Уладзімір Акулаў: набыццё легенды

Фактычна ўвесь другі паверх Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (Мінск, вуліца Някрасава, 3) сёння аддадзены пад творы легендарнага мастака так званай другой хвалі беларускага авангарда Уладзіміра Акулава. Куратарам выставы “Набыццё легенды” выступіў вядомы калекцыянер Яўген Ксяневіч.

Уладзімір АКУЛАЎ нарадзіўся ў Баранавічах у 1954 годзе. Займаўся ў Слуцку ў студыі выяўленчага мастацтва гарадскога Дома піянераў і школьнікаў ва Уладзіміра Садзіна (1924—2010).

У 1976—80-х гадах вучыўся на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педагагічнага інстытута.

Выставачную дзейнасць пачаў у 1985 годзе. Яго персанальныя выставы праходзілі ў 2000 годзе ў Ватэрлоа (Бельгія), у 2013 годзе — у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, у 2014 годзе — у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у 2016 годзе — у Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства (Мінск), Віцебскім мастацкім музеі.

Творы захоўваюцца ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Віцебскім мастацкім музеі, Музеі палацава-паркавага ансабля Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, Полацкай мастацкай галерэі, Слуцкай галерэі мастацтваў, Музеі сучаснага рускага мастацтва ў Нью-Джэрсі (ЗША), прыватных калекцыях Беларусі, Украіны, Расіі, Бельгіі, Польшчы,Германі, Італіі, краінах былой Югаславіі.

akyla7640 Ходзіш па шматлікіх залах і калідорах НЦСМ, узіраешся ў творы мастака і літаральна скурай адчуваеш, як мастацкая легенда становіцца жыццём. Як чалавек крыху дасведчаны ты бачыш у работах мастака пераважна кубістычныя рэплікі Пабла Пікасо, Фернана Лежэ, Жожа Брака, Жана Метцэнжэ, Хуана Грыса, Альбера Грыза, Анры Ле Факанье, Рабера Дэлане… А як чалавек, проста закаханы ў мастацтва, ты спыняешся найперш перад партрэтамі, створанымі Уладзімірам Акулавым.

Спыняешся і дзервянееш ад чысціні і галізны, той, калі можна так сказаць, цнатлівай непрыкрытасці, на якую здольна толькі сапраўднае выяўленчае мастацтва.

Хто ты, чалавек у капелюшы? Чаму ты глядзіш быццам на мяне і быццам у нікуды? Чаму тваё левае вока падобна да яйка, якое сцякае жаўтком на сківіцу?akyla6640 Хто вы, спакутаваныя ўшчэнт людзі на палатне “Вяртанне з палону”? Вы ж вярнуліся з палону. Але чаму жах так і застаецца вечным помнікам пакутам у вашых вачах і грымасах?

Хто вы, “Футбалісты” з сумнымі, заклапочанымі тварамі? Вы не з “БАТЭ” і не з мінскага “Дынама” — гэта відавочна. Можа быць, ваша каманда называлася “Вусціш”?

Хто ты, “Юны натураліст”? Чаму так недаверліва і збянтэжана ты глядзіш на прыроду? Ты не чакаў ад яе такіх сюрпрызаў, ты не думаў, што яна можа вырабіць такое?

Хто ты, чалавек з вялікім вухам, у акулярах і з барадой? Можа быць, ты Ван Гог, якому ўжо не патрэбна вуха?
Хто ты, дзядзька на “Аўтапартрэце”? Чаму ты так дзіўна на мяне пазіраеш? Я нічога табе не зрабіў благога. Або ты, можа быць, нешта ўчыніў не тое? Не глядзі на мяне так, прашу цябе. Мне страшна.akyla3640 akyla2640З творамі Уладзіміра Акулава можна размаўляць толькі так — на “ты”. Шчыра і бязлітасна. Як размаўляюць і яны з табой.

Мае два галоўныя ўражанні-паслясмакі пасля наведвання выставы Уладзіміра Акулава “Набыццё легенды”. Першае: да сваёй прыкрасці, я не ведаў, пакуль не наведаў гэтую выставу, што ў нас ёсць такі мастак — Уладзімір Акулаў. Я не ведаў, што ў нашым мастацтве ёсць такі сусвет пад назвай Уладзімір Акулаў. Я не ведаў, што кубізм можа быць сапраўды беларускім, а не фрацузскім ці іспанскім. Другое — гэта неверагоднае супрацьстаянне цэльнай натуры мастака, яго асобы, і разбэрсанасці навакольнага свету. Гэта той пункт напружання, які не дае адарвацца ад многіх яго твораў.

А каб гэтыя мае словы не гучалі “гласом вопиющего в пустыне”, заручаюся падтрымкай прафесіяналаў.akyla1640 akyla640 Мастацтвазнаўца Мікола Паграноўскі: “Уладзіміра Акулава можна справядліва параўнаць з Жоржам Руа, які на пытанне “Калі б вы трапілі на бязлюдную выспу, вы сталі б займацца жывапісам?” адказаў: “Безумоўна. Я ж быў бы там не адзін. Са мной быў бы Бог”. Акулаў на такое пытанне адказаў бы прыблізна тое ж самае: “Там быў бы я і Жывапіс”. А жывапіс для яго Бог. Для Акулава гэта тое разуменне творчасці, якое многія мастакі сёння страцілі ў працэсе свайго “ўдасканалення”, думаючы пра заказы, продажы і грошы”.

Мастак старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца: “Гэты чалавек ужо жыве па-за часавымі вызначэннямі… Гэты чалавек адбыўся. Яго партрэт “Вобраз у капелюшы” абсалютна шэдэўральны. Калі ў любога мастака знойдзецца дзясятак такіх твораў за ўсё жыццё, то гэтага будзе дастаткова”. Мастак намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Леанід Хобатаў: “Знімаю перад Уладзімірам Акулавым капялюш. Гэта проста, не пабаюся гэтага слова, геніяльна”.

Мастацтвазнаўца Юрый Абдурахманаў: “Уладзімір Акулаў вельмі рознабаковы мастак. На мой погляд, ён адзін з самых значных і цікавых творцаў канца ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя на постсавецкай прасторы”.

Мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн: “У яго фантастычны жывапіс. Я, калі гляджу Акулава, нязменна ўспамінаю Суціна. Гэта мяцеж, абсалютная свабода, абсалютная самабытнасць…”

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*