Багаты матэрыял для сучаснага прафесійнага мастацтва дае традыцыйная народная культура, якая ў кожнага народа, у тым ліку і ў беларусаў, вылучаецца нацыянальнай адметнасцю і самабытнасцю. Адзін з найбольш важных і значных раздзелаў традыцыйнай мастацкай культуры Беларусі — народныя мастацкія промыслы і рамёствы. Адны з іх ужо сталі здабыткам гісторыі, другія развіваюцца і сёння, напрыклад, такі від народнага мастацтва, як роспіс па шкле.
Назваць гістарычную радзіму роспісу па шкле складана. Хаця, як сцвярджаюць гісторыкі і археолагі, гэтае мастацтва ўзнікла ў старажытнасці: шкляныя вырабы аздаблялі алейнымі фарбамі яшчэ пры Аляксандры Македонскім, але, на жаль, час не пашкадаваў артэфакты, да нас яны дайшлі не ў лепшым выглядзе.
Алейнымі фарбамі распісвалі шкло і на Русі ў XVI—XVII стагоддзях. Вялікімі мазкамі, дзе шчыльней, а дзе з прасветамі, клалі раслінныя стылізаваныя арнаменты на гаршкі і крынкі, а таксама і на шкляны посуд.
У Еўропе мастацтва роспісу па шкле пачыналася з велізарных і велічных вітражоў у вокнах гатычных каталіцкіх сабораў і цэркваў. Яны былі больш падобныя на мазаіку з каляровых шкельцаў, чым на роспіс у звыклым сэнсе гэтага слова. Пазней дзякуючы намаганням не аднаго пакалення мастакоў і рамеснікаў былі распрацаваны тэхналогіі, якія дазвалялі выконваць малюнак дасканала, ярка, у той жа час ён заставаўся празрыстым, а са з’яўленнем анілінавых фарбаў магчымасці майстроў пашырыліся яшчэ больш.
Беларускі роспіс адрозніваецца арнаментальнасцю і дэкаратыўнасцю. Першыя звесткі пра роспіс на шкле ў Беларусі адносяцца да канца ХІХ стагоддзя. Гэта былі насценныя пано “Карцінкі”, якія ўспрымаюцца як самастойныя творы мастацтва. Майстры выкарыстоўвалі празрыстыя каляровыя лакі, алейныя фарбы, распісвалі шкло чыстымі колерамі, без пераходаў. Яркія чырвоныя, белыя, жоўтыя, блакітныя кветкі з зялёнымі лісткамі абводзілі чорнай фарбай або тушшу, затым падкладалі пад шкло скамечаную фольгу. Такія вырабы вызначаліся яркай палітрай выбраных колераў. Роспіс па шкле быў самастойным відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але многія даследчыкі мастацтва прасочваюць і яго генетычныя сувязі з такімі традыцыйнымі відамі народнай творчасці, як вышыўка, ткацтва і інш.
Аднойчы мне стала цікава, ці быў вядомы на Маладзечаншчыне гэты захапляльны від мастацтва. Я спытала ў жыхароў маёй роднай вёскі Мясаты, ці займаліся яны або іх аднавяскоўцы роспісам па шкле, бо яшчэ з дзяцінства памятала, што ў некаторых хатах такім роспісам упрыгожвалі аправы абразоў і сямейныя фотаздымкі. Вельмі хацелася знайсці рарытэты, але з паляпшэннем дабрабыту інтэр’еры хат змяніліся на больш сучасныя, у якіх ужо не было месца старым роспісам.
І ўсё ж мне пашанцавала знайсці абразок — фотаздымак іконы Божай Маці “Замілаванне” пасляваеннага часу, абрамленне якога было выканана ў тэхніцы роспісу па шкле. Аўтарам роспісу была Вольга Васільеўна Сяргей. Гэтаму мастацтву яна навучылася ў дзяцінстве, калі хадзіла ў сядзібу Тышынскіх. Там роспісам па шкле ў вольны час займалася гувернантка, якая прыехала разам з гаспадарамі сядзібы з Польшчы. Яна і вучыла гэтаму мастацтву панічоў і вясковых дзетак. Вольга Васільеўна выканала не адзін такі твор: многія хаты былі ўпрыгожаны яе працамі. Але аднавяскоўцы, не разумеючы іх мастацкай вартасці, не збераглі ўнікальныя творы, бо шкло, як мы ведаем, вельмі нетрывалы матэрыял.
Можна знішчыць рэч, але майстэрства выканання знішчыць немагчыма, як немагчыма знішчыць і родную мову, народныя песні, легенды і паданні, як немагчыма знішчыць генетычны код, падораны нам нашымі продкамі.
Калі вы любіце ператвараць простыя прадметы побыту ў творы мастацтва, значыць, роспіс па шкле — гэта тое, што вам патрэбна.
Роспісам па шкле ў нашай гімназіі-каледжы мастацтваў мы займаемся на працягу чатырох гадоў. У гуртку займаюцца вучні 3—7 класаў, але ёсць і дзевяцікласнікі, а таксама навучэнцы каледжа. Усё пачалося з таго, што вучні зацікавіліся маімі работамі: іх здзівілі тэхналагічныя асаблівасці роспісу, ім самім захацелася параспісваць шкло.
Роспіс па шкле, з аднаго боку, дастаткова просты і даступны від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а з другога боку, ён патрабуе цярпення, акуратнасці і спецыяльных матэрыялаў: фарбаў і контураў па шкле, спецыяльных трафарэтаў, з дапамогай якіх наносяць малюнак, пэндзляў розных памераў і форм, губак, ватных дыскаў і інш. На прылаўках спецыялізаваных магазінаў можна знайсці ўсё неабходнае.
Трэба сказаць, што тэхналагічных прыёмаў роспісу па шкле вельмі многа. Мы з вучнямі выканалі сваю першую сур’ёзную калектыўную работу на тэму “Каляды”, маючы толькі шкло ў раме, туш, гуаш і фольгу ад цукерак. Распрацавалі эскіз, паклалі яго пад шкло, абвялі тушшу, змяшалі на палітры неабходныя колеры гуашы. Каб фарба трымалася на паверхні шкла, дадалі клей ПВА, аздобілі фон фольгай — і атрымалася вельмі цікавая работа, якая нават атрымала дыплом рэспубліканскай выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Вясёлкавыя рытмы”, якая праводзілася ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
З вышыні свайго вопыту магу сказаць, што пра тэхналагічныя этапы, нюансы і тонкасці роспісу можна распавядаць гадзінамі, але лепш замяніць размовы майстар-класам настаўніка і даць магчымасць вучням паспрабаваць свае сілы.
На занятках гуртка мы вывучаем розныя спосабы роспісу і яго афармлення. Напрыклад, калі работа цудоўна выглядае напрасвет, яе можна пакінуць без фону, бо сонечныя промні, праходзячы праз фарбы пано, толькі нададуць яму святочны настрой.
Роспіс утылітарных рэчаў — шклянак, бутэлечак, ваз, кілішкаў — крыху адрозніваецца тым, што прыходзіцца часцей рабіць перапынкі ў працы, каб даць высахнуць ужо распісанаму шклу перад паваротам аб’екта. А ўвогуле прынцып роспісу адзін і той жа: падрыхтоўка эскіза (або трафарэта), нанясенне контуру малюнка, яго заліўка (фольга тут не патрэбна).
Жыццё падкідвае нам розныя ідэі для творчасці: напрыклад, мы ператвараем слоікі з-пад кавы ў наборы для спецый, а флаконы з-пад парфумы — у вазы і падсвечнікі.
Таксама мы набываем у спецыялізаваных магазінах шкляны посуд, сувеніры і іншыя аксесуары, каб рабіць чароўныя падарункі сябрам і родным. Зробленыя сваімі рукамі і ад чыстага сэрца, яны атрымліваюцца шчырымі і душэўнымі.
І не сакрэт, што многія майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у тым ліку і тыя, хто займаецца роспісам па шкле, атрымліваюць ад творчасці не толькі асалоду, але і дадатковы заробак.
Мы таксама вырашылі не адставаць ад іншых і арганізаваць свой невялічкі бізнес-праект. На шляху да поспеху мы імкнёмся быць акуратнымі, падбіраць арыгінальныя сюжэты, вывучаць спажывецкі попыт, своечасова выконваць заказы, у тым ліку і калектыўныя, прымяркоўваць свае работы да адметных дат — Новага года, 8 Сакавіка, Дня закаханых, Каляд і інш.
Нягледзячы на тое, што матэрыялы для работы не вельмі танныя, выніковы кошт вырабу дазваляе зрабіць невялікую нацэнку.
Мы стараемся, каб нашы вырабы можна было выкарыстоўваць утылітарна: з кубкаў можна было піць каву і гарбату, у вазы — наліваць ваду і ставіць кветкі, слоікі з накрыўкамі ператвараць у скарбонкі і г.д.
Акрамя распрацоўкі ўтылітарных рэчаў, мы займаемся вырабам інтэр’ерных упрыгажэнняў — пано. У гэтым напрамку роспісу, вельмі падобным на жывапіс, з задавальненнем займаюцца навучэнкі каледжа Настасся Верасовіч і Кацярына Пужынская. У 2016 годзе яны прынялі ўдзел у абласным аглядзе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і супрацоўнікаў устаноў адукацыі “Чорная рабіна” і атрымалі дыплом ІІІ ступені.
Яшчэ адзін напрамак нашай творчасці — распрацоўка сувеніраў, прысвечаных памятным датам, культурным мерапрыемствам. Напрыклад, намі быў распрацаваны тэматычны шэраг сувеніраў “Маладзечна — культурная сталіца 2016 года”.
Мы спрабуем вырабляць сваімі рукамі адметную прадукцыю, удасканальваем сваё майстэрства, але галоўнае для нас усё ж не прыбытак, а асалода і задавальненне ад улюбёнага занятку.
Алена ВЛАДЫКА,
настаўніца выяўленчага мастацтва гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна.