Святло — адметнасць яе душы

Здаецца, няма такога беларуса, які б не ведаў імя беларускай паэтэсы Яўгеніі Янішчыц. Яна падарыла людзям голас сваёй душы, а Антаніна Сідарук падарыла ім шчодрасць, няўрымслівасць свайго сэрца, адкрыўшы музей выбітнай зямлячкі і зберагаючы памяць аб ёй. Ужо дваццаць гадоў музей з’яўляецца справай жыцця Антаніны Паўлаўны. На такіх людзях трымаецца культурная спадчына Бацькаўшчыны. Дзякуй богу, што такія людзі ёсць.

Антаніна Паўлаўна нарадзілася ў вялікай сям’і служачых. Скончыла Парэцкую сярэднюю школу і працаваць пачала ў роднай школе: спачатку — старшай важатай, потым — выхавальнікам групы прадоўжанага дня, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры і дырэктарам школы. Завочна скончыла Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна.

Яна вучаніца выдатнага педагога і высакароднага чалавека Ф.Ф.Цудзілы. А ён быў любімым настаўнікам і Яўгеніі Янішчыц. І калі Жэні не стала, Фёдар Фёдаравіч сказаў: “Антаніна, нам трэба ўвекавечыць памяць Жэні. Каму-каму, а нам будзе сорамна, калі мы гэтага не зробім. Людзі павінны ведаць пра яе больш”.

Так Антаніна Паўлаўна пачала збіраць матэрыял для будучага музея Яўгеніі Янішчыц. Многа ездзіла, сустракалася з яе калегамі-паэтамі, аднакласнікамі, аднакурснікамі, роднымі, сябрамі. Шмат матэрыялу для музея даў сам Фёдар Фёдаравіч Цудзіла, мама паэтэсы, Марыя Андрэеўна, сын Андрэй, беларускія літаратары…

Вялікую дапамогу ў адкрыцці музея аказала прафесар Вера Якаўлеўна Ляшук, вядомы журналіст Уладзімір Андрыевіч, народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, сябры, аднакурснікі…

І 21 лістапада 1998 года музей беларускай паэтэсы адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў. Спачатку Антаніна Паўлаўна працавала як падзвіжніца. Не атрымлівала за сваю працу ніякай матэрыяльнай узнагароды на працягу дванаццаці гадоў. Але ніколі не дазваляла сабе адмовіць у правя­дзенні экскурсіі, якіх тут прайшло звыш 600.

На Піншчыне яе ведаюць амаль усе настаўнікі, вучні, студэнты… Вядомасць набыта пошукам, зборам матэрыялаў для музея. Яна захапляецца творчасцю славутай зямлячкі яшчэ і таму, што яны з Жэняй галінкі аднаго радавога дрэва, сваякі, так бы мовіць. Родзічам грэх забываць адно аднаго.

Святло — адмеціна душы Антаніны Паўлаўны, любоў да працы — скарб яе. На базе музея праводзіцца шмат цікавых семінараў, педагагічныя чытанні, сустрэчы з пісьменнікамі, вечарыны.

Геаграфія наведвальнікаў музея надзвычай шырокая: тут пабывалі людзі ці не з усіх куткоў Беларусі, сюды едуць з Расіі, Польш­чы, Чэхіі, Амерыкі, Германіі, Італіі, Ірландыі, Украіны, Прыбалтыкі…

У кнігах водгукаў у яе адрас толькі самыя шчырыя словы падзякі за вялікую і неабходную працу па захаванні матэрыялаў музея. Дарэчы, ён пастаянна папаўняецца новымі экспанатамі. Зараз іх у музеі 277 асноўнага фонду і каля 400 дапаможнага. 25 чэрвеня 2013 года музею быў прысвоены статус “народны”, а ў гэтым годзе пацверджаны.

Антаніна Паўлаўна аддала педагагічнай дзейнасці каля пяцідзесяці гадоў, цікавілася і цікавіцца краязнаўствам. Яна сабрала многа фальклорных твораў, матэрыялаў пра жыццё і дзейнасць Р.А.Скірмунта, гісторыю вёскі Парэчча. 

За добрасумленную працу мае падзякі, дыпломы, ганаровыя граматы. Педагог-творца, настаўнік вышэйшай катэгорыі каля пяцідзесяці гадоў ідзе па дарозе роднай вёскі, выбранай ёй аднойчы і назаўсёды, і па дарозе настаўніцкай — дастойна, упэўнена і цвёрда. Пажадаем ёй моцнага здароўя, творчага натхнення і жыццёвага аптымізму!

CвятланаНЕЎДАХ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Парэцкай базавай школы імя Яўгеніі Янішчыц Пінскага раёна.