Калі Тышкавічы — гэта адна з самых паўночных кропак Іванаўскага раёна, то Махро знаходзіцца на самым поўдні Янаўскага краю, і нам прыйшлося праехаць каля 50 кіламетраў літаральна праз усю Іванаўшчыну зверху ўніз, каб зрабіць яшчэ адно адкрыццё.
На ганку Махроўскай сярэдняй школы, у якой нядаўна быў праведзены капітальны рамонт, нас сустракала дырэктар Вольга Міхайлаўна Катовіч, якая адразу павяла ў школьны народны гісторыка-краязнаўчы музей, а там ужо чакала загадчык музея настаўніца гісторыі Наталля Мікалаеўна Мурына. Яна кіруе музеем толькі першы год, у той час як ён быў адкрыты ў 1979 годзе, званне “народны” атрымаў у 2008 годзе. Свой расказ Наталля Мікалаеўна пачала са згадкі пра сваю папярэдніцу Валянціну Аляксандраўну Раманюк, якая аддала працы ў Махроўскай сярэдняй школе 40 гадоў жыцця. Зусім нядаўна яе не стала… Дзякуючы яе таленту, працаздольнасці і жывому розуму, заўважыла Наталля Мікалаеўна, экспазіцыя ўвесь час, пакуль яна кіравала музеем, пастаянна папаўнялася, і сёння налічвае 876 экспанатаў асноўнага фонду і 2085 дапаможнага.
У экспазіцыі ёсць свае дамінанты. Напрыклад, раздзел, які расказвае пра гісторыю махроўскай Пятра-Паўлаўскай царквы, якая была пабудавана ў 1792 годзе. Тут ёсць каштоўныя прадметы з гэтага храма: абраз, лампада, кніга “Мінеі”. Таксама вылучаюцца раздзелы, прысвечаныя этнаграфіі (Махро здаўна славіцца сваімі таленавітымі ткачамі, кавалямі, ганчарамі), перадваеннаму перыяду, калі вёска была ў складзе Польшчы, і гадам Вялікай Айчыннай вайны (асаблівая ўвага ўдзяляецца подзвігу групы Аляксандра Самуйліка, гісторыі Молатаўскай і Пінскай брыгад, якія ўваходзілі ў Пінскае партызанскае злучэнне).
Што тычыцца пасляваеннай гісторыі, выразныя акцэнты ў экспазіцыі ставяцца на першыя гады станаўлення калгаса ў Махры (першы калгас імя Мікаяна быў створаны тут у 1951 годзе, у 1970 годзе яго перайменавалі ў калгас імя Леніна), а таксама гісторыю самой Махроўскай школы, лёс яе настаўнікаў.
У 2007 годзе ў гісторыка-краязнаўчым музеі Махроўскай сярэдняй школы была адкрыта яшчэ адна — мастацкая — зала, якую можна назваць карціннай галерэяй вядомага мастака аўтара знакамітых “мадоннаў” Аляксея Кузьміча, колішняга вучня Махроўскай школы, і мясцовага пейзажыста і партрэтыста настаўніка выяўленчага мастацтва школы ў Махры Анатоля Рубановіча. Хаця ёсць тут карціны і іншых тутэйшых мастакоў.
Гэтая мастацкая зала сапраўды вельмі адметная і цікавая.
Што тычыцца Аляксея Кузьміча, то, безумоўна, Махроўская сярэдняя школа можа толькі ганарыцца, што сярод яе выпускнікоў быў такі вядомы мастак і што сёння на сценах школьнага музея вісяць яго карціны, прычым, што падаецца асабліва каштоўным — яго рэдкія, раннія творы, напісаныя яшчэ ў студэнцтве, у большасці з іх яшчэ нават і намёку няма на будучых “мадоннаў”, якіх ён стане безупынна маляваць у сталым узросце. Ёсць толькі карціна “Палескія мадонны” 1991 года, якую падарыў мастак музею роднай школы, і таксама падарунак Аляксея Васільевіча — карціна “Узор Радзімы” 1981 года, дзе мы бачым дзяўчыну ў нацыянальным строі за ткацкім станком, у выразе яе твару пазнаюцца знаёмыя ноткі, якія будуць потым вызначаць почырк Кузьміча як аўтара “мадоннаў”. Як паведаміла дырэктар школы Вольга Міхайлаўна Катовіч, у апошнія гады жыцця Аляксей Васільевіч, наведаўшы чарговы раз родную вёску і родную школу, паабяцаў перадаць яшчэ некалькі сваіх работ і нават намаляваць новыя спецыяльна для школьнай галерэі. Але неўзабаве ў яго здарыўся інсульт, пасля якога ён ужо не мог працаваць, а праз колькі часу мастак памёр.
Што тычыцца Анатоля Рубановіча, то гэта наогул, безумоўна, вельмі трагічная фігура.
Яго дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Варшаве. Там жа ён скончыў мастацкае вучылішча, потым працягваў вучобу ва ўстановах вышэйшай адукацыі Вены і Парыжа. Бацька быў святаром, у 1927 годзе сям’я пераехала жыць у Махро. У гады перад Вялікай Айчыннай вайной А.Рубановіч служыў дыяканам у мясцовым храме, і так склаўся лёс, што ў перыяд акупацыі яго выбралі старастам вёскі. Анатоль Паўлавіч рабіў усё, каб выратаваць аднавяскоўцаў, нярэдка аказваючыся на валасок ад гібелі ад рук як немцаў, так і партызан, паколькі вёска Махро ўваходзіла ў партызанскую зону. Але менавіта дзякуючы яму за гады вайны ў вёсцы Махро не быў расстраляны ні адзін чалавек. Больш за тое, нейкім цудам жывымі пасля вайны вярнуліся на родную зямлю і вывезеныя ў Германію махроўцы. Тым не менш у 1947 годзе ён быў асуджаны нібыта за супрацоўніцтва з акупантамі і выпраўлены ў ссылку. Толькі праз шмат гадоў яго рэабілітавалі. Анатоль Паўлавіч працаваў загадчыкам сельскага клуба, яго мастацкім кіраўніком, настаўнікам малявання ў Махроўс кай сярэдняй школе, выхаваўшы многіх цікавых мастакоў, у тым ліку самага вядомага і самага прызнанага з іх — Аляксея Кузьміча. Памёр у 1970 годзе, пахаваны на вясковых могілках.
Пра тое, як шанавалі гэтага чалавека тут, у вёсцы Махро, у школьным музеі сведчыць адзін яскравы дакумент — копія ліста Махроўскага сельскага выканкама ў адказ на калектыўную просьбу жыхароў вёскі перайменаваць вуліцу Юбілейная ў гонар земляка, які зрабіў шмат дабра аднавяскоўцам. Гэтая просьба была задаволена, і сёння імя Анатоля Паўлавіча ўвекавечана ў назве адной з вуліц вёскі. Для музея нават зрабілі адмысловы экспанат — стылізаваную вулічную вывеску з адпаведнай назвай вуліцы. У памяці землякоў А.П.Рубановіч сапраўды застаўся цудоўным чалавекам, прыстойнай асобай, сапраўдным інтэлігентам і таленавітым мастаком.
У мастацкай зале музея Махроўскай сярэдняй школы захоўваецца шмат яго твораў, пераважна партрэтаў і пейзажаў. Ён насамрэч быў апантаным пейзажыстам, а ў маляванні партрэтаў з-за сваёй дабрыні проста нікому ніколі не адмаўляў. Ёсць у экспазіцыі і некаторыя асабістыя рэчы мастака.
Дырэктар школы Вольга Міхайлаўна Катовіч расказала адну цікавую гісторыю — пра лёс карціны А.П.Рубановіча “Сакавік на Піншчыне”, маштабнага палатна, якое вісіць сёння ці не на самым бачным месцы ў мастацкай зале музея. Гэтая гісторыя здарылася ў 2015 годзе. Ад зін з былых вучняў Анатоля Паўлавіча, таксама настаўнік малявання адной з мінскіх школ, неяк выпадкова ўбачыў на сцяне ў сталічнай бібліятэцы велізарны пейзаж: вачам сваім не паверыў, але адразу ж пазнаў такі знаёмы почырк свайго любімага школьнага настаўніка. Падышоў бліжэй — і сапраўды, у правым ніжнім вуглу стаяў аўтограф Рубановіча. Патэлефанаваў у Махроўскую школу, паведаміў гэтую інфармацыю, і ўжо праз некалькі дзён у сталіцу выправіліся былы загадчык музея Валянціна Аляксандраўна Раманюк разам з настаўнікам інфарматыкі і выяўленчага мастацтва, дарэчы, таксама вучнем А.П.Рубановіча, Валянцінам Фёдаравічам Козелам з адной толькі мэтай — перавезці гэты твор у музейную калекцыю школы. Як высветлілася, яго Аляксей Паўлавіч рабіў для інтэр’ера нейкага ўрадавага будынка, але ў апошнюю хвіліну, калі даведаліся, што мастак у свой час быў асуджаны як вораг народа, наверсе вырашылі перастрахавацца і проста, кажучы слэнгавымі словамі, збагрылі тую карціну ў бібліятэку. Яна там так і вісела, пакуль яе выпадкова не ўбачыў адзін з колішніх вучняў мастака.
Валянціне ж Аляксандраўне Раманюк удалося неяк дамовіцца з кіраўніцтвам бібліятэкі аб перадачы палатна школе. Шчаслівыя, з запаветным трафеем, яны разам са сваім калегам прыйшлі на вакзал, узялі білеты да Іванава, дачакаліся цягніка, падышлі да вагона і… іх не пусцілі ў цягнік з такім вялікім “багажом”. І што было рабіць?
Дачакаліся начной электрычкі, якая ішла да Жабінкі, у электрычцы пры пасадцы балазе цябе ніхто не правярае, і селі, і паехалі ў напрамку роднай школы… Вольга Міхайлаўна Катовіч згадвае, як сярод ночы яна прахапілася ад званка мабільнага — гэта званіла з электрычкі, захліпваючыся слязьмі шчасця, Валянціна Аляксандаўна Раманюк: “Мы гэта зрабілі! Вязём!”
…Адмысловым бонусам падчас майго наведвання Махроўскай сярэдняй школы стала знаёмства з выкладчыкам тэхнічнай працы і геаграфіі, зусім яшчэ маладым чалавекам, учарашнім выпускніком БрДУ імя А.С.Пушкіна Міхаілам Кунахаўцом, які разам з вучнямі школы ў рамках Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі” прадставіў цікавы праект “Адраджэнне мінулага”, прысвечаны Пінскай партызанскай брыгадзе. Настаўнік і школьнікі часткова аднавілі стаянку штаба брыгады, у прыватнасці, штабную зямлянку, калодзеж з пітной вадой і адрэзак абарончых акопаў (на тэрыторыі Махроўскага сельскага Савета, за 7 кіламетраў ад Махроўскай школы).
У рамках праекта махроўскія энтузіясты таксама выканалі дэталёвы макет, які і паказаў мне Міхаіл. Па яго словах, і ён, і вучні вельмі б хацелі давесці гэтую справу да канца, маючы на ўвазе аднаўленчыя работы ў лесе, каб колішняя партызанская стаянка стала паўнацэнным музейным аб’ектам пад адкрытым небам — з мэтай стварэння асяроддзя патрыятычнага выхавання дзяцей і падлеткаў праз арганізацыю турыстычных экскурсій. Цяпер усё залежыць толькі ад фінансавання. Гаворка ўсё ж такі ідзе не пра які-небудзь маленькі лапік зямлі, а пра тэрыторыю плошчай 3 квадратныя кіламетры, што, зрэшты, значна менш за рэальную тэрыторыю партызанскай стаянкі ў гады вайны, калі там жылі дзве з паловай тысячы чалавек.
Я пажадаў Міхаілу не страчваць надзеі, што ўсё атрымаецца.
…Махроўская сярэдняя школа, людзі, якія працавалі і працуюць у ёй сёння, сталі для мяне сёмым адкрыццём на янаўскай зямлі.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара і з архіва іванаўскай сярэдняй школы № 4.