“Усюды частку душы я пакінуў…”

Штогод з нагоды дня нараджэння Адама Міцкевіча навучэнцы і педагогі сярэдняй школы № 5 Навагрудка ладзяць цікавыя мерапрыемствы ў гонар вялікага паэта. А 2018 год для нашага земляка быў асаблівы, юбілейны, таму святкаванне выйшла за межы школы.



Напярэдадні калядных свят цэнтрам урачыстасцей юбілея паэта стаў Музей-сядзіба Адама Міцкевіча.

Старшакласнікі наведалі выставу “Незямное каханне Адама Міцкевіча”, якую арганізавалі выкладчыкі і студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Знаёмыя вобразы, родныя краявіды, вясёлкавая палітра фарбаў усхвалявалі наведвальнікаў і прыйшліся даспадобы.

Гасцінна адчыніў дзверы шляхецкі салон на сядзібе паэта. На літаратурна-мастацкай вечарыне “Светлым ценем Адама Міцкевіча” прафесійныя артысты Гродзенскай філармоніі выконвалі класічныя творы кампазітараў ХІХ стагоддзя, шыкоўныя шляхецкія танцы. І, безумоўна, гучалі творы Адама Міцкевіча, якія з вялікім натхненнем дэкламавала вучаніца 8 “Б” класа Уладзіслава Шляхціцава. Урывак з балады “Свіцязь” у выкананні дзяўчынкі перанёс усіх прысутных на прыгожае возера. Здавалася, яго блакітныя хвалі то ціха плёскаліся побач, то ўздымаліся да самага неба, а над векавымі дубамі (сведкамі сустрэчы Адама і Марылі) зіхацелі зорныя россыпы.

Навучэнцам нашай школы было прыемна яшчэ раз дакрануцца да вялікай спадчыны славутага паэта-земляка. Паэзія Адама Міцкевіча на яго радзіме заўсёды гучыць асабліва. Нездарма праз вякі згадваюцца словы вялікага паэта: “Усюды частку душы я пакінуў…”

Валерый КАПАЦЭВІЧ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 5 Навагрудка.