Знаёмцеся: мастак Слава Наваслаўскі. З прэс-рэліза яго выставы “Жыццё цудоўнае”, якая ў сакавіку прайшла ў Музеі гісторыі беларускага кіно: “Слава Наваслаўскі — малады мастак з правінцыі з арыгінальным поглядам на свет. Нарадзіўся ў Беларусі ў 1974 годзе. Удзельнік рэспубліканскіх выстаў і міжнародных праектаў. У 2016 годзе стаў дыпламантам “Восеньскага салона з Белгазпрамбанкам” у Мінску. Па словах Аляксандра Бароўскага, загадчыка аддзела найноўшых плыняў Дзяржаўнага рускага музея Санкт-Пецярбурга, “Наваслаўскі, пайшоўшы ў мастацтве шляхам кітчпопа, знайшоў нешта сваё”.
— Слава, з прэс-рэліза вашай нядаўняй выставы ў Музеі гісторыі беларускага кіно пра вас, калі шчыра, не шмат даведаешся. Там няма звестак пра тое, дзе вы вучыліся, кім працуеце, дзе канкрэтна выстаўляліся са сваімі творамі (акрамя “Восеньскага салона”), і нават ваша месцажыхарства пазначана неяк вельмі абстрактна: “з правінцыі”. З усяго гэтага вы наўмысна робіце нейкі сакрэт?
— Сваю біяграфію я не тое што ўтойваю, а проста не акцэнтую на ёй увагу. На першы план я ўсё-такі стаўлю мастацтва. Таму што, разумееце, часам мы прыходзім на якую-небудзь выставу і адразу на парозе галерэі чытаем, маўляў, гэты мастак закончыў акадэмію такую і такую, сябра саюза такога і такога, работы знаходзяцца ў ЗША, Францыі, Германіі, можа быць, нават у Афрыцы, у прыватных калекцыях — ды бог яго ведае, дзе яны знаходзяцца! І мы адразу прыблізна ўяўляем сабе чалавека. А я лічу, што ўся гэтая інфармацыя толькі перашкаджае ўспрыняццю самога мастацтва. Ну, і што з таго, што ў яго было, напрыклад, 30 выстаў? Гэта як у літаратуры. Скажам, напісаў паэт 30 вершаў. А 31-му мы павінны асабліва пакланіцца? Мне здаецца, што ўсе гэтыя рэчы трэба абнуляць. Больш трэба глядзець не на 30 выстаў і не на тое, хто што закончыў, а на тое, што зроблена: які ва ўсім гэтым сэнс, як усё гэта зроблена… А рэгаліі, сапраўды, перашкаджаюць. Мы ідзём на нейкага “заслужанага” ў двукоссі мастака і ўжо апрыёры павінны з гэтым пагадзіцца. Я нічога не ўтойваю. Я напісаў, што я мастак з правінцыі. А мог бы напісаць, што я мастак з Амерыкі. Але якая розніца? Лічыце, што ў мяне няма біяграфіі.
— І мне нават няма ніякага сэнсу выпытваць у вас пра ваша канкрэтнае месцажыхарства, адукацыю і г.д.?
— Раней я на такія пытанні, сапраўды, ніколі не адказваў. Але нядаўна параіўся з адным разумным чалавекам, і ён мне сказаў: “А чаму не? Можа, якраз прыйшоў час сказаць пра гэта?” Дык вось, жыву я ў Барысаве. Ніякай адукацыі я не атрымаў. Пакінуў школу пасля 8 класа, прычым скончыў яе вельмі дрэнна. А далей займаўся, скажам так, самаадукацыяй, хаця гэта не значыць, што я карпеў над кнігамі…
— А сёння мастацтва — ваш хлеб? Ці…
— Мастацтва — гэта толькі выказванне, нейкі дыялог. А калі вы хочаце даведацца, чым я зарабляю на хлеб, то таксама не буду рабіць з гэтага ніякага сакрэту. Перыядычна я раблю партрэты на помнікі. Заказаў цяпер стала вельмі мала.
— Ці ўваходзіце вы ў якія-небудзь мастацкія суполкі?
— У мінулым годзе ў Барысаве мы стварылі аб’яднанне “ARTэрыя” — я і яшчэ чатыры дзяўчыны. Мы ўсе вельмі розныя. Калі, напрыклад, я не маю ніякай адукацыі, дык Вольга Палякова, сябра нашай суполкі, прайшла ўсе магчымыя ў нашай краіне ступені мастацкай адукацыі: мастацкае вучылішча, Акадэмію мастацтваў, дзе, дарэчы, вучылася жывапісу ў самога Мая Данцыга. Але ўсіх нас аб’яднала ідэя артэрыі — нейкай свежай крыві ў мастацтве, яго абнаўлення. Прычым мы аб’ядналіся на чыстым энтузіязме. Мы выдатна разумеем, што любыя бунтары, рэвалюцыянеры вельмі лёгка супакойваюцца грашыма. Нельга сказаць, што мастак павінен быць галодным ці сытым, але, як ні круці, грошы ў мастацтве вельмі хутка перакрываюць кранік натхнення: мастак ці пачынае маляваць увесь час адну і тую ж карціну з варыяцыямі, якую ў яго купляюць, ці наогул перастае рабіць тое, што рабіў. Мы ж хочам, акрамя заказаў, рабіць яшчэ нешта шчырае.
— У вас там, у Барысаве, ёсць нейкая пастаянная дыслакацыя?
— Так. Мы адкрылі студыю творчасці, самі там працуем, праводзім майстар-класы для дзяцей і інш.
— Слава, тое, што ў 2016 годзе вы сталі дыпламантам “Восеньскага салона з Белгазпрамбанкам”, вам што-небудзь дало, дапамагло, напрыклад, у плане творчай самарэалізацыі ці прасоўванні сваіх твораў на арт-рынак?
— Найперш мяне ўсцешыла тое, што на мае творы зірнулі незалежныя эксперты. Гэта вельмі важна. Таму што, разумееце, часам трапляеш на выставу маладых мастакоў і бачыш там да болю знаёмыя прозвішчы — прозвішчы вядомых мастакоў, якія надзелены пэўнымі паўнамоцтвамі. Усё гэта іх дзеці ці ўнукі, ці пляменнікі. Проста дзіву даешся! А на “Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам” было запрошана каля сямі незалежных экспертаў з Германіі, Францыі, Расіі… І яны маглі, сапраўды, аб’ектыўна ацаніць творы. Яны нікога не ведалі: хто ты, чый ты сын ці ўнук. Там ні за кім не цягнуўся шлейф сваяцтва. І яны мяне заўважылі. Усяго, здаецца, там 280 мастакоў выстаўлялася. А дыпломаў далі толькі 10. Калі шчыра, я ў сваім мастацтве і раней быў упэўнены. Але дыплом на “Салоне” проста надаў яшчэ больш упэўненасці. Яны ж не ведалі, што ў мяне няма адукацыі, што я не ўнук беларускага Пікасо і што я нават не з Мінска. Разумееце, мы ж жывём у нашай мастацкай прасторы крыху як бы ў пустыні. Ніхто табе не па-тлумачыць, добра ці дрэнна ты нешта робіш, усё неяк само сабой зразумела. А тут прыехалі людзі, якія нікога не ведалі, і зрабілі свой выбар.
— Ці ідэнтыфікуце вы неяк той стыль, у якім працуеце? Той жа Аляксандр Бароўскі з Дзяржаўнага рускага музея Санкт-Пецярбурга аднёс ваша мастацтва да так званага кітчпопа. А самі вы?
— Я ўвогуле не люблю ўсе гэтыя размовы пра стылі, тэхнікі і г.д. Я даўно ўжо займаюся мастацтвам, можа, гадоў 20 ці нават больш. І з узростам зразумеў, што ўсё гэта — стылі, кірункі, тэхнікі — адводзіць убок і самога творцу, і гледача. Гэтыя ўсе любаванні мазкамі, перажыванні пра тое, выйшла або не выйшла… Ды другаснае ўсё гэта! Трэба проста гаварыць пра галоўнае ў нашым жыцці і рабіць гэта па магчымасці прыгожа, як ні банальна гучала б гэтае слова. А гэта ўжо можа быць усё што заўгодна: і жывапіс, і скульптура, і фатаграфія… Гаварыць трэба ўсё-такі пра нейкія рэчы, у якіх ёсць сэнс. Мастацтва ж, сапраўды, выяўляе ў чалавеку галоўнае — ступень яго жыцця, наколькі ён жывы ўнутры. Калі чалавек унутры ўжо мёртвы, яго нічога не хвалюе: ні святло, ні снег, ні сонца, ні захад, ні каханая жанчына ці каханы мужчына. Яму проста ўсё роўна. Гэта заўсёды вельмі добра відаць. І справа не ў тым, прыгожы ты ці не, багаты ці бедны, а справа ў тым, што Свабода і Жыццё заўсёды выяўляюцца. Гэта або ёсць у чалавеку, або ў ім нічога няма. Калі чалавек не да канца мёртвы, я веру ў тое, што, прыклаўшы пэўныя намаганні, яго можна ажывіць. Гэта вельмі цяжка. Я спрабую гэта рабіць сваім мастацтвам.
— Слава, ваша нядаўняя выстава красамоўна называлася “Жыццё цудоўнае”. Вы на самай справе так думаеце? Яго мастацтва робіць цудоўным?
— Жыццё цудоўнае, можна сказаць, па азначэнні. Трэба заўсёды ад нейкіх глабальных пытанняў аддзяляць чалавека. Безумоўна, мільёны чалавек могуць пакутаваць. Яны і пакутуюць насамрэч. І ў жыцці кожнага чалавека можа адбывацца нешта — добрае ці дрэннае. Але ад гэтага сам свет не робіцца іншым. Ён па сваёй задуме цудоўны. І само жыццё таксама па сваёй задуме цудоўнае. Адны вераць у Бога, іншыя — у нейкую тайну… Але ў любым выпадку жыццё цудоўнае. Цудоўнае само па сабе. Нават калі ўявіць, што ўсё, канец, больш людзей на Зямлі не засталося, нават тады Боская задума ўсё роўна застанецца: світанне, змярканне і г.д. Яны цудоўныя. Трэба ўсё ж разумець, што мы жывём у цудоўным свеце. Магло ж быць і па-іншаму. Напрыклад, світанне магло б быць жахлівым, і мы ведалі б пра гэта. Але ж мы не перараблялі б гэтае світанне. Проста ведалі б, што наша жыццё — гэта наша жыццё, але ў цэлым свет… ну, не вельмі, скажам так, кульгае на адну нагу. А так мы ведаем, што жыццё цудоўнае. Яно само сябе пастаянна абнаўляе. І мне здаецца, памылкова, напрыклад, думаць, што нейкія там ракеты некуды паляцяць, і ўсіх заб’юць, і ўсё разбураць. Думаць так — вельмі саманадзейна. Урэшце, як спяваў Грабеншчыкоў, “как предсказано святыми, всё висит на волоске”. Дык вось на валаску ўсё будзе вісець заўсёды. Але само жыццё нельга забіць. Нават калі ўявіць, што здарыцца ядзерная вайна і ўся Зямля сапраўды ледзяной коркай пакрыецца… Нават калі такое здарыцца, можа быць, скрозь гэтую корку кветкі пачнуць расці. І ўсё нанова пачнецца. Я шчыра перакананы, што любая пустыня можа расквітнець. Рана ці позна. А ўсе гэтыя стогны, што жыццё жахлівае… Я не скажу, што гэта паказчык нясталасці. Хутчэй, гэта неразуменне. Ёсць толькі два моманты — жыццё і нежыццё. І вось на якім баку ты знаходзішся — табе адпаведна радавацца ці плакаць. Гэта ўласны выбар кожнага з нас — быць на баку смерці ці на баку жыцця…
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара і з архіва Славы НАВАСЛАЎСКАГА.