Нацыянальная літаратурная прэмія — гэта не самамэта, а справа гонару нашай літаратуры

Днямі ў сталіцы прайшла прэс-канферэнцыя на тэму “Аб правядзенні конкурсу “Нацыянальная літаратурная прэмія”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Луцкі, дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Алесь Бадак, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах і вядомы пісьменнік літкансультант Саюза пісьменнікаў Беларусі Георгій Марчук.


Пачаўшы гутарку з журналістамі, першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Луцкі нагадаў, што Нацыянальная літаратурная прэмія была заснавана ў 2015 годзе Міністэрствам інфармацыі, Міністэрствам культуры, Міністэрствам адукацыі, Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам і Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Конкурс праводзіцца з мэтай падтрымкі развіцця беларускай мастацкай літаратуры і творчасці айчынных пісьменнікаў, стымулявання стварэння імі новых высокамастацкіх твораў для дарослых, дзяцей і юнацтва, папулярызацыі кнігі і чытання ў грамадстве.

Заяўкі на Нацыянальную літаратурную прэмію па выніках 2016 года прымаюцца да 1 ліпеня па такіх намінацыях, як “Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі”, “Лепшы твор прозы”, “Лепшы твор драматургіі”, “Лепшы твор публіцыстыкі”, “Лепшы дэбют”, “Лепшы твор для дзяцей і юнацтва”, “Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства”. Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне, асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у нашай краіне, а таксама аўтарскія калектывы ў складзе да чатырох чалавек.

Заяўкі на ўдзел у конкурсе прымаюцца Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь да 1 ліпеня 2017 года. А імёны ўладальнікаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі 2016 года стануць вядомы на Дні беларускага пісьменства ў Полацку. Пераможцы атрымаюць дыпломы, прызы-сімвалы конкурсу і грашовыя прэміі ў памеры 30 базавых велічынь (у намінацыі “Лепшы дэбют” — 15 базавых велічынь).

Арганізацыйны камітэт конкурсу “Нацыянальная літаратурная прэмія” ўзначальвае першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі. Таксама ў склад аргкамітэта ўваходзяць старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, начальнік упраўлення выдавецкай дзейнасці і гандлю Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алена Паўлава, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага гарвыканкама Віталіна Рудзікава, галоўны спецыяліст упраўлення агульнай і сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірына Булаўкіна і інш.

Журы конкурсу ўзначальваюць два сустаршыні — прафесар доктар філалагічных навук Іван Саверчанка і намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алесь Карлюкевіч.

Першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах звярнула ўвагу прысутных на тое, што гаворка ідзе менавіта пра нацыянальную прэмію і гэты факт надае ёй асаблівую значнасць. “Гэта сведчыць пра тое, што мы падтрымліваем традыцыі беларускай літаратуры, якія маюць глыбокія карані, і хочам, каб нашы сучаснікі таксама ў сваіх творах выяўлялі наша беларускае гучанне, нацыянальную свядомасць. Я думаю, што гэта асабліва будзе ўлічваць журы пры вызначэнні пераможцаў конкурсу”, — адзначыла Алена Анатольеўна.

“Мяне нярэдка пытаюцца: “А як падаць заяўку на ўдзел у конкурсе?” — працягнула Алена Стэльмах. — Проста падаць заяўку — гэта яшчэ нічога не зрабіць, нават калі аўтар лічыць, што яго кніга самая выдатная. Вельмі важна, каб кніга аўтара, якая выйшла ў 2016 годзе, атрымала грамадскае гучанне. А гэта значыць, што павінны быць рэцэнзіі на кнігу ў сродках масавай інфармацыі, водгукі ў інтэрнэце. І пажадана, каб гэта былі водгукі менавіта чытачоў, як яны ўспрынялі твор. Будзе ўлічвацца і тое, якім накладам выйшла выданне, як яно распаўсюджвалася па кнігарнях, наколькі актыўна яго чытаюць карыстальнікі бібліятэк. Усё гэта вельмі важна, бо мы гаворым пра прызнанне нашай літаратуры шырокім чытачом. Нацыянальная літаратурная прэмія — гэта не самамэта, маўляў, трэба вызначыць першых асоб у літаратуры і ўручыць ім узнагароды. Галоўная мэта, каб наша літаратура сапраўды мела сваіх прыхільнікаў. І гэтым, дарэчы, мы прапагандуем само чытанне”.

Па словах першага намесніка старшыні Саюза пісьменнікаў, першыя заяўкі на ўдзел у конкурсе “Нацыянальная літаратурная прэмія” паступілі па ўсіх сямі намінацыях, але з вялікай перавагай у намінацыі “Лепшы твор для дзяцей і юнацтва”. На думку Алены Стэльмах, гэта сведчыць пра тое, што дзіцячая літаратура сёння развіваецца найбольш актыўна.

Дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Алесь Бадак услед за Аленай Стэльмах таксама падкрэсліў, што сёння немагчыма не заўважыць тэндэнцыю ў сучаснай беларускай літаратуры, калі шмат выдаецца менавіта дзіцячай літаратуры. “Прычым не проста выдаецца, — зазначыў Алесь Мікалаевіч. — Ёсць вялікая чытацкая ўвага да такіх кніг, яны на самай справе разыходзяцца дастаткова вялікімі для нашай краіны накладамі, да дзвюх тысяч асобнікаў. А што наконт такога традыцыйнага для нашай літаратуры жанру, як раман, то даводзіцца, наадварот, з засмучэннем канстатаваць: сёння з’яўляецца не так шмат цікавых арыгінальных раманаў. Можна літаральна на пальцах пералічыць тых аўтараў, якія плённа працуюць у гэтым жанры”.

Георгій Марчук назваў некаторых аўтараў, якія падалі ўжо заяўкі на ўдзел у конкурсе. Гэта Анатоль Аўруцін, Ганад Чарказян, Наталля Касцючэнка, Міхась Пазнякоў, Кацярына Роўда, Алесь Жыгуноў, Васіль Ткачоў, Людміла Кебіч і інш. “Гэтых літаратараў ужо зараз трэба прапагандаваць у сродках масавай інфармацыі. Гэта іх час. На самай справе, яны займаюцца сур’ёзнай літаратурай”, — адзначыў Георгій Васільевіч.

Паважаныя настаўнікі! Мы цудоўна ведаем, што многія з вас актыўна і плённа займаюцца літаратурнай творчасцю і ў многіх з вас ёсць выдадзеныя кнігі, а ў гэтых кніг ёсць удзячныя чытачы сярод вашых калег, вучняў дый наогул сярод прыхільнікаў беларускай кнігі. Не саромеёцеся! Выходзьце з ценю! Падавайце свае заяўкі на ўдзел у конкурсе “Нацыянальная літаратурная прэмія”. Час яшчэ ёсць — апошні тэрмін падачы заявак толькі праз месяц, 1 ліпеня. Падрабязную інфармацыю пра ўмовы правядзення конкурсу, крытэрыі ацэнкі твораў можна знайсці на сайце Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь www.mininform.gov.by.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.