Кажуць, пісьменнікам трэба нарадзіцца. Ды ўсё ж, напэўна, гэтага мала: цяжэй — стаць ім. Бо любы дар, любы талент, нават самы вялікі, не апраўдае надзей, не прынясе належнага плёну без настойлівай працы над сабою. Трэба штодзённа думаць, трэба — працаваць! Лянота — найпершы вораг творчага чалавека, і пісьменніка — у тым ліку. Не кажучы ўжо пра самаўпэўненасць ды абыякавасць.
І яшчэ. Апрача ўсяго, кожнаму творцу, кожнаму таленту абавязкова патрэбна падтрымка. Як і вучню ў школе. Асабліва на самым пачатку творчай дарогі.
Расціславу Бензеруку пашанцавала: спачатку, калі вучыўся на філфаку Брэсцкага педінстытута імя А.С.Пушкіна, дзе выкладчыкі стараліся падтрымаць кожнага здольнага студэнта, яго заўважыў Уладзімір Андрэевіч Калеснік — вядомы крытык і літаратуразнаўца. Як прызнаецца Расціслаў Мацвеевіч, “у студэнцкія гады пісаў і вершы, і апавяданні, і нават аповесць “Судьба одинокой птицы”. Ці хапіла б смеласці прапанаваць нешта рэдакцыям газет альбо часопісаў, не ведаю, калі б не адзін выпадак”.
Пасля інстытута яго паслалі працаваць настаўнікам мовы і літаратуры на Лунінеччыну, у Бастынскую сярэднюю школу. Аднойчы, калі ехаў у Брэст, купіў у дарозе часопіс “Нёман”. Пачаў чытаць і знайшоў у ім нізку апавяданняў маладых беларускіх пісьменнікаў, перакладзеных на рускую мову. Прадмову да публікацыі зрабіў Янка Брыль. Маладому пачаткоўцу Расціславу Бензеруку падумалася, што яго аповесць “Судьба одинокой птицы” таксама падышла б “Нёману”. І паслаў яе. Але ў пісьме папрасіў, каб аповесць перадалі Янку Брылю. Хацелася пачуць яго думку.
Пачакаўшы два месяцы, сабраў, як яму падалося, лепшыя вершы, некалькі апавяданняў для дзяцей і зноў паслаў іх у рэдакцыю “Нёмана”. Неўзабаве атрымаў адказ ад Брыля. Іван Антонавіч далікатна выказаў свае заўвагі, знайшоўшы ў аповесці “парасткі мастацкасці”, а вершы раскрытыкаваў. Аднак станоўча ацаніў апавяданні для дзяцей. Адно з іх — “Характер Лены” — параіў паслаць у “Зорьку”. Менавіта ў гэтай газеце яна і была надрукавана 3 красавіка 1970 года.
Вядома ж, па падказцы Янкі Брыля, які ў той час працаваў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, Расціслаў Бензярук упершыню атрымаў запрашэнне на творчы семінар маладых літаратараў. “Дзесяць дзён, праведзеных у Каралішчавічах пад Мінскам, — піша ён у аўтабіяграфічных нататках, — пераканалі мяне ў тым, што трэба пісаць. І толькі па-беларуску”.
Расціслава Бензерука заўважылі даволі хутка. Яго апавяданні, казкі, гумарэскі пачалі часта з’яўляцца на старонках дзіцячых і дарослых выданняў: у “Вясёлцы”, “Бярозцы”, “Піянеры Беларусі”, “Работніцы і сялянцы” (сённяшняй “Алесі”), “Вожыку”, “Чырвонай змене”. Да яго твораў прыхільна ставіліся сам Васіль Вітка, Алесь Пальчэўскі, Сяргей Грахоўскі, Алена Васілевіч. А заслужыць пахвалу ад іх, прызнаных майстроў дзіцячай літаратуры, было ой як нялёгка! Сам ведаю.
Я рады, што ў свой час таксама змог прычыніцца да літаратурных клопатаў настаўніка з глыбінкі, здольнага, але надзвычай сціплага чалавека Расціслава Бензерука. Першая сустрэча з ім адбылася даўно, зімою 1970 года. У школьнікаў якраз былі канікулы, і ён прыехаў у Мінск, каб прайсці па рэдакцыях, паказаць свае новыя творы. Зайшоў і ў “Бярозку”, дзе я тады працаваў. Прынёс апавяданне “Апошні яблык з дрэва Дружбы”. Мы тут жа з калегамі пагадзіліся, што для загалоўка хопіць і двух пачатковых слоў. Апавяданне ўбачыла свет восенню таго ж года. А мы з Расціславам неўпрыкмет пасябравалі. Тады ж даведаўся, што жыццё яго не песціла: калі было паўгода, забралі на вайну бацьку. Дамоў ён ужо не вярнуўся — загінуў у баях за вызваленне Польшчы. Сынам жа давялося зведаць смак сірочага хлеба.
Пазней у “Бярозцы” быў надрукаваны, напэўна, самы значны яго твор — даволі “задзірыстая”, у нейкай меры прыгодніцка-дэтэктыўная аповесць “Цвёрды арэшак”. У ёй аўтар, не баючыся крытычных стрэлаў, якія маглі пачуцца ў яго бок, закрануў тэму дзіцячай злачыннасці, як мне здаецца, вельмі праўдзіва паказаў той негатыў у паводзінах і ўчынках падлеткаў, тую жорсткасць у адносінах адно да аднаго, аб чым стараліся мала гаварыць, не заўважаць, рабілі выгляд, быццам у нас усё добра, няма асаблівых праблем з выхаваннем. Гэтая аповесць летась выйшла ў школьнай серыі, нават стала назвай усяго зборніка, адрасаванага дзецям сярэдняга школьнага ўзросту, — “Цвёрды арэшак”.
А тады… Адпрацаваўшы некалькі гадоў на Лунінеччыне, Расціслаў Бензярук вярнуўся ў родныя мясціны. Працуючы настаўнікам у вёсцы Азяты, пачаў актыўна супрацоўнічаць з жабінкаўскай раённай газетай “Сельская праўда”. Там хутка заўважылі яго матэрыялы і праз нейкі час запрасілі на работу ў рэдакцыю. Паразважаўшы, згадзіўся.
Работа ў рэдакцыі раённай газеты, як і ў той школе, адкуль ён прыйшоў на пасаду загадчыка аддзела пісьмаў і нястомна шчыраваў больш за 30 гадоў, была такая ж турботная, не заўсёды спакойная і ціхая. Не кожны дзень знаходзіліся хвіліны, каб застацца сам-насам з творчасцю, з тым, што, напэўна ж, было бліжэй да сэрца. Ды ўсё ж яны знаходзіліся: памалу пісалася, шматлікія задумы станавіліся новымі творамі — казкамі, апавяданнямі, гумарэскамі, вершамі. Так-так, і вершамі. Былое дзіцяча-юнацкае захапленне праз гады зноў абудзілася ў душы і сэрцы, каб стаць яшчэ адным прызваннем, дамагчыся прыдатнага плёну і ў паэзіі.
Не чакаючы, пакуль “распагодзіцца” ў Мінску, ён “дома”, у Брэсце, змог выдаць у той час яшчэ дзве кніжкі: для дзяцей — зборнік казак “Чаму сонца рана ўстала?”, а для дарослых — зборнік вершаў “Тры свечкі”. Пра тое, што аўтар не спыняецца ў пошуку, працуе, яскрава сведчыць колькасць кніг, якія значацца сёння на яго творчым рахунку, — іх трынаццаць. Сама па сабе гэтая лічба ў нашым разуменні не надта прывабная, чортаў тузін усё ж, і, магчыма, яна выкліча міжвольную ўсмешку, але ў дачыненні да самога пісьменніка не такая ўжо і прымхлівая: па-першае, ён сам умее пажартаваць і пасмяяцца, калі трэба, што адмыслова пацвердзіў, выдаўшы зборнік сатыры і гумару “Азбука наадварот”, шматлікімі публікацыямі, якія змяшчаюцца ў часопісе “Вожык”. Гэты жанр — яшчэ адно адкрыццё для нас, чытачоў. А па-другое, аўтар падрыхтаваў новую кніжку для дзяцей, якая, трэба спадзявацца, неўзабаве зменіць цяперашнюю “трынаццатку” на іншую лічбу. І тая кніжка, што выйдзе, будзе такой жа змястоўнай, цікавай, як і многія ранейшыя.
Чым жа прывабліваюць чытачоў творы Расціслава Бензерука? Перш за ўсё навізной задум і сюжэтаў, іх сучасным асэнсаваннем, займальнасцю, уменнем убачыць незвычайнае ў звычайным, сапраўднай казачнасцю. А яшчэ — лаканічнасцю і, вядома ж, жывой дзіцячай мовай ды сонечнай дабрынёй. Нездарма многія з іх уключаны ў школьныя чытанкі, у розныя дапаможнікі для вучняў малодшых класаў, перакладзены на мовы іншых краін.
Творчасць пісьменніка адзначана рознымі літаратурнымі ўзнагародамі. Сярод іх — прэмія імя Уладзіміра Калесніка Брэсцкага аблвыканкама за кнігу казак “Зайкаў кажушок”, прэмія імя Васіля Віткі — яе штогод прысуджае рэдакцыя часопіса “Вясёлка” за лепшыя творы, змешчаныя на яе старонках.
І апошняе, што хацелася б сказаць, але зноў жа словамі самога Расціслава Мацвеевіча. Ён не без гонару прызнаецца: “Мне пашчасціла з сям’ёю. Выраслі разумныя і нават таленавітыя дзеці, растуць дасціпныя ўнукі. Гэта ў каторы раз пераконвае, што жыву на зямлі недарма”.
Што праўда, то праўда. У апошні дзясятак гадоў дарогу бацьку пачаў “пераходзіць” сын Анатоль. Удумлівы гісторык, ён вельмі хутка засвоіў сакрэты літаратурнага пісьменства. Гістарычныя аповесці і апавяданні, краязнаўчыя нарысы, казкі для дзяцей, навукова-пазнавальныя артыкулы, з якімі выступае ў друку, ён змяшчае ў кнігах, яны такія ж арыгінальныя і цікавыя, змястоўныя, напісаны жывой даходлівай мовай, як і лепшыя бацькавы творы.
Ёсць у Расціслава Бензерука лірычна-біяграфічны верш “На парозе вясны”, а ў ім такія радкі:
…На парозе вясны,
Сярод лютай вайны
Меў я шчасце калісь нарадзіцца.
І цаню цішыню,
Дабрыню, цеплыню,
Іх, магчыма, удосталь не маю…
Бачыць светлыя сны
З надыходам вясны
Зычу шчыра я роднаму краю.
Такой жа вясновасці хочацца пажадаць у гэтыя дні і самому аўтару-юбіляру. Тым болей — на парозе яго сямідзясятай вясны.
Мікола ЧАРНЯЎСКІ.