Прысвячэнне Песняру

Сёлета, як ніколі, восень расквеціла каляровымі фарбамі старажытны Навагрудак, а сонейка спесціла яго незвычайным цяплом. А як жа інакш! Вялікую дату святкуе горад: 220 гадоў з дня нараджэння вядомага на ўвесь свет паэта Адама Міцкевіча.

Гэтую адметную падзею адзначылі і ў сярэдняй школе № 5 Навагрудка. Цікава прайшла вечарына “Незямное каханне Адама Міцкевіча” ў школьнай бібліятэцы. Акрамя знаёмства з вершамі паэта, навучэнцы яшчэ раз прайшлі пуцявінамі Адама Міцкевіча. У конкурсе чытальнікаў “Прысвячэнне Песняру” перамагла вучаніца 8 “Б” класа Уладзіслава Шляхціцава.

У час святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 220-годдзю Адама Міцкевіча, Уладзіслава ўзяла ўдзел у міжнародным свяце паэзіі “О Навагрудскі край — мой родны дом…”. Адметным было і тое, што вершы гучалі ў літаратурнай гасцёўні дома-музея паэта. Дзяўчынка ўразіла ўсіх прысутных пранікнёным чытаннем на польскай мове верша Адама Міцкевіча “Над вялікай і чыстай вадою”. Нейкая ўзнёслая рамантыка, юнацкае хваляванне і сум адбіліся ў ціхай і празрыстай вадзе. Здавалася, што верш чытала сама Марыля Верашчака. Мілая і абаяльная дзяўчынка то падымалася да аблокаў разам з чароўнай мелодыяй (апасіянату Рольфа Лоўланда з цыкла твораў “Сакрэтны сад” выконвала на скрыпцы аднакласніца Уладзіславы — Юлія Раманюк), то плыла ў невядомую далеч. “Мне плыць, плыць, плыць…” — рэхам гучалі радкі верша.

Свята паэзіі скончылася, але пранікнёная і ўзнёслая паэзія Адама Міцкевіча, безумоўна, будзе жыць вечна.

Валерый КАПАЦЭВІЧ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 5 Навагрудка.