Сустрэчы і адзіноты

У Мінску прайшоў Міжнародны фестываль студэнцкіх і маладзёжных тэатраў “Тэатральны куфар БДУ — 2017”

7 цёплых вераснёвых дзён, 17 яркіх спекталяў з розных краін і нават кантынентаў, дзясяткі гарачых дыскусій у дыскусійным клубе, больш за 200 маладых, шчырых і не стомленых тэатрам артыстаў, сотні ўдзячных гледачоў, для многіх з якіх “Тэатральны куфар” за апошнія гады стаў адмысловай маладзёжнай прэлюдыяй да элітарнага “ТЭАРТа”, і тысячы эмоцый на сцэне, за кулісамі, у глядзельнай зале і перадусім у душы кожнага, хто якім-небудзь чынам прычыніўся да вялікага тэатральнага дзейства, што адбывалася ў Ліцэі БДУ з 21 па 27 верасня, — вось разнапланавая статыстыка Міжнароднага фестывалю студэнцкіх і маладзёжных тэатраў “Тэатральны куфар БДУ — 2017”.


Сёлетні форум надзвычай усцешыў сваёй тэматычнай разнастайнасцю. Хапіла, сапраўды, усяго і ўсім: аматарам глыбокіх перажыванняў на вечныя тэмы кахання і смерці (“Рамэа і Джульета — санет несмяротнага кахання” тэатра-лабараторыі Alma Alter Сафійскага ўніверсітэта Св.Клімента Охрыдскага), схільным да філасофскага корпання ў пытаннях быцця і небыцця (“Медэя. Адхіленая” тэатра ORZU Arts з Лондана, “Эдып” тэатра DULAANG FILIPINO Каледжа Дэ Ла Саль Св.Бянільды з Філіпін), ласым да балючага на мяжы з мазахізмам сузірання непрывабнай аголенасці чалавечага жыцця (“Любоў людзей” тэатра “На балконе” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта), аналітыкам гарачых і скандальных злабадзённых гісторый (“Піф-паф — ты мёртвы!” тэатра “На філфаку” БДУ), уразлівым сентыменталістам і засяроджаным буркунам.

  Класічны драматычны, мадэрновы тэатр, тэатр дакумента, вербальны тэатр, пластычны тэатр… Спектр тэатральных стыляў і кірункаў таксама ўражваў. Асаблівы канцэптуальны шарм фестывалю ў цэлым надало біенале пластычных мастацтваў “Куфар-пластылін”. Пластыкай форум пачаўся, калі спецыяльны госць “Куфра” маладзёжны тэатр “Кола” з Віцебска паказаў спектакль “Папяровыя людзі”, пластыкай зачароўваў (“[Maki:]” тэатра танца Tremors Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі і “Кніга кніг: жывыя гравюры” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў), у пластыцы дасягнуў сваёй экстраардынарнасці (“Я хачу быць з табой” аўтара і выканаўцы Томаша Базана з Любліна) і пластыкай жа завяршыўся, калі акцёры з розных тэатраў прадставілі развучаную за некалькі рэпетыцый пастаноўку ў рамках фірменнага праекта “Куфар-in-Motion”. Сёлета гэты праект здзейсніўся пад кіраўніцтвам харэографа і артысткі “Марыінскага тэатра — 2”, тэатра “Мюзік-Хол”, БДТ імя Таўстаногава Алены Русінай. “Мы прысвяцілі гэтую пастаноўку тэме сустрэчы — сустрэчы з іншым прадметам, з іншым чалавекам, нарэшце з самім сабой”, — патлумачыла артыстка і, дарэчы, як падалося, была вельмі блізкай да вызначэння сутнасці ўсяго “Тэатральнага куфра”.



Гэтая тэма сустрэчы і — не ў меншай ступені — адзіноты, якая, як правіла, вымушае людзей шукаць сустрэчу ці якой іншы раз заканчваюцца сустрэчы, была, мабыць, скразной і самай галоўнай у спектаклях фестывалю. Усе героі сёлетняга “Куфра” былі вельмі адзінокімі: Рамэа і Джульета, Медэя, Эдып, Меерхольд, юны лекар з апавяданняў Булгакава, амерыканскі школьнік, зацкаваны сваімі аднакласнікамі настолькі, што аднойчы расстраляў іх у школьнай сталовай…

Who’s gonna help you? Хто гатовы дапамагчы табе? Такім адчайным, але з пробліскам надзеі рэфрэнам гучала гэтая балючая наогул для сённяшніх маладых людзей тэма ў спектаклі балгарскага тэатра-лабараторыі Alma Alter, які, дарэчы, цалкам справядліва атрымаў гран-пры “Тэатральнага куфра БДУ — 2017”.

Рэжысёр гэтага тэатра і гэтай трыумфальнай пастаноўкі Мікалай Георгіеў, выйшаўшы пасля спектакля да публікі, зноў запытаў яе: “Who’s gonna help you?” І сам жа адказаў: “Poets and love”. Паэты і каханне.

Галоўнае — іх знайсці. Сярод людзей. Сярод чалавечай адзіноты.

Альжбета ПУНТУС.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з сайта фестывалю.