Магія колеру

Каляронімы ў паэме Якуба Коласа “Новая зямля”

У любым літаратурным творы ў той ці іншай ступені выкарыстоўваецца колеравая і светлавая лексіка, якая валодае істотным семантычным, эмацыянальна-экспрэсіўным і сінтагматычным патэнцыялам.

Калі чалавек нараджаецца ці памірае, ён бачыць святло. Святло выклікае колеравыя адчуванні, якія спадарожнічаюць чалавеку на працягу ўсяго жыцця, кладуцца ў аснову ўспрымання навакольнай рэчаіснасці, з’яўляюцца галоўным сродкам арыентацыі ў навакольным свеце. Нягледзячы на тое, што колер неабходны нам, як паветра, у паўсядзённасці ён робіцца для нас звычайнай з’явай. Сучасны свет перанасычаны колерам: чалавек жыве ў калейдаскопе штучных фарбаў рэкламы, прамысловых вырабаў і паступова перастае арыентавацца ў каштоўнасных якасцях колеру, не заўважае прыроднай прыгажосці, блукае ў лабірынтах колеравай інфармацыі. Між тым колер не перастае ўплываць на людзей і штосьці для іх значыць — гэта даводзяць навука, мастацтва і рэальнае жыццё.

Словы са значэннем колеру (ці інакш каляронімы) валодаюць істотным сімвалічным патэнцыялам, адыгрываюць значную ролю ў выяўленні аўтарскай задумы і забеспячэнні своеасаблівага эстэтычнага дыялогу паміж пісьменнікам і чытачом.

Можна меркаваць, што каляронімы заўсёды з’яўляюцца мастацкім матэрыялам, выконваюць выяўленчую функцыю. Гэта значыць не проста фігуруюць у якасці лагічнага азначэння, а выкары­стоўваюцца менавіта як сродак дасягнення вобразнасці.

На мой погляд, несумненную ціка­васць складае вызначэнне спецыфікі ўжывання колеравай лексікі ў творах Якуба Коласа — пісьменніка, які, бадай, у найбольшай ступені адлюстраваў у мастацкім тэксце нацыянальныя асаблівасці свайго этнасу, у значнай ступені перадаў беларускую моўную мадэль свету.

Адным з асноўных элементаў ства­рэння мастацкай вобразнасці і выра­знасці ў творах Якуба Коласа з’яўляецца колерапіс. Пісьменнік выкарыстоўвае ўласныя і няўласныя якасці колеру для больш дакладнай перадачы мастацкай задумы. Эстэтычныя густы і філасоф­ска-мастацкая канцэпцыя Якуба Коласа ў значнай ступені рэалізуюцца праз адпа­ведныя камбінацыі каляронімаў і люксонімаў.

Усё сказанае вышэй у поўнай ступені адносіцца да зместу паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”. Назіранні сведчаць, што сістэма колеравых сімвалаў твора падзяляецца на некалькі лексіка-граматычных груп:

  • якасныя прыметнікі, якія абазначаюць асноўны колер (белы, чорны, сіні, чырвоны, жоўты, зялёны, сівы, блішча­сты, залаты, аксамітны, цёмны, шэры, багровы, паджары);
  • якасныя прыметнікі, якія абазначаюць адценні колеру (бела-ружовы, ружова-сіні, ясна-сіні, сіне-дымны, счырван-жоўты, чырвона-рыжы, бела-рунны, густа-белы, крывава-багравы, цёмна-зялёны, цёмна-русы);
  • абстрактныя назоўнікі (бель, сінь, чырвань, багра, срэбра);
  • адпрыметнікавыя дзеясловы (бялець, сінець, зелянець, чырванець, чарнець);
  • словы-вобразы, якія дапаўняюць колерную гаму (рабіна, бяроза, каліна, чарніцы, цемра, змрок, суніцы).

Лексіка са значэннем колеру служыць яскравым сродкам ма­стацкага выяўлення на старонках паэмы “Новая зямля”, асабліва ў пейзажных замалёўках. Вось, напрыклад, урывак з раздзела “Раніца ў нядзельку”: “Ужо сонца ўгору падхадзіла, // На лісцях роску асушыла;//У небе хмарачкі дзянныя //Плылі, як гускі маладыя, // Чародкай белай над лугамі, // Над свежым лесам і палямі //А гэты ветрык дураслівы // Траве зялёнай чэша грывы, // У садку жартуе з верабінай, // Як голец-хлопец той з дзяўчынай, // I валасы зялёным стрэхам // У лесе гойдае са смехам”.

Такой убачыць раніцу мог толькі чалавек, у якога ўнутраная духоўнасць арганічна спалучаецца з багаццем успрымання знешніх праяў сялянскага жыцця.

Якуб Колас ужывае мастацкія азначэнні колеру і для стварэння партрэтных характарыстык літаратурных персанажаў. З гэтых азначэнняў асаблівую цікавасць выклікаюць тыя якасныя прыметнікі, што выяўляюць у тэксце дадатковыя сэнсавыя і эмацыянальна-экспрэсіўныя значэнні.

Так, прыметнік шэры выступае адзіным колеравым азначэннем пры апісанні знешняга выгляду аднаго з цэнтральных персанажаў паэмы — дзядзькі Антося: “А вочы шэры, невялічкі, // Глядзяць прыветна, як сунічкі, // Але раптоўна і адразу // Не расчытаеш іх выразу: // То смех, то хітрасць з іх бліскае, // То дабрата, але якая!”

Прыметнікі са значэннем колеру ў Коласавым творы часта дапамагаюць у стварэнні запамінальных эпізадычных вобразаў-характараў. Напрыклад, рыжы (руды) колер служыць сродкам адмоўнай канатацыі аднаго з персанажаў паэмы — чыноўніка зямельнага банка, якога паэт называе “рудым пісакам”. Негатыўныя адносіны да рыжага адлюстроўваюцца ў розных жанрах вуснай народнай творчасці, безумоўна, невыпадкова. У фальклоры чэрці часта маюць рыжы колер валасоў, па легендах, адзін са служкаў Сатаны таксама быў рыжы. Аўтар наўмысна акцэнтуе ўвагу чытача на эстэтычна непрыемнай прыкмеце персанажа і такім чынам перадае эмоцыі адмоўнага характару, выказвае свае і дзядзькавы адносіны да пісца.

Якуб Колас азначэннем белы (“які мае колер снегу, малака”) актыўна карыстаецца пры апісанні жаночых вобразаў. У хрысціян белы колер сімвалізуе гармонію і духоўную чысціню. Таму невыпадковым бачыцца такі колер адзення жанчын і на Вялікдзень у царкве, і ў час жніва. Напрыклад: “Кабеты, дзеўкі, маладзіцы // Ідуць-плывуць да плашчаніцы // У хустках белых і чырвоных // Набожна хрысцяцца, ўздыхаюць // I лбом данізу прыпадаюць…”

Такім чынам, можна зрабіць вывад, што мастацкія азначэнні колеру ў паэме “Новая зямля” неаднародныя па сваім лексіка-граматычным скла­дзе. Боль­шасць выяўленых адзінак свае эмацыянальна-экспрэсіўныя значэнні раскрываюць толькі ў кантэксце, дзе выконваюць функцыю мастацкай дэталі і выступаюць сродкам стварэння мастацкага вобраза-характару.

Выбар паэтам прыярытэтных коле­раўỹ — надзвычай складаны творчы акт, у якім маюць значэнне наступныя, усвядомленыя і падсвядомыя, фактары: уласцівыя беларускаму менталітэту спадчынныя гістарычныя колеравыя сімвалы; задума, змест і ідэя твора; адметнасць паэтычнага светабачання мастака, яго эстэтычныя густы і схільнасці; псіхалагічны і нават фізічны стан аўтара; канкрэтная жыццёвая сітуацыя, у якой пісаўся твор.

Улік гэтых фактараў у сукупнасці і параўнанні колераабазначэння ў “Новай зямлі” даюць магчымасць зрабіць некаторыя вывады аб спецыфіцы рэалістычнага і рамантычнага светаўспрымання, аб унутраным душэўным стане аўтара і ідэйна-мастацкай гармоніі коласаўскіх паэм.

Перавага белага колеравага коду ў паэме “Новая зямля” робіць відавочнай код-апазіцыю “белае-чырвонае”. Гэта і пацвярджаецца фактычнымі данымі — 30 слоў з чыстым колераабазначэннем чырвоны. Як і белы, чырвоны колер спрадвеку быў асноўным для славян і лічыўся сімвалам агню і вечнага жыцця. Славяне лічылі белыя і чырвоныя фарбы святымі і выкарыстоўвалі іх у адзенні, дэкаратыўным мастацтве, дойлідстве. У хрысціянскай традыцыі код-апазіцыя “белае-чырвонае” — знак Хрыстовай пакуты, пралітай за чалавецтва крыві. Калі дадаць да слоў з белым колераабазначэннем роднасныя ахраматычныя “светлы”, “ясны”, “бледны” (29 слоў) і “срэбра” (7 слоў), а да колера-кода “чырвоны” — роднасныя храматычныя “агонь”, “руды”, “румяны” (34, 3 і 2 словы адпаведна), то можна зрабіць вывад, што Якуб Колас аддае перавагу замацаванай у народнай псіхалогіі, гісторыі і эстэтыцы коду-апазіцыі “бела-чырвоны”. Паэт часта ўжывае гэтыя колеры побач: “у хустках белых і чырвоных”, “пампушка… чырвона зверху… ніз бялюткі”, убраны хораша, бы ў свята: чырвоны колер, белы…”. Хоць увогуле непасрэдныя колеравыя кантрасты “Новай зямлі” амаль не ўласцівыя (Якуб Колас звычайна ўжывае чысты ізаляваны колер).

Блізкі да чырвонага колеравы код “агонь”, які ўяўляе сабой спалучэнне чырвонага і жоўтага: “счырван-жоўты блеск” агоньчыка”. Гэты колер, які Гётэ называў “магутным і цудоўным”, выклікае адчуванне цяпла і “пачуццё асалоды”. Колеравы код агню сустракаецца ў “Новай зямлі” часта (34 разы), і ў гэтым бачыцца народная, паганская традыцыя. Нездарма жоўты і чырвоны — колеры мары Міхала пра сваю хату: “А гэта хата вось якая: // Перш-наперш, выгляд добры мае; // Стаіць пры рэчцы ці крыніцы, // На ёй дзве дымніцы-блізніцы // З чырвонай цэглы і фарсісты. // У хаце ёсць пакойчык чысты, // А вокны светлы і панадны, // І броўны ў сценах вельмі ладны: // Шырокі, роўны, без прыточак, // І жоўценькі, як той жаўточак”. Думаецца, Якуб Колас выкарыстоўвае фарбы свядома, бо мара пра сваю хату — тое, што сагравае Міхала ў сцюдзёным зімовым лесе нават тады, калі змрочна і холадна на душы.

Ружовы колер называецца ў паэме толькі 5 разоў. Гэты колер уяўляе сабой спалучэнне чырвонага і белага і, па Гётэ, абазначае “прывабнасць, пекнату, чароўнасць”. Дадзены колер таксама лічыцца сімвалам бесклапотнага дзяцінства і юнацтва. Ружовы — пробліск надзеі пасля доўгага перыяду застою. Гэта першыя кветкі вясны, новае жыццё, новыя перспектывы. У гэтым сэнсе ружовы — колер ператварэння. Ружовы таксама можна назваць сімвалам сентыментальнасці і дзіцячай прастаты. Словазлучэнне “ружовыя мары” пазначае тыя жаданні, якім не наканавана спраўдзіцца з-за іх адарванасці ад зямных рэалій: “Скрозь шоўк нябёс ружова-белы // Рассып­люць радасныя стрэлы, // Бы ліры божай тыя стрункі, // Бы тыя чары-пацалункі // На вуснах шчырага кахання // У патайны часок спаткання. // Яшчэ нямала дзён цікавых // І раніц светлых і ласкавых…// Ружова-бледна чырвань-ззянне, // Дзянніцы ціхае вітанне. // Дык не гаруй-жа, брат-нябога: // Дзянькоў вясёлых яшчэ многа!..”

Колеравы код “золата” сустракаецца ў “Новай зямлі” 29 разоў і таксама сведчыць пра схільнасць Якуба Коласа да актыўных колераў. Залаты — колер сонца, ён сімвалізуе цяпло, сонечнае святло, ззянне, багацце, прыгажосць, славу, перамогу, мудрасць, вопыт. Да адмоўных аспектаў залатога колеру адносяцца сум, пакутніцтва. Гэта колер восені, колер спелых каласоў і лісця, але таксама і колер хваробы, смерці.

Зялёны колер называецца ў “Новай зямлі” 23 разы. Па словах Гётэ, ён абазначае “рэальнае задавальненне”. У хрысціянскай традыцыі ён сімвалізуе надзею на несмяротнасць душы, а ў фальклоры — надзею ўвогуле (па асацыятыўнай сувязі — маладосць, рост). Псіхолагі лічаць, што зялёнае суцішае боль, гіпнатызуе, супакойвае, зніжае крывяны ціск, дапамагае пры бяссонніцы. У адпаведнасці з тэстам вядомага швейцарскага вучонага М.Люшэра, значэнне гэтага колеру — канцэнтрычнасць, мэтанакіраванасць, цвёрдасць, сіла волі, эгацэнтрычнасць, катэгарычнасць. Чытаем у Коласа: “Ужо сонца ў гору падхадзіла, // На лісцях роску асушыла; // У небе хмарачкі дзянныя // Плылі, як гускі маладыя, // Чародкай белай над лугамі, // Над свежым лесам і палямі. // А гэты ветрык дураслівы, // Траве зялёнай чэша грывы… // І валасы зялёным стрэхам // У лесе гойдае са смехам”.

Відаць, ёсць заканамернасць, што ў раздзелах, напісаных у мінскім астрозе, Якуб Колас найчасцей называе зялёны колер (16 разоў, у параўнанні з тым, што белы — 5 разоў, чырвоны — 6). У гэтым прага псіхалагічнай устойлівасці, жаданне дзейнічаць настойліва і мэтанакіравана, нягледзячы на супраціўленне. Імкненне да псіхалагічнай раўнавагі пацвярджаецца вядомым выказваннем самога Якуба Коласа пра тое, што ў астрозе перад вачыма часта паўставалі малюнкі маленства, лесніковай пасады. Натуральна, гэтыя вобразныя бачанні былі “афарбаваны” пераважна ў зялёнае.

Прыхільнасць Коласа да зялёнага колеру падкрэсліваецца і тым, што адпаведныя прыметнікі часта маюць памяншальна-ласкальныя суфіксы (“зелянюсенькія шаты”, “галоўкі зеляненькай” і г.д.). Колер спакою і раўнавагі быў жаданы для Якуба Коласа ў зняволенні.

Сіні колер упамінаецца ў “Новай зямлі” 10 разоў, блакітны — 2. Сіні мае сімвалічнае значэнне смутку, холаду і разам з тым спакою. Па тэорыі Гётэ, гэта асноўны з пасіўных па эмацыянальным уздзеянні колераў, які выклікае пяшчотнае, але неспакойнае і тужлівае пачуццё. Па назіраннях медыкаў, сіні колер добра рыхтуе да болю, зніжае ціск, дапамагае пры бяссонніцы, а блакітны мае антысептычны эфект, здымае пачуццёвае напружанне, але прыгнятае і стамляе.

Чорны колер ужываецца Якубам Коласам у “Новай зямлі” даволі часта, 18 разоў (колеравы код “цемра, змрок” — 49 разоў). Гэта традыцыйны колер, паводле М.Люшэра, перадае ідэю небыцця, знікнення. Часты выбар чорнага сведчыць, паводле даных псіхолагаў, пра наяў­насць канфлікту, перашкод, незадаволе­насць нечым: “Ды йзноў бяда: праз год вясною // Згарэла хата з варыўнёю // І ўвесь набытак, што быў у дому. // Пажар той выбухнуў, як з грому, // Хоць ён і меў свае прычыны… // І ўсё згарэла дачысцютка, // Прапала марна ў чорным дыме”.

Большасць людзей інтуітыўна пазбягае гэтага колеру. Рэдка ўжываў чорныя фарбы ў сваіх паэмах Якуб Колас. Што датычыцца параўнальна частага ўжывання чорнага, то гэта тлумачыцца, па-першае, ідэйна-мастацкай устаноўкай паэмы “Новая зямля” (трагедыя лёсу, смерць Міхала), па-другое, гарманічным, роўным светаўспрыманнем паэта, які адзначае і светлае, і цёмнае аднолькава ахвотна.

Такім чынам, колеравая палітра “Новай зямлі” вельмі багатая і разнастайная, для яе ўласціва прапарцыянальнае выкарыстанне актыўных і пасіўных, светлых і цёмных колераў, што сведчыць пра гарманічны духоўны свет аўтара і яго герояў. Разам з тым прыярытэтны выбар колеру сведчыць пра актыўны, але трывожны псіхалагічны стан Якуба Коласа ў час напісання паэмы. Багацце, сімвалічная насычанасць, псіхалагічная абгрунтаванасць колеравай гамы паэмы “Новая зямля” і яе ўнутраная глыбокая адпаведнасць ідэйна-мастацкай задачы аўтара і характару светабачання (рэалістычнаму або рамантычнаму) робяць паэму Якуба Коласа высокаэстэтычным тварэннем мастацкай думкі, якая годна ўпісваецца ў агульнасусветную культуру.

Падрыхтавала Наталля СУКОРА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школа № 2 Асіповіч.