Сусвет гісторыі — на пятачку жыцця

Маё знаёмства з канкрэтнымі ўстановамі сярэдняй адукацыі Рагачова пачалося з рагачоўскай сярэдняй школы № 2 імя В.М.Калеснікава, якая заходзіцца ў цэнтральнай частцы горада на перасячэнні вуліц Цымермана і Луначарскага. Маім уважлівам гідам-суразмоўцам тут была настаўніца гісторыі і грамадазнаўства вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства, удзельнік творчай групы настаўнікаў пры Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, неаднаразовая пераможца Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” Вольга Віктараўна Краўчанка. І яшчэ на парозе школы яна пачала жартаваць, але ў яе жартах — абсалютная праўда, бо так яно ўсё і ёсць.

— Ведаеце, — кажа Вольга Віктараўна, — наша школа знаходзіцца ў такім месцы, дзе можна, далёка нікуды не адыходзячы, пражыць усё жыццё. Паглядзіце: усё — побач. Чалавек нараджаецца, яго хрысцяць, — Вольга Віктараўна паказвае на царкву. — У тры гадкі яго адпраўляюць у дзіцячы садок, — паказвае на рагачоўскі дзіцячы сад № 6. — Потым вучыцца ў нашай школе, потым заключае шлюб, — паказвае на ЗАГС, — потым, не дай бог, канечне, калі што здарыцца, да яго паслуг тут і міліцыя, і пракуратура, і пажарная служба, — паказвае на ўсе гэтыя службы, да якіх таксама рукой падаць. — Калі будзе ён жыць шчасліва, дык яму абавязкова захочацца і на канцэрт схадзіць раз-пораз, — паказвае на РДК. — Ну і, нарэшце, морг, могілкі — усё гэта таксама зусім побач з нашай школай, якая знаходзіцца ў сярэдзіне жыццёвага кола… Між іншым гэты пятачок, дзе мы зараз з вамі знаходзімся, — самае высокае месца ў нашым горадзе, бо ў нізіне, па-першае, ніколі б царкву не будавалі, а па-другое, ніколі б пажарную не ставілі. Хадземце ў школу.

Неўзабаве мы апынаемся ў кабінеце гісторыі, які нагадвае музей — са стэндамі, экспанатамі, дакументамі, фотаздымкамі і г.д. Потым ужо даведаюся, што гэта і ёсць адначасова школьны кабінет і адмысловы музей-летапіс 2-й рагачоўскай школы. Пакуль жа толькі міжволі ўяўляю, як, напэўна, цікава тутэйшым дзецям на ўроках гісторыі ў акружэнні самой гісторыі. А тым часам Вольга Віктараўна пачынае свой захапляльны аповед, і я даведваюся, што будынак, у якім мы знаходзімся, быў пабудаваны ажно ў 1907 годзе як рэальнае вучылішча на грошы мецэната Васіля Васільевіча Іолшына і яго жонкі; што ў першыя дзесяцігоддзі савецкай улады тут месціліся педагагічны тэхнікум і настаўніцкі інстытут, а школай № 2 будынак стаў у 1944 годзе, пасля вызвалення Рагачова ад акупантаў.

Вольга Віктараўна расказвае пра пасляваенных дырэктараў школы: Аляксандра Гаўрылавіча Цыкунова (1944—1953), Івана Рыгоравіча Шышла (1953—1984), Сяргея Антонавіча Арцёмішына (1984—2013) — за 6 дзесяцігоддзяў іх было ўсяго толькі 3! Не абыходзіць сваёй увагай заслужаных настаўнікаў 2-й рагачоўскай школы і тутэйшыя педагагічныя дынастыі. Асабліва ўражвае ў экскурсіі Вольгі Віктараўны тое, колькі выдатных людзей выпусціла гэтая ўстанова адукацыі ў розныя гады.

Безумоўна, гэта ў першую чаргу Герой Савецкага Саюза Віталь Міхайлавіч Калеснікаў, чыё імя сёння носіць школа. Свой галоўны подзвіг малодшы лейтэнант Калеснікаў здзейсніў у верасні 1943 года пры фарсіраванні Дняпра ў раёне горада Любеча Чарнігаўскай вобласці. Рота Віталя Міхайлавіча атрымала загад першай фарсіраваць Дняпро. На бярвеннях, у плашч-палатках перапраўляліся салдаты на супрацьлеглы бераг пад моцным агнём ворага. Захапіўшы плацдарм, парадчэлая рота Калеснікава ўтрымлівала яго на працягу двух сутак, адбіўшы 16 контратак пяхоты і танкаў немцаў. Калеснікаўцы адцягвалі на сябе сілы і ўвагу немцаў ад суседняга ўчастка, дзе было падрыхтавана і праведзена фарсіраванне Дняпра сіламі ўсяго злучэння. Віталь Міхайлавіч двойчы быў паранены, у руку і ў грудзі, але не пакінуў поле бою. Ужо знаходзячыся ў шпіталі, ён даведаўся, што чатыром байцам яго роты і яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

А далей былі зноў баі, фарсіраванне Віслы, удзел у вызваленні Варшавы, фарсіраванне Одэра, удзел у жорсткіх вулічных схватках у Франкфурце-на-Одэры, за што Віталь Міхайлавіч быў узнагароджаны ордэнам Аляксандра Неўскага. Удзельнічаў у штурме Берліна і быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Пасля вайны да 1947 года служыў у Германіі, потым вярнуўся ў Беларусь, апошнія гады служыў у Барысаве, дзе пасля цяжкай хваробы памёр у 1964 годзе. Гэты бясстрашны і мужны чалавек, увасабленне савецкага салдата-героя, які так многа зрабіў для вызвалення сваёй Радзімы і Еўропы ад карычневай чумы, пражыў усяго 42 гады. Па просьбе рагачоўскай грамадскасці ён быў перапахаваны ў Рагачове. Яго іменем названа не толькі рагачоўская 2-я сярэдняя школа, але і адна з вуліц раённага цэнтра.


Яшчэ адзін легендарны чалавек, які скончыў рагачоўскую школу № 2, — малодшы лейтэнант міліцыі Вячаслаў Мікалаевіч Сцяпанаў. У 1980 годзе ён паступіў на службу ў Рагачоўскі аддзел унутраных спраў, з 1982 года быў назначаны ўчастковым інспектарам у Запольскім і Дварэцкім сельскіх саветах, а 4 верасня 1984 года жыццё міліцыянера Сцяпанава, зусім яшчэ маладога чалавека (яму на той момант было ўсяго 27 гадоў), трагічна абарвалася: ён быў забіты падчас затрымання небяспечных узброеных злачынцаў у вёсцы Марусіна.

А яшчэ сярод тых, кім ганарыцца 2-я рагачоўская сярэдняя школа, — доктар медыцынскіх навук, член Акадэміі медыка-тэхнічных навук Расійскай Федэрацыі, заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь Міхаіл Міхайлавіч Дзятлаў; доктар педагагічных навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заслужаны член Расійскай акадэміі адукацыі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Іван Фёдаравіч Харламаў; доктар медыцынскіх навук, прафесар, загадчык кафедры оталарынгалогіі Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута Павел Андрэевіч Цімашэнка; доктар хімічных навук спецыяліст у галіне тэхналогій высокамалекулярных і валакністых злучэнняў Алег Іванавіч Тужыкаў; доктар фізіка-матэматычных навук Эдуард Іванавіч Старавойтаў; палкоўнік авіяцыі Анатоль Іванавіч Дзядкоў; Герой Сацыялістычнай Працы, заслужаны настаўнік БССР, кандыдат педагагічных навук Міхаіл Апанасавіч Дзмітрыеў; дыпламат Дзмітрый Уладзіміравіч Паладзенка; кандыдат педагагічных навук спартыўны суддзя міжнароднай катэгорыі па гандболе Віктар Уладзіміравіч Паладзенка; загадчык кафедры 4-й клінічнай бальніцы Мінска хірург ад Бога Рыгор Сямёнавіч Кікоін; доктар тэхнічных навук Анатоль Уладзіміравіч Мікалаенка; лаўрэат першай Іолшынскай прэміі (1992), мастак, рагачоўскі краязнаўца Уладзімір Ільіч Паладзенка і многія іншыя. І гэта не проста пералік дзеля пераліку, а яскравая апеляцыя да магчымасцей усяго толькі адной раённай школы, да ўнікальнасці і гістарычнасці гэтай установы адукацыі.

— Першапачаткова мы збіралі гісторыю нашага горада, — заўважае Вольга Віктараўна Краўчанка, — а потым ужо, як бы адштурхнуўшыся ад яе, паступова сталі збіраць гісторыю нашага будынка. А цяпер яны, гэтыя дзве гісторыі, як бы перапляліся. Гісторыю горада я магу паказаць праз гісторыю школы, гісторыю школы — праз гісторыю горада. На кожны гістарычны момант магу звярнуцца да канкрэтнага стэнда ў нашай экспазіцыі.

З 2007 года, калі 2-я рагачоўская сярэдняя школа адзначыла 100-гадовы юбілей, гісторыка-краязнаўчы праект па стварэнні яе летапісу і летапісу Рагачова паступова пачаў набываць віртуальную падтрымку, паціху прасочвацца ў сетку і абрастаць усё новымі і новымі інфармацыйнымі прадуктамі. Прычым што цікава, самым галоўным памочнікам і апорай у гэтай справе для Вольгі Віктараўны стаў яе сын, вучань 2-й рагачоўскай школы, а цяпер ужо яе выпускнік Павел Краўчанка. Менавіта ён стварыў спецыялізаваны на гісторыка-культурнай тэматыцы сайт “У сутоцы Дняпра і Друці”, дапамагаў Вользе Віктараўне ствараць электронныя дапаможнікі па гісторыі Беларусі. І наогул, у плане захопленасці гістарычнымі пошукамі Павел увесь пайшоў у маму. Так, у 2016 годзе адзінаццацікласнік рагачоўскай сярэдняй школы № 2 Павел Краўчанка стаў пераможцам Рэспубліканскага конкурсу вучэбна-даследчых работ навучэнцаў, яго работа “Гістарычны аспект поліканфесійнасці Рагачоўскага раёна” была ўдастоена дыплома ІІ ступені. Гэта насамрэч вельмі цікавае даследаванне, якім зацікавіліся нават сталічныя спецыялізаваныя выданні. Паўлу ўдалося выявіць рагачоўскія сляды нават тых рэдкіх канфесій, якія не ўваходзілі ў афіцыйную статыстыку, але пры гэтым адыгрывалі важную ролю ў жыцці грамадства, у духоўным яднанні людзей. У гэтым сэнсе паказальная гісторыя так званых катакомбнікаў, прадстаўнікоў Царквы Катакомбнай, на якіх у 50—60-я гады мінулага стагоддзя ўлады зладзілі сапраўднае паляванне. Хаваючыся ад “органаў”, катакомбнікі пераязджалі з вёскі ў вёску, пад пагрозай уласнай бяспекі іх прытулялі ў сябе мясцовыя жыхары. У даследаванні Паўла Краўчанкі ёсць цікавыя гісторыі пра ўсё гэта. Напрыклад, пра тое, як аднойчы іераманаха-катакомбніка Мелхісадэка мясцовы жыхар у апошні момант перад аблавай паспеў вывезці ў спецыяльнай скрыні на колах, якая была прычэплена да веласіпеда. Мелхісадэк быў вельмі маленькага росту…

Але ж вернемся да Вольгі Віктараўны Краўчанка, а канкрэтна — да створаных ёй дапаможнікаў па гісторыі Беларусі, за што яна тройчы станавілася прызёрам Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”: у 2014 годзе заняла на конкурсе 3 месца (“Дапаможнік па гісторыі Беларусі ХІV—ХV стагоддзяў”), у 2015 годзе — 1 месца (“Дапаможнік па гісторыі Беларусі са старажытных часоў да ХІІІ стагоддзя”), у 2016 годзе — 1 месца (“Дапаможнік па гісторыі Беларусі ХVІ—ХVІІІ стагоддзяў”).

— Гэтыя дапаможнікі з’яўляюцца рэкамендаванымі Міністэрствам адукацыі для выкарыстання ў школах, — тлумачыць Вольга Віктараўна. — Прасцей кажучы, атрымліваецца, што настаўнік, маючы друкаваны варыянт падручніка, можа значна пашырыць свае магчымасці ў плане навучання гістарычным ведам. У маіх электронных дадатках ён знойдзе слоўнікі да кожнага ўрока, інтэрактыўныя ілюстрацыі (іх можна глядзець на мультыбордзе, планшэце, тэлефоне, камп’ютары), тэставыя заданні кожнага ўрока, багатую бібліятэку (значна большую, чым у падручніку), аўдыялекцыі (яны пісаліся мной у адпаведнасці з праграмамі), відэаролікі з тэлеперадач, інтэрактыўныя анлайн-карты і інш. Усе дапаможнікі выкладзены ў інтэрнэт з бясплатным доступам. І ўвогуле, шчыра кажучы, я вялікі прыхільнік розных інавацыйных інфармацыйных штучак, таму што бачу, як яны робяць мой прадмет цікавым для вучняў. Гэтыя штучкі я перадаю ім праз інтэрнэт, па блютузе, выкладваю на школьны сайт. Разам з дзецьмі мы ствараем вучэбнае відэа з нарэзкай з фільмаў, тэлеперадач. Яны імі абменьваюцца, прыходзяць на ўрокі ўжо быццам самі настаўнікі — мы актыўна практыкуем так званыя перавернутыя ўрокі. У мяне гэта ўсё ўжо наладжана як сістэма, я займаюся так з усімі паралелямі без выключэння.

— Як жа арганічна спалучаюцца ў вашай асобе гісторык, айцішнік, менеджар! — не хаваю я свайго захаплення.

— А ў мяне ў свой час быў выбар, — адказвае Вольга Віктараўна, — стаць артысткай, матэматыкам ці гісторыкам. Бацька настаяў на тым, каб я паступіла вучыцца на гістфак у Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт. Так я стала гісторыкам, але і матэматыкам ды артысткай у душы таксама засталася, бо гэта былі мае захапленні яшчэ са школы. А потым атрымала і другую адукацыю, якая тычыцца кіравання кадрамі. Адсюль маё менеджарства. Я ж пэўны час працавала яшчэ і завучам у нашай школе, але потым адмовілася ад гэтай пасады на карысць настаўніцкай і навуковай дзейнасці…

Напрыканцы нашай гутаркі з Вольгай Віктараўнай мне захацелася запытаць яе прыблізна пра тое ж, аб чым пытаўся я ў начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Рагачоўскага райвыканкама Пятра Міхайлавіча Гузялевіча:

— Ці ёсць нейкі адметны рагачоўскі менталітэт?

— Я думаю, усё-такі ён ёсць, — пачуў у адказ ад Вольгі Віктараўны. — За ўсю гісторыю нашага горада нас 12 разоў палілі і столькі ж разоў мы адраджалі наш горад з попелу. Гэта, мне здаецца, шмат аб чым гаворыць. Калі б мы, рагачоўцы, не былі працавітымі, жыццярадаснымі, адкрытымі, гасціннымі, добразычлівымі, мы не змаглі б столькі разоў аднавіць наш горад. Мы вымерлі б даўно.

…На такой ноце я развітаўся з Вольгай Віктараўнай, а з галавы ў мяне ўсё не выходзіла пачутае ад яе ў самым пачатку, маўляў, 2-я рагачоўская сярэдняя школа знаходзіцца на такім адмысловым гарадскім пятачку, дзе можна, далёка нікуды не адыходзячы, пражыць усё жыццё… Гэта ж вось як дзіўна атрымліваецца: сусвет гісторыі ў гістарычным будынку — на пятачку жыцця.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.