Ascolto!

Неўзабаве ў нашай краіне стартуе ІІІ Рэспубліканскі культуралагічны праект “Грані творчасці”, арганізатарам якога выступае Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а непасрэднае правядзенне мерапрыемстваў у рамках праекта забяспечваюць установы вышэйшай адукацыі нашай краіны.

Нагадаем нашым чытачам, што ўпершыню “Грані творчасці” адбыліся ў 2016 годзе і былі арганізаваны  на творчай платформе вядомага праекта “Арт-акадэмія”, які доўжыўся 7 гадоў і штогод збіраў вакол сябе шмат прыхільнікаў з ліку студэнтаў і іх выкладчыкаў. Але, безумоўна, “Грані творчасці” і “Арт-акадэмія” — гэта дзве зусім розныя акцыі. Калі ў апошняй для мастацкага асэнсавання студэнтам прапаноўвалася кожны год стварэнне творчых работ на аснове асэнсавання рэчаіснасці, суб’ектыўных уражанняў, творчай рэфлексіі і асацыяцый на нейкі канкрэтны колер, то “Грані творчасці” закліканы акцэнтаваць у іх свядомасці пэўных значных для беларускай культуры асоб і іх філасофска-творчыя ідэі. У 2016 годзе такой асобай быў Максім Багдановіч, 125-годдзе з дня нараджэння якога мы тады святкавалі. Летась у цэнтры ўвагі быў жыццёвы і асветніцкі шлях Францыска Скарыны і наогул феномен беларускага кнігадрукавання ад часоў Скарыны да нашых дзён.

Кожны наступны год знакавай персонай праекта будзе нейкі канкрэтны літаратар, асветнік, творца. Але самы вялікі творца беларускай культуры — сам народ, знакавы асветнік — беларуская мова, культурны падмурак — традыцыі. Таму сёлета арганізатары праекта “Грані творчасці” вырашылі засяродзіцца не на нейкай адной канкрэтнай гістарычнай постаці, а на тэме роднага беларускага слова, якая яднае вакол сябе вялікае-вялікае мноства нашых творцаў, што жылі раней і жывуць сёння. Невыпадкова дэвізам конкурсу ў гэтым годзе сталі словы “Магутнае слова, ты, роднае слова!” песняра беларускай літаратуры Янкі Купалы.

У арганізатараў вялікія амбіцыі ў добрым сэнсе гэтага слова. Задачы перад праектам яны ставяць вельмі сур’ёзныя: далейшае развіццё відава-жанравага дыяпазону аматарскай творчасці, прапаганда сучасных напрамкаў і лепшых узораў мастацкай творчасці, у тым ліку з выкарыстаннем IT-тэхналогій; стварэнне аптымальных умоў для развіцця і рэалізацыі творчага патэнцыялу студэнцкай моладзі; інтэнсіфікацыя крос-культурнага ўзаемадзеяння; устанаўленне і развіццё міжкультурных кантактаў сярод прадстаўнікоў моладзі з розных краін; укараненне ў практыку інавацыйных і эфектыўных форм сацыякультурных камунікацый студэнцкай мола­дзі. Што тычыцца канкрэтных мера­прыемстваў, вельмі маштабныя намеры, у прыватнасці, правесці ў рамках праекта ў перыяд са студзеня па снежань 2018 года такія грандыёзныя акцыі, як Рэспубліканская выстава сучаснай візуальнай творчасці студэнтаў “Грані творчасці”, рэспубліканская культурна-асветніцкая акцыя “Грані творчасці” і Міжнародны канцэптуальны праект-ініцыятыва “Сябрына”. Дарэчы, да ўдзелу ў “Сябрыне” будуць запрошаны студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі такіх краін, як Боснія і Герцагавіна, Расійская Федэрацыя, Славацкая Рэспубліка, Балгарыя, Македонія, Польшча, Сербія, Славенія, Харватыя, Украіна, Чарнагорыя, Чэшская Рэспубліка. Аснову гэтага праекта-ініцыятывы складуць звароты студэнтаў, якія на роднай мове будуць прамаўляць нейкую фразу. Тэкст неабходна будзе адапта­ваць да канкрэтнай краіны, назваўшы сваю мову і імёны літаратурных дзеячаў, напрыклад: “Беларуская мова — гэта мова беларускага народа, мова пісьменніка Якуба Коласа і паэта Янкі Купалы”. Такія відэазвароты будуць суправа­джацца відэаздымкай панарамы ўстановы адукацыі, інтэр’ера музея літаратурнага дзеяча, гістарычных аб’ектаў, помнікаў і такім чынам будуць адлюстроўваць нацыянальныя асаблівасці краіны.

Зрэшты, пакуль гэта ўсё яшчэ толькі планы, а пра саму сутнасць “Граней творчасці” і пра некаторыя іншыя рэчы, якія тычацца працы з творчай моладдзю, сёння гутарым з ініцыятарам і куратарам праекта, загадчыкам аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Аленай ЛАЎРЫНОВІЧ.

— Алена Сяргееўна, у чым, калі гаварыць простымі словамі, унікальнасць праекта “Грані творчасці”? Чым ён вылучаецца сярод іншых творчых праектаў?

— Ён сапраўды цікавы і ўнікальны. Ёсць многа розных творчых праектаў, і часта маладым людзям прапаноўваецца сучасная творчасць і нейкія вельмі суб’ектыўныя фантазіі. Ёсць і іншы від конкурсаў: калі задаецца вельмі вузкая тэма, вельмі вузкая тэхніка выканання і г.д. А праект “Грані творчасці”, мне здаецца, мае тую шырыню і ўніверсальнасць, якія рэдка знойдзеш у конкурсах. Ён унікальны найперш тым, што тут злучаюцца аўтарскі, ужо напісаны некім тэкст і крэатыўнае візуальнае рашэнне маладога чалавека, якое ён прымае, зыхо­дзячы з прапанаванага яму літаратурнага тэксту. У выніку нараджаецца ўжо як бы новы тэкст — тэкст-сэнс. Кожны студэнт прачытвае зыходны аўтарскі тэкст па-свойму. Хацела б дадаць, што гэты праект цікавы не толькі студэнтам, але і прафесіяналам. Галоўная экспазіцыя размяшчаецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, яе ацэньваюць эксперты-прафесіяналы, вядомыя ў краіне людзі. А яшчэ вельмі важна, што пасля экспанавання ў бібліятэцы праект здзяйсняе падарожжа па ўстановах вышэйшай адукацыі нашай краіны ў форме культурна-асветніцкай акцыі. За два гады ўжо 10 універсітэтаў у розных рэгіёнах Беларусі станавіліся творчымі пляцоўкамі праекта. Такім чынам, ён ператвараецца ў своеасаблівую культурную хвалю, у рамках якой студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі право­дзяць для навучэнцаў школ, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, прафесійна-тэхнічных каледжаў розныя культурныя мерапрыемствы, творчыя сустрэчы з аўтарамі работ, маладымі мастакамі, дыскусіі, лекцыі-паказы ад прафесійных мастакоў на базе экспазіцыі, якая падарожнічае па краіне.

— На колькі часу разлічаны праект “Грані творчасці”?

— За 10 гадоў мы плануем са­браць гэтакую галерэю нашых вядомых творцаў, герояў у асэнсаванні іх творчасці маладымі лю­дзьмі. Стартавалі, як вам вядома, мы з самага маладога — 25-гадовага класіка Максіма Багдановіча. Другі раз у сувязі з 500-годдзем беларускага кнігадрукавання, натуральна, у цэнтр увагі вывелі Францыска Скарыну. Сёлета за культуралагічную аснову праекта ўзялі фрагменты вуснай народнай творчасці і мастацкіх літаратурных тэкстаў, якія прапанавалі студэн­там выву­чыць і праілюстраваць.

— Якія канкрэтна намінацыі вы прапануеце сёння студэнтам?

— Па-першае, “Летэрынг” — “Родная мова, цудоўная мова! Ты нашых думак уток і аснова!”. Як вядома, летэрынг літаральна азначае “маляванне словамі”, тэхніку выканання, у якой тэкст, графічныя формы і рашэнні з’яўляюцца мастацкімі аб’ектамі. А сярод канкрэтных твораў для асэнсавання — “Родная мова” Максіма Танка, “Родная мова” Пімена Панчанкі, “Матчына мова” Алеся Бачылы, “Слова” Якуба Коласа, “Роднае слова” Янкі Купалы, “Родная мова, цудоўная мова!..” Уладзіміра Дубоўкі, “Родная мова” Ніла Гілевіча, “Роднае слова” Дануты Бі­чэль-Загнетавай і інш.

Па-другое, “Каляровая графіка. Рэхарыфма” — “Па рэху напеваў, па голасе сэрца…”. У гэтай намінацыі аснову творчай работы складае стылізаваны беларускі сімвал ці арнаментальны матыў з характэрных беларускіх сімвалаў. Прапанаваная аўтарам сюжэтная кампазіцыя павінна праілюстраваць змест аднаго з узораў вусна-паэтычнай ці музычнай народнай творчасці і раскрыць сакральны сэнс традыцый земляробчага ці сямейна-абрадавага календара беларусаў. Пры падрыхтоўцы работы аўтару неабходна будзе ўжыць пэўны беларускі сімвал ці арнаментальны матыў, які тычыцца пэўнага беларускага абраду або свята. Творчая работа суправаджаецца інфармацыяй з назвай абраду, рэгіёнам і фрагментам тэксту абрадавай песні.

Па-трэцяе, “Фотаальтэрнат” — “Што ў цябе ёсць, акрамя мовы, з якой складаюцца твае думкі і словы?”. Тут аснову творчай работы складае візуалізацыя рэдкаўжывальнага ў сучасным жыцці або забытага беларускага слова. Аўтарам неабходна стварыць канцэптуальны фотапартрэт з рэччу або рэпартажны фотаздымак выявы ці падзеі, які будзе з’яўляцца ілюстрацыяй да выбранага слова. А яшчэ трэба будзе суправадзіць творчую работу інфармацыяй з кароткім тлумачэннем гэтага слова.

Па-чацвёртае, “Візуальны сэт” — “Вечна жывуць у слове незлічоныя скарбы чалавечай думкі і вопыту”. Тут да ўдзелу дапускаюцца аўтарскія работы ў розных напрамках і тэхніках мастацкай творчасці, традыцыйных беларускіх тэхніках народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (выцінанка, плоскасная аплікацыя, плоскаснае саломапляценне, габелен, вышыўка, ткацтва і інш.), у якіх прадстаўлена візуалізацыя алегарычных з’яў прыроды, вобразаў птушак, жывёл, герояў і сюжэтаў беларускіх міфаў, легенд і паданняў, якія знайшлі адлюстраванне ў вуснай народнай творчасці.

— Мне здаецца, што ў гэтага праекта значна большыя інтэнцыі, чым проста развіццё творчых здольнасцей моладзі.

— Безумоўна, кожны студэнт у рамках школьнай праграмы вывучаў беларускую літаратуру з ёй знаёмы. Мы не можам сказаць, што беларуская літаратура — гэта прынцыповае адкрыццё для нашых студэнтаў самых розных спецыяльнасцей, у тым ліку тэхнічных. Але мы даём ім магчымасць пашырыць веды пра творчасць таго ці іншага пісьменніка. Для асэнсавання мы прапаноўваем студэнтам творы па-за школьнай пра­грамай. І, што не менш важна, пры адборы твораў мы арыентуемся на тое, каб яны былі актуальныя менавіта для студэнцкага ўзросту, для моладзі, а не для дзяцей і падлеткаў. Нарэшце, мы імкнёмся даць маладым людзям вектар творчасці, прапаноўваем пэўны набор твораў і магчымасць выб­раць з гэтага набору самы цікавы твор, эмпа­тычны, які студэнт зможа даследаваць, а ў далейшым праз візуалізацыю выказаць свае адчуванні, роздумы, сумненні, вырыянты. Гэта ўжо будзе менавіта аўтарскі адказ маладога чалавека на прапанаваны твор і адначасова творчы месэдж гледачу, які таксама запрашаецца як суразмоўца ў палілог мастацтва і часу.

— Вам часта даводзілася па-са­праўднаму здзіўляцца, сузіраючы творы студэнтаў?

— Гэтае здзіўленне прысутнічае заў­сёды! Справа ў тым, што студэнт у рамках праекта “Грані творчасці” не робіць літаральную ілюстрацыю тэксту. На аснове прапанаванага тэксту-сэнсу ён пачынае ствараць свой новы сэнс, прапаноўвае свой візуальны варыянт — як гэта можа быць. І ў выніку нараджаецца абсалютна новы сэнс. Часта мы сутыкаемся з тым, што на той ці іншы твор студэнтам прапаноўваецца настолькі цікавае рашэнне, што судакрананне з першасным сэнсам нам, гледачам, трэба яшчэ і пашукаць. Я не кажу пра тое, што студэнты ства­раюць у сваіх мастацкіх работах нешта су­працьлеглае прачытанаму тэксту, але яны іншым разам настолькі глыбока сыходзяць менавіта ва ўласнае творчае рашэнне, што проста немагчыма не захапляцца і не здзіўляцца.

— Алена Сяргееўна, ці суадносіцца як-небудзь праект “Грані творчасці” з іншымі студэнцкімі праектамі, напрыклад, з тымі ж “АРТ-вакацыямі”, F.ART.by, “Арт-акадэміяй”?

— Гаварыць пра нейкую суаднос­насць з гэтымі праектамі, якія вы назвалі, мабыць, з аднаго боку, немагчыма, а з другога — неабходна. Маладзёжная творчасць вельмі разнастайная, яна дынамічна развіваецца. Але яна ж і сінкрэтычная з’ява.

— А як усё-такі нараджаюцца ў вас тыя ці іншыя неардынарныя ідэі?

— Некалі я пачула адно цудоўнае слова — італьянскае ascolto. У перакладзе яно азначае “чуць”. Але гаворка ідзе не пра літаральна ўключаны слых, а пра ўключэнне інтуіцыі. Гэта калі ты можаш разумець, чуць на ўзроў­ні разумення. І вось для мяне гэтае слова растлумачыла многія тыя ідэі, тыя творчыя рашэнні, якія генерыруюцца нашай творчай камандай. Проста трэба ўмець чуць. Умець чуць тое, што ёсць у кожнага, што было ў кожнага, што кожны чакае. Умець чуць на ўзроў­ні творчага прагнозу ці творчай інтуіцыі. Умець прадугаць, ці будзе гэта цікава моладзі. І ў рабоце з моладдзю ascolto — гэта, я лічу, найбольш плённы спосаб дзейнічання. Але і найбольш складаны ў плане прапановы нейкіх ідэй. Асабліва ў плане работы з творчай таленавітай моладдзю, бо яна сама — рэактар ідэй. Яны самі перанасычаны гэтымі ідэямі, і яны фарміруюць сваю мала­дзёжную культуру. І калі мы гаворым пра тое, што павінны моладзь нечым зацікавіць, трэба ўважліва прыслухацца перш за ўсё да яе самой.

— Дзякуй вам вялікі за гутарку.

— Дзякуй і вам. Карыстаючыся нагодай, дазвольце мне праз вашу газету павіншаваць і ўсіх вашых калег, і ўсіх сваіх калег, і наогул усіх беларусаў з цудоўным святам Нараджэння Хрыстова. Я не ведаю, наколькі аднолькавыя ці суб’ектыўныя эмоцыі перажываюць розныя людзі ў сувязі з гэтым святам, але ў любым выпадку для ўсіх нас гэта вялікае свята!

Гутарыў Мікола ЧЭМЕР.