Амаль штодня мы з ім бачымся на прыступках старога Дома друку, пабудаванага яшчэ з удзелам палонных немцаў. Здароўкаемся, рукаемся. Ён, як заўсёды, не забываецца спытаць: “Как там папа?” (Мой бацька з ім сябруе ўжо не адзін дзясятак гадоў.)
Іншы раз ён проста зазірне ў наш працоўны кабінет на другім паверсе Дома друку і скажа ўсім нам, супрацоўнікам “Настаўніцкай газеты”, каб бераглі сябе. А сам потым падымецца да сябе, на чацвёрты паверх, у сваю родную газету “Культура”, каб зноў і зноў… беражыць, вяртаць, захоўваць.
Беражыць імёнамі беларускіх мастакоў.
Вяртаць імёны мастакоў з беларускімі каранямі.
Захоўваць памяць пра іх, незлічоных і несправядліва забытых.
Усё гэта робіць ён — светлы, усмешлівы і самаадданы чалавек Барыс Аляксеевіч Крэпак. Ленінградская грунтоўная навуковая “закваска”, беларуская ўседлівасць і таленавітасць, чалавечая прыстойнасць і годнасць, вернасць і адданасць роднай зямлі выразна асвятляюць асобу Барыса Крэпака, які сёлета за серыю кніг і альбомаў пра жыццё і творчасць дзеячаў культуры і мастацтва Беларусі вылучаны на саісканне дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры.
Барыс Аляксеевіч Крэпак скончыў Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт у 1965 годзе. У тым жа годзе ён пачаў сваю працоўную біяграфію ў Дзяржаўным мастацкім музеі БССР. Са снежня 1965 года прызначаны рэдактарам мастацка-экспертнай калегіі Міністэрства культуры БССР. З 1970 па 1994 год працаваў у апараце Саюза мастакоў БССР загадчыкам творчых секцый і камісій, двойчы — сакратаром праўлення, членам Прэзідыума (потым Рады) Саюза. З 1994 года — рэдактар аддзела, член рэдкалегіі рэспубліканскай газеты “Культура”.
Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1990), двойчы лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” (1998, 1999), лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (2011). Таксама лаўрэат прэміі Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў (1999) і чатырохразовы лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў. Мае дыпломы Саюза мастакоў СССР (1976, 1988) за лепшыя кнігі года, Ганаровую грамату (1987) і медаль Беларускага саюза мастакоў “За заслугі ў выяўленчым мастацтве” (1999), Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР (1975), ганаровыя знакі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За значны ўклад у развіццё беларускай культуры” (2000, 2015) і Ганаровую грамату (2011). Таксама атрымаў Падзяку міністра культуры Рэспублікі Беларусь “За ўсебаковае асвятленне падзей культурнага жыцця і плённае супрацоўніцтва з установамі культуры і мастацтва Беларусі” (2012); грамату (2001) і нагрудны знак Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік друку Беларусі” (2010), дыплом камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА за дзейнасць па прапагандзе беларускага тэатральнага мастацтва ў сродках масавай інфармацыі (2014), Ганаровую грамату Беларускай акадэміі архітэктуры (2010) і інш.
На пачатку 1998 года, з’яўляючыся галоўным рэдактарам і суаўтарам фундаментальнага энцыклапедычнага даведніка “Беларускі саюз мастакоў. 1938—1998”, узначаліў групу з трох чалавек, і за паўгода вялізны аб’ём працы быў выкананы на высокім прафесійным узроўні.
За час шматгадовай працы ў сродках масавай інфармацыі краіны і выдавецкай дзейнасці праявіў сябе як вопытны мастацтвазнавец, мастацкі крытык, гісторык мастацтва і журналіст. Шмат гадоў вёў у газеце “Культура” рубрыку “Мастыхін”, з 2010 года паспяхова вядзе аўтарскую рубрыку “Вяртанне імёнаў”, а таксама друкуе артыкулы і нарысы пра мастацкае жыццё краіны і свету, пра выстаўкі, якія арганізоўваюць Міністэрства культуры і Беларускі саюз мастакоў. Прыцягваюць увагу чытачоў і выклікаюць грамадскі розгалас і матэрыялы аналітычнага, гістарычнага і сацыяльнага характару.
Барыс Крэпак вядомы ў рэспубліцы і за мяжой як аўтар каля 50 кніг, манаграфій, мастацкіх альбомаў, каталогаў, выдадзеных у Беларусі, Расіі, Украіне; сотні і сотні артыкулаў, эсэ, рэцэнзій друкаваліся ў краінах далёкага і блізкага замежжа.
Сярод найбольш значных кніг — выданні пра народных мастакоў Беларусі Л.Шчамялёва (некалькі кніг і альбомаў), В.Цвірку, З.Азгура, А.Бембеля, А.Анікейчыка, А.Кішчанку, М.Савіцкага, У.Тоўсціка, пра вядучых мастакоў Брэсцкага, Магілёўскага і Віцебскага рэгіёнаў. Прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і напісанні кніг “Елена Аладова. Музей — её судьба”, “Мир Владимира Высоцкого” (Масква), “Владимир Мулявин. Нота судьбы”, “Владимир Мулявин. “І сэрцам і думамі…”, “Евгений Чемодуров. Мой двадцатый век”, “Злучае нас часінаў ніць. Мемарыял “Брэсцкая крэпасць”, “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі”, “Беларусь — Іспанія. Выбраныя старонкі грамадска-культурнага ўзаемадзеяння”, “Время и творчество Льва Бакста”, “Александр Кищенко. Летописец ХХ столетия”, “Виталий Цвирко. Живопись. Акварель” (Москва) і інш.
Барыс Крэпак вядомы ў культурным свеце як таленавіты мастацтвазнавец і мастацкі крытык, адзін з нямногіх творчых дзеячаў, які больш за 40 гадоў прысвяціў вывучэнню і аналізу праблем сучаснага беларускага выяўленчага мастацтва, мастацкага жыцця рэспублікі ва ўсіх яго праяўленнях: прапаганда і выставачная дзейнасць, навуковае, эстэтычнае асэнсаванне традыцый і новых з’яў у станковым і манументальным жывапісе і скульптуры, станковай і кніжнай графікі, у сцэнаграфіі і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, манаграфічныя даследаванні жыцця і творчасці мастакоў усіх пакаленняў.
Акрамя таго, у яго актыве вялікае месца займаюць мастацтвазнаўчыя матэрыялы па гісторыі Віцебскай мастацкай школы, творчасць беларускіх “паўзабытых” мастакоў 30—60-х гадоў; выхад беларускага мастацтва на міжнародную арэну і яго месца ў сучаснай прасторы сусветнай культуры.
Барыс Аляксеевіч Крэпак — сябар трох творчых саюзаў краіны: Беларускага саюза мастакоў, Беларускага саюза журналістаў і Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў, а таксама член Асацыяцыі мастацтвазнаўцаў — Міжнароднага расійскага творчага саюза гісторыкаў мастацтва і мастацкіх крытыкаў (з 1991 года).
Згадваючы Барыса Аляксеевіча, немагчыма абысціся і без цытат мастакоў і мастацтвазнаўцаў, з якімі ідзе ён па жыцці.
Народны мастак Беларусі лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і прэміі Саюзнай дзяржавы Леанід Шчамялёў: “Я люблю і вельмі паважаю Барыса Аляксеевіча за яго шчырыя, трапяткія адносіны да мастацтва і людзей, якія ствараюць гэтае мастацтва. Ён — Мастацтвазнавец з вялікай літары, а для мяне — сябар на працягу многіх гадоў, мой добры анёл-ахоўнік”.
Доктар мастацтвазнаўства прафесар Валерый Жук: “Творчасці Б.А.Крэпака ўласцівы эрудыцыя, адчуванне стылю перыядаў, якія ён даследуе, што станоўча паўплывала на развіццё беларускай мастацтвазнаўчай думкі. Створанае ім уваходзіць у шэраг дасягненняў еўрапейскай культуры другой паловы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзяў”.
Хочацца працытаваць і словы самога Барыса Аляксеевіча з інтэрв’ю з ім карэспандэнту газеты “Рэспубліка”: “Па мне, калі рабіць, дык добра, а калі дрэнна, дык лепш зусім не рабіць. Дый пабачыў я дастаткова прыкладаў, калі прафесійныя крытыкі браліся яшчэ і алеем пісаць. Як правіла, няўдачна. За што і чулі ў свой адрас ад мастакоў: маўляў, нас крытыкуеш, а сам што можаш? Я шчаслівы, што мне падобнага ніхто не скажа”.
“Лепшы мастацтвазнавец — гэта час”, — лічыць Барыс Крэпак. А ў наш час, я ўжо дапоўню майго героя, лепшы мастацтвазнавец — гэта Барыс Аляксеевіч Крэпак.
У маіх руках — двухтомнік яго аўтарства “Вяртанне імёнаў”. Гэта каля 80 біяграфій-эсэ пра знакамітых мастакоў-беларусаў і тых, хто нарадзіўся на этнічнай тэрыторыі Беларусі, але ў розныя часы пакінуў сваю малую радзіму і сваім мастацтвам набыў славу іншым краінам.
Вось як звяртаецца да сваіх чытачоў аўтар у прадмове да двухтомніка: “Не пералічыць імёнаў асоб, якія нарадзіліся на этнічнай беларускай зямлі і здабылі славу іншым дзяржавам. Чаму? Так склаліся гістарычныя абставіны. А тыя постаці (нярэдка сусветнага маштабу) — гонар нашай Бацькаўшчыны. Без клопату пра вяртанне іх імёнаў у кантэкст айчыннай гісторыі немагчыма ўявіць і беларускую нацыю ў XXI стагоддзі. Па сёння беларусы Яўген Майсеенка і Георгій Ніскі лічацца рускімі, ураджэнец Віцебска Марк Шагал — грамадзянінам свету альбо руска-французскім мастаком, хаця ў апошнія гады ён ужо справядліва далучаны да нашай краіны ”.
У апошнія два дзесяцігоддзі ў гэтым сэнсе прайшла рэабілітацыя і іншых мастакоў, у тым ліку Валенція Ваньковіча, Фердынанда Рушчыца, Івана Хруцкага, Станіслава Жукоўскага, Рамана Семашкевіча, Хаіма Суціна. Гэты працэс паступова набірае моц, яркае пацвярджэнне таго — унікальная выстава “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі” ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь і музеях абласных цэнтраў (2012—2013) і прэзентацыйны альбом, у выданні якога прымаў удзел і Барыс Аляксеевіч.
Іншыя мастакі — ураджэнцы Беларусі, у тым ліку Кандрат Карсалін, Рудольф Жукоўскі, Міхаіл Башылаў, Міхаіл Мікешын, Леў Бакст, Сяргей Заранка, Дзмітрый Стэлецкі, Іосіф Аляшкевіч, Януарый Сухадольскі, Ісаак Іткінд, Георгій Ніскі (спіс можна доўжыць і далей) па-ранейшаму прыпісаны гісторыкамі мастацтва на “пастаяннае месца жыхарства” ў іншыя краіны — Расію, Літву, Польшчу, Францыю, Амерыку…
Марк Ротка, напрыклад, ураджэнец тагачаснага беларускага горада Дзвінск, стаў выдатным амерыканскім абстрактным экспрэсіяністам, жывапісцам-метафізікам. А хто ведае, што ён з былога беларускага горада? Тое ж самае можна сказаць пра “аргенцінца” Канстанціна Геду, “паляка” Уладзіслава Стржэмінскага, які родам з Мінска, ці “бразільца” віленчаніна Лазара Сегала…
“Прыйшоў час забыць у адносінах да нашай краіны сентэнцыю евангеліста Іаана In patria natus non est propheta voсatus (“Няма прарока ў сваёй айчыне”), — адзначае аўтар.
І гэтая кніга, у аснову якой пакладзены мае нарысы, надрукаваныя ў рэспублікаснкай газеце “Культура” на працягу апошняга дзесяцігоддзя, — адна з тых спроб, якія накіраваны на тое, каб страчаныя пласты (пакуль што ў выяўленчай галіне) вярнуць сённяшняму жыццю. А потым, я веру, прыйдзе чарга і да іншых сфер нашай культурнай прасторы…”
Колькі любові, колькі болю, колькі веры ў гэтых словах Барыса Крэпака. І колькі перагорнутых старонак архіваў, пажоўклых газетных палос было, калі ён працаваў над “Вяртаннем імёнаў”!
Беражыць, вяртаць, захоўваць… Здаецца, гэтымі дзеясловамі Барыс Аляксеевіч Крэпак і сам сябе ахоўвае.
Трымаю яго двухтомнік “Вяртанне імёнаў”, гляджу на паліцу з яго кніжкамі пра сучасных мастакоў.
Мы былі б бяднейшымі без яго, без яго кніг, без яго-нашых мастакоў.
Не, не наша краіна Беларусь была б бяднейшаю — яна ўсё сцерпіць. А менавіта мы, беларусы, былі б бяднейшымі.
Мікола ЧЭМЕР.