Шчаслівыя моманты жыцця настаўніка-метадыста, выкладчыка тэатральных дысцыплін маладзечанскай гімназіі № 10, рэжысёра-пастаноўшчыка гімназічнага ўзорнага тэатра-студыі “ТэсТ” Таццяны Бабей.
З выкладчыкам тэатральных дысцыплін маладзечанскай гімназіі № 10 кіраўніком гімназічнага ўзорнага тэатра-студыі “ТэсТ” Таццянай Ігнацьеўнай Бабей мне давялося пазнаёміцца яшчэ ў 2009 годзе, калі яна са сваімі юнымі акцёрамі-гімназістамі паставіла цудоўны спектакль “На крылах музыкі”, прысвечаны вядомаму беларуска-польскаму кампазітару Яну Тарасевічу. Гэта быў міжнародны тэатральны і даследчы праект. Дзеці вывучалі гістарычны матэрыял, аналізавалі творчасць Яна Тарасевіча на ўроках, пісалі даследчыя работы. А сам спектакль урэшце стаў вельмі значнай падзеяй не толькі для 10-й гімназіі Маладзечна, але, бадай, і для ўсяго гэтага горада. У Польшчы ён ішоў на польскай і рускай мове, у нас — на беларускай. У пастаноўцы былі задзейнічаны ажно 33 дзяўчаты і хлопцы, з іх 18 палякаў.
Тады, 6 гадоў назад, калі я ездзіў у Маладзечна і потым пісаў пра той спекталь у “Настаўніцкай газеце”, шчыра кажучы, нават і не думаў, што калі-небудзь мае журналісцкія сцежкі мяне зноў прывядуць на маладзечанскую вуліцу Багдана Хмяльніцкага, 20, у 10-ю гімназію, і я зноў сустрэнуся з Таццянай Ігнацьеўнай. І тым больш тады я не мог прадугадаць, што той сваёй публікацыяй 6-гадовай даўнасці я нешта некаму напрарочу. Але цяпер, калі я другі раз прыехаў да Таццяны Ігнацьеўны, якая запрасіла мяне на новую прэм’еру “ТэсТа” паводле Аляксея Дударава, яна з парога ўсміхаючыся мне заявіла: “А вы ж, Мікалай Мікалаевіч, як высвятляецца, прарок!” І з гэтымі словамі паказвае мне тую маю публікацыю: “Бачыце вось гэтага хлопца разам са мной на фотаздымку? Гэта Мікіта Костачка. Чамусьці ж вы вырашылі мяне сфатаграфаваць менавіта з ім! А сёння ён студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў! Будучы прафесійны артыст тэатра!” Вось, аказваецца, чаму мяне назвалі прарокам. Але ж прыемна! І за Мікіту Костачку радасна…
Яшчэ па тэлефоне перад выездам у Маладзечна я адразу ж папярэдзіў Таццяну Ігнацьеўну аб тым, што на гэты раз буду пісаць не столькі пра спектакль паводле А.Дударава, колькі пра яе саму спецыяльна для святочнага “восьмасакавіцкага” выпуску нашай газеты. І вось мы сядаем з ёй ва ўтульным пакойчыку побач з актавай залай, дзе ў гэты час ідуць апошнія падрыхтоўванні да вячэрняга спектакля, я вымаю дыктафон і мы пачынаем размаўляць.
Як высвятляецца, Таццяна Ігнацьеўна вучылася ў свой час у гэтай жа 10-й маладзечанскай гімназіі (тады яшчэ сярэдняй 10-й школе), дзе і працуе сёння. З вялікай удзячнасцю і нават замілаваннем яна прыгадвае сваіх педагогаў: заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусь Алену Трафімаўну Лебедзеву, якая выкладала гісторыю, настаўніцу фізікі Лідзію Дзмітрыеўну Маханькову, “вельмі энергічную жанчыну, якая дапамагала фарміраваць у нас лідарскія якасці”, настаўніцу рускай мовы і літаратуры Веру Генадзьеўну Шанько, якая прывіла Таццяне Ігнацьеўне любоў да філалогіі і тэатра. І таму было абсалютна заканамерна, што, скончыўшы школу ў 1975 годзе (дарэчы, гэта быў першы выпуск 10-й сярэдняй школы Маладзечна), яна паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Атрымаўшы сур’ёзныя філалагічныя веды ў альма-матар, вярнулася ў родную школу працаваць настаўніцай-славесніцай, але неўзабаве адчула, што выкладанне мовы і літаратуры вельмі блізкае ёй, але ўсё-такі не зусім тое, чаго прагнула душа.
“Я зразумела, што для мяне важна не толькі вучыць дзяцей на чужым жыцці (літаратура ж гэта падручнік жыцця!), не толькі спасылацца на літаратуру ў якасці прыкладу жыццёвых паводзін, — распавядае мая суразмоўніца. — Мне хацелася, каб дзеці самі маглі пражыць чужое жыццё, апісанае ў літаратурных творах, каб яны маглі яго самі выбудаваць, адчуць. А што гэта, як не тэатр? І таму я паступіла на рэжысуру народнага тэатра ў акадэмію мастацтваў, завочна закончыла яе і… стварыла ў гімназіі тэатр-студыю “ТэсТ”. Так вось нязменна і кірую ім ужо 29 гадоў”.
Таццяна Ігнацьеўна прыгадвае, што справы “ТэсТа” асабліва пайшлі ўгору ў 2007 годзе, калі яна цалкам аддалася тэатральнай дзейнасці ў гімназіі (да гэтага яна 15 гадоў працавала намеснікам дырэктара гімназіі па дысцыплінах эстэтычнага цыкла, і спалучаць адміністратарскую працу з творчасцю было нялёгка). А ў 2009 годзе, як ужо ведае чытач, “здарыўся” той беларуска-польскі праект паводле Яна Тарасевіча, які выклікаў тады сапраўдны фурор.
Гэта быў, насамрэч, знакавы, пераломны момант у жыцці тэатра-студыі “ТэсТ” яшчэ і таму, што са спектакля “На крылах музыкі” нарадзіўся цэлы праект “Асоба майстра на фоне сусветнай мастацкай культуры”. Другой пасля Яна Тарасевіча такой асобай стаў Мікалай Гогаль: са спектаклем “Жаніхі” па аднайменнай гогалеўскай п’есе “ТэсТ” паспяхова выступіў на абласным тэатральным фестывалі “Чароўны куфэрак” у Любані, дзе ансамбль хлопчыкаў з Маладзечна быў прызнаны лепшым, а потым узяў 3 месца на І Міжнародным адкрытым фестывалі “Паралельныя сусветы” ў Баранавічах у 2010 годзе. Дарэчы, пра гэты фестываль Таццяна Бабей гаворыць з асаблівым піетэтам: “Аднойчы там пабываўшы, адчуўшы тую ні з чым непараўнаную атмасферу, ужо не можаш не марыць прыехаць туды зноў! Мы ўдзельнічалі ў “Паралельных сусветах” ужо тры з чатырох разоў, колькі ён праводзіўся. Спадзяёмся, што паедзем і сёлета, у красавіку…”
Пасля Гогаля быў Рэй Брэдберы, дакладней, спектакль “Пастскрыптум, або Працяг будзе” паводле розных твораў Р.Брэдберы з акцэнтам на яго апавяданне “Красавіцкае чараўніцтва”. З той пастаноўкай звязаны адзін цікавы, амаль містычны момант. Праз нейкі час пасля прэм’еры “тэстаўцы” напісалі Рэю Брэдберы вялікі ліст са словамі ўдзячнасці і захаплення яго талентам. Пакуль той ліст ішоў у Штаты, пісьменніка не стала. Атрымліваецца, самі таго не ведаючы, гімназісты паслалі прывітанне вечнасці.
Потым у рамках праекта “Асоба майстра на фоне сусветнай мастацкай культуры” былі яшчэ два спектаклі — па ранніх апавяданнях Антона Чэхава і па творчасці Марыны Цвятаевай. Для апошняй пастаноўкі Таццяна Ігнацьеўна прыдумала незвычайны жанр — “музычны неспектакль”, намякаючы на тое, што гэта яшчэ не спектакль, але ўжо нешта большае за традыцыйную літаратурна-музычную кампазіцыю. І якое ж было шчаслівае яе здзіўленне, калі потым яна дзесьці вычытала, што Чулпан Хаматава вызначыла жанр свайго спектакля абсалютна гэтак жа!
І вось надышла восень 2014 года — апошняя гімназічная восень для сённяшніх адзінаццацікласнікаў, удзельнікаў узорнага тэатра-студыі “ТэсТ”. Таццяна Ігнацьеўна расказвае, што, калі ў верасні яна са студыйцамі па традыцыі пачала абмяркоўваць варыянты выпускнога спектакля, меркаванні падзяліліся. Адным хацелася сыграць нешта вясёленькае, але большасць “захацелі папакутаваць”. “У перакладзе на мову дарослых “дзеці хочуць папакутаваць” азначае “дзеці хочуць перажыць сапраўднае пачуццё на сцэне”, — удакладняе мая суразмоўніца. — Ну што ж, пакутаваць дык пакутаваць… Я тады ў іх пытаюся: “А як пакутаваць будзем?” І тут адзін з хлопцаў, Мікіта Талстой, раптам кажа: “Будзем пакутаваць на вайне. І толькі на беларускай мове”.
Гэтыя словы адзінаццацікласніка, успамінае Таццяна Ігнацьеўна, круціліся ў яе галаве некалькі дзён запар. На вайне… Вельмі лагічна будзе ў год юбілею Вялікай Перамогі! На вайне, і толькі на беларускай мове… Ну хто яшчэ, калі не Аляксей Дудараў?! Дарэчы, у свой час Таццяна Бабей прайшла праз яго “Радавых”, калі была актрысай народнага тэатра, таго самага, з якога пазней паўстаў Маладзечанскі абласны драматычны тэатр. Ёсць і такая шчаслівая старонка ў біяграфіі маёй гераіні.
А неўзабаве, хоць і не без цяжкасцей, адшукалася дастаткова свежая п’еса Аляксея Дударава “Не пакідай мяне…” — трагічная гісторыя пра тое, як у 1944 годзе франтавік-разведчык капітан Міхасёў атрымлівае пад сваё камандаванне спецразведгрупу з чатырох байцоў для выканання асабліва важнага задання. Задача групы — пракрасціся на вузел сувязі ворага і паралізаваць яго работу, забяспечыўшы поспех наступальнай аперацыі савецкіх войск. І ўсё было б па звычных законах ваеннага часу, калі б гэтымі чатырма байцамі не аказаліся… чатыры ўчарашнія школьніцы, дзяўчаты ад 17 да 19 гадоў, народжаныя для кахання, для святла, для мацярынства… Амаль усе яны ў рэшце рэшт загінуць.
Таццяна Ігнацьеўна гаворыць, што спекталь “Не пакідай мяне…” ствараўся ўсёй гімназічнай (і нават не толькі гімназічнай) грамадой. Так, у якасці мастакоў над спектаклем працавалі прафесійны мастак Іван Смалякоў і калега Таццяны Ігнацьеўны па тэатры-студыі “ТэсТ” Наталля Русак, над пластыкай акцёраў — прафесійная актрыса Маладзечанскага абласнога драматычнага тэатра Алена Рахмангулава, асвятленнем, гукавым афармленнем і мультымедыйным суправаджэннем займаліся васьмікласніцы і дзесяцікласніцы Лізавета Тур, Паліна Баштык, Настасся Спець, Марыя Прыткова, Кацярына Сафонава і Серафіма Жукоўская. З вайсковай формай часоў Вялікай Айчыннай вайны дапамаглі ў Палацы культуры. Галоўныя ролі ў спектаклі выканалі адзінаццацікласнікі Мікіта Талстой (капітан Міхасёў), Дзмітрый Руткоўскі (палкоўнік), Ганна Такушэвіч (Вераніка Крэміс), Хрысціна Гудзель (Аля Ладысава), Наталля Лашук (Зіна Бацян), Антаніна Будай (Ядзя Гурская). Дарэчы, спецыяльна для гэтай пастаноўкі дзяўчаты нават займаліся страявой падрыхтоўкай і наогул армейскай выпраўкай пад кіраўніцтвам былога ваеннага, а сёння настаўніка фізікі, старшыні гімназічнага прафкама Дзмітрыя Хаўроніна.
Пра ўласную ж самую галоўную ролю рэжысёра-пастаноўшчыка Таццяна Бабей расказвае больш у вобразнай метафарычнай форме: “Над гэтым спекталем мы працавалі “на мурашках”. Ёсць мурашкі — правільна, няма — значыць, трэба іх шукаць. І мы шукалі гэтыя мурашкі кожны дзень…”
А яшчэ яна прызналася, што за тры дні да прэм’еры, 22 лютага, яна наважылася пазваніць Аляксею Дудараву, каб атрымаць не тое што дазвол, а… блаславенне аўтара. Ды як на тое ў трубку ўсё-такі прасачылася гэтае слова — “дазвол”. І тады з таго канца проваду яна пачула ад Аляксея Ануфрыевіча жаданае блаславенне: “Які дазвол! Што вы гаворыце! Іграйце і цешце людзей!” Потым ужо яна разгаварылася з драматургам і яны разам высветлілі многія вельмі важныя для спектакля рэчы. Аляксей Дудараў заўважыў, што, як ні парадаксальна, самую трагічную фігуру ў п’есе ён бачыць не ў капітане Міхасёве, які фактычна толькі выконвае загад, а ў палкоўніку, які пасылае Міхасёва разам з дзяўчатамі на верную смерць у імя перамогі. Ці, напрыклад, пішучы п’есу, ён добра-такі напакутаваўся з вобразам Зіны Бацян, гэтакай “аторвы”, якая ў самым пачатку кажа, што вусны жанчынам патрэбны толькі для пацалункаў, а ў канцы, незадоўга да пагібелі, прызнаецца Міхасёву: “Не цалавалася я яшчэ ні з кім…” Гэты момант у спектаклі потым стаў гэтакай квінтэсэнцыяй тых мурашак, пра якія гаварыла мне рэжысёр. “А ўвогуле, я атрымліваю кайф, калі бачу, як дзеці мяняюцца. Калі героі выходзяць з-пад твайго кантролю… Усё гэта было падчас работы над спектаклем “Не пакідай мяне…”, і ўсё гэта рабіла мяне бязмежна шчаслівай”.
22 лютага я глядзеў спектакль Таццяны Бабей, і ў мяне таксама былі мурашкі. “Цудоўна… На адным дыханні… Іншым разам наварочвалася сляза…” Ну што яшчэ я мог сказаць Таццяне Ігнацьеўне пасля прагляду, калі тая сляза і сапраўды наварочвалася, а ўбачанае на сцэне прымушала раз-пораз дранцвець ад перажывання чалавечай трагедыі?! І я зусім не здзівіўся, калі даведаўся, што вядомая расійская актрыса Ірына Кіручэнка, якая ў той дзень была праездам у Маладзечне і таксама паглядзела спектакль “Не пакідай мяне…”, назвала “ТэсТ” неверагодна жывым тэатрам, а саму пастаноўку падзеяй у маштабе краіны…
…Сёння ў Таццяны Ігнацьеўны Бабей падрастае добрая змена акцёраў-васьмікласнікаў, з якімі летась яна паставіла спекталь “Агуркі і іншыя пірожныя” паводле Ксеніі Драгунскай (гэтая пастаноўка прайшла нават адбор на міжнародны фестываль у Маскве, але паехаць туды гімназістам не дазволілі фінансавыя цяжкасці). А неўзабаве з імі ж яна будзе ставіць “Скупога” паводле Мальера. “Чаму “Скупога”? — заўважае ўсміхаючыся мая суразмоўніца. — Канечне, дзяўчатам-васьмікласніцам хацелася сыграць штосьці пра каханне, яны да гэтага ўжо гатовы. А вось хлопцы-васьмікласнікі яшчэ не. Вось таму і будзем проста даследаваць чалавечую прыроду…”
Але ж на самай справе ўсё зусім не проста. Проста так мурашкі не з’яўляюцца. А Таццяна Ігнацьеўна абавязкова будзе іх шукаць.
Будзе.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.