Шчасце ўзаемін і творчасці

Выдатная прафесія — настаўнік. Чалавек, які адкрывае творчыя здольнасці дзяцей і накіроўвае іх на шлях удасканалення. З ранняга дзяцінства дзіця, не здагадваючыся, што яшчэ не пісьменнае, можа ствараць, свабодна займаючыся мастацкай дзейнасцю. Задача настаўніка выяўленчага мастацтва — дапамагчы юнай асобе ў індывідуальным развіцці, у авалоданні прадметам мастацтва, аднаго з найважнейшых прадметаў, які фарміруе эмацыянальна-каштоўнаснае стаўленне да жыцця. На занятках выяўленчага мастацтва закранаецца ўся сфера чалавечых каштоўнасцей і пачуццяў: дабро і зло, суперажыванне, прыстойнасць, прыгажосць.

Як добра, што ў нашым хуткаплынным жыцці і спажывецкім грамадстве ёсць бацькі, якія разумеюць неабходнасць мастацкай адукацыі, велізарны яе ўплыў на культуру чалавека, на яго мысленне. Дзякуючы мастацтву, вучань пазнае свет. І ў гэтым пазнанні яму спрыяюць бацькі і настаўнікі. Толькі пры цесным супрацоўніцтве ўсіх удзельнікаў вучэбнага працэсу магчымы поспех, шлях да якога ляжыць праз гады навучання і развіцця дзіцяці: выканання ім розных, выбудаваных у сістэму заданняў, удзелу ў шматлікіх выставах і конкурсах, наведванні музеяў, экскурсій. Толькі творчая асоба здольна развівацца, а калі яе акружаюць такія ж сябры-аднагодкі, развіццё праходзіць больш цікава і паспяхова. У працэсе здаровай канкурэнцыі адбываецца ўзаеманавучанне, рознаўзроўневае навучанне, фарміруецца камандны дух, суперажыванне.

Так, восем гадоў назад мне пашчасціла сустрэць сваіх вучняў, цяпер ужо выпускнікоў Лагойскай дзіцячай школы мастацтваў. На працягу многіх гадоў навучання наш узаемны вучэбны працэс быў сродкам пазнання жыцця праз мастацтва. Безумоўна, у кожнага народа ёсць свае прыярытэты ў галіне духоўных каштоўнасцей. Мы вывучалі духоўную спадчыну свайго народа, выразаючы першыя выцінанкі, знаёмячыся з народнай цацкай, стваралі аўтарскія лялькі, ілюстравалі беларускія народныя казкі. Вядома ж, мы падарожнічалі па родным краі, бо дзе, як не ў радзімы, маленькаму мастаку браць сілы, набірацца вопыту, напаўняцца ведамі, дакранаючыся да культуры свайго народа…

У цяперашні час неверагодна пераблытаны ўсе чалавечыя асяроддзі. Дзякуючы сродкам масавай інфармацыі, падарожжам і экскурсіям, мы вывучалі мастацтва іншых краін і народаў: асвойвалі тэхналогію стварэння баціку, спрабавалі пісаць у розных стылях і манерах, эксперыментавалі з новымі сучаснымі матэрыяламі і тэхнікамі.

Вядома, усім педагогам мастацкай адукацыі знаёмы навыкі працы тушшу, фарбамі, алоўкамі, пластычнымі матэрыяламі, знаёмы імёны мастакоў. У сістэме сучаснай адукацыі нават гэтыя знаёмыя навыкі перажываюць змены. Таму з мэтай індывідуальнага развіцця асобы настаўніку выяўленчага мастацтва варта не толькі закладваць асновы акадэмічных ведаў, але і, прапускаючы іх праз прызму сучаснасці, ствараць сітуацыю сутворчасці, ісці за дзіцем.

Навучаючы дзяцей многія гады, я даведвалася пра новых герояў-персанажаў фільмаў і кніг, якія знаходзілі адлюстраванне ў іх разнастайных работах. Мы імкнуліся спалучаць, узаемна дапаўняць асновы неабходных ведаў і інтарэсы вучняў. Так, у дзіцячых кампазіцыях з’яўляліся Дарт Вэйдэры і Жалезны чалавек, Чалавек-павук, дамавік Добі і г.д. (іх асабліва адлюстроўвалі такія мае выхаванцы, як Мікіта Грузд, Ангеліна Чарнушэвіч, Максім Вашкевіч, Кірыл Гедэрт, Ульяна Васкоўская, Хрысціна Кудзёлка).

Вельмі важная зацікаўленасць бацькоў у навучанні дзіцяці, бо не сакрэт, што ўсё ідзе з сям’і. Калі шлях творчага развіцця вучня праходзіць у сістэме “вучань — настаўнік — бацькі”, поспех такому навучанню наканаваны. Дзякуй усім бацькам маіх вучняў.

Сучасныя тэхнічныя сродкі і электронныя адукацыйныя рэсурсы даюць магчымасць удзельнічаць у розных выставах і конкурсах, вывучаць, як ідзе працэс навучання выяўленчаму мастацтву ў розных краінах. Удзел у конкурсах дае добры штуршок у развіцці. І не абавязкова перамагаць. Усе ўдзельнікі таго ці іншага конкурсу — настаўнікі і іх вучні — усё роўна ідуць далей, развіваючыся і падымаючыся на ўсё новыя прыступкі. Вядома, асабліва прыемна, калі настаўнік бачыць, як яго вучні вырастаюць у цікавых, напоўненых ведамі і эмоцыямі асоб, якія ўмеюць праз мастацтва выказаць сваё стаўленне да жыцця.

Вынікам нашага сумеснага навучання сталі ўдзел і перамога ў 46-й Міжнароднай выставе мастацкіх твораў дзяцей “Лідзіцэ-2018”. Дзякуючы маім вучням Максіму Вашкевічу, Мікіту Грузду і Ангеліне Чарнушэвіч, Лагойская дзіцячая школа мастацтваў была адзначана медалём за калекцыю фатаграфій. У конкурсе ўдзельнічалі 76 краін, больш за 2000 школ, і толькі 18 замежных школ былі адзначаны медалямі. Гэта пакуль адзіны такі медаль у Беларусі.

Мне як жыхару Лагойска і настаўніку вельмі прыемна, што творчыя фотаздымкі, якія адлюстроўваюць прыгажосць Лагойскага краю, убачыў увесь свет. Іх можна паглядзець сярод работ пераможцаў гэтага конкурсу з усяго свету на сайце конкурсу, дзе створаны архіў. Дзякуючы поспехам сваіх вучняў, у гэтым годзе я наведала мемарыяльны комплекс і галерэю Лідзіцэ, наведала музей народнай гаспадаркі ў Празе, дзе былі выстаўлены работы.

Мова выяўленчага мастацтва — гэта жывыя непасрэдныя зносіны паміж людзьмі. Яна вучыць адчуваць і суперажываць. Дзякуючы ёй, адбываецца шчасце ўзаемін і творчасці.

Алена НІКАНЮК,
настаўніца выяўленчага мастацтва
Лагойскай дзіцячай школы мастацтваў і сярэдняй школы № 1 Лагойска.