней творчасці” пачалі вандраваць па ўстановах вышэйшай адукацыі краіны: у верасні — кастрычніку па-добраму не давалі спакою Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Францыска Скарыны, потым — Магілёўскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Арка­дзя Куляшова і Віцебскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Пятра Машэрава.Гэтымі днямі праект адкрываецца ўсімі сваімі зіхатлівымі гранямі ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце. І пра ўсе зіхатлівыя грані сказана тут невыпадкова, бо “Грані творчасці” — гэта не толькі перасовачная мастацкая экспазіцыя “Багдановіч. Маладыя гады”, якая ад аднаго ўніверсітэта да другога папаўняецца ўсё новымі і новымі творамі студэнтаў. Напрыклад, у тым жа Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце, па словах начальніка аддзела культуры і творчасці гэтай уста­новы адукацыі Ганны Ула­дзіміраўны Грэзе, у рамках праекта адбыліся такія адметныя дзеі, як выступленні ўніверсітэцкай студыі мастацкага чытання “Дзеяслоў”, народнага тэатра “Світа”, народнай студыі эстраднай песні “Талент”, літаратурныя вечары, экскурсіі для школьнікаў з асветніцкім і прафарыентацыйным ухілам і многія іншыя інтэрактыўныя культурна-адукацыйныя мерапрыемствы.А  зусім хутка эпіцэнтрам “Граней творчасці” стане Гродзенскі дзяжаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Тут і завершыцца комплекс сёлетніх акцый у рамках праекта на радасць студэнцкай моладзі Гродзеншчыны, якая асабліва ганарыцца тым, што Максім Багдановіч нарадзіўся менавіта ў Гродне. Як паведаміла начальнік аддзела культурна-масавай і адпачынкавай дзейнасці ўпраўлення выхаваўчай работы ГрДУ імя Янкі Купалы Алена Валер’еўна Стэльмах, гродзенскі творчы марафон уключыць у сябе ўрачыстае адкрыццё мастацкай экспазіцыі “Універсум”, літаратурную гасціную “Зорка Максіма”, круглы стол “Я не самотны, я кнігу маю”, канцэртна-паэтычную праграму “Душа твая — малюнак артыстычны” і іншае. І, безумоўна, не раз падчас усіх гэтых мерапрыемстваў будуць гучаць творы самога Максіма Багдановіча, а таксама паэтычныя радкі тых, хто яго абагаўляе. У прыватнасці, выдатнага гродзенскага паэта Алеся Чобата:

Домік твой на месцы,

Максім.

І магіла маці ў парадку.

Ты ўваскрэсні

ў гродзенскім парку!

Ты ж тутэйшы.

Ты гродзенскі сын.Асаблівы рэспект арганізатарам “Граней творчасці” за тое, што ім удалося далучыць да праекта не толькі беларускіх студэнтаў, але і расійскіх — з Яраслаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.Р.Дзямідава, Крымскага федэральнага ўніверсітэта імя У.І.Вярнадскага (Ялта) і Яраслаўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя К.Д.Ушынскага. Зразумела, чаму менавіта гэтыя расійскія УВА было вырашана прыцягнуць да супрацоўніцтва. Усе яны знаходзяцца ў багдановічаўскіх мясцінах.
І трэба сказаць, што кожны з расійскіх універсітэтаў рыхтуе ці падрыхтаваў вельмі адметную праграму. Так, студэнты Крымскага федэральнага ўніверсітэта імя У.І.Вярнадскага пад кіраўніцтвам начальніка аддзела сацыяльна-выхаваўчай і культурна-масавай работы Юліі Васільеўны Братковай працуюць над стварэннем віртуальнай экскурсіі па памятных ялцінскіх месцах, звязаных з нашым паэтам. Таксама віртуальную экскурсію — па Яраслаўскім музеі Максіма Багдановіча — зробяць студэнты Яраслаўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя К.Д.Ушынскага. Яны працу­юць пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук дацэнта кафедры ўсеагульнай гісторыі Алены Яўгенаўны Лях і кандыдата гістарычных навук дацэнта кафедры айчыннай гі­сторыі Міхаіла Уладзіміравіча Талашова. Абодвума віртуальнымі маршрутамі неўзабаве можна будзе прайсціся на партале творчай моладзі artviva.by. А студэнты Яраслаў­скага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.Г.Дзямідава стварылі адмысловы фільм-элегію на словы вершаў Максіма Багдановіча — яго ўжо можна паглядзець на вышэйзгаданым партале. Гэта не можа не кранаць — калі маладыя яраслаўцы чытаюць нашага паэта з такой любоўю, нібы свайго…Днямі мне давялося сустрэцца і пагутарыць з удзельнікамі “Граней творчасці” — студэнтамі філіяла Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай адукацыйнай установы адукацыі “Расійскі дзяржаўны сацыяльны ўніверсітэт” у Мінску Андрэем Петражыцкім і Марынай Падвінскай, а таксама з іх куратарам — загадчыкам сектара па рабоце са студэнтамі Ладай Уладзіславаўнай Зялёнай…Гэта таксама адметны факт, што яны, як бы крышачку ўжо і расіяне, прынялі ўдзел у праекце і па-свойму чулліва ды ярка прадставілі ў ім Максіма Багдановіча. Андрэй, па прафесіі будучы канфліктолаг, стварыў серыю фотакалажаў на розныя вершы Багдановіча — ці хутчэй на розныя тэмы, навеяныя творчасцю паэта. А Марына напісала на верш “Па-над белым пухам вішняў” музыку і сама праспявала сваю песню ў створаным ёй відэакліпе. Не буду пераказваць тут мілыя тлумачэнні аўтараў сваіх твораў. Скажу толькі адно: было відаць, што яны працавалі з усёй душой… Што яны адчулі ў Максіме не проста свайго равесніка, але і чалавека, з якім можна сябраваць, у каго можна вучыцца, з каго можна брац­ь прыклад тады, калі побач у рэальным жыцці не будзе з каго браць прыклад. Запомніліся словы Марыны: “Я нават не ведаю, чаму вырашыла напісаць музыку на “Па-над белым пухам вішняў”. Напэўна, таму, што ў гэтым вершы найбольш ярка ўвасоблены вобраз самога Максіма… Вось ён, такі заўсёды задумлівы, самот­ны… Прыслухоўваецца, як ён сам піша, да зыкаў, якія мы, звычайныя людзі, не чуем. І прызнаецца нам у гэтым: “Не даюць мне думаць зыкі, // Што ляцяць, дрыжаць, звіняць”. І такім родным ён тады становіцца, такім блізкім… і адначасова далёкім”.…І хто ўсё ж “віной” таму, што праект “Грані творчасці” так прыгожа стартаваў у гэтым годзе і аб’яднаў пад зоркай Максіма Багдановіча столькі прыгожых таленавітых лю­дзей? Сам Максім Багдановіч, перад талентам якога не могуць устаяць маладыя людзі і імкнуцца аддаць даніну гэтаму таленту сваімі талентамі? Або апантаныя людзі з ліку арганізатараў праекта, адказных за мерапрыемствы асоб у рэгіёнах і, безумоўна, саміх студэнтаў і кіраўнікоў творчых калектываў? Гэта так і застаецца загадкай… Як сказаў незабыўны Міхась Стральцоў, “загадкай Багдановіча”.

Будзем заставацца разам. Разам з праектам, разам з Паэтам…

Мікола ЧЭМЕР.