Сэлфі… Адно на ўсіх

5 чэрвеня ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адкрылася выстава “Пакаленне сэлфі” народнай арт-студыі Wostrau, прысвечаная 25-гадоваму юбілею калектыву.

Выстава “Пакаленне сэлфі” з’яўляецца працягам маштабнага юбілейнага праекта арт-студыі Wostrau, які стартаваў у 2014 годзе ў сталічным Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва экспазіцыяй пад назвай “Штучны адбор” і з самага пачатку ставіў сваёй мэтай прэзентацыю творчай дзейнасці студыі з сярэдзіны 90-х гадоў (студыя пачала працаваць у 1993 годзе). На працягу 2015—2017 гадоў праект працягваўся ў форме тэматычных групавых і персанальных выстаў. І вось сёлета — “Пакаленне сэлфі”… Як квінтэсэнцыя, як пэўны вынік, але, натуральна, толькі прамежкавы, на шляху да новых праектаў і ініцыятыў, якіх у нязменнага кіраўніка арт-студыі Юрыя Аляксеевіча Іванова заўсёды шмат на доўгія гады наперад. Як само сэлфі, зробленае сотнямі студыйцаў для таго, каб яшчэ раз паглядзець на сябе, пазнаць сябе, адшукаць сябе ў неабсяжным моры мастацкай творчасці сённяшніх дзяцей і моладзі і, безумоўна ж, паказаць гэтае сэлфі ўсяму свету.


Хаця хто не ведае сёння пра арт-студыю Wostrau? Пра яе проста немагчыма не ведаць — настолькі пазнавальны почырк студыі, настолькі ярка і па-добраму амбіцыйна яна сябе прэзентуе, настолькі неардынарныя людзі кіруюць яе справамі: акрамя Юрыя Аляксеевіча Іванова, педагог сябар Беларускага саюза мастакоў Аляксей Юр’евіч Іваноў, педагог мастацтвазнаўца Ірына Юр’еўна Сарнацкая, педагог Паліна Уладзіміраўна Юрэвіч… Праўда, пры ўсёй гэтай вядомасці не ўсе, магчыма, ведаюць пра некаторыя, так бы мовіць, прыватныя і тым не менш надзвычай красамоўныя факты з гісторыі і жыцця студыі, якія ў гэтыя юбілейныя для яе дні варта было б і нагадаць. Напрыклад, тое, што адукацыйную эстафету арт-студыя Wostrau прыняла ад мастацкай студыі Мінскага палаца піянераў і школьнікаў, якую заснаваў у канцы 30-х гадоў легендарны мастак-педагог заслужаны настаўнік БССР Сяргей Пятровіч Каткоў. Або тое, што ў 2008 і 2009 гадах выхаванцы арт-студыі Wostrau станавіліся пераможцамі прэстыжнага конкурсу, які двойчы на постсавецкай прасторы праводзіла сусветна вядомая галерэя сучаснага мастацтва Tate Modern (Лондан).


Віншуючы Wostrau з юбілеем, дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільеўна Васільчанка падкрэсліла, што, напэўна, самай адметнай рысай студыі з’яўляецца свабода творчага самавыяўлення дзіцяці. “Тут педагогі ніколі не стаяць над душой студыйца, ніколі не загадваюць яму што і як маляваць. Але дзіўная рэч: праходзіць нават толькі адзін навучальны год, а тым больш некалькі гадоў — і ты ўвачавідкі заўважаеш, як фарміруецца светапогляд дзіцяці, яго разуменне і адчуванне свету, яго мастацкі почырк… І я сур’ёзна скажу, што кожная выстава арт-студыі Wostrau — гэта не проста выстава дзіцячай творчасці, а сацыякультурная з’ява ў маштабе не толькі нашага цэнтра, але і ўсёй краіны. Кожная выстава арт-студыі Wostrau рэальна паказвае магчымасці дзяцей у наш няпросты час, калі з усіх бакоў на нас наступае штучны інтэлект. І толькі творчасць можа неяк яму супрацьстаяць ці, прынамсі, надаць яму гуманнасць, можа ўраўнаважыць гэты свет, зрабіць яго дабрэйшым і лепшым”, — адзначыла Надзея Васільеўна.


А гэта словы з творчага маніфеста кіраўніка арт-студыі Wostrau Юрыя Аляксеевіча Іванова: “Бязмежная дапытлівасць дзіцяці, яго імкненне да пазнання навакольнага свету ў форме творчай гульні дазваляюць яму дзёрзка перакройваць і пераасэнсоўваць прывычныя з’явы і падзеі. Маленькі мастак аўтаномны і цалкам легітымны на тэрыторыі вялікай арт-сцэны. Дзіцяці не трэба стаяць у чарзе за набыццём права і ўмення гаварыць нароўні з дарослай прафесійнай супольнасцю. Яму не трэба адзенне навыраст. Ён заўсёды тут і зараз! У гэтай сувязі цяжка пераацаніць уклад дзіцяці-мастака ў стварэнне нацыянальнага архіва культуры як сапраўднага сведкі эпохі”.

Сапраўды, Юрый Аляксеевіч са сваёй камандай ведаюць, што робяць. І робяць гэта паспяхова. Невыпадкова арт-студыя Wostrau падчас святочнай імпрэзы на выдатна прайшла атэстацыю па такіх дысцыплінах, як “Падрыхтоўка фарбаў жыцця”, “25 гадоў строгага крэатыўнага рэжыму”, “Разуменне фібраў душы дзіцяці”, “Чытанне паэзіі дзіцячай душы і прозы жыцця”, “Кіраванне палётам фантазіі ў экстрэмальных умовах”, “Свабоднае валоданне свабодай думкі”, “Валоданне мовай і сінхронным перакладам мовы абарыгенаў Wostrau”, “Праніклівае сэрца і мудрасць педагога”…


…Экспазіцыя “Пакаленне сэлфі” — гэта больш за 350 жывапісных і графічных работ, выкананых гуашшу, акрылам, алеем, сучасныя арт-аб’екты, калектыўныя студыйныя праекты кшталту адукацыйнага праекта “Бэкграўнд” і персанальныя праекты навучэнцаў, як, напрыклад, праект “Навігатар Макс” дванаццацігадовага Максіма Лагуна. З усёй дакладнасцю Максім намаляваў у серыі работ саму арт-студыю Wostrau — з лесвіцай, якая вядзе ў майстэрню, гарышчам, нават студыйнымі ўмывальнікамі… І, думаецца, не толькі назіральнасць і дапытлівасць рухалі пэндзлем дванаццацігадовага хлопчыка, але і любоў.

Сэлфі, сэлфі… Любімы занятак сённяшняй моладзі. Трэба было бачыць, з якім азартам студыйцы рабілі гэтыя бясконцыя сэлфі каля ўласных і чужых работ.

Глянеш на тое калектыўнае сэлфі — і разумееш, што Wostrau — гэта нават ужо не востраў. Цэлы мацярык.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.