У канцы чэрвеня адбылася абарона дыпломных работ на мастацкім факультэце Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Як вядома, маштаб гэтай падзеі штогод выходзіць за межы самой акадэміі, прыцягваючы ўвагу і збіраючы на сваіх пляцоўках, найперш — у выставачных залах KODEX і “Акадэмія”, не толькі выкладчыкаў і кіраўнікоў акадэмічных кафедраў, саміх дыпломнікаў, але і іх родных ды сяброў, сённяшніх студэнтаў і выпускнікоў мінулых гадоў, мастацтвазнаўцаў і крытыкаў з іншых устаноў, не прывязаных да пэўнай інстытуцыі “вольных мастакоў”, арт-менеджараў, музейных супрацоўнікаў, журналістаў і проста паспалітых заўзятараў розных арт-івентаў. І гэта невыпадкова, бо абарона дыпломаў на мастацкім факультэце БДАМ — гэта заўсёды свята творчасці, маладосці і апантанасці, адкрытая дэманстрацыя здольнасцей з боку адных і спакуслівае імкненне іх ацаніць з боку іншых, адмысловы момант заканчэння, які тут жа, не перарываючыся, на вачах мноства сведак перацякае ў момант пачатку — станаўлення новага, больш самастойнага і незалежнага існавання ў мастацтве. Сёлета гэты сакральны момант заканчэння-пачатку перажылі 28 выпускнікоў мастацкага факультэта акадэміі.
Пра ўсіх іх і асобна пра іх дыпломныя работы, безумоўна, тут падрабязна не раскажаш, бо трэба разумець, што абарона кожнага дыпломніка — гэта не хвілінная справа, а як мінімум 20—30-хвілінны працэс, які ўключае прэзентацыю сваёй работы выпускніком, водгукі рэцэнзента і кіраўніка, заўвагі, назіранні, пажаданні ўсіх запрошаных і незапрошаных гасцей (а часта і палеміку сярод іх), нарэшце, заключнае слова старшыні Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі мастацкага факультэта БДАМ, функцыі якога сёлета ўпершыню выконваў заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Васіль Сумараў. Але спыніцца хоць на некаторых імёнах і работах усё ж, каламбурам кажучы, варта з-за іх відавочнай эстэтычнай вартасці, а некаторыя творы-дыпломы і зусім немагчыма абысці — яны ўжо фізічна ўсталяваны ў прасторы, адкрытай для ўсіх.
Наогул, па словах дэкана мастацкага факультэта акадэміі кандыдата мастацтвазнаўства Ганны Конанавай, абарона дыпломаў па ўсіх асноўных чатырох спецыяльнасцях — “Жывапісе”, “Графіцы”, “Скульптуры” і “Манументальна-дэкаратыўным мастацтве” — прайшла дастаткова паспяхова і роўна, у добразычлівай і творчай атмасферы, а тыя дыкусійныя моманты, якія час ад часу ўзнікалі ў сувязі з асобнымі творамі адносна канцэпцыі, метадалогіі, практычнага вырашэння тэмы і інш., толькі спрыялі плённасці ўсяго працэсу.
Па добрай традыцыі мінулых гадоў надзвычай ярка сёлета заявілі пра сябе дыпломнікі спецыяльнасці “Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва” (загадчык кафедры — заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь прафесар Уладзімір Зінкевіч). Ганна Конанава падкрэслівае, што палітыка акадэміі мастацтваў пры планаванні дыпломных работ і распрацоўцы іншых праектаў у галіне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва апошнім часам у вялікай ступені скіравана на акцэнтаванне гісторыка-культурнай каштоўнасці самога будынка акадэміі, актуальнае спалучэнне прынцыпу гістарызму і сучасных мастацкіх тэхнік ды падыходаў. Так, летась выпускнікі кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Юлія Пакіна і Міхаіл Субцэльны аздобілі галоўную лесвіцу ў адрамантваным галоўным корпусе цудоўным пяціўзроўневым вітражом у тэхніцы “Ціфані”, а ўжо ў гэтым годзе лагічным працягам таго пачынання стала дыпломная работа Аляксандра Несцяровіча “Паладзіа” — вітраж у гэтай жа тэхніцы з элементамі ф’юзінга, толькі ўжо для дзвярэй цэнтральнага ўвахода ў акадэмію. Нягледзячы на адносна малады ўзрост (нарадзіўся ў 1992 годзе), гэтым сваім творам Аляксандр Несцяровіч зрабіў сур’ёзную заяўку на тое, каб лічыцца “ці не лепшым майстрам-вітражыстам Беларусі на сёння” (характарыстыка кіраўніка праекта і загадчыка кафедры МДМ Уладзіміра Зінкевіча). Адметны ўклад у аздабленне ўнутранай прасторы акадэміі мастацтваў сёлета таксама зрабілі дыпломнікі Кірыл Гормаш (мазаіка “Структура” для канферэнц-залы корпуса № 1 БДАМ), Яна Войцік (модульная мазаіка з выкарыстаннем марской галькі “Рух часу” для калідора на другім паверсе корпуса № 1 БДАМ) і Таццяна Пасюціна (праект “Лабірынт” для інтэрната акадэміі).
Паспяхова адзначыліся сёлетнія выпускнікі і ў выкананні манументальна-дэкаратыўных твораў для спецыяльных аб’ектаў. Кацярына Шакаль выканала праект ляўкаснага пано “Інфармацыйнае поле” для інтэр’ера офіснага будынка кампаніі EPAM, а Рэната Лазарчык — праект-эскіз дэкаратыўнага пано “Палёт” для залы гісторыі авіяцыйнай тэхнікі аэраклуба “Баравая”. У прыватнасці, адносна “Палёту” дэкан мастфака, яна ж рэцэнзент гэтай дыпломнай работы, Ганна Конанава прыгадала, што Рэната Лазарчык, працуючы над дыпломам, настолькі паглыбілася ў “самалётную” тэму, што ўзнікненне падыходу да яе вырашэння — калажнага прынцыпу — мастак ахарактарызавала так: “Мне захацелася замяніць паперу на метал”. У выніку адбылося пераўтварэнне: папяровая плоскасць эскіза і імітацыйныя фактуры матэрыялізаваліся ў прасторы праз аб’ёмную рэльефную паверхню круглых элементаў дэкаратыўнага пано і рэальныя матэрыялы. У структуру паверхневага вырашэння пано аўтар змясціла нават дэталі сапраўднага савецкага рэактыўнага пасажырскага самалёта ТУ-154, у пано былі інкруставаны кіслародная маска лётчыка, прыборы для вымярэння вонкавага і ўнутранага ціску, вышыні над узроўнем мора, сістэма компаса, разнастайныя датчыкі. “Гэтую дыпломніцу можна вобразна параўнаць з археолагам, які шукаў каштоўныя элементы-аб’екты былой мадэлі самалёта ў сучаснай інфармацыйна-тэхнічнай прасторы, — заўважае Ганна Конанава. — Даследчыцкая апантанасць Рэнаты проста ўражвала. Яна звярталася да вопыту праектавання арнітаптараў, махалётаў і іншых лятальных апаратаў Леанарда да Вінчы, якога ўсё жыццё не пакідала мара пра палёт. Разам з тым яна ні на імгненне не забывалася і на чыста мастацкія, творча-стылістычныя задачы, шукаючы кампраміс у сваёй рабоце паміж колерам і матэрыялам, з асаблівай асцярожнасцю кантралюючы ступень насычанасці паверхні дэталямі, каб не перайсці мяжу паміж культурай творчасці і кітчам. І я лічу, што Рэнаце ўдалося ўтрымацца ў рамках высакаякаснага мастацтва”.
Было б несправядліва не згадаць і пра сёлетніх дыпломнікаў-манументалістаў па адмысловым напрамку спецыяльнасці “Жывапіс (тэатральна-дэкарацыйны)”, якія выканалі цікавыя сцэнаграфічныя праекты для спектакля па п’есе У.Шэкспіра “Гамлет” (Хрысціна Баранава), мюзікла Д.Кандэра “Чыкага” (Аляксандра Карнажыцкая), оперы Ш.Гуно па рамане І.-В.Гётэ “Фаўст” (Лідзія Малашэнка), сцэнаграфію да спектакля “Маленькі мук” па аднайменным творы Вільгельма Гаўфа (Сяргей Ашуха і Кацярына Шымановіч). Дарэчы, сцэнаграфію С.Ашухі і К.Шымановіч, якія працуюць у тандэме, можна ўбачыць ужо і на рэальных тэатральных сцэнах краіны, у прыватнасці, у нядаўна пастаўленым у Купалаўскім тэатры спектаклі “Радзіва “Прудок” па аднайменным нашумелым творы Андруся Горвата.
Уразілі серыямі аўтарскіх аркушаў у тэхніках афорта, лінарыта, гравюры на кардоне выпускнікі кафедры графікі (загадчык — дацэнт БДАМ Юрый Хілько) Лізавета Астаф’ева, Марыя Бялевіч, Ганна Мілашэўская і Марына Паддубоцкая.
Высокі ўзровень майстэрства і перадусім схільнасць да канцэптуальных сучасных мастацкіх падыходаў прадэманстравалі выпускнікі кафедры скульптуры (загадчык — заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, прафесар Уладзімір Слабодчыкаў) Марына Баранчык, Паліна Вялічка, Дзмітрый Грыгор’еў і Алішэр Зарыпаў. Іх дыпломныя скульптурныя кампазіцыі будуць прапанаваны гораду ў якасці аб’ектаў у паркавай прасторы, аздобяць унутраны дворык акадэміі мастацтваў.
І, нарэшце, пра абарону жывапісцаў, перад пачаткам якой Ганна Конанава так дарэчы нагадала прысутным два крылатыя выразы, добра вядомыя ў акадэміі. Адзін — крыху фрывольны, але дэкан мастфака не стала яго змякчаць: “Жывапіс — баба раўнівая, яна не церпіць здрад”. Так любіў гаварыць сваім студэнтам народны мастак Беларусі Май Данцыг, які больш за дзесяцігоддзе ўзначальваў акадэмічную кафедру жывапісу і, дарэчы, да апошніх гадоў жыцця быў вельмі актыўным выступоўцам на абаронах дыплломнікаў-жывапісцаў. А другі — строгі, класічны, ад славутага прадстаўніка французскага неакласіцызму ХVII—ХVIII стагоддзяў Ж.-Л.Давіда: “З усіх мастацтваў, якім аддае сябе геній, жывапіс, бясспрэчна, патрабуе найбольшых ахвяр”.
Сёлета кафедра жывапісу (загадчык — вядомы мастак дацэнт БДАМ Уладзімір Масленікаў) выпусціла ў вялікі свет 8 мастакоў: Івана Бучко, Ван Сюецзіін (КНР), Ілью Гічана, Хрысціну Іванчэнкаву, Алесю Абедалу Іса, Юлію Мохар, Глорыю Ран і Васіля Чатнеўцава. І была навідавоку ў дыпломных работах кожнага з выпускнікоў гатоўнасць ісці на гэтыя самыя ахвяры, пра якія казаў Жак-Луі Давід яшчэ два стагоддзі назад, і быў прадстаўлены ў дыпломных палотнах дастаткова шырокі жанравы дыяпазон — ад рэлігійнага пейзажа і аўтапартрэта да шматфігурных кампазіцый, але пры гэтым з неверагоднай суцэльнай адданасцю менавіта “раўнівай бабе”, пра якую яшчэ зусім нядаўна гаварыў у сценах акадэміі мастацтваў Май Данцыг.
Але, што цікава і вельмі паказальна, у многіх сёлетніх дыпломных работах пры ўсёй іх жанравай разнастайнасці на першы план выходзіла адна магутная наканаваная дамінанта: выпускнікі сродкамі жывапісу гаварылі пра сваю сям’ю, пісалі пэндзлем аўтабіяграфію.
Так, Хрысціна Іванчэнкава прадставіла на суд Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі палатно “Сёстры”, на якім можна ўбачыць аўтара разам з яе роднай сястрой — задуменных, рамантычных, унутрана спакойных і духоўна абароненых — на фоне шумнага вялікага горада. “Напэўна, я проста хацела паказаць стан лёгкасці, прастаты і ў той жа час надзейнай абароненасці, якую адчуваем мы з сястрой на ўзроўні нейкай унутранай, кроўнай лучнасці. Але гэта і прысвячэнне ўсёй вялікай маёй сям’і, усім тым людзям, якія мяне акружаюць і падтрымліваюць”, — адзначыла на абароне Хрысціна.
Алеся Абедала Іса адлюстравала ў сваёй рабоце “Паміж наступным і былым” свайго роднага прадзеда народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова, які сядзіць на скалах, увесь у сваім зацятым одуме, увесь у абдымках суровага акіяна і трывожна-згусцелага неба…
А Юліі Мохар наогул не давялося нічога прыдумваць у рамках сямейнай тэматыкі. У сваёй рабоце “Сям’я” яна намалявала сваю сям’ю, а дзяцей у ёй (у гэта нават цяжка паверыць!) 11! “Сям’я для мяне самае каштоўнае ў жыцці. І наогул сям’я — гэта тое месца, дзе найперш адбываецца душэўнае і духоўнае развіццё кожнага чалавека”, — сказала Юлія. Прасветленасць, гармонія, душа, мара, вера, надзея, любоў, прыгажосць, шчырасць, святло, цяпло, дабрыня… Гэтыя і блізкія да іх словы з аднаго аднароднага шэрага гучалі ў выступленнях многіх прысутных. “Юля сказала ўсім нам пра галоўнае…” — падсумавала рэцэнзент дыплома, дацэнт кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ, мастацтвазнаўца Галіна Багданава.
І, здаецца, гэты яркі сямейны, аўтабіяграфічны пасыл прагучаў у жывапісных работах сёлетніх дыпломнікаў акадэміі мастацтваў невыпадкова, натуральна і вельмі актуальна. Гэта трэба было бачыць на свае вочы, як цёпла, сапраўды па-сямейнаму віншавалі адно аднаго з абаронай выпускнікі, як дзякавалі яны сваім выкладчыкам за ўвагу, клопаты і бацькоўскую апеку, якія бачылі і адчувалі ад іх за 6 гадоў вучобы, і як апошнія амаль са слязамі на вачах развітваліся… і не развітваліся са сваімі дарослымі выхаванцамі. Іх цяпер чакае нялёгкае самастойнае вандраванне ў бязмежным і не заўсёды лагодным да мараплаўцаў акіяне мастацтва. І што ім тады зможа дапамагчы? Безумоўна, майстэрства, кваліфікацыя, прафесіяналізм, якія яны набылі ў сценах альма-матар. Яшчэ, вядома, удача. Але, магчыма, у самыя цяжкія і адказныя хвіліны ім больш за ўсё дапаможа якраз тое адчуванне адной вялікай надзейнай творчай сям’і, якой была для іх і… ужо назаўсёды застанецца акадэмія мастацтваў.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара і з архіва мастацкага факультэта
Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.