“Праклён табе, праклён табе, вайна!..”

Як і ў многіх унікальных кніг, у кнігі “Я помню ўсё…” свая гісторыя, свой не зусім лёгкі шлях да чытача, да людзей, да выхаду ў шырокі свет. У чым яе незвычайнасць ды ўнікальнасць, блізкая да непаўторнасці? Па-першае, яе “хроснай маці” з’яўляецца рэдакцыя часопіса “Вясёлка”, дзе пад рубрыкай “Была вайна…” амаль два гады з нумара ў нумар друкаваліся апавяданні-ўспаміны, якія ўвайшлі ў гэтае выданне; па-другое, яна ўпершыню сабрала пад адной вокладкай аўтараў — вядомых беларускіх пісьменнікаў, якія ў час Вялікай Айчыннай вайны былі дзецьмі, сталі сведкамі і ўдзельнікамі трагічных падзей ваеннага ліхалецця, хто зведаў усе жахі фашысцкай няволі; а па-трэцяе, змагла ўбачыць свет толькі… праз дзесяць гадоў пасля таго, як, старанна ўкладзеная ў рэдакцыі “Вясёлкі”, паспела павандраваць па шафах і “адзначыцца” ажно ў трох дзяржаўных выдавецтвах, чакаючы свайго Дня Перамогі. Бо рыхтавалася менавіта да гэтых юбілейных дат.

Калі ўлічыць, што самая знакамітая (інакш і не скажаш!) кніга дзяцей пасляваеннага пакалення “Ніколі не забудзем” пры ўсіх тагачасных фінансавых цяжкасцях была падрыхтавана рэдакцыяй газеты “Піянер Беларусі” і выдадзена за нейкія два гады, то гэтая кніга, якую можна смела назваць працягам сваёй легендарнай папярэдніцы, ужо ў нашы дні, як ні дзіўна, змушана была з-за нечай “руплівасці” прайсці такі працяглы і пакутны выпрабавальны тэрмін. Ды дзякуй, што ён усё-такі шчасліва скончыўся. Рукапіс, нарэшце, стаў кнігай.

Кніга змяшчае дзве прадмовы. Адну напісаў галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі, другую — паэт Пятро Прыходзька. Калі ў рэдакцыі на той час зайшла гаворка, каму б з пісьменнікаў-ветэранаў заказаць прадмову да кнігі, чамусьці ўсе сышліся на кандыдатуры гэтага прызнанага майстра паэтычнага слова. Як рэдактару рубрыкі “Была вайна…”, мне давялося весці перамовы з былым паэтам-франтавіком. Памятаю, выслухаўшы мяне і даведаўшыся, што за просьба ў нас да яго, ён, не вагаючыся, сказаў: “Прывозьце рукапіс, ахвотна напішу”. І ўжо недзе праз тры дні сам патэлефанаваў у рэдакцыю: “Я напісаў прадмову. Прыедзьце забярыце”. Вяртаючы мне рукапіс з прадмовай, Пятро Фёдаравіч не хаваў свайго ўзрушэння: “Добрую, патрэбную для сённяшніх школьнікаў кнігу стварыла ваша “Вясёлка”. Думаю, вам дзякуй скажуць усе, хто прачытае яе. Я сам, бачыш, слязы не хаваю, не мог спаць, пакуль чытаў гэтыя ўспаміны. Па сутнасці, атрымалася эпапея жыцця цэлага пакалення, пра якое можна яшчэ сказаць: птахі з апаленымі, але моцнымі і мужнымі крыламі. Я так і напісаў у прадмове”.

Мабыць, з-за эканоміі кніжнай плошчы прадмову Пятра Прыходзькі “Пакаленне з дужымі крыламі” выдаўцы вырашылі змясціць у добра-такі скарочаным выглядзе. У арыгінале яна выглядае больш разгорнутай і аргументаванай, падмацаванай нават канкрэтнымі прыкладамі, што тычыліся творчасці таго ці іншага пісьменніка — аўтара будучай кнігі. Па-мойму, цікавай для ўсіх, каму даспадобы творчасць гэтага выдатнага паэта, падасца такая мясціна з Прыходзькавай прадмовы: “Запомніўся мне ліст у рэдакцыю юнака з Полаччыны Генадзя Бураўкіна, які пісаў мне асабіста аб тым, што заканчвае сярэднюю школу, і прасіў парады — куды далей паступаць яму вучыцца, у які інстытут, бо ён хоча стаць літаратарам. Да ліста былі прыкладзены і вершы пачынаючага аўтара. Я ў той жа дзень паслаў адказ свайму юнаму карэспандэнту і напісаў так: “Не важна, дарагі Гена, куды ты паступіш вучыцца далей пасля заканчэння сярэдняй школы — у БДУ ці якую іншую вышэйшую ўстанову. Які б інстытут ці ўніверсітэт ты ні абраў, усё роўна ад цябе ніхто не адбярэ твайго прызвання, а з цябе атрымаецца добры паэт. Гэта пацвярджаюць і тыя вершы, якія ты прыслаў у рэдакцыю”.

Не мог утрымацца паэт-франтавік, каб не выказаць свайго добразычлівага меркавання пра яшчэ аднаго аўтара кнігі, вядомага празаіка Віктара Казько. Ён быў глыбока ўсхваляваны, прачытаўшы яго новы раман “Бунт незапатрабаванага праху”. Пад уражаннем гэтага твора ён нават напісаў верш “Вяртанне душы”, прысвечаны маладзейшаму сябру па пяры, і прапанаваў яго, калі будзе такое магчыма, уключыць у кнігу. Пятро Фёдаравіч паспяшаўся з напісаннем прадмовы, не адкладваў яе, як кажуць, у доўгую скрыню, быццам адчуваў, што жыць яму заставалася нядоўга, што, магчыма, сам не ўбачыць яе надрукаванай. Як у ваду глядзеў… Але ж напісанае засталося, убачыла свет нарэшце, і мы ўдзячны яму за яго падтрымку і стаўленне да кнігі “Я помню ўсё…”: “Я ўпэўнены, дарагі чытач, што прапанаваная табе кніга зойме пачэснае месца на кніжнай паліцы, як кніга, напісаная крывёю сэрца”.

На самым пачатку кнігі змешчаны таксама верш яшчэ аднаго паэта-франтавіка народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі “Дзеці вайны”. І ёсць у ім такія радкі: “Ім не спявалі маткі калыханкі, // Яны не чулі казак ад дзядоў, // Палохаў іх ахрыплы голас танкаў, // Трывожыў іх журботны енк удоў…” “Вайна усе забавы перакрэсліла, // Спаліла і маленства, і сяло”, — нібы ва ўнісон паэтычным радкам старэйшага таварыша па ваенным ліхалецці напіша потым малады паэт Юрась Свірка, згадаўшы жахлівыя дні свайго маленства, забранага вайной. Няўцешнасць гэтых радкоў ён адрасаваў усім аднагодкам, а найперш, мабыць, сябрам, хто змог выжыць у той вогненнай віхуры, прайсці праз голад і холад, страх смерці і журбу горкага сіроцтва.

Учытайцеся і ўдумайцеся самі. Адны толькі загалоўкі іх споведных апавяданняў могуць шмат аб чым сказаць чытачам, нам, сённяшнім, хто можа скласці ўяўленне пра пекла і жахі вайны хіба што з убачанага ў кінафільмах, з пачутага ад старых людзей, а цяпер вось — і з іх твораў і ўспамінаў: “Жыццё пад кулямі” Паўла Місько, “Апаленае маленства” Уладзіміра Мацвеенкі, “Зямля ў агні” Ніны Галіноўскай, “Допыт у полі” Ніла Гілевіча, “З самаробак — па самалётах” Рыгора Барадуліна, “Стук уначы” Уладзіміра Паўлава, “Пагарэльцы” Валянціна Мысліўца, “У сабачых лапах” Віктара Кудлачова, “Дотык сонечнага промня” Віктара Казько, “Згарэлі цацкі” Уладзіміра Ліпскага, “На валаску” Уладзіміра Содаля, “На той дзіцячы розум…” Валянціна Блакіта, “Кляновае марозіва” Анатоля Кудраўца, “Аблава” Алеся Ставера, “Граната не ўзарвалася” Рыгора Ігнаценкі, “Сынок, гэта не сон…” Паўла Саковіча, “Плач над магілай” Уладзіміра Шулякоўскага, “Далёка ад дому…” Барыса Сачанкі, “Выратаванне” Генадзя Бураўкіна, “Калыханка за калючым дротам” Уладзіміра Скарынкіна, “Старонка горкай памяці” Валянціна Лукшы, “Мы — дзеці вайны” Ніны Маеўскай, “Паездка ў прыфрантавы лес” Яўгена Міклашэўскага…

Сапраўды, крывёю сэрца напісаны ўспамін Янкі Сіпакова “Тое, што не забываецца”. Трагедыя іх сям’і — гэта трагедыя не адной сотні, нават тысячы беларускіх сем’яў, што апынуліся пад ботам крывавых чужынцаў і іх паслугачоў: западозрыўшы ў сувязі з партызанамі, ворагі арыштавалі спачатку бацьку, а потым і маці будучага паэта. “З гестапа ні мама, ні тата дадому не вярнуліся. Хоць я чакаў кожны дзень. І верыў у іх вяртанне! Верылі і сёстры, — піша Янка Сіпакоў. — Дзіўна, але я чакаў вяртання бацькоў нават ужо не дзіцем, а дарослым чалавекам, студэнтам універсітэта. — Кожнае пісьмо ад сястры Пашы адкрываў з вялікім хваляваннем, спадзеючыся на доўгачаканую вестку: тата і мама дома!

Вайна зрабіла мяне круглым сіратою ў сем гадоў. З тае пары я ўжо ніколі не чуў такіх ласкавых, такіх патрэбных усім дзецям слоў: сынок, сыночак, сынуля… Пасля вайны я доўгі час уздрыгваў толькі ад аднаго слова — “вайна”.

Толькі выпадковасць выратавала васьмігадовага Гену Бураўкіна ад немінучай пагібелі ў полымі задуманай карнікамі расправы над жыхарамі партызанскай вёскі. Карнікі сагналі людзей у вясковую лазню. Дзверы забілі цвікамі, абклалі яе саломай, а самі пайшлі прынесці газы ці бензіну. Вызваліў іх ад жахлівай смерці… немец. “Высокі, худы, з сівымі валасамі. Ён, як прывід, нечакана вырас у выламаных дзвярах і нешта ўсхвалявана і таропка паўтараў, махаючы рукамі ў бок недалёкага лесу. Мы ўсхапіліся на ногі і кінуліся ў хмызы за лазняй, хочучы толькі аднаго — як хутчэй дабегчы да лесу, да сосен і хваін, дзе, верылі, быў паратунак і дзе павінны былі быць нашы абаронцы-партызаны. Так само жыццё дало мне магчымасць пераканацца ў справядлівасці, можа, самай галоўнай ісціны на зямлі: нават сярод чужынцаў, нават сярод ворагаў таксама бываюць людзі, у каго ў грудзях спагадлівае сэрца і якія не могуць забіваць невінаватых”.

Падзеі ваеннага ліхалецця рана прымусілі пасталець многіх падлеткаў. Тысячы іх узялі ў рукі зброю, каб стаць поплеч з дарослымі на абарону роднай зямлі. Сталі партызанамі, падпольшчыкамі, сувязнымі. Вядомы сёння драматург Анатоль Дзялендзік дзесяцігадовым хлапчуком у час вайны, ратуючыся ад ворагаў, разам з маці трапіў на востраў Зыслаў, дзе знаходзіўся штаб партызанскага злучэння Мінскай вобласці. Камандзір злучэння Васіль Іванавіч Казлоў прызначыў увішнага і кемлівага хлапчыну сваім ад’ютантам. “Партызанскія краўцы перашылі вайсковую форму на мой рост, партупею, знайшлі пілотку майго памеру, штаны-галіфэ, чаравікі. Узброілі мяне таксама фінкай і аўстрыйскім дамскім пісталетам “вальтэр”. Падабралі невысокага коніка — кабылку Ластаўку”.

Пра неспакойныя, поўныя нечаканасцей і небяспекі будні лясных салдат і розныя прыгоды, што здараліся з ім, Анатоль Андрэевіч па-мастацку, вельмі цікава і займальна, дзе трагічна, а дзе з гумарам, расказаў у апавяданні “Мая вайна”.

“Зямля мая бой прымала // Ад стара і да мала, // Ад стагадовага Талаша // Да Казея — малыша”. Гэтыя, знаёмыя мноству чытачоў радкі са свайго “Рэквіема па кожным чацвёртым” узяў у якасці эпіграфа да кніжнага апавядання “Дзядзька Лявон, Лабанок і мы з братам” вядомы паэт Анатоль Вярцінскі. “Ваяваў бацька, ваявалі родныя дзядзькі. Страшэнна хацелася ваяваць і нам — мне і малодшаму брату Валодзю, — распавёў далей Анатоль Ільіч. — Асабліва пасля таго, як аднойчы пабачылі на свае вочы партызан. Марылі пра тое, як уцячы да іх у лес. Ляснымі салдатамі не сталі, вядома, але ўсё ж змагаліся: дапамагалі падпольшчыкам, былі сувязнымі”.

А аднойчы яму, адзінаццацігадоваму хлопцу, даверылі выканаць “дарослае, вельмі важнае заданне — вёз познім зімовым вечарам у Саснягоўскую пушчу галоўнага лепельскага партызана Лабанка. Так, так. Таго самага Уладзіміра Елісеевіча Лабанка, будучага праслаўленага камбрыга, Героя Савецкага Саюза, вядомага дзяржаўнага дзеяча”. Праўда, кім ён быў тады, гэты “светлавалосы, з усмешлівым, цікаўным позіркам незнаёмец”, які ветліва павітаўся і спытаў, як зваць, ці не баіцца ён ехаць ноччу, паэт, былы ўдзельнік той начной аперацыі, даведаўся значна пазней, калі працаваў ужо ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі.

А назву ўсёй кнізе падказалі радкі верша паэта Уладзіслава Нядзведскага “Я помню ўсё…”. Шчымлівым болем за незваротную страту дарагіх яму людзей, што прынесла ў іх родны дом вайна, прасякнуты гнеўныя радкі яго верша: “Я помню ўсё… // Я чую голас маці, // Якую перад смерцю не абняў, // Ты нас навек прымусіла расстацца — // Праклён табе, праклён табе, вайна!” У час вайны вёска, у якой жыў Уладзік, знаходзілася ў партызанскай зоне. Зімой 1943 года ў час аблавы карнікі забілі яго бацьку, маці, малодшага брата і сястру. Сам ён з малодшай сястрой нейкім цудам выратаваўся — удалося ўцячы ад забойцаў і схавацца. Пасля вайны выхоўваўся ў Мікашэвіцкім дзіцячым доме, працаваў там піянерважатым. Адтуль пазней паступіў на філфак БДУ. Скончыўшы яго, працаваў настаўнікам на Лагойшчыне, затым — у рэдакцыях сталічных часопісаў, у выдавецтве.

Пра дзяцей сірочага лёсу, сваё дзетдомаўства Уладзіслаў Нядзведскі вельмі праўдзіва і хвалююча расказаў у аўтабіяграфічнай аповесці “Хлопцы з другога корпуса”. На вялікі жаль, пісьменнік рана пайшоў з жыцця. Але не з памяці сяброў і землякоў: яго імем названа адна з вуліц у гарадскім пасёлку Мікашэвічы, а таксама гарадская гімназія.

У кнізе “Я помню ўсё…” — больш за тры дзясяткі аўтараў, былых дзяцей вайны, дзяцей аднолькавага лёсу, якія, перанёсшы неймаверныя пакуты і незваротныя страты, выйшаўшы жывымі з жудаснага полымя, распаленага вайной, змаглі дасягнуць высокіх літаратурных вяршынь, стаць вядомымі майстрамі мастацкага слова, гонарам айчыннай літаратуры. Многія з іх сталі лаўрэатамі дзяржаўных і літаратурных прэмій. А Ніл Гілевіч і Рыгор Барадулін ушанаваны высокім ганаровым званнем — народны паэт Беларусі.

Чытаючы гэтую кнігу, міжволі задумваешся: наколькі б збедненай, абрабаванай гітлераўскімі забойцамі выглядала б наша літаратура, наша культурная спадчына, калі б чужынцы заўчасна адабралі ў іх жыццё, пазбавілі мажлівасці раскрыцца іх талентам, творча працаваць, радаваць людзей сваімі творамі, а ў дадзеным выпадку — праўдзіва і шчыра расказаць пра ўсё ўбачанае і перажытае ў маленстве нам, сваім нашчадкам, каб мы ведалі і помнілі пра гэтыя жахі і рабілі ўсё, каб яны ніколі не паўтарыліся ў будучыні, у жыцці іх дзяцей, унукаў і праўнукаў, у жыцці ўсіх людзей свету.

Згаданая кніга яшчэ цікавая тым, што ў ёй чытачы змогуць знайсці нямала пранікнёных паэтычных радкоў — вершы, балады, урыўкі з паэм Станіслава Шушкевіча, Максіма Танка, Пятра Прыходзькі, Анатоля Грачанікава, Уладзіміра Карызны, Генадзя Кляўко, Уладзіміра Паўлава, Эдзі Агняцвет, Казіміра Камейшы, якія вельмі ўдала падмацоўваюць празаічную частку кнігі, дапаўняюць тое, пра што, магчыма, не маглі сказаць аўтары ўспамінаў. Здзівяць рэдкія фотаздымкі, знойдзеныя ў іх сямейных архівах, прывабны дызайн усёй кнігі.

Кніга “Я помню ўсё…” адрасавана ўсім, хто цікавіцца роднай літаратурай. Яе можна выкарыстоўваць таксама на класных гадзінах, пазакласных мерапрыемствах і ўроках мужнасці, у рабоце школьных бібліятэк. А выпусціла кнігу выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” ў серыі “Бібліятэка часопіса “Вясёлка”.

Мікола ЧАРНЯЎСКІ.