“Любіце кнігу, бо яна крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы…” Пад такім дэвізам у сярэдняй школе № 3 Ашмян прайшоў вучэбна-асветніцкі семінар з удзелам загадчыка сектара навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таццяны Андрэеўны Сапега. Асноўнай мэтай семінара было пашырэнне ведаў вучняў і настаўнікаў аб жыцці і творчасці Францыска Скарыны, азнаямленне з каштоўнымі для беларускай культуры выданнямі мінулых стагоддзяў, папулярызацыя айчыннай кніжнай спадчыны, стымуляванне вучэбнай актыўнасці і патрыятычнае выхаванне навучэнцаў.
Супрацоўнік НББ прадэманстравала шэраг выданняў з фонду бібліятэкі, у тым ліку муляж выдадзенай Ф.Скарынам у 1517 годзе кнігі Бібліі “Псалтыр”. Падчас семінара ў школе была арганізавана прысвечаная Ашмяншчыне кніжная выстава, якую падрыхтавала загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ашмянскай раённай бібліятэкі Святлана Антонаўна Галінская.
Навучэнцы прадставілі творчыя праекты, прысвечаныя 500-гадоваму юбілею беларускага кнігадрукавання. Адзін з іх — “Мінулае памятаем, будучыню ствараем” — пераможца Рэспубліканскага конкурсу “Ты ў эфіры”. Аўтар праекта — Юлія Буйвід, кіраўнік — Юлія Анатольеўна Вайда.
Таццяна Андрэеўна Сапега правяла прысвечаныя беларускаму першадрукару культурна-асветніцкія заняткі, у якіх вучні школы з задавальненнем прымалі ўдзел: адказвалі на пытанні, складалі пазлы. Але самым цікавым і запамінальным было стварэнне гравюр сваімі рукамі.
Супрацоўнік бібліятэкі зрабіла падарунак школе — гравюру, створаную на станку рэканструкцыі XVI cтагоддзя з металічнай дошкі.
Шчыра спадзяёмся, што такія мерапрыемствы выхоўваюць павагу да кнігі, здабыткаў айчыннай культуры.
Данута ЯНЦЭВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 3 Ашмян.