Нам засталася спадчына…

У апошнія дні снежня ў Музеі ёлачных цацак (ГЗЦ “Галерэя Мінск”) прайшло вялікае культурна-асветніцкае свята ў рамках адразу дзвюх рэспубліканскіх акцый — “Год малой радзімы” і “Нашы дзеці”. Мерапрыемства сабрала разнастайную дзіцяча-дарослую аўдыторыю, якая была рада праводзіць мінулы, 2018, і прывячаць новы, 2019, год добрымі словамі і справамі. Сталічныя ўстановы адукацыі мастацкага профілю — мінская гімназія № 75 імя П.В.Масленікава, Мінская дзяржаўная гімназія-каледж мастацтваў і Гімназія-каледж мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка — атрымалі каштоўныя падарункі: шыкоўныя альбомы “Нясвіж. Палацава-паркавы ансамбль. Збор зброі і даспехаў”, “Нясвіж. Палацава-паркавы ансамбль” і “Палацавыя і паркавыя ансамблі Беларусі і свету” — ад Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, факсімільныя выданні першага ў свеце “Буквара” 1618 года — ад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, кнігі серыі “ЖЗЛ” — ад аўтарытэтнага расійскага выдавецтва “Маладая гвардыя”. Уручалі прэзенты непасрэдна самі прадстаўнікі кіраўніцтва гэтых устаноў: першы намеснік дырэктара НГКММ “Нясвіж” Наталля Жарко, намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці НББ Аляксандр Суша, выканаўчы дырэктар “Маладой гвардыі” Раман Касыгін…


Не абышлося без прыемных сюрпрызаў і ад навучальных устаноў. Кульмінацыяй свята стала прэзентацыя макета-рэканструкцыі будынка царквы Святога Іаана Багаслова 1840 года і прылеглай да яе тэрыторыі ў вёсцы Галомысла Мёрскага раёна Віцебскай вобласці — дыпломнай работы леташняй выпускніцы мінскай гімназіі № 75 імя П.В.Масленікава, а сёння першакурсніцы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Паліны Каржуевай, выкананай пад кіраўніцтвам выкладчыка гімназіі Таццяны Вайтэнка. Макет быў урачыста перададзены прадстаўнікам аддзела па адукацыі Мёрскага раёна і зойме цяпер сваё пачэснае месца ў пастаяннай экспазіцыі гісторыка-краязнаўчага музея мёрскай сярэдняй школы № 3 імя Героя Савецкага Саюза Ягора Андрэевіча Тамко.

Як паведаміў дырэктар мінскай гімназіі № 75 імя П.В.Масленікава Васіль Ананька, ва ўстанове з 2005 года дзейнічае гімназічны праект “Нам засталася спадчына”, які мае на ўвазе выкананне яе навучэнцамі макетаў-рэканструкцый разбураных і занядбаных архітэктурных аб’ектаў Беларусі, якія сёння ўжо немагчыма ўбачыць наогул ці, прынамсі, ва ўсёй іх колішняй красе. Многія работы, асабліва апошнім часам, выконваюцца па канкрэтных запытах мясцовых краязнаўчых музеяў краіны, і тады навучэнцы разам з кіраўніком праекта, выкладчыкам гімназіі, выдатнікам адукацыі Рэспублікі Беларусь, архітэктарам па адукацыі Таццянай Вайтэнка выязджаюць на мясцовасць, сустракаюцца з мясцовымі старажыламі, якія яшчэ могуць штосьці ўспомніць і расказаць, робяць скрупулёзныя абмеры і фотаздымкі таго, што захавалася, а потым ужо ў гімназічных творчых майстэрнях працуюць непасрэдна над макетамі, якія часта становяцца дыпломнымі работамі. 75-я гімназія ставіць задачу падрыхтоўкі будучых мастакоў і архітэктараў. Многія яе выпускнікі паступаюць у БНТУ на архітэктурны факультэт, як гэта зрабіла і Паліна Каржуева.


Выкананы Палінай макет-рэканструкцыя будынка царквы Святога Іаана Багаслова 1840 года ў вёсцы Галомысла Мёрскага раёна асабліва дарагі для дырэктара 75-й гімназіі Васіля Ананькі, бо Галомысла — яго родная вёска. Тая, дзе прайшло яго ўласнае басаногае дзяцінства. “Я памятаю там кожны куточак, — прызнаўся Васіль Генадзьевіч. — Добра памятаю святы, якія праходзілі ў час майго дзяцінства ў царкве, макет якой зрабіла Паліна, як многа збіралася на гэтых святах аднавяскоўцаў і нават жыхароў з навакольных вёсак, як, не могучы дачакацца, чакалі гэтых свят мы, малыя, загадзя да іх рыхтаваліся, спецыяльна прызапашвалі цукеркі… Усё гэта сёння зноў нахлынула на мяне такім далёкім, але такім дарагім, ажно да слёз, такім незабыўным успамінам”.

Зрэшты, па словах Васіля Ананькі, царква Святога Іаана Багаслова і цяпер стаіць у Галомысле. На сцяне нават вісіць шыльдачка “Гісторыка-культурная каштоўнасць”, прычыненне шкоды якой караецца па законе. Але… Ад некалі дастаткова вялікай вёскі Галомысла з дзвюма галоўнымі вуліцамі і дзясяткамі дамоў сёння засталося ўсяго некалькі “жывых” хацін. І ні следу — ад колішніх вуліц. Царква, натуральна, ужо даўно не працуе і паціху нішчыцца снегам, дажджом і ветрам, да яе не тое што цяжка блізка падысці з-за баршчэўніка і крапівы, вышэйшых за чалавечы рост, але нават і ўбачыць храм з-за гэтага зарасніку практычна немагчыма… Цывілізацыя, здаецца, вось-вось — і канчаткова пакіне Галомысла, цалкам перабраўшыся праз раку ў аграгарадок Мікалаёва, дзе дзейнічае вялікая новая царква, ёсць школа, жывуць-працуюць людзі, гадуюцца-вучацца дзеці…

А што ўсё-такі царква Святога Іаана Багаслова, якой без малога ўжо два стагоддзі? Надзея на яе рэстаўрацыю жыве. Паліна Каржуева працягвае вучыцца на архітэктара..

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.