Нацыянальная бібліятэка Беларусі працягвае рэалізоўваць спецыялізаваны праект “Славутыя імёны Бацькаўшчыны”, разлічаны на педагогаў і навучэнцаў. Нагадаем, што ён уяўляе сабой цыкл інтэрактыўных вучэбна-пазнавальных экскурсій, прысвечаных класікам беларускай літаратуры і выбітным дзеячам культуры. Як правіла, такія мерапрыемствы не абыходзяцца без знаёмства навучэнцаў з галоўнай кніжнай скарбніцай краіны, з архітэктурнымі асаблівасцямі будынка НББ, яе магчымасцямі як інфармацыйнага і сацыякультурнага цэнтра. А ўжо непасрэдна вучэбная частка такіх імпрэз абавязкова ўключае ў сябе ўдзел дзяцей у літаратурнай віктарыне, разгадванне крыжаванак, складанне тэматычных пазлаў, знаёмства з тэматычнай кніжнай выставай па творчасці таго ці іншага дзеяча літаратуры і культуры.
Супрацоўнікамі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўжо распрацаваны экскурсіі, прысвечаныя жыццю і творчасці Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Янкі Маўра, Кандрата Крапівы, Міхася Зарэцкага, Марка Шагала. Да 2018/2019 навучальнага года гэты спіс папоўніцца яшчэ адной экскурсіяй — па творчасці Уладзіміра Караткевіча. Адначасова ва ўжо распрацаваныя экскурсіі пастаянна ўносяцца актуальныя дапаўненні. Так, у Год малой радзімы ў экскурсіі была ўключана больш пашыраная інфармацыя пра гісторыю і культурную спадчыну рэгіёна, у якім нарадзіўся і працаваў той ці іншы класік, рэгіянальную геральдыку. Напрыклад, экскурсія па творчасці Янкі Маўра істотна дапоўнілася інфармацыяй пра гісторыю герба Мінска і кніжным аглядам па гэтай тэме.
Акурат з творчасцю Янкі Маўра ў рамках праекта “Славутыя імёны Бацькаўшчыны” ў канцы мая мелі магчымасць шырэй пазнаёміцца навучэнцы 6—7 класаў сярэдняй школы № 3 Капыля, якіх суправаджалі ў Мінску настаўніца рускай мовы і літаратуры Таццяна Міхайлаўна Нядзелька і настаўніца прадмета “Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)” Наталля Аляксандраўна Салавей. Экскурсію для іх праводзіла загадчык аддзела экскурсійна-метадычнай работы Людміла Віктараўна Камароўская.
Дзеці надзвычай упадабалі мерапрыемства. Іх захапляла літаральна ўсё, што ім прапаноўвалі, асабліва разгадванне крыжаванкі і апытальнік на планшэце. І, безумоўна, сама бібліятэка са сваёй веліччу і маштабам зрабіла на юных капыльчан незабыўнае ўражанне.
Многія навучэнцы потым у міні-інтэрв’ю прызнаваліся, што настолькі зацікавіліся творамі і самой асобай Янкі Маўра, што збіраюцца за лета прачытаць не адну яго кніжку, а восенню — зноў прыехаць у Нацыянальную бібліятэку Беларусі, каб адкрыць для сябе ўжо іншых беларускіх класікаў.
Мікола ЧЭМЕР.