Лёсаў зорныя імгненні ў гомельскай школе

Бібліятэка сярэдняй школы № 66 Гомеля ў рамках правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных Году малой радзімы, працягвае знаёміць сваіх навучэнцаў з творчымі асобамі горада над Сожам. Напрыканцы лістапада тут была арганізавана сустрэча з Тамарай Віктараўнай Кручэнка, гомельскай паэтэсай, сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза журналістаў Беларусі, лаўрэатам абласной літаратурнай прэміі імя Кірыла Тураўскага.

Тамара Віктараўна расказала дзецям пра сваё дзяцінства, свае інтарэсы па жыцці, работу журналістам у абласной газеце “Гомельская праўда”, прадэманстравала фотаздымкі з асабістага архіва і, вядома ж, прачытала свае вершы. На сустрэчы аўтар пазнаёміла хлопчыкаў і дзяўчынак са сваім зборнікам “Лёсаў зорныя імгненні”, у які ўвайшлі нарысы і замалёўкі пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, падзялілася планамі на будучыню. Творчасць Тамары Віктараўны прасякнута дабрынёй, душэўнасцю і чысцінёй. Дзеці з вялікай увагай слухалі госцю, задавалі ёй пытанні.

На заканчэнне сустрэчы навучэнцы сфатаграфаваліся на памяць разам з аўтарам і пажадалі ёй далейшых творчых поспехаў. Тамара Віктараўна паабяцала, што гэтая сустрэча будзе не апошняй, і падарыла бібліятэцы школы сваю кнігу “Лёсаў зорныя імгненні” з аўтографам.

Ала ПРАТАСАВА,
загадчык бібліятэкі сярэдняй школы № 66 Гомеля.