Школьны тэатр — гэта цікавы свет, у якім усе дзеці таленавітыя і непаўторныя. Такія ж непаўторныя і таленавітыя зорачкі ёсць у гімназіі № 1 Астраўца. У гэтым мы пераканаліся, калі навучэнцы гімназіі прынялі ўдзел у раённым тэатральным конкурсе “Скарбніца”, прысвечаным Году малой радзімы.
З недзіцячымі ролямі п’есы М.Чарота “Мікітаў лапаць” гімназісты справіліся выдатна. Але каштоўным з’яўляецца не толькі вынік, але і сам працэс. Настаўнікі і вучні падабралі, фанаграму для яе музычнага афармлення. Дэкарацыі і касцюмы ствараліся таксама сумесна, дапамагалі бацькі, некаторыя рэчы былі знойдзены ў музеі гімназіі. Працэс падрыхтоўкі праходзіў дружна, цікава. Кожны стараўся ўнесці нешта асабістае, а самае галоўнае — дзеці атрымлівалі сапраўднае задавальненне.
Хочацца адзначыць, что на пачатку прэм’ера мела поспех сярод бацькоў і настаўнікаў гімназіі, якія прыйшлі на бацькоўскі сход і мелі магчымасць першымі ацаніць талент сваіх дзетак. На працягу ўсёй п’есы ў зале не сціхаў смех і гучалі апладысменты. Бацькі выходзілі з залы з пачуццём гордасці за сваіх дзяцей. Першы трыумф натхніў на большае.
І вось настаў дзень конкурсу. Хваляванне, паўтарэнне ў галаве сваёй ролі, праверка грыму — і вось яны на сцэне. Няхай яшчэ не на вялікай, аднак… Маленькія зорачкі зіхацелі, вочкі былі напоўнены жаданнем паказаць журы ўвесь свой талент, усю прыгажосць роднай мовы, непаўторнасць і індывідуальнасць. Кожны іх рух, кожнае слова данесены гледачу з дзіцячай шчырасцю і душэўнай чысцінёй. З юным запалам навучэнцы прадэманстравалі дасціпнасць беларускага гумару, пластыку беларускага танца.
І цяпер зусім не шкада, што затрачваўся час на рэпетыцыі. У выніку конкурс атрымаўся захапляльным, вясёлым і цікавым. І тых пазітыўных, бадзёрых эмоцый, якія ўсе атрымалі, думаецца, хопіць надоўга!
Алена ПРАСКІНА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Астраўца.