Глеба, спрыяльная для крэатыву

Тэма–дэвіз праекта “Грані творчасці” “Магутнае слова, ты, роднае слова!” натхняе беларускіх студэнтаў

У сёлетніх “Гранях творчасці”, безумоўна, будзе прадстаўлена вялікая колькасць студэнтаў, творчых калектываў, якія ўдзельнічалі ў гэтым праекце і год, і два назад. І можна не сумнявацца, што тэма нашай мовы, нашага Купалы, нашых каранёў стане для іх такой жа блізкай, як і папярэднія тэмы Багдановіча і Скарыны. Яна для іх сапраўды родная, пра што сведчаць іх мастацкія работы, якія яны ствараюць на працягу года зусім не з мэтай паўдзельнічаць у нейкім фестывалі ці конкурсе, а проста… для сябе, для сваёй душы. Мы скантактаваліся з выкладчыкамі, трыма кіраўнікамі яркіх творчых калектываў, і задалі кожнаму з іх некалькі прыблізна аднолькавых пытанняў: “У чым вы бачыце карыснасць праекта “Грані творчасці?”, “Што чакаеце ад яго сёлета?”, “Ці здольны натхніцца вашы студэнты тэмай нацыянальнай культуры?”, “Якую ролю адыгрывае мастацтва ў жыцці сучаснага студэнта?”, “Якія асноўныя прынцыпы вашай работы са студэнтамі?”.

Ніжэй змяшчаем маналогі-роздумы людзей, якія вельмі зацікаўлены ў развіцці творчага патэнцыялу сваіх студэнтаў, у тым, каб яны заўсёды заставаліся крэатыўнымі і патрыятычна настроенымі людзьмі.

Старшы выкладчык кафедры “Прамысловы дызайн і ўпакоўка” факультэта тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі БНТУ Святлана Юр’еўна МІКУЛЬЧЫК:

“Нашы студэнты абодва мінулыя разы прымалі актыўны ўдзел у конкурсе “Грані творчасці”, праяўлялі цікавасць да яго, прапаноўвалі варыянты творчых праектаў, якія выносіліся на ўсеагульнае абмеркаванне на кафедры. І кожны раз абавязкова з’яўлялася ўнікальная работа — дый не адна — з асаблівым стылем выканання. Гэта сапраўднае адкрыццё! Дзякуючы магчымасці ўдзелу ў “Гранях творчасці”, студэнты праяўлялі сваю індывідуальнасць, дэманстравалі сваю ўнікальнасць і асаблівае творчае ўвасабленне. Яны вельмі па-рознаму трактавалі тэмы Максіма Багдановіча і Францыска Скарыны. Думаецца, што такая ж разнастайнасць будзе і сёлета ў сувязі з тэмай купалаўскага слова.

Іх асабліва радуе, што іх праекты ў рамках “Граней творчасці” выносяцца на адкрытае галасаванне незалежных карыстальнікаў у інтэрнэце, а потым — на суд прафесійнага журы. А як жа інакш раскрыцца, адчуць, што іх творчасць сапраўды запатрабавана? Акрамя таго, удзел у конкурсе спрыяе мэтанакіраванай творчай дзейнасці студэнтаў, пашырае кола зносін моладзі, знаёміць з дзіўнымі мастацкімі работамі студэнтаў іншых устаноў вышэйшай адукацыі, дапамагае вызначыцца і выпрацаваць свой творчы почырк. Пры гэтым трэба адзначыць, што арганізатары праекта “Грані творчасці” дакладна фармулююць важную і перспектыўную тэму, якая знаходзіць водгук у сэрцах людзей мастацтва. Пра гэта выразна сведчыць і дэвіз сёлетняга праекта “Магутнае слова, ты, роднае слова!”.

Мне пашчасціла працаваць з творчай моладдзю, паколькі выпускнікі нашай кафедры атрымліваюць кваліфікацыю “інжынер-канструктар-дызайнер”, “інжынер-дызайнер”. У цяперашні час праводзяцца даследаванні ў галіне прамысловага дызайну, накіраваныя на вырашэнне важнай дзяржаўнай задачы — імпартазамяшчэння. Нашы студэнты прапрацоўваюць пошукавыя варыянты для пераўтварэння дызайну знешняга выгляду прамысловых вырабаў з мэтай павелічэння продажу прадукцыі, якая выпускаецца, як на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, так і за яе межамі. Быць запатрабаваным і карысным — гэта значыць быць перспектыўным і ў далейшым мець работу ў добрай кампаніі. Выяўленчая творчасць для студэнтаў нашай кафедры — гэта інструмент, а вось як яго выкарыстоўваць — задача прафесарска-педагагiчнага калектыву, мэта кіраўніцтва БНТУ. У гэтым сэнсе ўдзел у праекце “Грані творчасці” для нашых студэнтаў становіцца добрым спосабам дасягнуць высокіх творчых і прафесійных вынікаў, бо праект мае на ўвазе мяккі пераход ад слова да выявы, калі нават літара мяняе свой знешні выгляд і замест знака ператвараецца ў ажыўленую форму. А ўсё гэта непасрэдна суадносіцца з дызайнам.

Беларуская зямля багатая на ўнікальных і таленавітых людзей, якія ствараюць свой выдатны і мудры мастацкі свет — беларускае нацыянальнае мастацтва, якое адлюстроўвае душу беларускага народа, яго асаблівае аблічча, яго вобраз. У культуры нашага беларускага народа ўсё ўзаемазвязанае і невыпадковае, у ёй выяўляецца разуменне карысці і прыгажосці, дабра і зла, жыцця і чалавечнасці. Важна ўмець бачыць і, здавалася б, у звычайным разгледзець прыгажосць, перадаць успрынятае на палатно. У Японіі існуе нават такі спецыяльны прадмет — “Мастацтва любавання”, на якім вучаць углядацца ў звычайнае — і бачыць нечаканае, углядацца ў простае — і бачыць складанае, углядацца ў непрыгожае — і бачыць прыгожае, углядацца ў малое — і бачыць вялікае! Неабходна проста любіць сваю родную зямлю, берагчы і прымнажаць беларускія традыцыі, вывучаць прыгажосць беларускай прыроды, а разнавіднасці форм, палітры фарбаў падкажа само жыццё. Беларускі народ па-свойму апявае прыгажосць свету, яго мастацтва вучыць суперажываць, дапамагае людзям разумець адно аднаго, аб’ядноўвацца і ў радасці, і ў горы. Прыгажосць — гэта наогул вельмі глыбокая і складаная рэч. Каб яе ўбачыць, патрэбны сардэчная чуласць і душэўныя высілкі, прыгажосць вопыту пражытых гадоў, перажытых радасцей, трывог і здзейсненых спраў. З часам прыходзіць высокая прыгажосць разумення іншых людзей, мудрасць душы. Таму бясконца важна акуратна, не закрануўшы самалюбства творчага чалавека, карэкціраваць яго шлях і парцыённа перадаваць яму свой назапашаны прафесійны і творчы вопыт.

Сярод сучаснай моладзі Беларусі ёсць вялікая колькасць таленавітых людзей, і мне хацелася б ад усёй душы пажадаць маладым людзям нашай прыгожай краіны актыўна працаваць і прымаць удзел у такіх творчых праектах, як “Грані творчасці”, дэманстраваць свае работы, вывучаць, даследаваць, прымяняць вопыт пакаленняў для захавання моцы нашай дзяржавы і ўмацавання індывідуальнай прыгажосці беларускага народа”.

Старшы выкладчык кафедры дашкольнай адукацыі і тэхналогій кіраўнік гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва аддзела культуры і творчасці Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Леанід Рыгоравіч КАПУЗА:

“Выставачныя праекты-конкурсы, якія ладзіць Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, заўсёды цікавыя і непрадказальныя як па змесце, так і па форме. Успамінаюцца першыя сем выстаў студэнцкай творчасці “Арт-акадэмія”, якія кардынальна разбурылі (у лепшым сэнсе гэтага слова) уяўленне аб рэспубліканскай выставе. Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва было не абмежавана як па выбары жанру, тэхнікі, так і тэматычна. Нечаканым тады стала адзінае патрабаванне да работ — выкарыстанне толькі аднаго колеру і яго адценняў. Было няпроста ўявіць вобраз, напрыклад, у белым або аранжавым колеры. Створаныя ўмовы з’явіліся для нас своеасаблівым каталізатарам вызначэння тэмы і яе мастацкага ўвасаблення.

А ўдзел у праекце “Грані творчасці” стаў для нас новым паваротам у творчай дзейнасці, калі на змену перавагі мастацкай формы (колеру) прыйшоў змястоўны складнік. Творчасць студэнтаў скіравалася на асэнсаванне ў іх работах жыцця і дзейнасці Максіма Багдановіча і Францыска Скарыны, феномена беларускай мовы, самога слова. Адзначу, што ў студэнтаў і выкладчыкаў нашага ўніверсітэта з кожным годам павышаецца цікавасць да гэтага праекта. Толькі да выставы “Багдановіч. Маладыя жаданні…” у рамках “Граней творчасці” ў 2016 годзе нашы студэнты стварылі 46 работ. Цяпер яны ўпрыгожваюць інтэр’ер студэнцкай зоны адпачынку галоўнага корпуса ўніверсітэта.

Наогул, студэнты цікавяцца мастацтвам. Аднак назіранні і апытанні паказваюць, што ўзровень валодання мастацтвазнаўчымі ведамі знізіўся, а гэта адбіваецца на самім разуменні прыроды мастацтва. Нешматлікія маладыя людзі стануць мастакамі, аднак разумець творы мастацтва павінен кожны чалавек. Радуе, што сітуацыя сёння мяняецца ў лепшы бок. І не ў апошнюю чаргу дзякуючы таму, што пасля шматгадовай адсутнасці ў агульнаадукацыйных школах тры гады назад быў зноў уведзены прадмет “Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)”.

Сучасныя студэнты, калі не казаць пра тых, для каго выяўленчае мастацтва з’яўляецца спецыяльнасцю, імкнуцца да розных відаў прыкладных мастацтваў: бісерапляценне, вышыўка, выраб лялек і г.д. І ў гэтым выпадку, за рэдкім выключэннем, мы бачым рэпрадуктаванне работ. Гэтаму спрыяе вялікая колькасць выдадзеных у апошні час дапаможнікаў з гатовымі малюнкамі, схемамі, а таксама інтэрнэт-сайты з майстар-класамі па розных відах рукадзелля. Работа па шаблонах у мастацкай дзейнасці не арыентуе чалавека на творчы стыль жыцця. Абсалютна іншая прырода ў конкурсу “Грані творчасці” — тут студэнт так ці інакш павінен уключаць менавіта ўласнае ўяўленне.

У сваёй практыцы перад выкананнем работы я арыентую студэнтаў перш за ўсё на актуальную, незаезджаную тэматыку, прапаноўваю тэму, якая павінна быць рэалізавана ў адной з мастацкіх тэхнік. Напрыклад, выканаць аўтапартрэт у тэхніцы выцінанкі. Педагогам вядома рэакцыя сучаснага студэнта ў такой сітуацыі: амаль усе студэнты пачынаюць шукаць у смартфонах падобныя работы. Але ў аналагах могуць быць знойдзены толькі тэхналогія выканання, асаблівасці малюнка партрэта, частак твару. А далей трэба шукаць сябе: які менавіта я, шукаць свой вобраз. І тут інтэрнэт бездапаможны. Не адразу, але ў ходзе ўласнага аналізу нехта ўявіць сябе ў выглядзе восені, нехта — феі, яшчэ нехта — рыцара і г.д. Затым ідзе эскізіраванне, работа ў матэрыяле. На мой погляд, ужо сама тэма-дэвіз сёлетніх “Граней творчасці” “Магутнае слова, ты, роднае слова!” стымулюе да творчасці. Прапанаваны змястоўны матэрыял (слова, родная мова, паэзія, міфалогія) блізкі кожнаму студэнту, стварае эмацыянальную атмасферу, спрыяльную для стварэння жывапісных, графічных, дэкаратыўных і лічбавых выяў. Прызнацца, гэтая тэма вельмі блізкая і мне асабіста.

“Чужым розумам не пражывеш”, “У людзей пытай, ды свой розум май” — гэтыя прыказкі, якія ў дзяцінстве я чуў ад сваёй мамы, Еўдакіі Макараўны, мабыць, паўплывалі на маё стаўленне да той справы, якой я займаюся, і па гэты дзень служаць жыццёвым арыенцірам. Нядаўна ў мяне быў у гасцях мой педагог — Пётр Аляксандравіч Анашчанка (выкладчык былога Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М.Кірава, мастацка-графічнага факультэта). Ён, успамінаючы гады маёй вучобы, сказаў: “Лёня паслухае, але ўсё роўна зробіць па-свойму”. Нестандартная работа — гэта, безумоўна, цяжкасці, перашкоды, часам падзенні, няўдачы, аднак яны спрыяюць пошуку, развіццю, пераменам да лепшага і напаўняюць жыццё чалавека асаблівым сэнсам, дазваляюць яму радавацца жыццю, не чапляючыся за яго трывіяльныя каштоўнасці”.

Старшы выкладчык кафедры педагогікі сацыяльнай і пачатковай адукацыі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Марына Уладзіміраўна МАРЧУК:

“Што можа быць яшчэ больш прыемным і плённым для мастака, творцы, як не натхненне роднымі вытокамі, нацыянальнай культурай? Разам са сваім мужам, таксама старшым выкладчыкам нашай кафедры Валерыем Іванавічам Марчуком, ужо не адзін год мы кіруем ва ўніверсітэце гуртком дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Повязь” і бачым, што гэтая тэма вельмі блізкая студэнтам. Гэта асабліва відавочна на нашых пленэрах выхаднога дня, якія праходзяць у вёсцы Стойлы, дзе жыў народны майстар Беларусі Мікалай Тарасюк і дзе знаходзіцца яго музей-лазенка з “Драўляным людам”.

Увогуле ж, у педагагічнай рабоце маюць значэнне не толькі дакладна знойдзеныя фармулёўкі і вызначэнні, але і інтанацыя. Танальнасць гучання вызначаецца ўнутраным стаўленнем да работы і стварае нябачную атмасферу і настрой. Маладосць — гэта час пошукаў. Менавіта ў гэты час ад неабходнага слова і таго, як яно прагучыць, ці дойдзе яно да таго месца, адкуль пачне расці, даваць плён, апранацца ў форму, залежыць вельмі многае. У прафесійнай падрыхтоўцы слова — гэта асноўны інструмент мастака. Ад простых заданняў па шрыфтавой графіцы па выбары цытаты — да фармулёўкі аўтарскай канцэпцыі пры стварэнні фірменнага стылю. Так ці інакш, але ўся работа зводзіцца менавіта да слова, якое асэнсоўваецца і накіроўвае. Кожны псіхолаг ведае, што нашы паводзіны ўмоўныя, яны вызначаюцца пэўнай устаноўкай. Наша ўстаноўка — ва ўсведамленні свайго асабістага сэнсу жыцця з дапамогай мастацтва, як гэта было ва ўсіх вялікіх мастакоў. Пошук унутранай няўлоўнай сувязі паміж формай і гукам, пахам і колерам, формай і зместам — гэта традыцыйнае кола праблем мастацтва авангарда і постмадэрнізму, асабліва блізкага моладзі. Дый і традыцыйнага мастацтва, якога таксама не цураюцца маладыя людзі. Думаецца, што праект “Грані творчасці” па-новаму раскрые ўсе гэтыя праблемы”.

Мікола ЧЭМЕР.